Эканамічнае развіццё

Інавацыі

Дата стварэння: 30.01.2026 11:04:12

Дата змены: 04.02.2026 15:27:38




Агульная характарыстыка

Інавацыйная палітыка Рэспублікі Беларусь павінна вырашаць актуальныя задачы, накіраваныя на забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы. Інавацыйны шлях развіцця эканомікі краіны прызнаны асноўным напрамкам, які садзейнічае павышэнню аб’ёмаў вытворчасці, забеспячэнню міжнароднай канкурэнтаздольнасці, павышэнню эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі і ўзроўню жыцця насельніцтва, паляпшэнню экалагічнага стану прыроднага асяроддзя. У выніку праведзеных у Рэспубліцы Беларусь пераўтварэнняў сфера навукі і тэхналогій была прыкметна пераарыентавана на вырашэнне стратэгічных задач, звязаных з інавацыйным развіццём нацыянальнай эканомікі.

Законам Рэспублікі Беларусь ад 10 ліпеня 2012 г. № 425‑З «Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» вызначана, што мэтай дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне спрыяльных сацыяльна-эканамічных, арганізацыйных і прававых умоў для інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. У адпаведнасці з законам асноўнымі задачамі дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі Беларусі з’яўляюцца:

  • забеспячэнне эканамічнага і сацыяльнага развіцця Рэспублікі Беларусь за кошт эфектыўнага выкарыстання інтэлектуальных рэсурсаў грамадства;

  • забеспячэнне прававога рэгулявання, якое стымулюе інавацыйнае развіццё нацыянальнай эканомікі;

  • фарміраванне і комплекснае развіццё нацыянальнай інавацыйнай сістэмы, забеспячэнне яе інтэграцыі ў сусветную інавацыйную сістэму з улікам нацыянальных інтарэсаў;

  • стымуляванне стварэння і развіцця юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць інавацыйную дзейнасць, а таксама стымуляванне дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў у інавацыйнай сферы;

  • садзейнічанне стварэнню і развіццю рынку інавацый;

  • стварэнне спрыяльных умоў для доступу суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці да матэрыяльных, фінансавых і інтэлектуальных рэсурсаў, неабходных для ажыццяўлення інавацыйнай дзейнасці;

  • садзейнічанне стварэнню і развіццю інавацыйнай інфраструктуры;

  • развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы інавацыйнай дзейнасці;

  • стварэнне і развіццё сістэмы тэхналагічнага прагназавання;

  • арганізацыя падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у сферы інавацыйнай дзейнасці;

  • развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы інавацыйнай дзейнасці;

  • забеспячэнне дзяржаўных інтарэсаў (абароны і нацыянальнай бяспекі) у сферы інавацыйнай дзейнасці;

  • садзейнічанне забеспячэнню лічбавай трансфармацыі нацыянальнай эканомікі;

  • інавацыйнае развіццё традыцыйных сектараў нацыянальнай эканомікі;

  • фарміраванне і паскоранае развіццё высокатэхналагічных сектараў нацыянальнай эканомікі.

У Рэспубліцы Беларусь сфарміравана нацыянальная інавацыйная сістэма, якая ўяўляе сабой сукупнасць заканадаўчых, структурных і функцыянальных кампанентаў, неабходных для ажыццяўлення інавацыйнай дзейнасці, яе развіцця і падтрымкі.

Кампанентамі нацыянальнай інавацыйнай сістэмы з’яўляюцца:

  • рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, органы мясцовага кіравання і самакіравання абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, якія рэгулююць у межах сваёй кампетэнцыі адносіны ў сферы інавацыйнай дзейнасці;

  • суб’екты інавацыйнай дзейнасці;

  • суб’екты інавацыйнай інфраструктуры;

  • установы адукацыі, якія забяспечваюць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кадраў у сферы інавацыйнай дзейнасці;

  • юрыдычныя і фізічныя асобы, у т. л. індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць фінансаванне інавацыйнай дзейнасці;

  • іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы, у т. л. індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць і забяспечваюць інавацыйную дзейнасць;

  • заканадаўства аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці;

  • сістэма навукова-тэхнічнай інфармацыі;

  • сістэма тэхналагічнага прагназавання;

  • адзіная сістэма дзяржаўнай навуковай і дзяржаўнай навукова-тэхнічнай экспертыз.

Упраўленне нацыянальнай інавацыйнай сістэмай Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, НАН Беларусі, іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, органамі мясцовага кіравання і самакіравання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вызначае асноўныя напрамкі дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі, зацвярджае дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь, вызначае ўпаўнаважаны рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы дзяржаўнага рэгулявання інавацыйнай дзейнасці, ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законам і іншымі заканадаўчымі актамі.

Адным з цэнтральных базавых элементаў інавацыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь з’яўляецца канцэнтрацыя дзяржаўных рэсурсаў на прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на 2021–2025 гг., якія ўключаюць лічбавыя інфармацыйна-камунікацыйныя і міждысцыплінарныя тэхналогіі, заснаваныя на іх вытворчасці, біялагічныя, медыцынскія, фармацэўтычныя і хімічныя тэхналогіі і вытворчасці, энергетыку, будаўніцтва, экалогію і рацыянальнае прыродакарыстанне, машынабудаванне, машынабудаўнічыя тэхналогіі, прыборабудаванне і інавацыйныя матэрыялы, аграпрамысловыя і харчовыя тэхналогіі, забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь удзельнічае ў фарміраванні дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі, забяспечвае рэалізацыю дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі, распрацоўку і рэалізацыю дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўная інавацыйная палітыка фарміруецца і ажыццяўляецца зыходзячы з наступных асноўных прынцыпаў:

  • свабоды навуковай і тэхнічнай творчасці;

  • аховы і абароны інтэлектуальнай уласнасці;

  • накіраванасці інавацыйнай дзейнасці на дасягненне прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь;

  • забеспячэння эфектыўнага ўзаемадзеяння кампанентаў нацыянальнай інавацыйнай сістэмы;

  • стымулявання інавацыйнай дзейнасці;

  • выдзялення бюджэтных сродкаў на конкурснай аснове для рэалізацыі інавацыйных праектаў і мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь па развіцці інавацыйнай інфраструктуры.

Стратэгічнай нацыянальнай цікавасцю з’яўляецца ўдасканаленне навукова-тэхналагічнага і адукацыйнага патэнцыялаў. Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Рашэннем Усебеларускага народнага сходу ад 25 красавіка 2024 г. № 5, навукова-тэхналагічная бяспека — гэта стан абароненасці навукова-тэхналагічнага і адукацыйнага патэнцыялаў ад пагроз, якія перашкаджаюць развіццю навуковай дзейнасці, стварэнню і ўкараненню інавацый і перадавых тэхналогій у рэальны сектар эканомікі і іншыя сферы.

Асноўнымі пагрозамі нацыянальнай бяспецы ў навукова-тэхналагічнай сферы з’яўляюцца:

  • адставанне ад іншых дзяржаў у тэмпах пераходу эканомікі да перадавых тэхналагічных укладаў з прычыны яе высоказатратнай структуры і нізкага тэхналагічнага ўзроўню развіцця;

  • зніжэнне навукова-тэхналагічнага і адукацыйнага патэнцыялаў да ўзроўню, не здольнага забяспечыць навукова-тэхналагічнае і інавацыйнае развіццё;

  • разбурэнне (спыненне) навуковых сувязей Рэспублікі Беларусь, перш за ўсё з краінамі, якія маюць высокі навукова-тэхналагічны патэнцыял.

Сучасная навука — рэальны нацыянальны рэсурс, які пры наяўнасці эфектыўнай дзяржаўнай падтрымкі садзейнічае росту эканомікі, умацаванню суверэнітэту і бяспекі краіны. Цяпер у краіне створана заканадаўчая база і сфарміраваны асноўныя эканамічныя і фінансавыя механізмы стымулявання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, якія ўключаюць прадастаўленне льгот суб’ектам гаспадарання і фінансавую падтрымку дзяржавы.

Для ўстаранення знешніх пагроз нацыянальнай бяспецы праводзяцца навуковыя даследаванні ў галіне прыярытэтных для Рэспублікі Беларусь напрамкаў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на 2021–2025 гг. Развіццё гэтых напрамкаў забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне вытворчых, фінансавых, чалавечых рэсурсаў, дасць магчымасць перайсці краіне да вышэйшых тэхналагічных укладаў.

У адпаведнасці з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады інструментам выканання задач пабудовы сучаснай экасістэмы інавацый з’яўляецца рэалізацыя дзяржаўных праграм на 2021–2025 гг.: інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь, «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка», «Лічбавае развіццё Беларусі», «Навукова-інавацыйная дзейнасць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм.

Распрацаваны Комплексны прагноз навукова-тэхнічнага прагрэсу на 2026–2030 гады і на перыяд да 2045 года (КП НТП), ухвалены пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 2024 г. № 798. Вынікамі КП НТП сталі сярэднетэрміновы (2026–2030 гг.) і доўгатэрміновы (2026–2045 гг.) прагнозы навукова-тэхнічнага прагрэсу, рэкамендацыі па распрацоўцы галіновых стратэгій развіцця ў частцы навукова-тэхналагічнай кампаненты, якія вызначаюць парадак выкарыстання вынікаў прагнозу, а таксама метадычныя падыходы да фарміравання комплексных праектаў.

Фарміраванне тэхналагічнага суверэнітэту з’яўляецца асноватворным элементам паступальнага ўстойлівага развіцця дзяржавы. Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь прынята пастанова № 855 «Аб забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту». Дакументам прадугледжана стварэнне Міжведамаснага савета па забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту, які ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў па фарміраванні і актуалізацыі пераліку крытычных тэхналогій (тавараў).

Распрацаваны праект Стратэгіі тэхналагічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады і на перыяд да 2035 года, у якім вызначаны мэты, прыярытэты развіцця навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці да 2030 г. і асноўныя напрамкі эфектыўнага дасягнення пастаўленых мэт, накіраваныя на забеспячэнне нацыянальных інтарэсаў у навукова-тэхналагічнай сферы.


Паказчыкі інавацыйнага развіцця

У снежні 2017 г. у Мінску адбыўся ІІ З’езд вучоных Беларусі. Ключавым дакументам, які быў вынесены на з’езд, стала стратэгія «Навука і тэхналогіі: 2018–2040». У стратэгіі вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і ў перспектыве выхад на сусветны ўзровень па шэрагу напрамкаў. Мяркуецца, што дзякуючы рэалізацыі стратэгіі да 2040 г. навукаёмістасць ВУП павінна скласці 3 %, доля высокатэхналагічных сектараў у структуры эканомікі — 10 %. У агульным аб’ёме вытворчасці прамысловых прадпрыемстваў 25 % будзе складаць інавацыйная прадукцыя.

Адным з асноўных паказчыкаў, якія характарызуюць інавацыйную актыўнасць Рэспублікі Беларусь, выступае ўдзельная вага інавацыйна актыўных арганізацый у агульнай колькасці арганізацый апрацоўчай прамысловасці. У дынаміцы інавацыйнай актыўнасці арганізацый краіны на працягу 2011–2023 гг. прасочваюцца перыяды як уздыму, так і спаду, якія шмат у чым былі абумоўлены агульнай макраэканамічнай дынамікай. Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь удзельная вага інавацыйна актыўных арганізацый у агульнай колькасці арганізацый прамысловасці вырасла з 22,7 % у 2011 г. да 28,3 % у 2023 г., у апрацоўчай прамысловасці — з 25,0 да 31,4 %, што з’яўляецца максімальным значэннем за ўсю гісторыю статыстычных назіранняў у Рэспубліцы Беларусь (рыс. 1).

Рыс. 1. Удзельная вага інавацыйна актыўных
арганізацый у агульным аб’ёме арганізацый прамысловасці Рэспублікі Беларусь
за 2011–2023 гг., % (крыніца: складзена па даных Нацыянальнага
статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.)
Рыс. 1. Удзельная вага інавацыйна актыўных арганізацый у агульным аб’ёме арганізацый прамысловасці Рэспублікі Беларусь за 2011–2023 гг., % (крыніца: складзена па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.)

Вынікам інавацыйнай актыўнасці арганізацый прамысловасці з’яўляецца рост удзельнай вагі адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі арганізацый прамысловасці. У 2023 г. значэнне гэтага паказчыка ў Рэспубліцы Беларусь склала 22,2 %, што на 7,8 п. п. вышэй, чым у 2011 г. (14,4 %); рыс. 2. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў апрацоўчай прамысловасці павялічылася да 22,7 % у 2023 г.

Рыс. 2. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай
прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі арганізацыямі
прамысловасці за 2011–2023 гг., % (крыніца: складзена па даных Нацыянальнага
статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.)
Рыс. 2. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі арганізацыямі прамысловасці за 2011–2023 гг., % (крыніца: складзена па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.)

Па выніках 2023 г. узровень адгружанай інавацыйнай прамысловай прадукцыі ў Беларусі перавышае сярэдняе значэнне ў краінах Еўрапейскага саюза (15,1 %). Па гэтым паказчыку Рэспубліка Беларусь знаходзіцца на ўзроўні Іспаніі (20,8 %). Сярод асноўных партнёраў Беларусі па ЕАЭС назіраецца адносна нізкі ўзровень адгружанай інавацыйнай прадукцыі: для Расіі гэты паказчык роўны 7 %, для Казахстана — 5,8 %. У 2023 г. у разрэзе відаў эканамічнай дзейнасці найбольш значная доля машынабудаўнічага комплексу, якая склала 43,6 % інавацыйнай вытворчасці, на нафтаперапрацоўчую галіну прыпадае 40,8 %, на харчовую прамысловасць— 5,6 %.

Інавацыйнае развіццё эканомікі павінна быць забяспечана на аснове павышэння ўзроўню яе навукаёмістасці. На працягу 2009–2023 гг. гэты індыкатар змяняўся ў інтэрвале ад 0,5 да 0,7 %. Па выніках 2023 г. агульны аб’ём унутраных затрат на навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў Беларусі склаў 0,58 % ад ВУП (рыс. 3).

Рыс. 3. Дынаміка навукаёмістасці
ВУП Рэспублікі Беларусь за 1990–2023 гг., % (крыніца: складзена па даных Нацыянальнага
статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь).
Рыс. 3. Дынаміка навукаёмістасці ВУП Рэспублікі Беларусь за 1990–2023 гг., % (крыніца: складзена па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь).

Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь з’яўляецца асноўным дакументам, які забяспечвае рэалізацыю асноўных напрамкаў дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі. З мэтай паскарэння пераводу нацыянальнай эканомікі ў рэжым інтэнсіўнага інавацыйнага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь рэалізаваны дзяржаўныя праграмы інавацыйнага развіцця — на 2007–2010, 2011–2015, 2016–2020 гады. Рэалізуецца Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады.

У адпаведнасці з планам рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2007–2010 гады ў 2010 г. было ўведзена ў эксплуатацыю 335 аб’ектаў, у т. л. створана 39 стратэгічна значных вытворчасцей і прадпрыемстваў, арганізавана 125 новых вытворчасцей, мадэрнізавана 171 вытворчасць на дзеючых прадпрыемствах. Найбольш важнымі аб’ектамі I узроўню, уведзенымі ў эксплуатацыю ў 2010 г., з’яўляюцца:

  • па Міністэрстве прамысловасці:
  • стварэнне вытворчасці бытавой тэхнікі ў ЗАТ «АТЛАНТ»;
  • будаўніцтва завода па вытворчасці вагонаў у СЗАТ «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод»;
  • па Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва:
  • арганізацыя вытворчасці ліставога паліраванага шкла ў ААТ «Гомельшкло»;
  • па Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання:
  • арганізацыя вытворчасці ўпакоўкі для вадкіх харчовых прадуктаў тыпу «Тэтра-Рэкс» і «Тэтра-Брык» магутнасцю 500 млн адзінак у год на РУВП «Бярозатара»;
  • па Міністэрстве энергетыкі:
  • арганізацыя вытворчасці па выпуску катлоў на мясцовых відах паліва на РУП «Белаазёрскі энергамеханічны завод»;
  • па Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
  • распрацоўка тэхналогіі здабычы калійна-магніевых солей (карналіту) у Рэспубліцы Беларусь метадам падземнага растварэння з мэтай атрымання калійных угнаенняў і вытворных прадуктаў з хларыду магнію арганізацыяй ДП «БелНДГРІ»;
  • па Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:
  • арганізацыя доследна-прамысловай вытворчасці біяпрэпаратаў рознага прызначэння ў Біятэхналагічным цэнтры ДНУ «Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі»;
  • распрацоўка рэсурсазберагальнай тэхналогіі і тэхналагічнай лініі для атрымання грануляванага паліва з адходаў перапрацоўкі збожжа і іншых сельскагаспадарчых культур РУП «НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі»;
  • па канцэрне «Белбіяфарм»:
  • стварэнне 1‑й чаргі новай фармацэўтычнай вытворчасці ў г. Віцебск, у т. л. рэканструкцыя часткі адміністрацыйнага корпуса для стварэння фасовачна-ўпаковачнага ўчастка на ДП РУВП «БелВітуніфарм»;
  • пашырэнне спектра, распрацоўка і асваенне тэхналогіі вытворчасці супрацьязвавых прэпаратаў у ААТ «Барысаўскі завод медпрэпаратаў»;
  • распрацоўка і асваенне вытворчасці лекавага сродку для зняцця таксічнасці цытастатычнай тэрапіі на РУП «Белмедпрэпараты».

У цэлым выкананыя ў рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2007–2010 гады праекты забяспечылі вытворчасць прынцыпова новай і інавацыйнай прадукцыі на суму каля 8 млрд долараў ЗША, прывялі да ўводу ў эксплуатацыю каля 1 тыс. вытворчасцей. Створана і (або) мадэрнізавана 15,5 тыс. працоўных месцаў.

У Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады прадугледжвалася: рэалізацыя мерапрыемстваў па фарміраванні эфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сістэмы; 312 важнейшых праектаў па стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, якія маюць вызначальнае значэнне для інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь; 289 праектаў па стварэнні новых і мадэрнізацыі дзеючых прадпрыемстваў і вытворчасцей на аснове ўкаранення новых або ўдасканаленых тэхналогій, тэхналагічным перааснашчэнні вытворчасцей у мэтах асваення і выпуску новай або ўдасканаленай прадукцыі, у т. л. інавацыйнай, высокатэхналагічнай. Пры адборы праектаў прымяняліся крытэрыі, устаноўленыя Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2012 г. № 357 «Аб парадку фарміравання і выкарыстання сродкаў інавацыйных фондаў»:

  • арганізацыя тэхналагічнага працэсу, які забяспечвае сярэдні ўзровень дабаўленай вартасці на аднаго працуючага, аналагічны ўзроўню Еўрапейскага саюза па адпаведным відзе эканамічнай дзейнасці або які перавышае гэты ўзровень;

  • экспартная арыентаванасць праекта (перавышэнне экспарту над імпартам);

  • стварэнне і ўкараненне тэхналогій і (або) новай для Рэспублікі Беларусь і (або) сусветнай эканомікі прадукцыі.

У выніку рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы на 2011–2015 гады:

  • выкананы ўвод аб’ектаў у эксплуатацыю па 191 важнейшым праекце і 198 праектам планаў развіцця;

  • ажыццёўлены выхад на праектную магутнасць па 112 найважнейшых праектах і 94 праектах планаў развіцця;

  • забяспечаны ўвод у эксплуатацыю 389 вытворчасцей, уключаючы 191 увод у эксплуатацыю па важнейшых праектах;

  • ажыццёўлены выхад на праектную магутнасць 206 вытворчасцей, уключаючы 112 выхадаў на праектную магутнасць па важнейшых праектах;

  • аб’ём вытворчасці інавацыйнай прадукцыі склаў каля 4,8 млрд долараў ЗША, пры гэтым больш за чвэрць аб’ёму адпраўлена на экспарт (1,23 млрд долараў ЗША).

У галіне аграпрамысловых тэхналогій на базе Палескага вытворчага ўчастка ААТ «Мілкавіта» створана вытворчасць па перапрацоўцы малочнай сыроваткі магутнасцю 500 т за суткі.

У нафтахімічнай прамысловасці ўведзеная ў эксплуатацыю ўстаноўка вакуумнай перагонкі мазуту ў ААТ «Мазырскі НПЗ» дазволіла павысіць глыбіню перапрацоўкі нафты і эфектыўнасць дзейнасці прадпрыемства ў цэлым, арганізаваць вытворчасць вакуумнага газойлю з астатку атмасфернай перагонкі нафты (мазуту).

У галіне хімічных тэхналогій ААТ «Беларуськалій» завершана будаўніцтва хімічнага камбіната па глыбокай комплекснай перапрацоўцы хлорзмяшчальнай мінеральнай сыравіны.

У галіне металургіі на ААТ «Беларускі металургічны завод — кіруючая кампанія холдынга «Беларуская металургічная кампанія» арганізавана вытворчасць гатунковага пракату з будаўніцтвам драбнасортна-драцянога стану праектнай магутнасцю 700 тыс. т у год.

У галіне прамысловых тэхналогій на ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» ажыццёўлена тэхнічнае перааснашчэнне, якое дало магчымасць значна пашырыць мадэльны рад і павялічыць аб’ём выпуску спецыяльнай велікагрузнай аўтамабільнай тэхнікі, большая частка якой ідзе на экспарт.

Выпушчаны самазвал БелАЗ‑75710 грузападымальнасцю 450 т.

Завершана тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасці грузавых суцэльнаметалакордных шын у ААТ «Белшына».

З прымяненнем найноўшых тэхналогій і матэрыялаў арганізавана вытворчасць па выпуску аўтагідрапад’ёмнікаў (тэлескапічныя вышкі) з высокатрывалай сталі на ПВГУП «Вітбудтэхмаш».

Створана вытворчасць драўнян-стружкавых і ламініраваных пліт у ААТ «Івацэвічдрэў» з аб’ёмам вытворчасці 250 тыс. м³ у год і глыбінёй перапрацоўкі драўніны 89 %.

У сферы прамысловых і будаўнічых тэхналогій, вытворчасцей у ААТ «Крычаўцэментнашыфер» уведзена ў эксплуатацыю сучасная рэсурсазберагальная тэхналагічная лінія магутнасцю 1,8 млн т цэменту ў год для вытворчасці цэменту высокіх марак. У ААТ «Беларускі цэментны завод» і ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» ўведзены ў эксплуатацыю 2 сучасныя рэсурсазберагальныя тэхналагічныя лініі магутнасцю 1,8 млн т цэменту ў год кожная.

ААТ «Оптаэлектронныя сістэмы» на аснове айчынных тэхналогій арганізавана вытворчасць сродкаў нанадыягностыкі, сярод якіх такая высокатэхналагічная і навукаёмістая прадукцыя, як мікраскопы, аналітычныя і інспекцыйныя комплексы, пасты мікракантролю.

У галіне інфармацыйна-камунікацыйных і авіякасмічных тэхналогій на ААТ «Пеленг» на аснове айчынных і замежных тэхналогій створана вытворчасць абсталявання для атрымання інфармацыі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, блокаў кіравання і сінхранізацыі, якія забяспечваюць інфармацыйны абмен з бартавымі сістэмамі касмічнага апарата, сістэм астраарыентацыі. У ААТ «Агат-Сістэм» — кіруючая кампанія холдынга «Сістэмы сувязі і кіравання» арганізавана прамысловая вытворчасць айчынных сучасных сродкаў і сістэм радыёсувязі з эксплуатацыйнымі характарыстыкамі, якія адпавядаюць сусветным патрабаванням і стандартам.

У сферы медыцыны, медыцынскай тэхнікі і тэхналогій, фармацыі, біятэхналогій у ДУ «РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій» асвоена вытворчасць і наладжаны выпуск эфектыўных лекавых і дыягнастычных сродкаў гематалагічнага профілю з плазмы крыві, на РІУП «Навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік» — інструментарыю, імплантатаў і паглыбных металаканструкцый для траўматалогіі і артапедыі, на УП «Унітэхпрам БДУ» — супрацьпухліннага лекавага прэпарату «Цысплацел».

У выніку выканання праектаў дзяржаўнай праграмы ў краіне створана і (або) мадэрнізавана 19,3 тыс. працоўных месцаў.

Рэалізавана Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады. Стратэгія інавацыйнага развіцця, прадугледжаная праграмай, заключалася ў сінтэзе ўкаранення тэхналогій, якія адносяцца да V і VI тэхналагічных укладаў, і індустрыяльна-інавацыйнага развіцця традыцыйных сектараў эканомікі. Асноўнымі напрамкамі дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады выступалі:

  • арганізацыя распрацоўкі і рэалізацыі інавацыйных праектаў, якія маюць дзяржаўнае значэнне;

  • развіццё інавацыйнага прадпрымальніцтва;

  • павышэнне эфектыўнасці кіравання нацыянальнай інавацыйнай сістэмай;

  • забеспячэнне лічбавай трансфармацыі нацыянальнай эканомікі;

  • павышэнне эфектыўнасці камерцыялізацыі вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці і фарміраванне рынку навукова-тэхнічнай прадукцыі;

  • развіццё інфраструктуры ў сферах навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці;

  • фарміраванне інстытуцыйнага асяроддзя, якое стымулюе інавацыйную дзейнасць;

  • развіццё сістэмы тэхналагічнага прагназавання і павышэнне эфектыўнасці навукова-тэхнічнай дзейнасці;

  • развіццё міжнароднага навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва;

  • развіццё экспарту навукаёмістай прадукцыі і тэхналогій;

  • кадравае забеспячэнне інавацыйнага развіцця нацыянальнай эканомікі.

Вынікі выканання зводных мэтавых паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы прадстаўлены ў табліцы 1.

Табліца 1. Зводныя мэтавыя паказчыкі Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады

Паказчык

Гады

2016

2017

2018

2019

2020

план/факт

план/факт

план/факт

план/факт

план/факт

1. Удзельная вага інавацыйна актыўных арганізацый у агульнай колькасці арганізацый, асноўным відам эканамічнай дзейнасці якіх з’яўляецца вытворчасць прамысловай прадукцыі, %

20,0/20,4

21,5/21,0

23,0/23,3

25,0/24,5

26,0/26,0

2. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі арганізацыямі, асноўным відам эканамічнай дзейнасці якіх з’яўляецца вытворчасць прамысловай прадукцыі, %

13,6/16,3

14,5/17,4

16,0/18,6

18,0/16,6

21,5/17,8

3. Доля экспарту навуковай і высокатэхналагічнай прадукцыі ў агульным аб’ёме беларускага экспарту, %

31,0/33,2

31,5/31,9

32,0/33,3

32,5/35,6

33,0/38,4

4. Колькасць працоўных месцаў, якія ствараюцца (мадэрнізуюцца), адзінак

1758/1802

1644/2158

2685/2908

1851/2677

1567/1716


У выніку рэалізацыі праектаў Дзяржаўнай праграмы выйшлі на праектную магутнасць вытворчасці па 51 праекце, у т. л.:

  • у сферы прамысловых і будаўнічых тэхналогій і вытворчасцей:

  • ТАА «Белань плюс» — арганізавана вытворчасць з ужываннем «LEGO-тэхналогій» новага дэкаратыўнага ўцяпляльнага матэрыялу (тэрмапанэль «Белань»), які спалучае ў сабе высокую энергаэфектыўнасць, даўгавечнасць, дэкаратыўныя ўласцівасці пры рэзкім зніжэнні сабекошту будаўніцтва (мантажу). Прымяненне дадзенага будаўнічага матэрыялу дазволіць рэзка паменшыць энергазатраты па эксплуатацыі аб’ектаў, скараціць тэрміны апрацовачных работ, знізіць далейшыя эксплуатацыйныя расходы па рамонце фасада будынка;

  • ААТ «Палессе» — арганізаваны новыя для рэспублікі энергазберагальныя вытворчасці: бясшвовых трыкатажных вырабаў з выкарыстаннем новых тэхналогій вытворчасці цэльнавязаных вырабаў, якія памяншаюць сыравінныя і матэрыяльныя затраты; экалагічна бяспечнай кардонна-навіўной тары для тэкстыльнай прамысловасці, што выключае выкарыстанне пластыкаў, якія не разлагаюцца, з магчымасцю нанясення на яе рэкламнай інфармацыі; новых відаў трыкатажнай пражы фантазійнай структуры, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням спажыўцоў;

  • Навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік» — створана вытворчасць 3‑D прынтараў;

  • СЗАТ «БЕЛДЖЫ» — арганізавана вытворчасць па дробнавузлавой зборцы легкавых аўтамабіляў магутнасцю да 60 тыс. аўтамабіляў у год;

  • ААТ «Беларускі металургічны завод — кіруючая кампанія холдынга «Беларуская металургічная кампанія» — арганізавана вытворчасць гатунковага пракату з будаўніцтвам дробнагатункова-драцянога стану;

  • ААТ «ІНТЭГРАЛ» — кіруючая кампанія холдынга «ІНТЭГРАЛ» —створана вытворчасць эпітаксіяльных структур з укараненнем новых тэхналагічных працэсаў; арганізавана вытворчасць факальных плоскасцей на аснове фотаадчувальных прыбораў з зарадавай сувяззю з часовай затрымкай і назапашваннем зарада, якія прымяняюцца айчыннымі распрацоўшчыкамі і вытворцамі ў перспектыўных спадарожнікавых сістэмах для назірання і дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі; распрацавана і ўкаранёна біпалярная тэхналогія вытворчасці элементаў сілавой электронікі на пласцінах дыяметрам 150 мм у мэтах пашырэння рынкаў збыту і павелічэння экспарту прадукцыі;

  • ВУП «Універсал Бабруйск» — выведзена на праектную магутнасць вытворчасць камплекта люстэркаў класа II і IV па праекце «Рэстайлінг‑2» для сямейства аўтамабіляў «КАМАЗ» з кабінай Еўра‑5;

  • СТАА «Дазатар-плюс» — у г. Магілёў арганізавана вытворчасць гераторных помпаў для ўстаноўкі ў трансмісіі колавых цягачоў і будаўніча-дарожнай тэхнікі;

  • УПНВП «Тэхналіт» — асвоена новая вытворчасць удасканаленай прадукцыі гільзаў цыліндраў, у т. л. біметалічнага тыпу, для рухавікоў унутранага згарання і кампрэсараў для чыгуначнай, спецыяльнай тэхнікі і тэхнікі двайнога прызначэння;

  • ААТ «НВА Цэнтр» — арганізавана вытворчасць аўтаматызаванага модуля для сухога ўзбагачэння кварцавай сыравіны сухім метадам, які дасць магчымасць знізіць капітальныя затраты на будаўніцтва і работу фабрык па ўзбагачэнні кварцавай сыравіны, экалагічную нагрузку на навакольнае асяроддзе за кошт значнага зніжэння водаадвядзення;

  • ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі» — арганізавана вытворчасць аўтаматызаванага абсталявання іонна-плазменнай цэментацыі (нітрацэментацыі) паверхні дэталей у мэтах павышэння якасці прадукцыі машынабудаўнічых прадпрыемстваў рэспублікі і зніжэння вытворчых затрат у 4–5 разоў; створана вытворчасць паўправадніковых генератараў і індукцыйных установак для нагрэву металу пад пластычную дэфармацыю і тэрмаапрацоўку;

  • у сферы медыцыны, фармацыі, медыцынскай тэхнікі:

  • ААТ «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў» — створана вытворчасць лекавых сродкаў у ампулах, заснаваная на шпрыцавым напаўненні. Асвоены выпуск новых лекавых прэпаратаў;

  • ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі» — распрацаваны і ўкаранёны новыя метады аказання медыцынскай дапамогі пры хірургічных захворваннях у дзяцей;

  • УАЗ «Нацыянальная антыдопінгавая лабараторыя» — сумесна з РУП «Белмедпрэпараты» створана лабараторная інфраструктура для кантролю якасці біяаналагаў;

  • ААТ «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў» — створана вытворчасць стэрыльнай рассыпкі антыбіётыкаў, якая адпавядае патрабаванням міжнародных стандартаў GMP;

  • ААТ «ЗАВОД «ЭЛЕКТРОНМАШ» — створана серыйная вытворчасць штучных клапанаў сэрца новага пакалення з палепшанымі эксплуатацыйнымі характарыстыкамі, якія адпавядаюць патрабаванням міжнародных стандартаў;

  • ТАА «Фармтэхналогія» — створана высокатэхналагічная вытворчасць новых для Рэспублікі Беларусь цвёрдых лекавых форм (беталактамных антыбіётыкаў) у адпаведнасці з патрабаваннямі міжнародных стандартаў GMP PIC/S;

  • УП «АДАНІ» — створаны навукова-вытворчы комплекс (ядро кластара) з гнуткай аўтаматызаванай вытворчай сістэмай для распрацоўкі, выпуску і сэрвіснага абслугоўвання новай для Рэспублікі Беларусь медыцынскай тэхнікі, сістэм забеспячэння бяспекі, абсталявання неразбуральнага кантролю і аналітычнага прыборабудавання;

  • ДНУ «Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі» — арганізавана доследна-прамысловая вытворчасць ферментаў для хіміка-ферментатыўнага сінтэзу лекавых субстанцый і атрымання найноўшых дыягностыкумаў;

  • у сферы аграпрамысловых тэхналогіі і вытворчасцей:

  • ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» — створаны цэх па вытворчасці на адной тэхналагічнай лініі дзвюх прадуктаў: сыроваткі сухой дэмінералізаванай да 90 % (з выкарыстаннем электрадыялізу) і сухога хуткарастваральнага лецытынізаванага малака. Асвоена вытворчасць інавацыйнай кармавой лактулозазмяшчальнай дабаўкі прэбіятычнага дзеяння на аснове малочнай сыроваткі для маладняку сельскагаспадарчых жывёл;

  • ВУП «Калінкавіцкі малочны камбінат— ажыццёўлена тэхнічнае пераўзбраенне цэха Светлагорскага філіяла пад выпуск сыроў з працяглымі тэрмінамі паспявання не менш як 90 сутак з палепшанымі паказчыкамі якасці;

  • ТАА «Праймілк» (г. Шчучын Гродзенскай вобласці) — створана вытворчасць па перапрацоўцы сыроваткі і вытворчасці мікрапартыкуляцыйнага і сыроватачна-тлушчавага канцэнтратаў;

  • СТАА «Інтэрферм— завершана будаўніцтва новага дражджавога завода;

  • КВУП «Фарэлевая гаспадарка «Лахва» — арганізавана вытворчасць па пакаванні астуджанай рыбы ў парніковую плёнку ў мадыфікаваным газавым асяроддзі;

  • у сферы энергетыкі і энергаэфектыўнасці, атамнай энергетыкі:

  • ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры» — арганізавана вытворчасць і выпуск міні-АГНКС (аўтамабільныя газанапаўняльныя кампрэсарныя станцыі) і перасоўных АГЗ (аўтамабільных газазаправак) кампрыміраваным прыродным газам;

  • РУП «Гроднаэнерга» — завершана будаўніцтва ветраэнергетычнага парку ў раёне н. п. Грабнікі Навагрудскага раёна. Дадзены ветрапарк з’яўляецца адным з найбуйнейшых аб’ектаў аднаўляльнай энергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь і адыгрывае значную ролю ў развіцці нацыянальнай энергасістэмы за кошт павелічэння долі экалагічна чыстых крыніц энергіі;

  • у сферы рацыянальнага прыродакарыстання і глыбокай перапрацоўкі прыродных рэсурсаў:

  • ААТ «Гомельшкло» — створана вытворчасць па прамысловай перапрацоўцы шкла з выпускам новых для рэспублікі відаў прадукцыі — ламініраванага шкла і шкла з пакрыццём;

  • СЗАТ «Навінка» — распрацаваны і асвоены ў вытворчасці інавацыйны комплекс для свідравання і здабычы вуглевадароднай сыравіны, здольны забяспечыць працу свідравін глыбінёй не менш за 1 000 м;

  • у сферы хімічных тэхналогій:

  • ДНУ «Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі» — арганізавана доследная вытворчасць кампазіцыйных матэрыялаў на базе айчынных тэрмапластаў для экструзійнага 3D-друку;

  • у сферы нанатэхналогій:

  • ДНУ «Інстытут фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі» — асвоена прамысловая вытворчасць мікраўгнаення «Нанаплант» для шырокага прымянення ў раслінаводстве Беларусі, якое дазваляе пры мінімальных расходах (у сотні разоў меншых, чым для солевых і хелатных мікраўгнаенняў) павышаць хуткасць абменных рэакцый, якія забяспечваюць стымуляцыю росту і развіцця, адаптагеннасць, стрэсаўстойлівасць і ўраджайнасць;

  • у сферы нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці:

  • ААТ «ІНТЭГРАЛ» — кіруючая кампанія холдынга «ІНТЭГРАЛ» — укаранёна ў вытворчасць тэхналогія вытворчасці інтэгральных мікрасхем у металакерамічных карпусах для паверхневага мантажу ў вырабах прамысловага, спецыяльнага і двайнога прызначэння.

У 2016–2020 гг. фінансаванне Дзяржаўнай праграмы склала 11,5 млрд руб., у т. л. за кошт рэспубліканскага бюджэту — 1,4 млрд руб.

Дзяржаўная праграма рэалізуецца на аснове праектна-мэтавага прынцыпу. Яна адкрытая, прадугледжана яе папаўненне новымі праектамі. Рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы да 2025 г. прадугледжвае стварэнне 12 тыс. новых высокапрадукцыйных рабочых месцаў з узроўнем дабаўленай вартасці на аднаго працуючага аналагічным сярэдняму ўзроўню дабаўленай вартасці на аднаго працуючага па адпаведным відзе эканамічнай дзейнасці ў Еўрапейскім саюзе або які перавышае гэты ўзровень.

Пры гэтым прадугледжваецца магчымасць уключэння практычна ўсіх відаў інавацыйных праектаў з прыцягненнем дзяржаўнай падтрымкі:

  • інавацыйныя праекты, якія адпавядаюць патрабаванням, устаноўленым Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2012 г. № 357;

  • сацыяльна значныя праекты, якія маюць прапрацаваную стратэгію камерцыялізацыі іх вынікаў;

  • праекты, якія прадугледжваюць фінансаванне за кошт сродкаў Белінфонду;

  • праекты, што рэалізуюцца суб’ектамі, якія прэтэндуюць на аказанне дзяржаўнай фінансавай падтрымкі ў парадку, устаноўленым Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 мая 2013 г. № 229.

Асноўныя вынікі выканання Дзяржаўнай праграмы прадстаўлены ў табліцы 2.


Табліца 2. Вынікі выканання Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця (па гадах)

2021

2022

2023

Колькасць праектаў у ДПІР

66

78

90

Аб’ём фінансавання рэалізацыі праектаў, млн руб.

2 285,0

1 137,9

1 075,8

Створана і (або) мадэрнізавана працоўных месцаў, чалавек

1 330

1 047,75

502

Аб’ём вытворчасці інавацыйнай прадукцыі, млн руб.

304,6

841,7

1 261,4

Аб’ём экспарту інавацыйнай прадукцыі, млн руб.

171,2

478,3

751,6


Тэндэнцыі змянення колькасці праектаў прадстаўлены ў табліцы 3.


Табліца 3. Колькасць праектаў у 2021–2023 гг.

Год

Колькасць пастаноў

Колькасць праектаў (уключаны /выключаны)

Праекты, заснаваныя на тэхналогіях V⁠—⁠VI тэхналагічных укладаў

2021

2

66

25

2022

5

17/5

35

2023

3

14/2

38


Такім чынам, з 90 праектаў 38 заснаваны на тэхналогіях V—VI тэхналагічных укладаў (42,2 % ).

У 2023 г. забяспечана дасягненне 5 з 6 паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця.

Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі арганізацый апрацоўчай прамысловасці ў 2023 г. склала 22,7 % пры плане 20,4 % (у 2022 г. — 20,2 %).

Удзельная вага інавацыйна актыўных арганізацый у агульнай колькасці арганізацый апрацоўчай прамысловасці — 31,4 % пры плане 30,0 % (у 2022 г. — 29,9 %).

Доля арганізацый, якія ажыццяўляюць працэсныя інавацыі, у агульнай колькасці інавацыйна актыўных арганізацый апрацоўчай прамысловасці — 29,8 % пры плане 29,5 % (у 2022 г. — 27,5 %).

Доля адгружанай інавацыйнай прадукцыі новай або значна палепшанай для ўнутранага або сусветнага рынку ў агульным аб’ёме адгружанай інавацыйнай прадукцыі арганізацый апрацоўчай прамысловасці — 56,7 % пры плане 51,0 % (у 2022 г. — 50,0 %).

Доля экспарту навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі ў агульным аб’ёме беларускага экспарту — 39,5 % пры плане 34,5 % (у 2022 г. — 34,0 %).


Кадравая палітыка ў інавацыйнай сферы

Пабудова інавацыйнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь немагчыма без развітага і высокакваліфікаванага кадравага патэнцыялу. Сусветная статыстыка сведчыць аб тым, што ўзровень фінансавага забеспячэння навуковай сферы значна ўплывае як на колькасць спецыялістаў, занятых у навукова-даследчай дзейнасці, так і на агульны ўзровень інавацыйнага развіцця дзяржаў. Эфектыўнае інвеставанне ў навуку і адукацыю з’яўляецца ключавым фактарам павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі і стымулявання тэхналагічнага прагрэсу.

Для ацэнкі кадравага патэнцыялу навукі прымяняюцца 2 асноўныя паказчыкі. Першы — колькасць даследчыкаў на 10 тыс. насельніцтва. Гэты індыкатар уяўляе сабой меру ўцягнутасці працоўных рэсурсаў у навуковую і навукова-тэхнічную дзейнасць. Другі — колькасць выпускнікоў аспірантуры на 10 тыс. насельніцтва. Гэты індыкатар характарызуе працэс узнаўлення навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі.

У 2023 г. у 462 арганізацыях займаліся навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі 26,7 тыс. чалавек (у 2022 г. — 25,2 тыс. чалавек у 448 арганізацыях).

У перыяд 2010–2023 гг. колькасць даследчыкаў зменшылася з 19,9 тыс. да 17,2 тыс. чалавек. У разліку на 10 тыс. жыхароў колькасць даследчыкаў знізілася з 21,0 да 18,6 чалавек (рыс. 4).

Рыс. 4. Паказчыкі кадравага патэнцыялу навукі
ў 2010–2023 гг.
Рыс. 4. Паказчыкі кадравага патэнцыялу навукі ў 2010–2023 гг.

Структура персаналу, занятага навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі, у апошнія гады практычна нязменная: даследчыкі — 64,2 %, тэхнікі — 8,1 %, дапаможны персанал — 27,7 %.

Пятая частка ўсіх даследчыкаў мае вучоную ступень: доктара навук — 519 чалавек, кандыдата навук — 2 687 чалавек. Маладыя людзі ва ўзросце да 29 гадоў (уключна) склалі 21,9 % ад агульнай колькасці даследчыкаў.

У 2023 г. у Рэспубліцы Беларусь было 4,4 тыс. навучэнцаў аспірантаў. Аспірантуру скончылі 786 чалавек. У дактарантуры навучаліся 640 чалавек, скончылі дактарантуру 178 чалавек. Дактарамі навук сталі 51 чалавек, кандыдатамі навук — 293 чалавекі.

Паказчык колькасці выпускнікоў аспірантуры на 10 тыс. насельніцтва ў перыяд 2010–2023 гг. прадстаўлены на рыс. 5.

Рыс. 5. Колькасць выпускнікоў аспірантуры
на 10 тыс. насельніцтва
Рыс. 5. Колькасць выпускнікоў аспірантуры на 10 тыс. насельніцтва.


Інтэлектуальная ўласнасць

Інтэлектуальная ўласнасць паводле нацыянальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь — гэта сукупнасць асабістых немаёмасных і маёмасных правоў на вынікі інтэлектуальнай (творчай) дзейнасці, якія належаць аўтарам, іх спадчыннікам і іншым юрыдычным і фізічным асобам у адпаведнасці з заканадаўствам.

Заканадаўча замацавана сістэма мер супрацьдзеяння парушэнням у галіне інтэлектуальнай уласнасці. Яе ўтвараюць нормы грамадзянскага, адміністрацыйнага, крымінальнага і мытнага заканадаўства. Устаноўлены і дзейнічае пэўны механізм стымулявання стварэння і ўкаранення аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады нацыянальная сістэма інтэлектуальнай уласнасці павінна стаць паўнацэнным эканамічным рычагом паскоранага эканамічнага развіцця рэспублікі.

Для выканання гэтай мэты неабходна фарміраванне паўнацэннага рынку інтэлектуальнай уласнасці, павышэнне ўзроўню вынаходніцкай актыўнасці аўтараў, фарміраванне сістэмы забеспячэння правоў на вынікі інтэлектуальнай уласнасці, стварэнне сістэмы кіравання інтэлектуальнай уласнасцю на карпаратыўным узроўні.

НАН Беларусі забяспечваецца значная актыўнасць па стварэнні аб’ектаў прамысловай уласнасці ў рэспубліцы. Ажыццяўляецца выпуск высокатэхналагічнай прадукцыі з выкарыстаннем вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, перададзеных арганізацыямі НАН Беларусі ў дзяржаўны сектар нацыянальнай эканомікі. Укараненне ў вытворчасць вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці дзяржаўных навуковых арганізацый НАН Беларусі ажыццяўляецца як на прадпрыемствах розных галін эканомікі, так і на ўласнай вытворчай базе. Створана больш за 200 вытворчых аддзелаў, сектараў, участкаў, лабараторый і іншых структурных падраздзяленняў, якія ажыццяўляюць выпуск прадукцыі па ўласных навуковых распрацоўках.

Зацверджаны Стратэгія Рэспублікі Беларусь у сферы інтэлектуальнай уласнасці да 2030 года і План мерапрыемстваў на 2024–2025 гады па яе рэалізацыі, які ўключае 36 мерапрыемстваў і сфарміраваны па напрамках рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, прадугледжаных Стратэгіяй:

1) удасканаленне заканадаўства ў сферы інтэлектуальнай уласнасці;

2) развіццё інстытуцыйнай сістэмы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці;

3) удасканаленне механізмаў стымулявання стварэння, прававой аховы і выкарыстання аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці;

4) развіццё сістэмы кіравання інтэлектуальнай уласнасцю;

5) удасканаленне механізмаў процідзеяння парушэнням у сферы інтэлектуальнай уласнасці;

6) павышэнне ўзроўню прававой культуры і адукаванасці ў сферы інтэлектуальнай уласнасці.

Прапанаваныя меры накіраваны на пераўтварэнне інтэлектуальнай уласнасці ў дзейсны інструмент інавацыйнага і сацыяльна-культурнага развіцця Рэспублікі Беларусь.


Інавацыйная інфраструктура

У мэтах павышэння эфектыўнасці камерцыялізацыі распрацовак і развіцця ў рэгіёнах інавацыйнага прадпрымальніцтва былі сканцэнтраваны намаганні на паскораным фарміраванні інавацыйнай інфраструктуры.

У Рэспубліцы Беларусь у 2023 функцыянавала 25 суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры (табліца 4), у лік якіх уваходзілі:

  • 17 навукова-тэхналагічных паркаў (тэхнапаркаў);

  • 6 цэнтраў трансферу тэхналогій;

  • Беларускі інавацыйны фонд;

  • Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці.

Табліца 4. Суб’екты інавацыйнай інфраструктуры

Паказчык

2011

2012

2013

2014

2015

2016

2017

2018

2019

2020

2021

2022

2023

Колькасць суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры

14

16

16

14

13

18

24

25

25

25

26

24

25

Колькасць тэхнапаркаў

9

11

13

12

9

10

14

15

16

17

17

17

17

Колькасць цэнтраў трансферу тэхналогій

5

5

3

2

4

7

9

9

8

7

7

5

6

Колькасць іншых арганізацый, якія маюць статус суб’екта інавацыйнай інфраструктуры

1

1

1

1

1

2

2

2


У перыяд з 2011 па 2023 г. колькасць суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры павялічылася на 78 %, пры гэтым колькасць тэхнапаркаў — на 89 %.

У адпаведнасці з артыкулам 26 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 ліпеня 2012 г. № 425‑З «Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» напрамкамі дзейнасці тэхнапарку з’яўляюцца:

  • аказанне падтрымкі рэзідэнтам тэхнапарку;

  • садзейнічанне ў стварэнні і развіцці на яго базе суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў сферы інавацыйнай дзейнасці з набыццём імі статусу рэзідэнта тэхнапарку і ажыццяўленне матэрыяльна-тэхнічнага, фінансавага, арганізацыйна-метадычнага, інфармацыйнага, кансультацыйнага і іншага забеспячэння іх дзейнасці;

  • ажыццяўленне навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці;

  • ажыццяўленне іншай дзейнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Аказанне падтрымкі рэзідэнтам можа ажыццяўляцца ў розных напрамках (табліца 5).

Табліца 5. Напрамкі дзейнасці тэхнапарку

п⁠/⁠п

Назва напрамку

1

Садзейнічанне ў стварэнні вытворчасцей па выпуску новай або ўдасканаленай прадукцыі, асваенні новай або ўдасканаленай тэхналогіі для іх рэалізацыі на рынку

2

Садзейнічанне ў ажыццяўленні знешнеэканамічнай дзейнасці ў мэтах прасоўвання інавацый на знешні рынак

3

Прадастаўленне на дагаворнай аснове ў адпаведнасці з заканадаўствам рухомай і нерухомай маёмасці, у т. л. памяшканняў рознага функцыянальнага прызначэння

4

Аказанне паслуг па падрыхтоўцы бізнес-планаў інавацыйных праектаў

5

Арганізацыя і правядзенне маркетынгавых даследаванняў

6

Садзейнічанне ў прыцягненні інвестыцый, пошуку інвестараў і (або) дзелавых партнёраў

7

Інфармацыйнае прасоўванне навін і (або) прадукцыі, тэхналогій, паслуг, арганізацыйна-тэхнічных рашэнняў, створаных на аснове навін, з дапамогай арганізацыі ўдзелу суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці ў правядзенні выставак, кірмашоў, канферэнцый і іншых мерапрыемстваў, вырабу рэкламна-інфармацыйнай прадукцыі

8

Аказанне дадатковых паслуг рэзідэнтам тэхнапарку

Крыніца: уласная распрацоўка аўтара на аснове даных.

Сетка тэхнапаркаў ахоплівае ўсе вобласці рэспублікі, растуць паказчыкі іх дзейнасці:

  • аб’ёмы вытворчасці прадукцыі рэзідэнтаў тэхнапаркаў павялічыліся з 73,8 млн руб. у 2016 г. да 500 млн руб. у 2022 г.;

  • павялічылася агульная колькасць рэзідэнтаў са 128 у 2016 г. да 258 у 2022 г.;

  • актывізавалася работа па стварэнні новых і развіцці дзеючых тэхнапаркаў і іх філіялаў у рэгіёнах.

У выніку рэалізацыі інавацыйнай палітыкі распрацавана і пастаянна ўдасканальваецца заканадаўства ў гэтай сферы, дасягнуты поспехі ў выкананні прагнозных паказчыкаў інавацыйнага развіцця. Выкананне Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця дало магчымасць стварыць новыя і ўдасканальваць дзеючыя вытворчасці, ажыццяўляць развіццё суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры.