Эканамічнае развіццё

Парк высокіх тэхналогій

Дата стварэння: 30.01.2026 11:23:15

Дата змены: 02.02.2026 12:31:02


Станаўленне і развіццё Парку высокіх тэхналогій

Парк высокіх тэхналогій (ПВТ) займае важнае месца ў інавацыйнай інфраструктуры Беларусі. Створаны ў адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 верасня 2005 г. № 12 «Аб Парку высокіх тэхналогій» для распрацоўкі ў краіне праграмнага забеспячэння, інфармацыйна-камунікацыйных, іншых новых і высокіх тэхналогій, якія садзейнічаюць павышэнню канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. Першыя ў ПВТ кампаніі-рэзідэнты з’явіліся ў чэрвені 2006 г. У іх ліку: «ЭПАМ Сістэмз», СТАА «СІСТЭМНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ», ЗАТ «НАВУЧСОФТ».

Рэзідэнты ПВТ могуць ажыццяўляць больш за 40 відаў дзейнасці: ад перадавых рашэнняў у галіне штучнага інтэлекту да распрацоўкі высакакласнага праграмнага забеспячэння, інжынерных рашэнняў, гульняў і мабільных праграм, ІТ у галіне аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, фінтэха, банкаўскага праграмнага забеспячэння, лазерных тэхналогій, оптыкі. На пачатковым этапе развіцця ПВТ асноўнай мадэллю IТ‑кампаній быў аўтсорсінг — стварэнне праграмных прадуктаў па тэхнічным заданні кліента з перадачай яму ўсіх правоў на гэты прадукт.

Парк высокіх тэхналогій
Парк высокіх тэхналогій

Прававы рэжым ПВТ дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Зарэгістравацца ў якасці рэзідэнта і выкарыстоўваць усе перавагі ПВТ можна незалежна ад месца размяшчэння офіса беларускай кампаніі (гэта можа быць і абласны цэнтр, і невялікі населены пункт). Гэта дазваляе ў поўнай меры выкарыстоўваць адукацыйны, навукова-даследчы, прафесійны і інфраструктурны патэнцыял усёй краіны.

2017 год стаў знакавым для беларускай ІТ-галіны, у т. л. і для ПВТ. Аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам курс на стварэнне ІТ‑краіны і паскоранае развіццё лічбавай эканомікі Беларусі сталі своеасаблівым пазітыўным сігналам бізнесу. Падпісаны Кіраўніком дзяржавы Дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» пашырыў сферу дзейнасці ПВТ і ўдасканаліў прававы рэжым дзейнасці рэзідэнтаў.

Новую старонку ў гісторыі развіцця ПВТ адкрыў падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Указ «Аб развіцці Парку высокіх тэхналогій» ад 12 красавіка 2023 г. № 102, які накіраваны на стварэнне ўмоў для далейшага развіцця ПВТ з апорай на сучасныя тэхналагічныя тэндэнцыі.


Агульная характарыстыка дзейнасці рэзідэнтаў

На пачатак 2025 г. у ПВТ налічвалася 1 020 кампаній, якія рэалізуюць высокатэхналагічныя праекты для заказчыкаў з розных краін свету. За межамі Мінска працуе больш за 100 кампаній-рэзідэнтаў ПВТ і больш за 7,5 тыс. чалавек.

Рэзідэнты ПВТ фарміруюць амаль 2 % ВУП Беларусі і трэць усяго экспарту паслуг краіны. Экспарт паслуг рэзідэнтамі ПВТ у 2023 г. і ў 2024 г. склаў па 1,8 млрд долараў ЗША. Спісачная колькасць работнікаў у кампаніях-рэзідэнтах у 2022 г. склала 60 307 чалавек, у 2023 г. — 54 465 чалавек. За перыяд 2019–2023 гг. у Парку сумарна было створана больш за 48 тыс. працоўных месцаў.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ў час наведвання Парку высокіх тэхналогій. Красавік 2019 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ў час наведвання Парку высокіх тэхналогій. Красавік 2019 г.

Больш за 35 % рэзідэнтаў ПВТ — прадпрыемствы з замежным капіталам. У перыяд з 2017 па 2024 г. Парк прыцягнуў замежных інвестыцый сумарна амаль 2,3 млрд долараў ЗША. У 2024 г. у Парку высокіх тэхналогій функцыянавала каля 100 цэнтраў распрацоўкі праграмнага забеспячэння, якія належаць замежным кампаніям, што прыцягнула 400 млн долараў ЗША інвестыцый. Такія вынікі сведчаць, што Беларусь становіцца прывабнай сусветнай пляцоўкай для ІТ-бізнесу.

Аб’ём рэалізацыі ІT-прадуктаў і паслуг рэзідэнтамі Парку высокіх тэхналогій на ўнутраным рынку Беларусі ў 2024 г. склаў каля 2 млрд руб.

Адным з эфектыўных інструментаў папулярызацыі ІТ-праектаў рэзідэнтаў ПВТ стала стварэнне пляцоўкі пад назвай «Вітрына лічбавых праектаў». На пачатак 2025 г. на ёй больш за 100 праграмных рашэнняў (лічбавых праектаў) у розных сферах дзейнасці, прадстаўленых рэзідэнтамі ПВТ.


ІТ-рашэнні рэзідэнтаў ПВТ

Вялікая колькасць прадуктаў рэзідэнтаў ужо ўкаранёна ў Беларусі. Гэта робіць паўсядзённае жыццё больш зручным і камфортным. Многія кампаніі ПВТ актыўна працуюць над укараненнем інавацыйных рашэнняў у такія сферы, як ахова здароўя, прамысловасць, энергетыка, транспарт і інш.

Кампанія «ЭЛІТСОФТ» прадэманстравала распрацоўку FAUST VIEW, якая дазваляе на ранняй стадыі выяўляць паталогіі малочных залоз у жанчын і забяспечвае доступ да высокакваліфікаванай дапамогі нават у аддаленых рэгіёнах дзякуючы магчымасці дыстанцыйнай дыягностыкі. Па выніках тэсціравання, атрыманым «ЭЛІТСОФТ», дакладнасць метаду FAUST VIEW складае 99,79 %.

Вытворчай кампаніяй «Альгімед Тэхна» распрацаваны інавацыйны прадукт з праграмным забеспячэннем NOVAprep miR-CERVIX для выяўлення перадракавых станаў і рака шыйкі маткі з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту. У бліжэйшы час кампанія плануе ўвесці рашэнне ў эксплуатацыю ў шэрагу вядучых медцэнтраў краіны.

Кампанія «АМІС-АйЦі» распрацавала пілотную мабільную праграму — «АМІС-Трамбалізіс» для ўрачоў-неўролагаў і рэаніматолагаў, якая істотна скарачае час прыняцця рашэння ў экстранай сітуацыі пры інсультах і іншых пашкоджаннях галаўнога мозга, тым самым павялічваючы выжывальнасць пацыентаў і колькасць паўнавартасных выздараўленняў.

Распрацавана інфармацыйная сістэма маніторынгу абсталявання, якая дазваляе павялічыць каэфіцыент выкарыстання і павысіць эфектыўнасць работы станкоў за кошт вызначэння рэальнай карціны загрузкі і рытмічнасці работы абсталявання, кантролю працоўнай дысцыпліны персаналу, які працуе на станках, фіксацыі прастояў станкоў, іх класіфікацыі і аператыўнага ўстаранення.

ТДА «ІНТЭРМЕХ» спецыялізуецца ў распрацоўцы комплексу сістэм аўтаматызацыі канструктарскай і тэхналагічнай падрыхтоўкі вытворчасці і іх укараненні на прадпрыемствах машынабудаўнічага і прыборабудаўнічага профілю, а таксама ў праектных арганізацыях. Яе флагманскі прадукт — шматфункцыянальная платформа IPS і іншыя сучасныя рашэнні ў галіне аўтаматызацыі тэхнічнай падрыхтоўкі вытворчасці.

Рэзідэнт ПВТ «ІНЭРЫКА» распрацавала праграму «Дыстанцыйны маніторынг свідравання па дадзеных тэлеметрыі», прызначаную для аўтаматызацыі працэсу аддаленага геолага-тэхналагічнага суправаджэння свідравання ўсіх актыўных свідравін у адзіным Web-партале ў рэальным часе з індыкатарамі адхіленняў, захаваннем рэжымных параметраў, пабудовай літалагічнага разрэзу, падтрымкай убудаванага відэаманіторынгу і адзінага вытворчага дакументаабароту для ўсіх удзельнікаў будаўніцтва свідравін з падзелам правоў доступу.

Кампанія «Гульні Розуму Софт», якая займаецца стварэннем навучальных рашэнняў для прафесійнай падрыхтоўкі кадраў і бяспекі жыццядзейнасці з выкарыстаннем VR і AR, робататэхнікі, кабінных трэнажораў, прадэманстравала на ХІІІ Міжнароднай прамысловай выставе «ІНАПРАМ» праграмна-апаратныя комплексы «Віртуальны стол. Дрэваапрацоўка» і «Трэнажор камбайна ГОМСЕЛЬМАШ GS2124».

Кампанія «ЭЛІТСОФТ» распрацавала модуль «Упраўленне міжнароднымі перавозкамі», прызначаны для аўтаматызацыі кіраўніцкага і аператыўнага ўліку на аўтатранспартных прадпрыемствах і ў арганізацыях, а таксама ў аўтатранспартных падраздзяленнях гандлёвых, вытворчых і іншых прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць аўтатранспарт для ўласных патрэб.

Бізнес-інкубатар Парку высокіх тэхналогій
Бізнес-інкубатар Парку высокіх тэхналогій

Сярод перспектыўных распрацовак рэзідэнтаў ПВТ — сэрвіс на базе тэхналогій штучнага інтэлекту для аналізу рэнтгенаўскіх здымкаў грудной клеткі, апорна-рухальнага апарату, каленнага сустава, пазваночніка ў мэтах выяўлення прыкмет, якія карэлююць з наяўнасцю пэўных паталогій; распрацоўка і развіццё маркетплейса BelKraj.by для ўстанаўлення кантактаў і ажыццяўлення здзелак паміж уласнікамі жылля, тураператарамі, гідамі і карыстальнікамі турыстычных паслуг.

У 2022 г. Рэспубліка Беларусь сутыкнулася з шэрагам санкцый заходніх краін у галіне тэхналогій і, як вынік, з такой праблемай, як залежнасць ад замежнага праграмнага забеспячэння. У сувязі з гэтым кампаніі ПВТ, якія раней арыентаваліся на экспарт паслуг у замежныя краіны, уключыліся ў працэс распрацоўкі праграмнага забеспячэння ў інтарэсах беларускай эканомікі.

ЗАТ «Міжнародны дзелавы Альянс» прадставіла імпартазамяшчэнне лічбавых рашэнняў воблачнай платформай Smart Cloud for Data Centers, платформай Low-code для стварэння праграмы ў візуальным рэдактары, а таксама экасістэмай «Канцлер» для комплекснай аўтаматызацыі дакументаабароту, распрацоўкі, мадыфікацыі і падтрымкі праграмных робатаў.

Рэзідэнт ПВТ ТАА «Котвек» распрацавала сваю ўнікальную сістэму кіравання дыскавай прасторай — PHOENIX RB.

Перадавое рашэнне значна скарачае час рэзервовага капіравання і эканоміць дыскавую прастору, забяспечваючы пры гэтым высакахуткасны доступ да даных і надзейнае захоўванне. Праект PHOENIX RB быў удастоены дыплома I ступені па выніках конкурсу «Лідары лічбавай эканомікі 2024» у намінацыі «Рэалізаваны праект года па імпартазамяшчэнні замежнага ПЗ».


Міжнароднае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва

Распрацоўкі ПВТ атрымліваюць высокую міжнародную адзнаку. Рэзідэнт Парку высокіх тэхналогій кампанія «ЭПАМ Сістэмз» упершыню ўвайшла ў 2022 г. у рэйтынг Brand Finance IT Services 25, заняўшы 16‑е месца. Былі адзначаны такія распрацоўкі кампаніі, як кіраванне метаданымі, цыфравізацыя аўтамабілебудавання, мадэрнізацыя воблачных сэрвісаў.

У 2022 г. мабільная праграма «BY Guide», распрацаваная стартапам ПВТ, увайшла ў ТОП‑3 у рэйтынгу Google Play у катэгорыі «Падарожжы». «BY Guide» — простая ў выкарыстанні праграма для экалагічных падарожжаў па Беларусі. Асаблівасцю сэрвісу з’яўляецца рух без доступу ў інтэрнэт і падзел маршрутаў па відах для розных катэгорый падарожнікаў (людзям з парушэннем зроку або на калясцы, сем’ям з дзецьмі і жывёламі).

У 2025 г. рэзідэнты ПВТ увайшлі ў рэйтынг 100 лепшых аўтсорсераў у свеце, апублікаваны Міжнароднай асацыяцыяй прафесіяналаў у галіне аўтсорсінгу (IAOP). Рэйтынг IAOP уяўляе сабой спіс лепшых пастаўшчыкоў аўтсорсінгавых паслуг і кансультантаў у розных галінах і рэгіёнах. Сярод лепшых у спісе «The 2025 Global Outsourcing 100» адзначаны кампаніі з офісамі ў ПВТ:

— A1QA (ТАА «Траекторыя якасці»);

— Innowise Group (ТАА «Фабрыка інавацый і рашэнняў»);

— Science Soft ( ЗАТ «НАВУЧСОФТ»);

— Vention («Тэхартгруп»);

— Кампанія IBA Group («АйБіЭй АйЦі Парк»).

Кампаніі ПВТ, якія ўвайшлі ў глабальны рэйтынг аўтсорсераў, спецыялізуюцца на ўкараненні інавацыйных тэхналогій, праектаванні, распрацоўцы і тэсціраванні ПЗ, забяспечваючы падтрымку на ўсіх этапах яго жыццёвага цыкла для кліентаў з усяго свету, прадастаўляюць шырокі спектр паслуг ад распрацоўкі праграмнага забеспячэння да паўнацэннага IT‑кансалтынгу, адаптуючы свае прапановы пад патрэбы бінзесу.

Рэзідэнты ПВТ актыўна супрацоўнічаюць з вядучымі сусветнымі арганізацыямі і кампаніямі, дэманструюць свае ўнікальныя распрацоўкі на міжнародных выставах, што дае магчымасць абменьвацца вопытам, укараняць новыя тэхналогіі і пашыраць магчымасці для беларускіх стартапаў і IT-кампаній.

Парк высокіх тэхналогій пашырае супрацоўніцтва з інавацыйнымі кампаніямі Кітая. У 2024 г. у Пекіне падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ПВТ з пекінскім тэхнапаркам «Чжунгуаньцунь». Таксама пашыраюцца сувязі беларускіх IT-кампаній з рознымі рэгіёнамі Кітая пры садзейнічанні кампаніі ТАА «СІНАМАЧБЕЛ».

У 2025 г. рэзідэнты ПВТ прынялі ўдзел у лічбавым форуме Digital Almaty 2025: Industrial AI (г. Алматы, Казахстан). На выставачным стэндзе Рэспублікі Беларусь прадставілі свае IT-рашэнні кампаніі «ЭЛІТСОФТ» і «АМІС-АйЦі»


ІТ-адукацыя

Парк высокіх тэхналогій актыўна ўдзельнічае ў стварэнні ў Беларусі элементаў бесперапыннай сістэмы падрыхтоўкі кадраў для ІТ-галіны: дзіцячы сад — школа — універсітэт, у рэгіёнах забяспечана даступнасць профільнай дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі.

Рэзідэнты ПВТ актыўна інвесціруюць у сістэму адукацыі і якасць падрыхтоўкі выпускнікоў. У прыватнасці, выдзяляюцца сродкі на стварэнне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ВНУ, школ, ліцэяў, тэхнікумаў, арганізацыю і правядзенне семінараў, трэнінгаў для выкладчыкаў і студэнтаў, падтрымку і правядзенне рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, канферэнцый, алімпіяд па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы сярод моладзі.

У 2021 г. пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у ПВТ распачата рэалізацыя адукацыйнага праекта «Інфарматыка без разеткі» для ўстаноў дашкольнай адукацыі. Гэты праект створаны з мэтай развіцця лагічнага мыслення і фарміравання алгарытмічных уменняў без выкарыстання камп’ютара ў дзяцей 5–6 гадоў як асновы прапедэўтыкі да вывучэння інфарматыкі ў школе. У рамках праекта была распрацавана Методыка фарміравання ў дашкольнікаў алгарытмічнай пісьменнасці, накіраваная на засваенне імі ўменняў структураваць інфармацыю і аперыраваць ёю на аснове лагічных аперацый без выкарыстання камп’ютара. Методыка паспяхова прайшла апрабацыю ва ўстановах дашкольнай адукацыі ў ходзе рэспубліканскага эксперыментальнага праекта ў 2020/2021 навучальным годзе. За 5 гадоў у Парку прайшлі падрыхтоўку і сталі цьютарамі праекта 3 022 педагагічныя работнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі. У 2024/2025 навучальным годзе ў рамках праекта «Інфарматыка без разеткі» праводзілася навучанне больш за 10,5 тыс. выхаванцаў на базе 628 устаноў дашкольнай адукацыі ў 168 гарадах і населеных пунктах Беларусі.

У 2023 г. ПВТ запусціў у дзіцячых садах пілотныя праекты «Робаалгарытміка» і «Лабараторыя адкрыццяў», у рамках якіх дзеці вывучаюць асновы фізікі і робататэхнікі.

З 2016 г. па ініцыятыве Парку высокіх тэхналогій пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь рэалізуецца рэспубліканскі адукацыйны праект «Праграміраванне — другая пісьменнасць». Гэты праект накіраваны на шырокае навучанне школьнікаў асновам праграміравання. У рамках праекта распрацаваны навучальныя праграмы, заснаваныя на выкарыстанні візуальнага асяроддзя праграміравання Scratch, якое дазваляе навучэнцам лёгка асвоіць асноўныя прынцыпы праграміравання. Гэтыя праграмы даступныя ўсім агульнаадукацыйным установам краіны, робячы ІТ‑веды даступнымі кожнаму школьніку. На 2024 г. азы праграміравання на мове Scratch, пачынаючы з 2‑га класа, на факультатыўных занятках спасцігалі больш за 47 тыс. навучэнцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Кампаніямі Парку высокіх тэхналогій створаны і падтрымліваюцца больш за 90 сумесных навукова-вытворчых лабараторый на базе вышэйшых навучальных устаноў. Акрамя таго, рэзідэнтамі распрацаваны і вядуцца спецыялізаваныя адукацыйныя курсы на профільных кафедрах універсітэтаў. Пры гэтым больш за 40 філіялаў кафедраў ВНУ адкрыты непасрэдна на плошчах рэзідэнтаў ПВТ і тэрыторыі Парку высокіх тэхналогій.

Пры садзейнічанні рэзідэнта ПВТ «Тэхартгруп» былі адкрыты IT-лабараторыі на факультэце інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай і на факультэце матэматыкі і тэхналогій праграміравання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Мэта — атрыманне студэнтамі практычных навыкаў у праграміраванні і тэсціраванні. Лабараторыя ўяўляе сабой высокатэхналагічны вучэбна-даследчы камп’ютарны клас, дзе праходзяць заняткі па такіх дысцыплінах, як распрацоўка крос-платформавых праграм, канструяванне праграмнага забеспячэння, аб’ектна-арыентаванае праграміраванне, аперацыйныя сістэмы, мова праграміравання Python і сучасныя вэб-тэхналогіі, размеркаваныя вылічэнні, базы даных і сістэмы кіравання базамі даных (СКБД), сучасныя платформы праграміравання і інш. Плануецца таксама праводзіць сумесныя з «Тэхартгруп» семінары, кансультацыі, круглыя сталы, дадатковыя трэнінгі для студэнтаў па новых інфармацыйных тэхналогіях. Студэнты таксама атрымаюць падтрымку і ў плане распрацоўкі ўласных праектаў-стартапаў. Пры падтрымцы рэзідэнта ПВТ у Беларусі адкрыты 7 IT-лабараторый у Мінску і 5 у абласных цэнтрах. Кампанія актыўна ўзаемадзейнічае з беларускімі ВНУ. Перад студэнтамі на рэгулярнай аснове выступаюць распрацоўшчыкі «Тэхартгруп», праводзяць навучанне праграміраванню і тэсціраванню, кіруюць курсавымі і дыпломнымі праектамі.

Створаны ў 2010 г. «Адукацыйны цэнтр праграміравання і высокіх тэхналогій» (IT-Academy) мае 4 філіялы (у Мінску, Гродне, Гомелі і Брэсце). Штогод цэнтр рыхтуе больш за 3,1 тыс. спецыялістаў узроўню junior (выпускнікі прафесійных курсаў). Для слухачоў распрацавана каля 160 навучальных курсаў па 20 IT-кірунках. У 2024 г. «Адукацыйны цэнтр праграміравання і высокіх тэхналогій» быў адзначаны ўзнагародай на Міжнародным конкурсе «Выбар года 2024» у катэгорыі «Паслугі. Адпачынак і забавы».

Парк высокіх тэхналогій за 20‑гадовы перыяд свайго існавання стаў спрыяльнай экасістэмай і калыскай для таленавітых спецыялістаў і інавацыйных кампаній. Гэта прывяло да з’яўлення мноства паспяховых IT‑стартапаў і распрацовак, якія выкарыстоўваюцца як на ўнутраным, так і на сусветным рынку. Рэзідэнты ПВТ штодзень даказваюць, што Беларусь здольная канкурыраваць у сусветнай IT-індустрыі і ствараць якасныя прадукты.