Эканамічнае развіццё
- Удзел Рэспублікі Беларусь у інтэграцыйных аб'яднаннях (СНД, ЕАЭС, Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі)
- Усебаковае стратэгічнае партнёрства Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі
- Транспарт і лагістыка
- Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі арганізацыямі
- Знешнегандлёвая палітыка Рэспублікі Беларусь
- Антыманапольнае рэгуляванне
- Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь
- Турызм
- Прадпрымальніцтва
- Бюджэтна-падатковае рэгуляванне
- Гандаль
- Інвестыцыйная дзейнасць
- Інавацыі
- Парк высокіх тэхналогій
- Банкаўскі сектар
- Прамысловасць
- Паліўна-энергетычны комплекс
- Грашова-крэдытная палітыка
Інвестыцыйная дзейнасць
Дата стварэння: 02.10.2025 16:54:10
Дата змены: 23.12.2025 13:39:07
- Інвестыцыйная палітыка
- Інвестыцыйны клімат
- Прамыя замежныя інвестыцыі (ПЗІ)
- Свабодныя эканамічныя зоны (СЭЗ)
- Інвестыцыйны дагавор
- Спецыяльны інвестыцыйны дагавор
- Прэферэнцыйны інвестыцыйны праект
- Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень»
- Сярэднія, малыя гарадскія паселішчы, сельская мясцовасць
- Аршанскі раён
- Асобая эканамічная зона (АЭЗ) «Брэміна-Орша»
- Паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці
- Дзяржаўна-прыватнае партнёрства (ДПП)
- Спецыяльны турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал»
- Прыярытэты Рэспублікі Беларусь
Інвестыцыйная палітыка
Ключавым інструментам сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь з’яўляецца дзяржаўная палітыка ў сферы інвестыцый, накіраваная на дасягненне мэт, устанаўленне правілаў, прынцыпаў, механізмаў прыцягнення і аптымальнага кіравання інвестыцыйнымі рэсурсамі.
Асноўнымі прынцыпамі дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у сферы ажыццяўлення інвестыцый з’яўляюцца:
накіраванасць на дасягненне сацыяльна-эканамічных прыярытэтаў;
публічнасць і празрыстасць фарміравання і рэалізацыі інвестыцыйнай палітыкі;
эканамічная абгрунтаванасць праграм і праектаў па пытаннях ажыццяўлення інвестыцый;
роўныя магчымасці для ажыццяўлення інвестыцый усімі суб’ектамі гаспадарання незалежна ад форм уласнасці, краінавай прыналежнасці інвестараў;
мінімізацыя ўмяшання дзяржаўных органаў у сферу ўзаемаадносін суб’ектаў гаспадарання;
аказанне садзейнічання дзяржаўнымі органамі суб’ектам гаспадарання па пытаннях ажыццяўлення інвестыцый;
прынцып добрасумленнасці ўсіх удзельнікаў інвестыцыйнага рынку.
Прыярытэты дзяржаўнай інвестыцыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь:
забеспячэнне спрыяльных і канкурэнтаздольных умоў ажыццяўлення інвестыцый;
накірунак інвестыцый у інавацыі, стварэнне вытворчасцей з высокай дабаўленай вартасцю, павышэнне энергаэфектыўнасці і развіццё аднаўляльнай энергетыкі, удасканаленне адпаведнай энергетычнай інфраструктуры, развіццё чалавечага патэнцыялу і сфер, якія забяспечваюць экалагічную і сацыяльна-эканамічную бяспеку Беларусі;
павышэнне прывабнасці Беларусі як тэрыторыі для ажыццяўлення інвестыцый шматнацыянальнымі кампаніямі (карпарацыямі);
прыцягненне пазабюджэтных крыніц фінансавання для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў;
павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага рэгулявання ў сферы ажыццяўлення інвестыцый.
Першыя законы, якія датычацца інвестыцый, былі прыняты яшчэ ў 1991 г. Са здабыццём Рэспублікай Беларусь суверэнітэту спатрэбілася глыбокая перабудова эканомікі краіны. У перыяд перманентнага спаду інвестыцыйнай дзейнасці ў 1992–1995 гг. з прычыны рэзкага зніжэння спажывецкага і інвестыцыйнага попыту тэмпы росту інвестыцый у асноўны капітал у сярэднім складалі не больш за 78 %.
З 1996 г. пачалося паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, павялічыўся аб’ём інвестыцый у асноўны капітал і актыўна расло жыллёвае будаўніцтва. Эканамічны рост шмат у чым быў дасягнуты дзякуючы рэалізацыі палітыкі стымулявання эканамічнага росту, у якой інвестыцыям адводзілася галоўная роля.
Інвестыцыйная палітыка 1996–2000 гг. была накіравана на выкарыстанне мер дзяржаўнай падтрымкі шляхам ільготнага цэнтралізаванага крэдытавання важнейшых галін эканомікі і перспектыўных інвестыцыйных праектаў, падатковага і мытнага льгатавання экспартна арыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцей.
Са стварэннем Мытнага саюза (1995 г.), Супольнасці Расіі і Беларусі (1996 г.) і Саюза Беларусі і Расіі (1997 г.) былі значна спрошчаны ўмовы вядзення знешнегандлёвай дзейнасці паміж краінамі, што, у сваю чаргу, прывяло да росту прытоку капіталу з Расіі ў Беларусь.
Шырокае выкарыстанне адміністрацыйных метадаў кіравання забяспечыла канцэнтрацыю нацыянальных інвестыцыйных рэсурсаў на прыярытэтных накірунках укладання. Былі створаны свабодныя эканамічныя зоны ў Брэсце (1996 г.), Мінску, Гомелі, Віцебску (1998 г.). Прыватызацыя шэрага дзяржаўных прамысловых (праз дагавор аб выкупе работнікамі) і сельскагаспадарчых арганізацый у 1997–2000 гг., як і далейшая лібералізацыя абмену валют, устанаўленне адзінага курсу, пазітыўным чынам адбіліся на прытоку прамых замежных інвестыцый (ПЗІ); рыс. 1.
За кошт задзейнічання ўнутраных фактараў і развіцця гандлёва-эканамічных адносін з Расіяй у 1999 г. было пачата будаўніцтва стратэгічнага інвестыцыйнага аб’екта для Рэспублікі Беларусь — міжнароднага газаправода «Ямал — Еўропа».
У перыяд хуткага росту эканомікі (2001–2008 гг.) праводзілася актыўная інвестыцыйная палітыка, вынікам якой стала больш за трохразовае павелічэнне інвестыцыйных укладанняў у асноўны капітал. Найбуйнейшай інвестыцыяй гэтага перыяду стала будаўніцтва 2‑й чаргі газаправода «Ямал — Еўропа».
Для актывізацыі прытоку замежнага капіталу ў эканоміку краіны і забеспячэння замежным інвестарам стабільных, спрыяльных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці было завершана фарміраванне асноўнай нарматыўнай прававой базы ў галіне падатковага, крэдытнага, валютнага і мытнага рэгулявання інвестыцый.
Рэспубліка Беларусь стала першай з краін СНД, якая 22 чэрвеня 2001 г. прыняла Інвестыцыйны кодэкс Рэспублікі Беларусь, які накіраваны на павелічэнне прытоку замежных інвестыцый у краіну і прадугледжвае аднолькавае стаўленне і абарону для мясцовых і замежных кампаній. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 верасня 2001 г. № 516 Міністэрству эканомікі Рэспублікі Беларусь былі дэлегаваны функцыі кіравання дзяржаўнай маёмасцю, прыватызацыі, развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці, каардынацыі агульнай дзяржаўнай інвестыцыйнай палітыкі.
У 2002 г. была ініцыіравана першая Нацыянальная праграма па прыцягненні інвестыцый і заснаваны Кансультатыўны савет па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, у кампетэнцыю якога ўвайшлі пытанні па ўдасканаленні ўмоў вядзення бізнесу, фарміраванні спрыяльнага інвестыцыйнага іміджу Рэспублікі Беларусь, развіцці фінансавых рынкаў і фінансавых інстытутаў, аптымізацыі правілаў, норм і стандартаў у будаўніцтве. Аднак найбольш буйныя прамыя замежныя інвестыцыі ў гэтым перыядзе былі звязаны з купляй ААТ «Газпрам» мажарытарных пакетаў акцый ААТ «Белтрансгаз», згодна з заключаным дагаворам куплі-продажу на 2007–2010 гг.
У 2003 г. прадоўжылася работа па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу ў Беларусі. Прыняцце Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2003 г. № 17 «Аб ліцэнзаванні некаторых відаў дзейнасці» дало магчымасць знізіць колькасць ліцэнзуемых відаў дзейнасці больш як у 4 разы і зменшыць патрабаванні да рэгістрацыі прадпрыемстваў. З’явіліся новыя механізмы стымулявання інвестыцый у прыярытэтныя сферы, у развіццё сельскіх населеных пунктаў і малых гарадоў.
Асаблівая роля на гэтым этапе адводзілася інвестыцыям у ІКТ-сектар як у адзін з прыярытэтных напрамкаў эканомікі краіны. У 2005 г. быў створаны першы ў СНД Парк высокіх тэхналогій (ПВТ), мэтай фарміравання якога стала стварэнне спрыяльных умоў для распрацоўкі ў Рэспубліцы Беларусь праграмнага забеспячэння, развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, накіраваных на павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі і прыцягненне замежных інвестыцый. Рэзідэнты парку атрымалі льготныя ўмовы падаткаабкладання і асобы прававы рэжым.
Будаўніцтва камбінаванай устаноўкі вытворчасці высокаактанавых кампанентаў бензіну ў ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод». Верасень 2015 г.
У 2008 г. Урад Рэспублікі Беларусь пачаў новую, пашыраную праграму прыватызацыі. Было прынята рашэнне аб паступовай адмене мараторыя на продаж ваўчараў, асноўным арыенцірам прыватызацыі сталі прамыя замежныя інвестыцыі. Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2008 г. № 1021 вызначыла 519 прадпрыемстваў, якія падлягаюць прыватызацыі ў 2008–2010 гг. Гэты пералік уключаў прадпрыемствы, якія працуюць у лёгкай прамысловасці, дрэваапрацоўцы, будаўніцтве, машынабудаванні і металургіі. Упершыню прыватызацыя распаўсюдзілася на актывы, якія раней лічыліся стратэгічнымі, такія як Мінскі аўтамабільны завод.
Інвестыцыйная палітыка ў галіне прамысловасці была накіравана на стымуляванне мадэрнізацыі вытворчасцей з кароткім абаротным цыклам і хуткай акупнасцю ўкладзеных сродкаў, тэхнічнае пераўзбраенне і развіццё галін і вытворчасцей з высокімі навукаёмістымі і рэсурсазберагальнымі тэхналогіямі экспартнай і імпартазамяшчальнай накіраванасці. Так, дзякуючы мадэрнізацыі Мазырскага і Наваполацкага нафтаперапрацоўчых заводаў Рэспубліка Беларусь істотна павялічыла аб’ём вытворчасці прадуктаў нафтаперапрацоўкі і іх экспарт на замежныя рынкі. У 2008 г. на іх долю прыпадала больш за 30 % агульнага аб’ёму экспарту.
У 2008–2009 гг. у выніку пагаршэння глабальнай кан’юнктуры сусветнага рынку значна пацярпеў рэальны сектар эканомікі Беларусі. Ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу дзяржаўная інвестыцыйная палітыка мела выразную антыкрызісную накіраванасць.
Урадам быў распрацаваны план рэалізацыі першачарговых мерапрыемстваў па лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, прычым у 2009 г. прадугледжвалася рэалізацыя 52 першачарговых мерапрыемстваў. Увоз асобных відаў сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых, якія не вырабляюцца ў краіне, быў часова вызвалены ад мытных пошлін, для стратэгічных энергаёмістых прадпрыемстваў былі ўстаноўлены льготныя цэны на энерганосьбіты.
Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2009 г. № 10 «Аб стварэнні дадатковых умоў для ажыццяўлення інвестыцый у Рэспубліцы Беларусь» былі ўстаноўлены новыя правілы рэалізацыі інвестыцыйнай дзейнасці ў краіне як айчыннымі, так і замежнымі інвестарамі, якія значна аблягчаюць пачатак рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, замацавана адказнасць інвестараў за выкананне ўзятых на сябе абавязацельстваў.
Уведзена двухузроўневая сістэма заключэння інвестарамі інвестыцыйных дагавораў з Рэспублікай Беларусь, дыферэнцыраваная ў залежнасці ад значнасці праекта і прэферэнцый і льгот, якія прадастаўляюцца. Прычым інвестары, якія дзейнічаюць у рамках заключанага інвестыцыйнага дагавора, атрымалі значныя падатковыя і мытныя льготы, былі спрошчаны працэдуры атрымання зямельнага ўчастка і г. д. Акрамя гэтага, замежным інвестарам далі права прыцягваць для распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі замежныя праектныя арганізацыі, быў уведзены інстытут інвестыцыйнага агента, а аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам атрымалі паўнамоцтвы на заключэнне інвестыцыйных дагавораў ад імя Рэспублікі Беларусь.
У сярэдзіне 2010 г. было створана ДУ «Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі» як спецыялізаваная арганізацыя па комплексным суправаджэнні інвестараў. Асноўнай мэтай дзейнасці агенцтва стала забеспячэнне прыцягнення інвестыцый у краіну, у т. л. пры прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. Выкончаючы функцыю «адно акно» для інвестараў, яно было заклікана павысіць эфектыўнасць правядзення прыватызацыйных працэсаў у краіне і прыцягненне інвестыцый у эканоміку Беларусі. Прынятыя Урадам Рэспублікі Беларусь антыкрызісныя меры садзейнічалі росту інвестыцыйнай актыўнасці. У 2010 г. аб’ём інвестыцый у асноўны капітал павялічыўся ў адносінах да 2009 г. на 15,8 %. Прыток прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове склаў 1 393,4 млн долараў ЗША.
У 2006–2010 гг., як і ў папярэднія пяцігодкі, мела месца практыка асобага кантролю Урада Рэспублікі Беларусь за рэалізацыяй прыярытэтных інвестыцыйных праектаў. У апошнія гады пяцігодкі краіна пачала фарсіраваную мадэрнізацыю эканомікі на інавацыйнай аснове. Было створана больш за 400 прадпрыемстваў і вытворчасцей з сучасным абсталяваннем.
У канцы 2010 г. былі зроблены далейшыя крокі па лібералізацыі інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. З прыняццем Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2010 г. № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь» былі створаны асновы для комплекснай рэформы беларускай эканомікі ў мэтах павышэння яе эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці. У прыватнасці, інвестараў вызвалілі ад платы за арэнду зямельных участкаў, занятых пад будаўніцтва аб’ектаў на перыяд узвядзення, а таксама за правядзенне праектных работ. Упершыню ў 2011 г. была створана адзіная інфармацыйная база дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўвалася, прызначанай для продажу і здачы ў арэнду.
Такім чынам, на працягу 2006–2010 гг. у Рэспубліцы Беларусь адзначаўся рост інвестыцыйнай актыўнасці суб’ектаў гаспадарання, аб чым сведчаць адносна высокія тэмпы росту інвестыцый у асноўны капітал (ад 104,7 да 132,2 %). Такая дынаміка была абумоўлена значнай дзяржаўнай падтрымкай інвестыцыйнай дзейнасці ў выглядзе прадастаўлення шырокага спектра льготных крэдытаў на будаўніцтва, значнай бюджэтнай падтрымкай прадпрыемстваў прамысловасці і сельскай гаспадаркі, рэалізацыяй дзяржаўных праграм па сацыяльна-эканамічным развіцці.
Аднак, нягледзячы на прынятыя меры і станоўчую дынаміку інвестыцый у асноўны капітал, на пачатак 2011 г. узровень прыцягнення ў эканоміку прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове быў недастатковы. Таму ў перыяд 2011–2015 гг. асноўным напрамкам інвестыцыйнай палітыкі стала стварэнне ўмоў для паскоранага прыцягнення айчынных і замежных інвестыцый у экспартна арыентаваныя і імпартазамяшчальныя вытворчасці.
З мэтай прыцягнення дадатковых аб’ёмаў ПЗІ ў эканоміку краіны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 чэрвеня 2012 г. № 523 быў створаны Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» з асаблівым прэферэнцыйным рэжымам ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці.
З 2014 г. уступіў у сілу ўзамен Інвестыцыйнага кодэкса Закон Рэспублікі Беларусь № 53‑З «Аб інвестыцыях», якім былі ўстаноўлены агульныя прававыя асновы і асноўныя прынцыпы ажыццяўлення інвестыцый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Паралельна ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2013 г. № 63–2 «Аб канцэсіях», якім былі ўстаноўлены ўмовы ажыццяўлення канцэсій у Рэспубліцы Беларусь. У канцы 2015 г. быў распрацаваны і прыняты Закон Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 г. № 345‑З «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве» (уступіў у сілу 2 ліпеня 2016 г.), дзе былі закладзены асноўныя ўмовы рэалізацыі праектаў у адпаведнасці з пагадненнем аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. У 2016 г. таксама быў зацверджаны Нацыянальны інфраструктурны план на 2016–2030 гады, які адлюстроўвае інфраструктурнае запатрабаванне краіны і разрыў бюджэтнага фінансавання на доўгатэрміновую перспектыву.
Асаблівую ролю ў рэалізацыі дзяржаўнай інвестыцыйнай палітыкі адыгралі профільныя міністэрствы і ведамствы. Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь займае актыўную пазіцыю ў распрацоўцы і ажыццяўленні праграм развіцця прыярытэтных галін прамысловасці, забяспечвае рэалізацыю інвестыцыйных праграм, накіраваных на паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу.
З кітайскага касмадрома «Січан» запушчаны беларускі тэлекамунікацыйны спадарожнік «Белінтэрсат-1». Сатэліт разлічаны на перадачу тэлевізійнага і радыёсігналу, а таксама забеспячэнне доступу ў інтэрнэт. Студзень 2016 г.
Асноўнымі станоўчымі эфектамі рэалізацыі буйных прамысловых інвестыцыйных праектаў у 2011–2017 гг. сталі: павелічэнне аб’ёмаў прамысловай вытворчасці, зніжэнне ўзроўню затрат, рост дабаўленай вартасці, стварэнне новых рабочых месцаў, павышэнне канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі, рост экспартных магчымасцей прадпрыемстваў.
У рамках Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2030 года і Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016–2020 гады сродкам і інструментам рэалізацыі інвестыцыйнай палітыкі адводзілася галоўная роля ў забеспячэнні ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Прыцягненне інвестыцый у інавацыйныя і з высокім дабаўленым коштам вытворчасці і павелічэнне ўкладанняў у чалавечы капітал дазволілі гарантаваць экалагічную і сацыяльна-эканамічную бяспеку Рэспублікі Беларусь.
У 2016–2020 гг. ажыццяўлялася інвестыцыйная палітыка стымулявання добраахвотнага самафінансавання. Прычым асноўная ўвага была ўдзелена стварэнню спрыяльных умоў вядзення бізнесу. Рэалізацыя комплексу мер па ўстанаўленні макраэканамічнай стабільнасці разам з мерамі па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату стварыла перадумовы для паляпшэння суверэннага крэдытнага рэйтынгу і аблягчэння доступу да інвестыцыйных рэсурсаў.
Асаблівая роля была адведзена зняццю бар’ераў трансгранічнага руху капіталаў паміж краінамі ЕАЭС. Гарманізацыя заканадаўства дзяржаў — членаў ЕАЭС у галіне інвестыцыйнай палітыкі і распрацоўка сумесных праграм дазволілі эфектыўна задзейнічаць існуючы рэсурсны патэнцыял і павысілі рэзультатыўнасць эканомік інтэграцыйнага аб’яднання.
Беларуска-турэцкі інавацыйны форум прайшоў у Мінску на базе навукова-тэхналагічнага парку БНТУ «Палітэхнік». Снежань 2017 г.
ЗАТ «Штадлер Мінск» (г. Фаніпаль Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці) вырабляе аднапавярховыя і двухпавярховыя цягнікі, а таксама трамваі «Мяцеліца». Сакавік 2017 г.
У 2016–2020 гг. была запланавана рэалізацыя больш за 80 буйных інвестыцыйных праектаў з сукупным аб’ёмам інвестыцыйных укладанняў больш за 27 млрд долараў ЗША, прычым 3,4 млрд долараў ЗША — у сферы інфраструктуры. У ліку праектаў — будаўніцтва Беларускай АЭС, першага ўчастка 3‑й лініі Мінскага метрапалітэна, завода па вытворчасці легкавых аўтамабіляў, сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ «Светлагорскі ЦКК», металічнага ліста і белай бляхі на базе ТАА «ММПЗ-груп», распрацоўка каля 38 радовішч калійных удабрэнняў і г. д.
У 2022 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь была ініцыіравана праграма «Адзін раён — адзін праект», накіраваная на вырашэнне задач у кожным рэгіёне Беларусі. Стварэнне ва ўсіх кутках краіны мінімум аднаго праекта раённага маштабу з’яўляецца найбуйнейшай кампаніяй па інвесціраванні ў развіццё рэспублікі і садзейнічае хуткаму прыцягненню капіталаў у рэгіёны. Найважнейшымі пытаннямі кожнага рэгіёна з’яўляюцца: стварэнне новых сучасных вытворчасцей, дадатковыя працоўныя месцы і, як следства, прадухіленне адтоку людзей з райцэнтраў, выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі, імпартазамяшчэнне і павелічэнне экспарту.
У г. Скідзель Гродзенскага раёна адкрылася беларуска-індыйскае фармацэўтычнае прадпрыемства «Навалак». 2019 г.
Беларускі прамыслова-інвестыцыйны форум. Адбыліся кірмаш інавацыйных распрацовак, кааперацыйная біржа «Навука і прамысловасць — стратэгія інавацыйнага супрацоўніцтва». Мінск, 2019 г.
Сярод ужо рэалізаваных праектаў большую частку складаюць праекты вытворчай накіраванасці. Па галінах — гэта дрэваапрацоўка, металургічныя вытворчасці, вытворчасці машын і абсталявання, перапрацоўка аграпрамысловай прадукцыі, выпуск медыцынскіх вырабаў, фармацэўтыка. У ліку самых буйных і найбольш паспяховых: прадпрыемства па стварэнні тэхнічнага вугляроду ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» (Магілёўская вобласць); мэблевая фабрыка з элементамі лічбавай фабрыкі ААТ «Ольса» (Магілёўская вобласць); прадпрыемства па вытворчасці сыроў і малочнай прадукцыі ААТ «Рагачоўскі МКК» (Гомельская вобласць); ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» (Віцебская вобласць); ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» (Мінская вобласць); дрэваапрацоўчы комплекс (Гродзенская вобласць); ААТ «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў» (Мінская вобласць).
На канец 2024 г. актуальны Пералік інвестыцыйных праектаў гэтай праграмы налічваў 208 ініцыятыў. Праекты сфарміраваны з улікам спецыялізацыі раёнаў і іх патэнцыялу. Па выніках рэалізацыі праектаў плануецца стварыць больш за 10 тыс. новых працоўных месцаў. За 2021–2024 гг. завершана рэалізацыя 70 праектаў (у т. л. у 2024 г. — 44 праектаў), па выніках іх рэалізацыі створана 3,2 тыс. новых працоўных месцаў.
Увесь ход рэалізацыі і працэнт асваення кожнага праекта кантралюецца сістэмай маніторынгу інвестыцыйных праектаў Invest Project, распрацаванай Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь. Работа па карэкціроўцы пераліку праводзіцца штогод. Вынікі рэалізацыі праграмы «Адзін раён — адзін праект» будуць падведзены ў 2026 г.
У цяперашні час у Беларусі прынята Стратэгія прыцягнення прамых замежных інвестыцый у Рэспубліку Беларусь да 2035 года. Стратэгія распрацавана ў адпаведнасці з канцэпцыяй Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2035 года (пратакол пасяджэння калегіі Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2018 г. № 19), Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 снежня 2016 г. № 466 «Аб зацвярджэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады», Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2010 г. № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь», Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г. № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Стратэгія ўзгадняецца з Мэтамі ўстойлівага развіцця, выкладзенымі ў Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года.
Дзяржаўная інвестыцыйная палітыка грунтуецца на прынцыпах: сістэмнасці; узгодненасці інтарэсаў рэспублікі, грамадства і інвестараў; сацыяльна-эканамічнай эфектыўнасці; узаемнай адказнасці рэспублікі і інвестараў у рамках заключаных пагадненняў; галоснасці; недыскрымінацыйнасці пры ажыццяўленні інвестыцый усімі суб’ектамі гаспадарання незалежна ад форм уласнасці, прыналежнасці інвестараў да той ці іншай краіны; добрасумленнай канкурэнцыі; аховы правоў інвестараў; мінімізацыі ўмяшання дзяржаўных органаў у сферу ўзаемаадносін суб’ектаў гаспадарання; добрасумленнасці усіх удзельнікаў інвестыцыйнага рынку.
Адным з асноўных напрамкаў, што вызначаюцца Стратэгіяй, з’яўляецца стварэнне спрыяльных і канкурэнтаздольных умоў ажыццяўлення прамых замежных інвестыцый, з акцэнтам на рэалізацыю эфектыўных высокатэхналагічных экспартна арыентаваных інвестыцыйных праектаў з высокім дабаўленым коштам.
Таксама 11 ліпеня 2024 г. уступіла ў сілу абноўленая рэдакцыя Закона Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2013 г. № 53‑З «Аб інвестыцыях», якая прадугледжвае шэраг навін, накіраваных у т. л. на пашырэнне інструментаў, якія дазваляюць суб’ектам гаспадарання ажыццяўляць рэалізацыю інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (спецыяльны інвестыцыйны дагавор і прэферэнцыйны праект), якія адпавядаюць прыярытэтным відам дзейнасці (сектарам эканомікі), з прымяненнем падатковых прэферэнцый.
Змяненні агульнай макраэканамічнай кан’юнктуры і дзяржаўнай інвестыцыйнай палітыкі за 1990–2024 гг. адбіліся на якаснай структуры інвестыцый у асноўны капітал, дзе кожнаму раней выяўленаму перыяду рэалізацыі інвестыцыйнай палітыкі адпавядала свая дынаміка развіцця ключавых паказчыкаў дзейнасці ў сферы ўкладанняў у асноўны капітал.
У гады актыўнай дзяржаўнай інвестыцыйнай палітыкі былі адзначаны пазітыўныя зрухі ў тэхналагічнай структуры інвестыцый у асноўны капітал, і доля ўкладанняў у актыўную частку асноўных сродкаў вырасла з 40,9 % у 1990 г. да 46,8 % у 2005 г. З 2006 г. доля інвестыцый, якія накіроўваюцца на тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасці, яе якаснае абнаўленне, знізілася да 40,4 % да 2024 г. У выніку большая частка інвестыцый у асноўны капітал (у сярэднім больш за 50 %) выкарыстоўвалася непасрэдна на будаўніча-мантажныя работы (рыс. 2).
Змяненні закранулі таксама і структуру фінансавання інвестыцый у асноўны капітал (рыс. 3).
У 2005–2007 гг. мела месца тэндэнцыя па павелічэнні бюджэтнага фінансавання інвестыцыйнай дзейнасці. Пачынаючы з 2008 г. доля бюджэтных расходаў у фінансаванні інвестыцый у асноўны капітал знізілася з 26 да 12,4 % у 2011 г. З 2012 г. доля сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у агульным аб’ёме фінансавання інвестыцыйнай дзейнасці павялічылася да 24,9 % да 2017 г., па выніках 2018 г. склала 21,4 %. Уласныя сродкі арганізацый на працягу ўсяго доследнага перыяду з’яўляліся асноўнай крыніцай інвестыцый у асноўны капітал. Іх доля на канец 2018 г. у структуры склала 40,2 %.
Калі ў 2005–2011 гг. доля крэдытаў у фінансаванні інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь мела тэндэнцыю да павелічэння, то да 2018 г. доля банкаўскіх крэдытаў у аб’ёме інвестыцый у асноўны капітал знізілася з 35,8 % у 2011 г. да 14 %, доля замежных інвестыцый павялічылася да 4,5 %.
Адбыліся змены ў структуры ўкладанняў інвестыцый у асноўны капітал па сферах эканомікі (рыс. 4).
З 1990 па 2023 г. знізілася доля інвестыцый у сферу вытворчасці з 58,6 да 51,3 %. Прычым у 1995 г. у структуры інвестыцыйных выдаткаў яны займалі найменшую ўдзельную вагу за ўвесь разглядаемы перыяд. У сферы паслуг склалася адваротная тэндэнцыя. За 33‑гадовы перыяд доля інвестыцый у віды эканамічнай дзейнасці, якія аказваюць паслугі, павялічылася з 41,4 да 48,7 %.
Дынаміка змянення аб’ёмаў інвестыцый у асноўны капітал па рэгіёнах Рэспублікі Беларусь у разглядаемы перыяд была дастаткова аднастайная (рыс. 5).
У адпаведнасці з Канцэпцыяй Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2035 года стратэгічнай мэтай інвестыцыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для ажыццяўлення эфектыўнай інвестыцыйнай дзейнасці, якая забяспечвае ўстойлівы сацыяльна-эканамічны рост. У мэтах актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці як нацыянальных, так і замежных інвестараў будзе прадоўжана работа па павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці краіны, зніжэнні інвестыцыйных рызык і стварэнні спрыяльнага бізнес-клімату. У пошуках дадатковых крыніц фінансавання інвестыцыйных праектаў асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца венчурнаму інвесціраванню, фінансаваму лізінгу, іпатэцы, выпуску аблігацыйных пазык і іншым механізмам. Практычнае прымяненне атрымаюць механізмы трансфармацыі зберажэнняў насельніцтва ў інвестыцыі. Прадугледжваецца ўвядзенне «зялёных» аблігацый з мэтай прыцягнення інвестыцый у развіццё экалагічна бяспечнага («зялёнага») будаўніцтва.
«Разумныя інвестыцыі» павінны стаць асновай эканамічнага росту і дасягнення мэт устойлівага развіцця, шырокае садзейнічанне будзе аказана развіццю інвестыцый сацыяльнага ўздзеяння (Impact Investing) як новага інавацыйнага інструмента інвесціравання сродкаў камерцыйных арганізацый у сацыяльныя кампаніі, арганізацыі і фонды з мэтай атрымання сацыяльнага, экалагічнага эфекту і фінансавай аддачы.
Інвестыцыйны клімат
Асноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на інвестыцыйны клімат і інвестыцыйную прывабнасць Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца выгаднае геаграфічнае становішча і транспартна-лагістычны патэнцыял. Беларусь размешчана на мяжы двух вялізных рынкаў: з аднаго боку — Еўрапейскі саюз, з другога — Еўразійскі эканамічны саюз.
Краіна знаходзіцца на скрыжаванні чыгуначных і аўтамабільных магістралей, сістэм газаправодаў і нафтаправодаў, сістэм сувязі, водных і паветраных шляхоў зносін паміж прамыслова развітой Заходняй Еўропай і багатай на прыродныя рэсурсы Азіяй. Беларусь перасякаюць 2 транс’еўрапейскія транспартныя калідоры — па міжнароднай класіфікацыі пад нумарам II (Захад — Усход) і пад нумарам IX (Поўнач — Поўдзень) з адгалінаваннем IХВ. Штогод праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь ідзе звыш 100 млн т еўрапейскіх грузаў, з іх каля 90 % — паміж Расіяй і ЕС.
Значныя перспектывы і магчымасці для замежных інвестараў адкрывае членства Рэспублікі Беларусь у ЕАЭС. Гэта не толькі адсутнасць мытных меж, свабодны рух тавараў, паслуг, капіталу (інвестыцый) і рабочай сілы, але і вялікі рынак агульнай колькасцю больш за 180 млн чалавек.
Удзел Беларусі ў ЕАЭС звязаны з шэрагам пераваг для замежных інвестараў, сярод якіх можна вылучыць наступныя:
— свабодны рух тавараў, паслуг, капіталу (інвестыцый) і рабочай сілы;
— адзіная мытная тэрыторыя Расіі, Беларусі, Казахстана, Арменіі, Кыргызстана з адзіным мытным тарыфам;
— роўныя ўмовы гаспадарання, уключаючы кошт асноўных энергарэсурсаў (у перспектыве);
— адзіныя правілы тэхнічнага рэгулявання, санітарныя, фітасанітарныя і ветэрынарныя нормы.
Важным унутраным фактарам для прыцягнення замежных інвестыцый з’яўляецца прагрэсіўнае нацыянальнае інвестыцыйнае заканадаўства.
Законам Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2013 г. № 53‑З «Аб інвестыцыях» дэкларуюцца асноўныя прынцыпы ажыццяўлення інвестыцый — вяршэнства права, роўнасці інвестараў, добрасумленнасці і разумнасці ажыццяўлення інвестыцый, недапушчальнасці адвольнага ўмяшання ў прыватныя справы, аднаўлення парушаных правоў і законных інтарэсаў, іх судовай абароны.
У абноўленай рэдакцыі Закона аб інвестыцыях прадугледжваецца шэраг новаўвядзенняў, накіраваных у т. л. на пашырэнне інструментаў, што даюць магчымасць суб’ектам гаспадарання ажыццяўляць рэалізацыю інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якія адпавядаюць прыярытэтным відам дзейнасці (сектарам эканомікі), з прымяненнем падатковых прэферэнцый.
Законам аб інвестыцыях, як і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права. За інвестарамі застаюцца выключныя правы на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. Інвестары і камерцыйныя арганізацыі, створаныя з удзелам замежнага капіталу, маюць права на прадастаўленне ім зямельных участкаў у карыстанне, арэнду, уласнасць.
Замежныя інвестары маюць права ствараць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь камерцыйныя арганізацыі з любым аб’ёмам інвестыцый, у любых арганізацыйна-прававых формах, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Акрамя нацыянальнага заканадаўства дзейнічаюць больш як 60 міжнародных двухбаковых дагавораў аб узаемнай абароне і заахвочванні інвестыцый. У прыватнасці, дадзенымі пагадненнямі прадастаўлены гарантыі: нацыянальнага рэжыму; рэжыму найбольшага спрыяння; абароны ад экспрапрыяцыі; кампенсацыі і інш.
Дадатковыя гарантыі інвестарам дае членства Рэспублікі Беларусь у Шматбаковым агенцтве па інвестыцыйных гарантыях, якое, з’яўляючыся ўстановай Групы арганізацый Сусветнага банка, дае магчымасць інвестарам страхаваць рэалізуемыя праекты ад палітычных і некамерцыйных рызык. Паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і агенцтвам заключаны пагадненні аб прававой абароне гарантаваных замежных інвестыцый і аб выкарыстанні мясцовай валюты. Прыняцце нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь і заключэнне міжнародных дагавораў садзейнічаюць зніжэнню інвестыцыйных рызык.
У Рэспубліцы Беларусь актыўна рэалізуецца дзяржаўная палітыка падтрымкі інвестыцый, якая ажыццяўляецца ў выглядзе:
— прадастаўлення гарантый Урада Рэспублікі Беларусь (крэдыторам у выпадках прыцягнення замежных крэдытаў або крэдытаў банкаў Рэспублікі Беларусь для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў);
— прадастаўлення цэнтралізаваных інвестыцыйных рэсурсаў;
— прэферэнцыйных рэжымаў ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці;
— стымулявання прадпрымальніцкай актыўнасці суб’ектаў гаспадарання;
— дзяржаўна-прыватнага партнёрства (ДПП).
У мэтах стварэння камфортнага дзелавога асяроддзя ў Беларусі дзейнічае шэраг арганізацый, работа якіх накіравана на садзейнічанне і падтрымку інвестыцый, вытворчай, інавацыйнай, знешнегандлёвай, маркетынгавай і камерцыйнай дзейнасці арганізацый Беларусі: Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі (НАІП), Кансультатыўны савет па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (КСЗІ), Беларуская гандлёва-прамысловая палата, цэнтры стандартызацыі і сертыфікацыі, страхавыя кампаніі, суб’екты інфраструктуры па падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, суб’екты інавацыйнай інфраструктуры. Інстытуты інфраструктуры бізнесу аказваюць садзейнічанне ў паспяховай рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, а таксама прафесійную падтрымку ва ўсіх сферах гаспадарчай дзейнасці.
Асаблівую ролю ў прыцягненні прамых замежных інвестыцый у Рэспубліку Беларусь адыгрывае Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі. З’яўляецца дзяржаўнай арганізацыяй, мэта работы якой заключаецца ў садзейнічанні ажыццяўленню прамых замежных інвестыцый у Беларусь, у т. л. з дапамогай удасканалення механізма прыватызацыі. Работа агенцтва накіравана на павышэнне інвестыцыйнага іміджу Рэспублікі Беларусь за мяжой, пазіцыянаванне краіны як выгаднага аб’екта інвесціравання, перш за ўсё, у высокатэхналагічных галінах і вытворчасцях са значным дабаўленым коштам. На ўсіх этапах рэалізацыі праектаў НАІП забяспечвае асноўных удзельнікаў інвестыцыйнага працэсу інфармацыйнай, адміністрацыйнай і іншай падтрымкай. Функцыяй НАІП з’яўляецца стварэнне і вядзенне адзінай базы інвестыцыйных праектаў, суправаджэнне рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, у т. л. падрыхтоўка плана дзеянняў па рэалізацыі такіх праектаў. У выніку замежны інвестар, звяртаючыся ў агенцтва, атрымлівае ўвесь спектр паслуг па прынцыпе «адно акно».
Пленарнае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Лістапад 2012 г.
Кансультатыўны савет па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў таксама адыгрывае важную ролю ў прыцягненні прамых замежных інвестыцый і створаны ў мэтах павышэння эфектыўнасці работы па прыцягненні замежнага капіталу ў эканоміку рэспублікі і ўдасканалення ўмоў інвестыцыйнай дзейнасці ў краіне. Асноўнымі задачамі КСЗІ з’яўляюцца: садзейнічанне ў выпрацоўцы асноў дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у адносінах да прыцягнення замежных інвестыцый у эканоміку і эфектыўнага іх выкарыстання; аналіз і абагульненне фактараў, якія стрымліваюць прыток замежных інвестыцый у эканоміку Рэспублікі Беларусь; падрыхтоўка прапаноў па стварэнні арганізацыйных, прававых, эканамічных і інфармацыйных умоў, якія садзейнічаюць актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці; садзейнічанне фарміраванню спрыяльнага інвестыцыйнага іміджу Рэспублікі Беларусь за мяжой.
Прамыя замежныя інвестыцыі (ПЗІ)
За 2024 г., паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, паступленне замежных інвестыцый склала амаль 7 млрд долараў ЗША, большую частку якіх склалі ПЗІ — 5,1 млрд долараў ЗША (рыс. 6).
Дынаміка прыцягнення ПЗІ на чыстай аснове ў Рэспубліку Беларусь характарызуецца таксама значным ростам аб’ёмаў прытоку прамых інвестыцый за апошнія 35 гадоў. Калі ў пачатку 1990‑х гг. у сярэднім штогод у Беларусь прыцягвалася каля 10 млн долараў ЗША прамых інвестыцый з-за мяжы, то ўжо па выніках пяцігодкі 2021–2024 гг. гэты паказчык вырас у 155 разоў (рыс. 7).
Пераважны аб’ём ПЗІ ў Беларусі прыцягваецца ў інфраструктурныя галіны эканомікі, а таксама ў прамысловасць. Найбольш прывабнымі відамі эканамічнай дзейнасці для інвесціравання па паказчыку «ПЗІ на чыстай аснове» сталі: прамысловасць (30,7 %), аптовы і рознічны гандаль, рамонт аўтамабіляў (19 %), фінансавая і страхавая дзейнасць (18,9 %), інфармацыя і сувязь (7,5 %), будаўніцтва (7 %).
Інвестарамі ў Беларусі выступаюць кампаніі як з краін, якія развіваюцца, так і развітых краін. Галоўным прамым замежным інвестарам беларускай эканомікі выступае Расія, на долю якой прыпадае больш 50 % прытоку ПЗІ штогод.
На пачатак 2022 г. у Беларусі налічвалася 6 231 арганізацыя з замежным капіталам у статутных фондах. На 1 жніўня 2024 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 11 518 арганізацый з замежнай уласнасцю (на 3,9 % больш, чым на аналагічны перыяд 2023 г.).
У цяперашні час прадпрыемствы з замежным удзелам не аказваюць значнага выцясняльнага ўздзеяння на нацыянальныя кампаніі. У прыватнасці, гэта абумоўлена тым, што значная частка арганізацый з замежным удзелам створана ў выглядзе сумесных прадпрыемстваў.
За кошт стварэння спрыяльных умоў для замежных інвестараў суверэнная Беларусь прыцягнула значныя аб’ёмы ПЗІ ў эканоміку. Прамыя замежныя інвестыцыі сталі дадатковай крыніцай эканамічнага развіцця краіны, аказваюць значнае станоўчае ўздзеянне на развіццё нацыянальнай эканомікі, што праяўляецца ў павышэнні ўнутранай інвестыцыйнай актыўнасці, паскарэнні эканамічнага росту, развіцці знешнегандлёвай дзейнасці, павышэнні прадукцыйнасці працы і інш.
Рэспубліка Беларусь мае вялікі патэнцыял у плане прыцягнення замежных інвестыцый і з’яўляецца надзейнай пляцоўкай для інвесціравання. Для гэтага з боку дзяржавы створаны ўсе неабходныя ўмовы, вядзецца актыўная работа па прыцягненні замежных інвестараў і папулярызацыі краіны на міжнароднай арэне як выгаднага і перспектыўнага аб’екта для інвестыцый. Айчынныя прадпрыемствы актыўна інвесціруюць за мяжу, пашыраючы тым самым прысутнасць рэспублікі на міжнароднай арэне.
Для таго каб заставацца канкурэнтаздольнай на сусветнай арэне ў барацьбе за ПЗІ, Беларусі неабходна працягваць удасканаленне нацыянальнай інвестыцыйнай і прамысловай палітыкі, распрацоўваць больш эфектыўныя механізмы ў сферы прыцягнення замежнага капіталу.
У Беларусі функцыянуе шырокая сфера дзейнасці розных прэферэнцыйных рэжымаў — ад стымулявання высокатэхналагічных і накіраваных на экспарт вытворчасцей да развіцця рэгіёнаў. Пры гэтым дзейныя ў краіне рэжымы не падмяняюць, а ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго.
Асноўнымі прэферэнцыйнымі рэжымамі з’яўляюцца:
свабодныя эканамічныя зоны;
інвестыцыйны дагавор;
спецыяльны інвестыцыйны дагавор;
прэферэнцыйны інвестыцыйны праект;
Парк высокіх тэхналогій;
Індустрыяльны парк «Вялікі камень»;
сярэднія, малыя гарадскія паселішчы, сельская мясцовасць;
Аршанскі раён Віцебскай вобласці;
асобая эканамічная зона «Брэміна-Орша»;
Паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці;
дзяржаўна-прыватнае партнёрства;
спецыяльны турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал».
Свабодныя эканамічныя зоны (СЭЗ)
У краіне функцыянуе 6 свабодных эканамічных зон: СЭЗ «Брэст» (1996 г.); СЭЗ «Гомель-Ратон» (1998 г.); СЭЗ «Мінск» (1998 г.); СЭЗ «Віцебск» (1999 г.); СЭЗ «Магілёў» (2002 г.); СЭЗ «Гроднаінвест» (2002 г.).
Спецыяльны мытны, рэгістрацыйны і падатковы рэжым СЭЗ дае прадпрыемствам магчымасць працаваць у асаблівых ільготных умовах (ільготы па падатках на прыбытак, нерухомасць, зямельным падатку і арэнднай плаце за зямельныя ўчасткі, мытныя прэферэнцыі і інш.).
Асноўныя дакументы, якія рэгулююць дзейнасць СЭЗ:
Закон Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 1998 г. № 213‑З «Аб свабодных эканамічных зонах»;
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 чэрвеня 2005 г. № 262 «Аб некаторых пытаннях дзейнасці свабодных эканамічных зон на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь»;
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 студзеня 2006 г. № 66 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб свабодных мытных зонах, створаных на тэрыторыях свабодных эканамічных зон»;
указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб стварэнні СЭЗ (ад 20 сакавіка 1996 г. № 114 «Аб свабодных эканамічных зонах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь»; ад 2 сакавіка 1998 г. № 93 «Аб стварэнні свабодных эканамічных зон “Мінск” і “Гомель-Ратон”»; ад 4 жніўня 1999 г. № 458 «Ад стварэнні свабоднай эканамічнай зоны “Віцебск”»; ад 31 студзеня 2002 г. № 66 «Аб стварэнні свабоднай эканамічнай зоны “Магілёў”»; ад 16 красавіка 2002 г. № 208 «Аб стварэнні свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест”»);
пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 красавіка 2022 г. № 222 «Аб вызначэнні меж свабодных эканамічных зон»;
Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (артыкулы 382 і 383), Мытны кодэкс ЕАЭС.
Рэзідэнты вызваляюцца ад падатку на прыбытак, падатку на нерухомую маёмасць і зямельнага падатку (у адпаведнасці з заканадаўствам). Мытныя прэферэнцыі для рэзідэнтаў СЭЗ рэалізуюцца з дапамогай працэдуры свабоднай мытнай зоны (СМЗ). Не выплачваюцца мытныя пошліны і падаткі на тавары, змешчаныя пад працэдуру СМЗ: абсталяванне, сыравіна і камплектуючыя. Акрамя вышэйпералічанага, рэзідэнты СЭЗ вызваляюцца ад платы за права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка, які прадастаўляецца для будаўніцтва і эксплуатацыі нерухомай маёмасці ў межах СЭЗ; ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу прыцягнутым для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства права заняцця працоўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь і інш.
Інвестыцыйны дагавор
Механізм інвестыцыйных дагавораў з Рэспублікай Беларусь дае магчымасць ствараць дадатковыя прэферэнцыйныя магчымасці рэалізацыі інвестыцыйных праектаў незалежна ад тэрыторыі. З’яўляючыся адной з магчымых форм дзяржаўна-прыватнага партнёрства, ён дазваляе інвестару ўсталяваць дадатковыя гарантыі абароны свайго капіталу, а таксама льготныя ўмовы і прэферэнцыі, у т. л. і ў індывідуальным парадку.
У мэтах рэалізацыі гэтага дакумента быў прыняты Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2009 г. № 10 «Аб стварэнні дадатковых умоў для ажыццяўлення інвестыцый у Рэспубліцы Беларусь», а таксама шэраг іншых спадарожных нарматыўных прававых актаў. Аднак ён страціў сілу Законам Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2024 г. № 350‑З «Аб інвестыцыях» (новая рэдакцыя).
Згодна з Дзяржаўным рэестрам інвестыцыйных дагавораў на пачатак 2018 г. было рэалізавана 703 дагаворы на агульную суму 3,94 млрд долараў ЗША; рэалізоўваліся 378 інвестыцыйных дагавораў на агульную суму 19,5 млрд долараў ЗША.
Выкарыстанне інстытута інвестыцыйных дагавораў з Рэспублікай Беларусь дае магчымасць прадастаўлення інвестару не толькі падатковых ільгот, устаноўленых самім Дэкрэтам, але і індывідуальных прэферэнцый, якія могуць быць выдадзены зыходзячы са спецыфікі праекта, які рэалізуецца. Такі механізм універсальны і дазваляе максімальна ўлічваць інтарэсы любога бізнесу.
Спецыяльны інвестыцыйны дагавор
Спецыяльны інвестыцыйны дагавор (уведзены новай рэдакцыяй ад 11 ліпеня 2024 г. Закона Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2013 г. № 53‑З «Аб інвестыцыях») — інвестыцыйны дагавор аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, які прадугледжвае арганізацыю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вытворчасці ўдасканаленай прадукцыі з магчымасцю яе рэалізацыі ў рамках дзяржаўных закупак з прымяненнем працэдуры закупкі з адной крыніцы.
Гэты механізм актуальны для выпадкаў, калі ёсць намер наладзіць вытворчасць неабходнай дзяржаве новай імпартазамяшчальнай прадукцыі з магчымасцю яе выкупу дзяржавай. Такім чынам, ужо з пачатку рэалізацыі праекта вытворца можа разлічваць на зразумелы рынак збыту часткі прадукцыі на працягу вызначанага перыяду.
Механізм заключэння спецінвестдагавораў падобны да заключэння інвестдагавораў. Адрозненнем з’яўляецца тое, што на падставе заявы інвестара, пададзенай у адпаведныя органы, спецінвестдагаворы будуць заключацца па выніках конкурсу, што забяспечыць атрыманне найбольш выгаднай прапановы. У мэтах развіцця асобных рэгіёнаў спецінвестдагаворы на такіх тэрыторыях могуць заключацца без конкурсу.
Ільготамі ў рамках спецыяльнага інвестыцыйнага дагавора з’яўляюцца:
1) ільготы, прадугледжаныя для інвестыцыйнага дагавора;
2) дзяржзакупка з адной крыніцы часткі вырабленых інвестарам тавараў.
Прэферэнцыйны інвестыцыйны праект
Прэферэнцыйны інвестыцыйны праект (уведзены новай рэдакцыяй ад 11 ліпеня 2024 г. Закона Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2013 г. № 53‑З «Аб інвестыцыях») — інвестыцыйны праект, які адпавядае прыярытэтнаму віду дзейнасці (сектару эканомікі) для ажыццяўлення інвестыцый, уключаны ў пералік прэферэнцыйных інвестыцыйных праектаў, што рэалізуюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (за выключэннем г. Мінск) інвестарам без заключэння інвестыцыйнага дагавора.
Ільготы ў рамках рэалізацыі прэферэнцыйнага інвестыцыйнага праекта:
1) вызваленне ад увазных мытных пошлін;
2) прадастаўленне зямельнага ўчастка, уключанага ў пералік участкаў для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, без правядзення аўкцыёну;
3) вызваленне ад зямельнага падатку, арэнднай платы за зямельныя ўчасткі на перыяд рэалізацыі праекта;
4) ажыццяўленне выліку ў поўным аб’ёме сум ПДВ [пры набыцці тавараў (работ, паслуг), выкарыстаных для будаўніцтва, аснашчэння аб’ектаў у рамках інвестпраекта];
5) вызваленне ад платы за права арэнды зямельнага ўчастка;
6) вызначэнне без працэдур, устаноўленых заканадаўствам, падрадчыка або распрацоўшчыка праектнай дакументацыі, пастаўшчыкоў тавараў, выканаўцаў паслуг для будаўніцтва аб’ектаў і інш.
Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень»
Парк быў створаны згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 чэрвеня 2012 г. № 253, які ўстанавіў асновы яго дзейнасці. Індустрыяльны парк (плошча каля 91,5 км²) знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці (25 км ад Мінска) і карыстаецца асаблівым прэферэнцыйным рэжымам ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. На пачатак 2025 г. на тэрыторыі індустрыяльнага парку рэалізавалі свае праекты 144 кампаніі з 15 краін.
У Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» адкрыўся яблыневы Парк поспехаў кітайска-беларускай дружбы. 11 мая 2018 г.
У цяперашні час індустрыяльны парк з’яўляецца асноўным інвестыцыйным праектам у Рэспубліцы Беларусь, прававыя асновы і гарантыі якога закладзены ў Пагадненні паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Права ажыццяўлення дзейнасці ў якасці рэзідэнта індустрыяльнага парку дадзена толькі юрыдычным асобам Рэспублікі Беларусь. У сувязі з чым замежныя інвестары або фізічныя асобы — рэзідэнты Рэспублікі Беларусь могуць рэалізоўваць інвестыцыйны праект толькі праз удзел у юрыдычных асобах Рэспублікі Беларусь.
Другой умовай атрымання статусу рэзідэнта індустрыяльнага парку з’яўляецца патрабаванне для юрыдычнай асобы аб неабходнасці рэалізацыі (планаванні) на тэрыторыі індустрыяльнага парку інвестыцыйнага праекта, які адпавядае адначасова заканадаўча замацаваным крытэрыям (рыс. 8).
Індустрыяльны парк «Вялікі камень» мае выгаднае тэрытарыяльнае і мытнае размяшчэнне за кошт блізкасці да транспартнага калідора Масква —Берлін. Таксама праект уключаны ў склад «Шаўковага шляху» ў якасці адной з вузлавых платформ.
Зыходзячы з вострай канкурэнцыі на міжнародным рынку капіталу, дзяржава для рэзідэнтаў і інвестараў індустрыяльнага парку стварыла рэжым найбольшага эканамічнага спрыяння, гарантаваны нацыянальным і міжнародным заканадаўствам, сістэму адміністравання і абслугоўвання па прынцыпе «адна станцыя», прадаставіла шэраг падатковых ільгот і прэферэнцый.
Для інвестараў асноўнай перавагай у Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» нараўне са стабілізацыйнай агаворкай, якая гарантуе нязменнасць умоў вядзення бізнесу на працягу пэўнага перыяду часу, і спецыяльным парадкам фарміравання цэн на энерганосьбіты з’яўляецца магчымасць набыцця зямельнага ўчастка ў прыватную ўласнасць або атрымання ў арэнду на льготных умовах. Пры гэтым зямельны ўчастак прадастаўляецца ў арэнду або перадаецца ва ўласнасць без правядзення аўкцыёну. Згодна з агульным правілам у Рэспубліцы Беларусь зямельныя ўчасткі прадастаўляюцца па выніках аўкцыёнаў па продажы ўчасткаў у прыватную ўласнасць або па продажы права арэнды зямельнага ўчастка.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 снежня 2018 г. № 490 «Аб мытным рэгуляванні» індустрыяльны парк быў надзелены статусам тэрытарыяльнай асобай эканамічнай зоны. Рэзідэнты парку атрымалі найбольш прывабныя і максімальна магчымыя ў Рэспубліцы Беларусь і краінах ЕАЭС мытныя перавагі і спрашчэнні. Такі падыход не быў рэалізаваны да гэтага часу ні ў адной з дзеючых у краіне свабодных (асобых) эканамічных зон. На аснове прынцыпу экстэрытарыяльнасці рэзідэнты парку могуць арганізоўваць розныя тэхналагічныя ланцужкі, ствараць кластары і ўсталёўваць карпаратыўныя сувязі як унутры эканамічнай зоны, так і за яе межамі.
Сярэднія, малыя гарадскія паселішчы, сельская мясцовасць
Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2012 г. № 6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішч, сельскай мясцовасці» вызначаны асобы рэжым рэалізацыі гаспадарчай дзейнасці, які распаўсюджваецца на камерцыйныя арганізацыі, індывідуальных прадпрымальнікаў, што знаходзяцца і дзейнічаюць на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішч, сельскай мясцовасці.
Указаныя суб’екты гаспадарання на працягу сямі гадоў вызваляюцца:
— ад падатку на прыбытак, падаходнага падатку ў частцы рэалізацыі прадукцыі ўласнай вытворчасці;
— ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці і г. д.;
— ад астатніх падаткаў і збораў [акрамя ПДВ, які спаганяецца пры ўвозе тавараў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, акцызаў, гербавага і афшорнага збораў, дзяржаўнай пошліны, патэнтнай пошліны, утылізацыйнага збору, мытных пошлін і збораў, зямельнага падатку, экалагічнага падатку, падатку на здабычу (канфіскацыю) прыродных рэсурсаў, падаткаў, якія падлічаны, утрымліваюцца і пералічваюцца пры выкананні абавязкаў падатковага агента];
— ад абавязковага продажу замежнай валюты, якая паступіла па здзелках з нерэзідэнтамі Беларусі ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці, у т. л. ад здачы маёмасці ў арэнду.
Пры гэтым у дачыненні да адасобленых падраздзяленняў (філіялаў) камерцыйныя арганізацыі на працягу сямі гадоў з дня прыняцця рашэння аб іх стварэнні маюць права не вылічваць і не выплачваць падатак на прыбытак (у частцы рэалізацыі прадукцыі ўласнай вытворчасці) і падатак на нерухомую маёмасць [у дачыненні да капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), іх частак, машына-месцаў, якія знаходзяцца на балансе адасобленага падраздзялення і размешчаны на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішч, сельскай мясцовасці], а таксама вызваляюцца ад абавязковага продажу замежнай валюты, якая паступіла па здзелках з юрыдычнымі асобамі — нерэзідэнтамі і фізічнымі асобамі — нерэзідэнтамі ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці.
Дадатковай перавагай для суб’ектаў гаспадарання з’яўляецца адсутнасць неабходнасці заключэння здзелак на біржавых таргах ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» пры набыцці сыравіны, камплектуючых і матэрыялаў для ўласнай вытворчасці, за выключэннем набыцця за кошт бюджэтных сродкаў і (або) сродкаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў, а таксама пры рэалізацыі тавараў уласнай вытворчасці на экспарт (за выключэннем пэўных груп тавараў). Прадастаўляецца таксама вызваленне ад увазных мытных пошлін у дачыненні да пэўных груп тавараў, якія ўвозяцца (увезеныя) на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, што ўносяцца ў статутны фонд камерцыйных арганізацый пры яго фарміраванні ў якасці неграшовага ўкладу заснавальнікаў, з даты вырабу якіх прайшло не больш за пяць гадоў.
Пры гэтым прадастаўленне зямельных участкаў у арэнду ажыццяўляецца без правядзення аўкцыёну і без спагнання платы за права заключэння дагавора арэнды, а шматгадовыя насаджэнні, размешчаныя на гэтым зямельным участку, адчужаюцца на бязвыплатнай аснове. Магчыма прадастаўленне на працягу пяці гадоў растэрміноўкі аплаты набытай нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці і размешчана на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішч, сельскай мясцовасці.
Аршанскі раён
У мэтах стварэння ўмоў для комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, павышэння якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва, стымулявання прадпрымальніцтва і ўкладання сродкаў у эканоміку рэгіёна выдадзены Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2018 г. № 506 «Аб развіцці Аршанскага раёна Віцебскай вобласці», які прадугледжвае значныя прэферэнцыі для суб’ектаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць па вытворчасці тавараў (работ, паслуг) на тэрыторыі раёна.
Указам устанаўліваецца асобы рэжым падаткаабкладання як для новых, так і для дзеючых суб’ектаў гаспадарання:
— вызваленне ад выплаты ПДВ пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання;
— зніжэнне ставак падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання;
— прадастаўленне адтэрміноўкі па выплаце падаткаў без налічэння працэнтаў за яе выкарыстанне;
— вызваленне ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу спецыяльных дазволаў на права заняцця працоўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства;
— прымяненне інвестыцыйнага выліку па будынках, збудаваннях, машынах і абсталяванні;
— прымяненне заказчыкамі (забудоўшчыкамі) выліку ў поўным аб’ёме сум ПДВ, прад’яўленых пры набыцці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або пры ўвозе ў краіну тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў, выкарыстаных для будаўніцтва і аснашчэння аб’ектаў на тэрыторыі раёна;
— фінансавая падтрымка суб’ектаў сярэдняга прадпрымальніцтва за кошт сродкаў абласнога бюджэту.
Для стымулявання інвесціравання сродкаў у эканоміку рэгіёна дазваляецца прымяненне будаўнічых і тэхнічных норм, устаноўленых у ЕС, ЕАЭС і КНР, з правядзеннем дзяржаўных экспертыз праектнай дакументацыі без яе адаптацыі да дзеючых нарматываў. Пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па стварэнні (пашырэнні) вытворчасцей суб’екты вызваляюцца ад кампенсацыі страт сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай вытворчасцей, а таксама ад кампенсацыйных выплат кошту выдаляемых аб’ектаў расліннага свету. Для арэнднай платы можа прымяняцца каэфіцыент 0,0025 на зямельныя ўчасткі, якія прадастаўляюцца ў арэнду з 1 студзеня 2019 г.
Для аператыўнага прыняцця рашэнняў Аршанскаму райвыканкаму прадастаўлена права самастойна ажыццяўляць распараджэнне размешчанай у межах Аршанскага раёна нерухомай маёмасцю, якая не выкарыстоўваецца і неэфектыўна выкарыстоўваецца.
Акрамя вышэйназваных прэферэнцый да 31 снежня 2023 г. уводзіцца мараторый на правядзенне выбарачных праверак, а для пазапланавых праверак вызначаецца выключны пералік выпадкаў іх правядзення.
Асобая эканамічная зона (АЭЗ) «Брэміна-Орша»
У Аршанскім раёне адкрыўся аўтамабільны лагістычны тэрмінал, які з’яўляецца першай чаргой рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Орша» ў пасёлку Балбасава. У зоне мытнага кантролю. Люты 2019 г.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 сакавіка 2019 г. № 106 была створана асобая эканамічная зона «Брэміна-Орша». Указ накіраваны на развіццё мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу ў Аршанскім раёне, прызначанага для абслугоўвання транзітных грузапатокаў і арганізацыі вытворчасцей, зборкі, фасоўкі або рамонту розных тавараў народнага спажывання, дэманстрацыі і прасоўвання гатовай прадукцыі на рынках ЕС і ЕАЭС. На тэрыторыі АЭЗ дзейнічае спецыяльны прававы рэжым тэрмінам на 50 гадоў, органамі кіравання выступаюць кіруючая кампанія ТАА «Брэміна груп» і дзяржаўная ўстанова «Адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны “Віцебск”».
Рэзідэнтамі АЭЗ могуць стаць кампаніі, якія выконваюць шэраг патрабаванняў:
арганізацыя вытворчасцей у сферы апрацоўчай прамысловасці; ажыццяўленне аптовага гандлю, электроннай камерцыі, інфармацыйнага абслугоўвання, навуковых даследаванняў і распрацовак, аказанне лагістычных паслуг, паслугі паштовай сувязі, а таксама паслуг і работ па відах эканамічнай дзейнасці: «Дзейнасць грузавога чыгуначнага/аўтамабільнага/паветранага транспарту», «Іншая дапаможная дзейнасць у галіне перавозак»;
заяўлены аб’ём інвестыцый у рэалізацыю праекта складае не менш як 5 млн долараў ЗША [не менш як 500 тыс. долараў ЗША для праектаў па ажыццяўленні навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ (НДДКР)];
заяўлены аб’ём інвестыцый у рэалізацыю праекта юрыдычнай асобы (за выключэннем праектаў НДДКР), якая прэтэндуе на яе рэгістрацыю ў якасці рэзідэнта АЭЗ — не менш як 500 тыс. долараў ЗША (пры ўмове ажыццяўлення інвестыцый на працягу трох гадоў з дня рэгістрацыі).
Рэзідэнтам АЭЗ «Брэміна-Орша» даецца шэраг прэферэнцый — вызваленне ад падатку на прыбытак, падаходнага падатку, падатку на нерухомую маёмасць, мытных плацяжоў і ПДВ, зніжэнне падатку на роялці, бязвізавы рэжым і г. д.
Паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 чэрвеня 2015 г. № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці» ў мэтах забеспячэння комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці (тэрыторыя Крычаўскага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Касцюковіцкага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага раёнаў) устаноўлены шэраг ільгот і прэферэнцый для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія зарэгістраваны з 1 ліпеня 2015 г. па 31 снежня 2020 г. на тэрыторыі рэгіёна.
Указам прадугледжаны: зніжэнне стаўкі падаходнага падатку для фізічных асоб, ільготы па абавязковых адлічэннях у ФСАН, ільготныя крэдыты для грамадзян, якія ажыццяўляюць працоўную дзейнасць на тэрыторыі рэгіёна, фінансаванне расходаў на стварэнне інжынернай і транспартнай інфраструктуры для рэалізацыі праектаў у сельскай гаспадарцы і прамысловасці.
Дзяржаўна-прыватнае партнёрства (ДПП)
Дзяржаўна-прыватнае партнёрства (ДПП) — гэта мадэль доўгатэрміновага (10–30 гадоў) супрацоўніцтва дзяржавы і бізнесу, якая дазваляе рэалізоўваць важныя сацыяльныя праекты з дапамогай інавацый, капіталу і рэсурсаў прыватнага бізнесу.
Дзяржаўна-прыватнае партнёрства ўяўляе сабой юрыдычна замацаваную форму ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дзяржавай і прыватным сектарам на дагаворнай аснове ў адносінах да аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці, якое мае на мэце рэалізацыю грамадска значных праектаў і праграм у шырокім спектры сфер на ўмовах падзелу рэсурсаў, рызык, даходаў і адказнасці. Вынікам рэалізацыі любога праекта ў фармаце ДПП з’яўляецца ажыццяўленне паслугі сіламі прыватнага партнёра пры ўмове захавання ўласнасці дзяржавы на дадзены аб’ект. Прыватны партнёр, інвестуючы ўласныя сродкі і прымаючы на сябе пэўную долю рызык, мае права разлічваць на атрыманне прыбытку ад ажыццяўлення сваёй дзейнасці па праекце. Інстытут ДПП прывабны і для бізнесу, і для дзяржавы, паспяхова функцыяніруе ва ўсім свеце.
Перавагамі ў рэалізацыі праектаў ДПП у параўнанні з рэалізацыяй традыцыйных інвестыцыйных праектаў з’яўляецца тое, што праекты ДПП:
— прыводзяць да зніжэння рызыкі неакупнасці затрат кожнага з удзельнікаў і павышаюць верагоднасць атрымання дадатковых даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці;
— павялічваюць попыт на найноўшыя тэхналогіі і абумоўленыя імі канкрэтныя прамысловыя тэхналогіі;
— здольныя даць станоўчы эфект па павелічэнні хуткасці ўсіх узаемазвязаных працэсаў інвестыцыйнага цыкла;
— скарачаюць тэрміны рэалізацыі праектаў;
— прадугледжваюць рызыкі, якія размяркоўваюцца на карысць найбольш прыдатных для гэтай мэты ўдзельнікаў ДПП.
У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь створана заканадаўчая база ДПП, сфарміравана інстытуцыйнае асяроддзе і праведзена навучанне спецыялістаў.
Пачынаючы з 2010 г. у краіне ажыццяўляецца падрыхтоўчая работа па фарміраванні інстытута дзяржаўна-прыватнага партнёрства. У 2011–2012 гг. Навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь распрацаваў першы праект закона «Аб пагадненнях аб ДПП». У 2013–2015 гг. Праграмай развіцця ААН у Беларусі сумесна з экспертамі ЕЭК ААН пры фінансавай падтрымцы ЕС ажыццяўлялася рэалізацыя праекта «Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў галіне прымянення механізмаў ДПП у Рэспубліцы Беларусь». У якасці мясцовага партнёра і бенефіцыяра выступала Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь. У выніку мэтанакіраванай работы з боку Міністэрства эканомікі, адпаведных органаў дзяржаўнага кіравання і навукова-даследчых і адукацыйных арганізацый прыняты Закон Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 г. № 345‑З «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве», рэалізацыя палажэнняў якога стане адным з фактараў эканамічнага развіцця краіны праз актывізацыю ўзаемадзеяння дзяржавы і прадпрымальніцкага сектара. Закон накіраваны на прыцягненне інвестыцый у эканоміку, вызначае прававыя ўмовы ДПП, рэгулюе грамадскія адносіны, якія складваюцца ў працэсе заключэння, выканання і скасавання пагадненняў аб ДПП. Законам вызначаны мэты, задачы, прынцыпы і сферы ажыццяўлення ДПП; кампетэнцыя дзяржаўных органаў у сферы ДПП; абавязковыя ўмовы, якія павінны змяшчацца ў пагадненні аб ДПП; этапы праекта ДПП; гарантыі правоў дзяржаўнага, прыватнага партнёраў і крэдытораў прыватнага партнёра, а таксама парадак вырашэння спрэчак.
У развіццё закона «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве», а таксама ў мэтах рэалізацыі інфраструктурных праектаў з прымяненнем механізма ДПП прыняты наступныя асноўныя нарматыўныя прававыя акты:
пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2016 г. № 532 «Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 г. “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве”», якой зацверджаны парадак падрыхтоўкі, разгляду і ацэнкі прапаноў аб рэалізацыі праектаў ДПП; парадак арганізацыі і правядзення конкурсу па выбары прыватнага партнёра для заключэння пагаднення аб ДПП; парадак вядзення Дзяржаўнага рэестра пагадненняў аб ДПП;
пастанова Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 2016 г. № 49 «Аб праектах дзяржаўна-прыватнага партнёрства», якой зацверджаны: форма канцэпцыі праекта ДПП; патрабаванні да тэхніка-эканамічнага абгрунтавання прапаноў аб рэалізацыі праектаў ДПП; форма пашпарта праекта ДПП; патрабаванні да конкурснай дакументацыі; інструкцыя аб методыцы ацэнкі прапаноў аб рэалізацыі праектаў ДПП.
Прыняцце закона ад 17 ліпеня 2018 г. № 134‑З «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўна-прыватнага партнёрства» дазволіла актуалізаваць асобныя прававыя нормы. У прыватнасці, аб’екты транспартнай дзейнасці, магістральныя трубаправоды, штучныя збудаванні на водных шляхах, сістэмы газазабеспячэння, аб’екты электрасувязі і меліярацыйных сістэм могуць перадавацца прыватнаму партнёру ў валоданне, карыстанне, у т. л. у бязвыплатнае карыстанне. Пашырана паняцце аб’екта інфраструктуры, якое ўключае аб’екты інжынернай, вытворчай, сацыяльнай, транспартнай і іншай інфраструктуры. Выкладзены паўнамоцтвы дзяржаўнага партнёра, гарантыі правоў прыватнага партнёра, шэраг дадатковых норм па правядзенні конкурсу і інш. Прынята норма аб выдзяленні сродкаў на падрыхтоўку, разгляд і ацэнку прапаноў па рэалізацыі праектаў ДПП, у т. л. аб выдзяленні сродкаў з мясцовых бюджэтаў на фінансаванне адпаведных расходаў.
Прыняты Закон Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2022 г. № 194‑З «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве”», які прадугледжвае новаўвядзенні, накіраваныя на далейшае развіццё інстытута дзяржаўна-прыватнага партнёрства шляхам спрашчэння працэдур у дадзенай сферы. Таксама была распрацавана і прынята пастанова Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2022 г. № 20 «Аб асобных пытаннях дзяржаўна-прыватнага партнёрства».
Спецыяльны турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал»
У 2011 г. на тэрыторыі, якая прылягае да знакамітага воднага шляху і рэчышча ракі Нёман, створаны турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал» плошчай 5 750 га
Аўгустоўскі канал — выдатнае гідратэхнічнае збудаванне XIX ст. , адзін з найбуйнейшых каналаў Еўропы. У 2004–2006 гг. беларускі ўчастак канала (22 км) поўнасцю адрэстаўрыраваны. Сіламі будаўнічых арганізацый адноўлены рэчышча, якое не выкарыстоўвалася з 1950-х гг., падмытыя і абрушаныя ўчасткі, старыя гідратэхнічныя збудаванні. Многія элементы — шлюзы і мемарыяльныя таблічкі з імёнамі інжынераў-праекціроўшчыкаў, драўляныя калоны і развадныя масткі — рэстаўрыраваліся ўручную і захавалі аўтэнтычны выгляд
Створаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2011 г. № 220 у мэтах прыцягнення інвестыцый ва ўсе сферы айчыннай эканомікі, развіцця турыстычнай інфраструктуры і павышэння канкурэнтаздольнасці індустрыі беларускага турызму.
Парк «Аўгустоўскі канал» уяўляе сабой унікальны прыродны комплекс на паўночным захадзе Гродзенскай вобласці, які распасціраецца ўздоўж граніцы з Польшчай і Літвой і з’яўляецца часткай буйнога прыродаахоўнага комплексу міжнароднага значэння, які ўключае Аўгустоўскую пушчу на тэрыторыі Польшчы і Дзукійскую пушчу на тэрыторыі Літвы. Адміністрацыя СЭЗ «Гроднаінвест» ажыццяўляе функцыі па яго кіраванні і прымае рашэнне аб рэгістрацыі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у якасці рэзідэнтаў парку пры адпаведнасці іх інвестыцыйных праектаў адначасова наступным умовам: асноўнай мэтай з’яўляецца стварэнне і развіццё аб’ектаў турыстычнай індустрыі і інфраструктуры; аб’ём інвестыцый павінен складаць не менш як 200 тыс. еўра.
Для рэзідэнтаў парку прадастаўляюцца падатковыя і мытныя прэферэнцыі, якія зніжаюць падатковую нагрузку да 70 %. Такім чынам, рэзідэнты спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал» вызвалены ад падатку на прыбытак, ад падатку на нерухомасць, ад ПДВ з абаротаў па рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці, ад платы за права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка, размешчанага ў межах парку, ад увазных мытных пошлін (у асобных выпадках) і падатку на дабаўленую вартасць, ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія прыцягваюцца рэзідэнтамі парку для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, спецыяльных дазволаў на права заняцця працоўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь, ад кампенсацыі страт сельскагаспадарчай і (або) лесагаспадарчай вытворчасці.
Прыярытэты Рэспублікі Беларусь
Прыярытэтамі з’яўляюцца стварэнне і развіццё інавацыйных і энергаэфектыўных, навукаёмістых, высокатэхналагічных, канкурэнтаздольных, экспартна арыентаваных, імпартазамяшчальных, нерэсурсаёмістых галін і вытворчасцей з высокай доляй дабаўленай вартасці і максімальнай лакалізацыяй, заснаванай на глыбокай перапрацоўцы мясцовых сыравінных рэсурсаў.
Вялікая ўвага павінна ўдзяляцца стварэнню новых арганізацый з прымяненнем перадавых замежных тэхналогій і менеджменту, а таксама прыцягненню прыватнага бізнесу да інвесціравання ў навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў мэтах іх наступнага практычнага прымянення.
Асноватворнымі з’яўляюцца інвестыцыйныя праекты, накіраваныя на развіццё прамысловага, аграпрамысловага, будаўнічага і камунальнага комплексаў, энергетыкі, сферы паслуг, мадэрнізацыю існуючых арганізацый.
Сярод галін прамысловасці вялікі патэнцыял для прыцягнення ПЗІ маюць дрэваапрацоўка і вытворчасць мэблі, цэлюлозна-папяровая вытворчасць, вытворчасць машын і абсталявання, вытворчасць гумавых і пластмасавых вырабаў.
У сферы прамысловасці будаўнічых матэрыялаў найбольш актуальным напрамкам у частцы прыцягнення патэнцыйных інвестараў з’яўляецца стварэнне інавацыйных і канкурэнтаздольных на ўнутраным і знешнім рынку будаўнічых матэрыялаў, якія не ўступаюць па сваёй якасці еўрапейскім. Апераджальнае развіццё павінна атрымаць вытворчасць будаўнічых матэрыялаў і канструкцый на аснове выкарыстання мясцовых сыравінных рэсурсаў.
Будаўнічы і камунальны комплексы таксама валодаюць дастатковым інвестыцыйным патэнцыялам. Маецца зацікаўленасць ва ўкараненні сучасных тэхналогій праектавання і будаўніцтва аб’ектаў прамысловай, жыллёвай і дзелавой нерухомай маёмасці, а таксама ў выкарыстанні перадавога вопыту кіравання ёю.
У энергетыцы прыярытэтным напрамкам для замежных інвестыцый выступае стварэнне ўстановак па выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі (біягазавыя, энергакрыніцы на жывёлагадоўчых і камунальных аб’ектах, фотаэлектрычныя станцыі, гідраэнергетычныя аб’екты, ветрапаркі).
У сферы паслуг патэнцыял для прыцягнення прамых замежных інвестыцый маюць:
лагістыка і сфера таварнага звароту:
— будаўніцтва лагістычных комплексаў у зоне ключавых аўтамабільных магістралей;
— стварэнне буйных аб’ектаў аптова-рознічнага гандлю з аказаннем спадарожных паслуг (сертыфікацыя, страхаванне і інш.);
— развіццё сеткі аб’ектаў па абслугоўванні аўтамабільнага транспарту, якія аказваюць комплекс камплементарных паслуг;
сфера гасціннасці і забаў:
— стварэнне сеткі гасцініц малога нумарнога фонду з аб’ектамі грамадскага харчавання;
— стварэнне аб’ектаў грамадскага харчавання з шырокім дыяпазонам гастранамічнай і геаграфічнай накіраванасці;
— развіццё шматфункцыянальных грамадска-культурных комплексаў забаўляльнага прызначэння з аб’ектамі грамадскага харчавання, кіна- відовішчнага і канцэртнага прызначэння, зонамі дзіцячага адпачынку і забаў;
турыстычныя паслугі:
— развіццё аб’ектаў турызму і рэкрэацыі ў зоне ключавых прыродных, культурна-гістарычных і спартыўна-забаўляльных аб’ектаў з арганізацыяй краязнаўчага, гістарычнага, экалагічнага, агра- і экатурызму, рэкрэацыйнага, воднага, спартыўнага і іншых відаў турызму, а таксама трансгранічнага турызму з рэгіёнамі Латвіі, Літвы, Польшчы і Расіі;
— стварэнне інфраструктуры і распрацоўка турыстычных маршрутаў у раёне Аўгустоўскага канала;
— развіццё сістэмы аховы здароўя, экспарт медыцынскіх паслуг, стварэнне шматфункцыянальных комплексаў спартыўна-забаўляльнага і аздараўленчага прызначэння з аб’ектамі спартыўных паслуг, індустрыі здароўя і прыгажосці, здаровага і спартыўнага харчавання;
— стварэнне сучасных аб’ектаў медыцынска-рэабілітацыйнага прызначэння з арганізацыяй медыцынскага турызму;
— стварэнне і рэканструкцыя аб’ектаў транспартнай інфраструктуры, у т. л. аўтамабільных дарог.