Беларусь: здабыццё дзяржаўнага суверэнітэту
Дата стварэння: 24.05.2023 11:49:35
Дата змены: 12.11.2024 11:19:07
- Курс на перабудову, пачатак сацыяльнай дэстабілізацыі
- Дэкларатыўнасць дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця
- Зараджэнне нефармальнага руху і нарастанне нацыяналізму
- Дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства,
фарміраванне новых інстытутаў улады - Станаўленне апазіцыйных партый
- Кампанія па абнаўленні партыйных кадраў,
зніжэнне сацыяльнага рэйтынгу КПСС - Рэфармаванне сістэмы дзяржаўнай улады
- Паглыбленне эканамічнага крызісу
- Правал спроб рэфармавання савецкай эканомікі
- Першы праект прэзідэнцтва ў БССР
- Узмацненне цэнтрабежных тэндэнцый. Пачатак распаду СССР
- Правал ДКНС, дзяржаўны пераварот у Расіі
- Завяршэнне распаду СССР
Курс на перабудову, пачатак сацыяльнай дэстабілізацыі
У красавіку 1985 г. пачатая кіраўніцтвам СССР на чале з М. С. Гарбачовым перабудова савецкага грамадства ў дэкларацыях і заявах прадугледжвала дэмакратызацыю грамадска-палітычнага жыцця, укараненне галоснасці, палітычнага плюралізму. Яе стратэгічнай мэтай было абнаўленне сацыялізму на базе строгага захавання прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, у поўнай меры вырашэння харчовай, жыллёвай праблем, выхаду на сусветны ўзровень прадукцыйнасці грамадскай працы. Уступаючы на пасаду Генеральнага сакратара ЦК КПСС, М. С. Гарбачоў сказаў: «Абяцаю вам, таварышы, прыкласці ўсе сілы, каб аддана служыць нашай партыі, нашаму народу, вялікай ленінскай справе».
Клятва вернасці прадугледжвала абавязковае выкананне заяўленых абяцанняў. І перш за ўсё вырашэння вострых сацыяльных праблем, якія датычыліся харчовага крызісу, недахопу жылля, нізкага ўзроўню прадукцыйнасці грамадскай працы. Гэтыя пытанні не былі вырашаны на працягу пасляваеннага саракагоддзя. Іх вырашэнне было магчыма толькі на базе распрацоўкі і прыняцця выверанай, забяспечанай матэрыяльнымі, фінансавымі, навуковымі і іншымі рэсурсамі палітычнай стратэгіі, стратэгіі ў рамках урадавай праграмы.
Як паказала далейшая палітычная практыка, у красавіку 1985 г. кіраўніцтва ЦК КПСС не мела ўрадавай праграмы. Канцэпцыі перабудовы не было нават у агульных рысах. Адсутнасць навукова абгрунтаваных праграмна-мэтавых распрацовак ставіла новае кіраўніцтва ЦК КПСС у сітуацыю няўпэўненасці і шырокай дэмагогіі. Характэрны прыклад: у красавіку 1985 г., заяўляючы аб неабходнасці перабудовы, М. С. Гарбачоў не меў адказу на пытанне, што яна сабой уяўляе як асэнсаваная, мэтанакіраваная палітыка дзяржавы. Гэта прадвызначыла палітычную лінію М. С. Гарбачова і яго прыхільнікаў, лінію, тыповай асаблівасцю якой сталі папулізм, нечаканыя ініцыятывы, неабгрунтаваныя і не падмацаваныя практычнымі вынікамі рашэнні па дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця, рэфармаванні інстытутаў улады, прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, абнаўленні кадраў і ўмацаванні партыі.
Разам з тым у 1985 г. для кіраўніцтва КПСС было відавочна, што пачынаць трэба са сферы матэрыяльнай вытворчасці, якая яшчэ ў канцы 1970‑х гг. уступіла ў паласу крызісу. На гэта ўказвала статыстыка. У цэлым у СССР колькасць стратных прадпрыемстваў пастаянна павялічвалася. У 1985 г. іх налічвалася каля 4 тыс., а агульная сума страт перавысіла 5,7 млрд руб. (у цэнах 1985). Каб выправіць становішча, ЦК КПСС выставіў ідэю паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця, сутнасцю якога з’яўлялася мадэрнізацыя, тэхналагічная інтэнсіфікацыя вытворчасці. Пры гэтым «генеральнай лініяй» КПСС заставаўся курс «на ўдасканаленне грамадства развітога сацыялізму».
Гадавое знаходжанне ва ўладзе, спробы хаця б часткова рэалізаваць намечаныя планы не прынеслі поспеху, і гэта пахіснула ўпэўненасць М. С. Гарбачова ў правільнасці вызначанага ў красавіку 1985 г. палітычнага курсу. У выніку ХХVІІ з’езд КПСС (25 лютага — 6 сакавіка 1986) адмовіўся ад канцэпцыі «развітога сацыялізму». І не толькі ад гэтага. У прынятай з’ездам новай рэдакцыі Праграмы КПСС дасягненне камуністычнай перспектывы ўжо не было храналагічна акрэсленай задачай. Замест гэтага курс на паскарэнне быў аб’яўлены праграмнай мэтай кіруючай партыі.
Але ўжо ў 1986–1987 гг. рэалізацыя праграмнай стратэгіі сутыкнулася з адсутнасцю навуковых распрацовак па праблеме мадэрнізацыі, інтэнсіфікацыі вытворчасці, што затармазіла паскарэнне, абумовіла нявызначанасць не толькі ў сутнасці, але і ў тэмпах рэалізацыі курсу. Гэта пытанне рэзка абвастрылася ў 1988 г., калі эканоміка СССР не выйшла на запланаваныя паказчыкі. І ўжо ў гэтым годзе яе так званае прабуксоўванне засведчыла поўны правал курсу на паскарэнне. У выніку негатыўныя тэндэнцыі пачалі нарастаць практычна ва ўсіх рэспубліках, у т. л. і ў народнай гаспадарцы Беларускай ССР. У 1987 г. ужо каля 5 % прадпрыемстваў Беларусі, занятых выпускам спажывецкіх тавараў, не выконвалі запланаваныя пяцігадовымі заданнямі паказчыкі, у выніку нарастаў таварны дэфіцыт. Так, калі ў 1986 г. у дэфіцыце былі тавары крыху больш як 500 найменняў, то ў 1989 г. дэфіцыт ахапіў 2 250 таварных пазіцый. Фактар таварнага дэфіцыту выклікаў сацыяльную незадаволенасць, стаў перадумовай дэстабілізацыі грамадска-палітычнага жыцця.
Паскорылі нарастанне незадаволенасці і дэстабілізацыю грамадска-палітычнага становішча чарнобыльская катастрофа і антыалкагольная кампанія. Імкненне ўлад схаваць праўду аб чарнобыльскай катастрофе і яе наступствах непасрэдна супярэчыла афіцыйным заявам аб неабходнасці «зрабіць галоснасць сістэмай, што дзейнічае бездакорна», і сведчыла аб двайных стандартах у рэалізацыі новага палітычнага курсу.
Антыалкагольная кампанія, якая праводзілася па ініцыятыве ЦК КПСС, пачалася 7 мая 1985 г., калі была прынята пастанова «Аб мерах па пераадоленні п’янства і алкагалізму». Шматвяковую балючую праблему паспрабавалі вырашыць хутка і пераважна адміністрацыйнымі метадамі. У ходзе кампаніі выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў скараціўся на 28,1 %, пладова-ягадных він — на 65,1 %, а продаж алкагольных напояў зменшыўся на 44 %. У выніку толькі за 1985–1987 гг. у сувязі са скарачэннем продажу алкагольных напояў бюджэт СССР страціў больш за 37 млрд руб. прыбытку (у цэнах 1987). Антыалкагольная кампанія нічога, акрамя злосці і незадаволенасці ўладай, у людзей не выклікала. Эканамічныя і сацыяльна-палітычныя наступствы антыалкагольнай кампаніі аказаліся настолькі негатыўнымі, што ў 1988 г. барацьба супраць п’янства паступова пайшла на спад.
Дэкларатыўнасць дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця
Пагаршэнне спраў у эканоміцы, паступовае ўзмацненне напружанасці ў грамадстве кіраўніцтва КПСС звязвала з нежаданнем яшчэ брэжнеўскіх кадраў, якія дзесяцігоддзямі займалі кіруючыя пасады, падтрымліваць новы курс і выконваць планавыя заданні. Таму было прынята рашэнне абнавіць кіраўніцтва партыйных камітэтаў усіх узроўняў. Такая спроба была зроблена на студзеньскім (1987) Пленуме ЦК КПСС. На Пленуме перабудова як палітычны курс атрымала характарыстыку: «Перабудова — гэта рашучае пераадоленне застойных працэсаў, злом механізма тармажэння… Перабудова — гэта жывая творчасць мас, гэта ўсебаковае развіццё дэмакратыі… пашырэнне галоснасці… Перабудова — гэта няўхільнае павышэнне ролі інтэнсіўных фактараў у развіцці савецкай эканомікі… адмова ад камандавання і адміністравання… Канчатковая мэта перабудовы — глыбокае абнаўленне ўсіх бакоў жыцця краіны». У такім рэдакцыйным варыянце канцэптуальная характарыстыка перабудовы — гэта прыклад прымітыўнага і неканкрэтнага вызначэння сутнасці і зместу палітычнай дактрыны.
Разам з тым у далейшым дэкларацыі студзеньскага (1987) Пленума ЦК КПСС «развязалі рукі» камандзе М. С. Гарбачова ў арганізацыі кампаніі па абнаўленні кадраў, у правядзенні ХIХ партыйнай канферэнцыі. Пасля студзеня 1987 г. пачаліся пошукі праціўнікаў перабудовы, а разам з гэтым нарастаў недавер народа да партыйнага кіраўніцтва ўсіх узроўняў, што падрывала сацыяльны рэйтынг кіруючай партыі. Кіраўніцтвам ЦК КПСС асноўная стаўка была зроблена на далейшую дэмакратызацыю савецкага грамадства. Інструментам дэмакратызацыі стала выбарнасць кіраўніцтва працоўных калектываў, трансфармацыя механізма фарміравання партыйных органаў праз пераход да сістэмы вылучэння альтэрнатыўных кандыдатур. Пашырэнне дэмакратыі, заявіў М. С. Гарбачоў, гэта «не проста лозунг, а сутнасць перабудовы».
Але дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця не прыносіла пазітыўных вынікаў. Так, устаноўка студзеньскага (1987) Пленума ЦК КПСС аб правядзенні выбараў народных дэпутатаў на альтэрнатыўнай аснове была рэалізавана толькі ў парадку эксперымента і толькі ў асобных выбарчых акругах.
Дэкларатыўны характар праграм перабудовы станавіўся ўсё больш відавочным. Нягледзячы на гэта, яе ініцыятары і «прарабы», не зважаючы на відавочныя правалы, дзейнічалі ў тым жа прапагандысцкім кірунку. Так, напрыклад, на Пленуме ЦК КПСС, які адбыўся 23 мая 1988 г., было заяўлена: «У святле вопыту, назапашанага пасля студзеньскага (1987) Пленума ЦК КПСС, трэба ўнесці змяненні ў парадак фарміравання выбарных партыйных органаў. Неабходна зрабіць нормай… тайнае галасаванне».
Зараджэнне нефармальнага руху і нарастанне нацыяналізму
Да лета 1988 г. арганізатары перабудовы, здолеўшы на кароткі час захапіць насельніцтва ідэямі «абнаўлення і ачышчэння сацыялізму», дэмакратызацыі і галоснасці, выбарнасці гаспадарчых кіраўнікоў, аказаліся няздольныя трымаць пад кантролем палітычныя працэсы, звязаныя з нарастаннем грамадзянскіх ініцыятыў і з’яўленнем вялікай колькасці новых грамадска-палітычных арганізацый, якія атрымалі назву «нефармальныя».
Першыя нефармальныя арганізацыі ў Беларусі ўзніклі ў асяроддзі моладзі. Яны выступалі за захаванне і прапаганду беларускай мовы, культуры, гісторыі, у падтрымку палітыкі радыкальных перамен. Да вясны 1988 г. колькасць маладзёжных нефармальных арганізацый у рэспубліцы павялічылася да 40, у іх складзе налічвалася каля 3 тыс. чалавек. Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва БССР імкнулася кантраляваць дзейнасць нефармалаў. Але асаблівую незадаволенасць у ЦК КПБ выклікаў той факт, што гэтыя арганізацыі падагравалі і падтрымлівалі нацыяналістычныя настроі. Росту антысаветызму, папулярнасці нефармальных арганізацый і зніжэнню сацыяльнага рэйтынгу КПСС садзейнічала інфармацыя аб неабгрунтаваных рэпрэсіях па палітычных матывах, якія праводзіліся сталінскім кіраўніцтвам у 1930‑я гг. Гэта тэматыка стала прадметам грамадскіх дыскусій. У верасні 1987 г. Палітбюро ЦК КПСС стварыла камісію па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд з 1930–40‑х да пачатку 1950‑х гг., у ліпені 1988 г. была прынята пастанова «Аб узвядзенні помніка ахвярам беззаконня і рэпрэсій» у Маскве. Сітуацыя ў Мінску абвастрылася пасля публікацыі ў пачатку чэрвеня 1988 г. у газетах артыкула «Курапаты — дарога смерці», у якім паведамлялася аб масавых пахаваннях 1930‑х гг., знойдзеных у лясным масіве на тэрыторыі Бараўлянскага сельскага Савета Мінскага раёна.
У гэты перыяд рост грамадскіх ініцыятыў і падзенне сацыяльнага рэйтынгу КПСС назіраліся ва ўсіх савецкіх рэспубліках. Таму ў маі 1988 г. ЦК КПСС быў вымушаны пайсці на прызнанне магчымасці існавання ў савецкім грамадстве «любой грамадскай дзейнасці». У выніку ў краіне пачалі стварацца так званыя народныя франты ў падтрымку перабудовы. Гэтыя арганізацыі ўзніклі ў Латвіі, Літве, Эстоніі, Украіне, на Урале, Каўказе. У пачатку 1990 г. у СССР налічвалася каля 140 народных франтоў і аб’яднанняў падобнага тыпу. У сапраўднасці гэта былі антысавецкія, нацыяналістычныя арганізацыі, праграмнай мэтай якіх была ліквідацыя Саюза ССР.
Дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, фарміраванне новых інстытутаў улады
У адпаведнасці з заяўленымі ў студзені 1987 г. намерамі, кіраўніцтва ЦК КПСС выстаўляла новыя ініцыятывы. Самай значнай з іх стала рашэнне аб рэформе палітычнай сістэмы, якое было прынята на ХІХ Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі (лета 1988). Склад дэлегатаў канферэнцыі ў цэлым адлюстроўваў становішча, якое склалася ва ўладных структурах дзяржавы. На канферэнцыю было абрана 5 тыс. дэлегатаў (у т. л. 191 дэлегат з Беларусі), з іх 290 сакратароў ЦК кампартый саюзных рэспублік, крайкамаў, абкамаў партыі, 537 сакратароў акружкамаў, гаркамаў і райкамаў партыі, 3 153 дэлегаты, або 63 % ад агульнай колькасці, былі членамі выбарных партыйных органаў розных узроўняў, 762 дэлегаты былі сакратарамі пярвічных, цэхавых партарганізацый і партгруп. Канферэнцыя прыняла рашэнне забяспечыць поўнаўладдзе Саветаў народных дэпутатаў. Рашэнні канферэнцыі былі рэалізаваны ў Законе СССР ад 1 снежня 1988 г. «Аб змяненнях і дадатках Канстытуцыі (Асноўнага Закона) СССР» і законе «Аб выбарах народных дэпутатаў СССР».
Праведзеныя 26 сакавіка 1989 г. на аснове новага выбарчага заканадаўства выбары складу З’езда народных дэпутатаў СССР, аб’яўленага вышэйшым органам дзяржаўнай улады ў краіне, былі першымі сапраўды дэмакратычнымі выбарамі. Дзве трэці дэпутатаў выбіраліся на аснове прамых альтэрнатыўных выбараў, а адна трэць выбіралася КПСС, прафсаюзамі, камсамолам, аб’яднаннямі ветэранаў вайны і працы, навуковых работнікаў і іншымі грамадскімі арганізацыямі. Аднак вынікі гэтых выбараў не апраўдалі спадзяванняў партыйнага кіраўніцтва на ўмацаванне савецкай дзяржаўнасці. І замест яднання і падтрымкі партыйнага курсу кіраўніцтва ЦК КПСС атрымала адкрытае супраціўленне і аб’яднанне антысавецкіх арганізацый і груп.
Першы З’езд народных дэпутатаў СССР пачаў працу ў Маскве 25 мая 1989 г. На з’ездзе было аб’яўлена аб стварэнні Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы (МДГ), у якую ўвайшлі адкрытыя праціўнікі сацыялістычнага ладу. У праграме, прынятай МДГ, дэкларавалася неабходнасць прызнання прыватнай уласнасці, у т. л. на зямлю; дэцэнтралізацыя ўлады, эканамічная самастойнасць савецкіх рэспублік. Ужо на гэтым з’ездзе намаганнямі антыкамуністычна настроеных дэпутатаў была зроблена спроба перагляду артыкула 6 Канстытуцыі СССР. Аднак кіраўніцтва ЦК КПСС, не маючы рашэння Пленума ЦК КПСС па гэтым пытанні, не асмелілася ўключыць яго ў парадак дня з’езда. Становішча змянілася ў лютым 1990 г., калі Пленум ЦК КПСС прыняў платформу ЦК КПСС «Да гуманнага, дэмакратычнага сацыялізму», у якой было заяўлена, што для КПСС прынцыповае значэнне набывае пытанне аб ліквідацыі камандна-адміністрацыйнай сістэмы і неабходнасць стварэння ў краіне інстытутаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады.
Не засталася ў баку ад гэтых працэсаў і Савецкая Беларусь. 27 кастрычніка 1989 г. быў прыняты закон «Аб выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР», якія адбыліся 4 сакавіка 1990 г. Усяго ў Вярхоўны Савет БССР было абрана 327 дэпутатаў, на першай сесіі Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР быў абраны сакратар ЦК КПБ М. І. Дземянцей.
Станаўленне апазіцыйных партый
Фарміраванне апазіцыйных партый стала заканамерным вынікам перабудовы. Аднак на шляху дэмакратызацыі грамадскага жыцця было шмат перашкод, якія ствараліся кіраўніцтвам ЦК КПСС, што было абумоўлена непаслядоўнасцю палітыкі галоснасці і дэмакратызацыі. На словах М. С. Гарбачоў выступаў за шырокі і адкрыты дыялог з народам, але на справе прымаў рашэнні, якія не толькі супярэчылі прынцыпу галоснасці, але патрабавалі задзейнічання мяккага рэпрэсіўнага апарату ў дачыненні да іншадумцаў. Так, 30 студзеня 1989 г. ЦК КПСС прыняў і накіраваў у рэспублікі, абкамы і крайкамы пастанову «Аб мерах па супрацьдзеянні спробам антысацыялістычных элементаў стварыць апазіцыйныя КПСС палітычныя структуры». У сваю чаргу, 8 лютага 1989 г. Бюро ЦК КПБ прыняло пастанову «Аб мерапрыемствах па выкананні пастановы ЦК КПСС ад 30 студзеня 1989 г. “Аб мерах па супрацьдзеянні спробам антысацыялістычных элементаў стварыць апазіцыйныя КПСС палітычныя структуры”», у якой зацвердзіла цэлы комплекс мерапрыемстваў. Партыйным камітэтам даручалася забяспечыць супрацьдзеянне праціўнікам перабудовы у час мітынгаў, сходаў і дыскусій. У выніку сталі практыкавацца інфармацыйныя блакады, напрыклад ініцыятарам склікання ўстаноўчага з’езда Беларускага народнага фронту было адмоўлена ў прадастаўленні памяшкання ў Мінску. Таму 24–25 чэрвеня 1989 г. у Вільні адбыўся I з’езд грамадскай арганізацыі «Беларускі народны фронт за перабудову “Адраджэнне”» (БНФ), які ў далейшым заняў радыкальную пазіцыю па пытаннях дэмакратызацыі палітычнай сістэмы і вырашэнні нацыянальна-культурнай праблематыкі. Амаль адначасова (23–24 чэрвеня 1990) у Мінску прайшла ўстаноўчая канферэнцыя праварадыкальнай Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. У той час НДПБ была адзінай партыяй, якая патрабавала ад сваіх членаў ведання беларускай мовы.
Партыйнае будаўніцтва прадвызначыла ўнясенне змяненняў у заканадаўства. Яны з’явіліся ў Канстытуцыі БССР 28 ліпеня 1990 г. У новай рэдакцыі артыкул 6 Канстытуцыі замацаваў, што «палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і масавыя рухі праз сваіх прадстаўнікоў, абраных у Саветы народных дэпутатаў, у іншых формах маюць права ўдзельнічаць у выпрацоўцы палітычнага курсу Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, канцэпцый яе эканамічнага, сацыяльнага і духоўнага развіцця, у кіраванні дзяржаўнымі і грамадскімі справамі».
Актывізацыя партыйнага будаўніцтва абумовіла неабходнасць прыняцця адпаведнай заканадаўчай базы. 28 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову «Аб рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы». У кастрычніку 1990 г. Урадам было зацверджана «Часовае палажэнне» аб парадку ўтварэння і дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў грамадзян, у адпаведнасці з якім заснавальнікамі партый з’яўляліся грамадзяне БССР у колькасці не менш за 100 чалавек.
Прыняцце гэтых нарматыўных прававых актаў паскорыла працэс партыйнага будаўніцтва, аднак сацыяльны канфлікт разрастаўся. Ініцыятарам пратэснага руху сталі нацыяналістычныя і ліберальныя арганізацыі. На II з’ездзе БНФ (сакавік 1991) былі прыняты праграмная заява «Свабода — Незалежнасць — Адраджэнне» і статут. Гэты з’езд зняў з назвы арганізацыі лозунг «За перабудову!». З’езд развярнуўся ў бок антысаветызму і антыкамунізму, вызначыў стратэгічную мэту — ліквідацыя СССР, барацьба за ўладу і незалежнасць Беларусі.
Не засталіся ў баку ад партыйнага будаўніцтва і прыхільнікі лібералізму. Устаноўчы з’езд Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі адбыўся ў Мінску 3–4 лістапада 1990 г. Партыя стала першай ліберальнай арганізацыяй у Беларусі, у яе праграме дэкларавалася неабходнасць ліквідацыі савецкага ладу і фарміраванне ў рэспубліцы рыначнай эканомікі па стандартах заходняга лібералізму. У цэлым да жніўня 1991 г. у Беларусі былі зарэгістраваны 4 новыя палітычныя партыі.
З’яўленне на палітычнай арэне Беларусі новых апазіцыйных палітычных арганізацый узмацняла сацыяльны канфлікт і палітычнае супрацьстаянне. «Канулі ў мінулае часы, калі любыя рашэнні і рэкамендацыі партыі прымаліся да безумоўнага выканання. Надышоў перыяд адкрытага супрацьстаяння палітычных сіл», — канстатаваў у сваім выступленні на Пленуме ЦК 15 лютага 1991 г. пракурор БССР Г. С. Тарнаўскі. Але як паказвалі сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя ў Беларусі ў кастрычніку — лістападзе 1990 г., новыя партыі падтрымлівалі толькі 3,3 % насельніцтва.
Кампанія па абнаўленні партыйных кадраў, зніжэнне сацыяльнага рэйтынгу КПСС
Культывацыя ідэалагічнага і палітычнага плюралізму суправаджалася перабудовай унутрыпартыйнага жыцця. У гэтым пытанні рэзалюцыя ХХVІІ з’езда КПСС змяшчала ўказанне на неабходнасць больш строгага захавання прынцыпу дэмакратычнага цэнтралізму, прыцягнення ў партыю прыхільнікаў перабудовы. Партыйнае будаўніцтва было цесна звязана з колькасцю членаў і сацыяльным складам партыі. У 1986 г. КПСС аб’ядноўвала 14 кампартый саюзных рэспублік, 6 крайкамаў, 151 абкам і 2 гаркамы, прыраўнаваныя да іх, 896 гаркамаў, 666 гарадскіх райкамаў і 2 873 сельскія райкамы. На 1 студзеня 1986 г. членамі і кандыдатамі ў члены абкамаў, крайкамаў і ЦК кампартый саюзных рэспублік, членамі рэвізійных камісій гэтых парткамаў былі абраны 10 642 чалавекі, з якіх толькі 33,4 % складалі рабочыя і сяляне. У той жа час у гэтыя камітэты было абрана 9 555 партыйных работнікаў (30 % да агульнай колькасці), 4 872 работнікі савецкіх устаноў (15,3 % да агульнай колькасці).
Аналіз кадравага складу партыйнага кіраўніцтва паказвае, што цэнтралізму, дакладней кажучы, дыктату штатнага партыйнага апарату, было шмат, а дэмакратызму не хапала, яго не магла забяспечыць меншасць рабочых і сялян, абраных у парткамы. Разам з тым, партыйныя і савецкія работнікі складалі партыйна-дзяржаўную наменклатуру СССР. Колькасць старых наменклатурных, яшчэ брэжнеўскіх назначэнцаў у парткамах раёнаў, абласцей, ЦК кампартый рэспублік на 1 студзеня 1988 г. склала 45,3 % ад агульнай колькасці, пры гэтым 62,2 % наменклатурных кіраўнікоў усіх парткамаў мелі толькі партыйна-палітычную адукацыю, фактычна гэтыя апаратчыкі былі палітработнікамі, а не прафесійнымі ўпраўленцамі.
Як і трэба было чакаць, карэннага абнаўлення кадравага складу парткамаў не адбылося і пасля студзеня 1987 г. Аналіз даных партыйнай статыстыкі за 1986–1987 гг., калі пачалі праводзіцца выбары сакратароў партыйных камітэтаў на альтэрнатыўнай аснове, паказвае, што ў складзе ўсёй КПСС змянілася 39,2 % сакратароў, у т. л. 36 % першых сакратароў. У 1987 г. з 909 зноў вылучаных кандыдатаў на пасаду першых сакратароў 120 (13,2 %) выбіраліся тайным галасаваннем з дзвюх і больш кандыдатур. За гэтыя 2 гады змянілася 36,6 % сакратароў абкамаў, крайкамаў і ЦК саюзных рэспублік, у т. л. 31 % першых сакратароў.
У СССР усе дзяржаўныя рашэнні рыхтаваліся наменклатурным апаратам, у выніку працяглы перыяд рэальная ўлада знаходзілася ў руках выканаўчых органаў — бюро, сакратароў партыйных камітэтаў, але гэты апарат не вызначаўся кампетэнтнасцю і прафесіяналізмам.
Кампартыя Беларусі, як і кампартыі іншых рэспублік, ніякай самастойнасці не мела, яна валодала правамі расійскіх абкамаў, бо ў статуце КПСС было вызначана: «Рэспубліканскія, краёвыя, абласныя… партыйныя арганізацыі… арганізуюць выкананне дырэктыў Цэнтральнага камітэта КПСС». У гэтым заключалася сутнасць задэклараванага дэмакратычнага цэнтралізму.
Ідэйнае і арганізацыйнае размежаванне ў радах КПСС, якое пачалося ў гады перабудовы, выклікала зніжэнне тэмпаў росту пярвічных партыйных арганізацый. Змяншэнне колькасці жадаючых уступіць у партыю назіралася ў 145 са 160 раённых і гарадскіх арганізацыях КПБ. У выніку адбывалася колькаснае скарачэнне сеткі пярвічных партыйных арганізацый. На 1 студзеня 1989 г. іх было 14 787 (зменшылася на 357 арганізацый, што склала 2,3 % ад агульнай колькасці), у КПБ налічвалася крыху больш за 699 тыс. камуністаў.
Увядзенне альтэрнатыўных выбараў у партыйных камітэтах істотным чынам не паўплывала на выпрацоўку і прыняцце партыйных рашэнняў. Як і раней, радавыя камуністы былі пазбаўлены магчымасці ўносіць прапановы па выпрацоўцы партыйнага курсу, бо, у адпаведнасці са статутам, усе партыйныя камітэты, кожны камуніст былі абавязаны «цвёрда і няўхільна праводзіць у жыццё генеральную лінію і дырэктывы партыі». У сувязі з гэтым бюракратызацыя сістэмы кіравання, бескантрольнасць партыйна-дзяржаўнага апарату садзейнічалі росту ў кіруючых колах крыміналу. У ліпені 1987 г. Бюро ЦК КПБ разгледзела пытанне «Аб стане працы па выкараненні падману і прыпісак у народнай гаспадарцы рэспублікі». У прынятым рашэнні адзначалася, што ў 1986 г. факты падману і прыпісак былі ўстаноўлены на 3 407 прадпрыемствах, да адказнасці было прыцягнута 3 тыс. кіраўнікоў партыйна-дзяржаўнага апарату.
Бюракратызацыя партыйных органаў, сацыяльныя льготы і прывілеі, якімі карысталася кіруючая наменклатура, падрывалі давер народа да членства ў партыі. Таму ў гады перабудовы пачаўся працэс, які ў папярэднія гады быў абсалютна немагчымы — добраахвотны выхад членаў партыі са складу КПСС. Упершыню рады КПБ добраахвотна пакінулі 44 чалавекі ў 1986 г. Тэндэнцыя добраахвотнай здачы партбілетаў нарастала. За першыя 4 месяцы 1989 г. здалі білеты 443 чалавекі, а за 10 месяцаў 1990 г. — 48 285 чалавек. «У асобных партарганізацыях, — паведамляў 18 жніўня 1990 г. ЦК КПБ у ЦК КПСС, — гэты працэс набыў пагрозлівыя памеры». У выніку да лістапада 1990 г. колькасць членаў КПБ скарацілася да 653 тысяч. Адметнай асаблівасцю таго часу была і іншая тэндэнцыя. У партыі зніжалася колькасць рабочых. У выніку на 1 ліпеня 1989 г. толькі 31,7 % ад агульнай колькасці членаў КПБ складалі рабочыя.
Рэзкае зніжэнне ўплыву КПСС адчувалася і ў грамадстве ў цэлым. Сацыялагічнае апытанне, праведзенае вясной–летам 1990 г. у 18 рэгіёнах Савецкага Саюза, у т. л. у Мінску, паказала, што толькі 25 % апытаных выказалі ўпэўненасць у камуністычнай перспектыве краіны.
Рэфармаванне сістэмы дзяржаўнай улады
Палітыка, накіраваная на рэфармаванне савецкай федэрацыі, стала адным з фактараў, які «запусціў» механізм распаду СССР. З прычыны таго, што гэта палітыка таксама праводзілася спантанна, у спешцы і без належнай падрыхтоўкі, рэфармаванне федэрацыі скончылася ліквідацыяй Саюза ССР. Неабходнасць рэфармавання асаблівую актуальнасць атрымала ў сувязі з абвастрэннем нацыянальнага пытання. Напрыклад, у снежні 1986 г. у Алма-Аце хваляванні насельніцтва пад нацыяналістычнымі лозунгамі былі задушаны войскамі. Востры міжнацыянальны канфлікт у 1987 г. выбухнуў у Нагорным Карабаху, які ў 1988 г. перарос у крывавыя сутыкненні паміж армянамі і азербайджанцамі. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР не магло адкладаць вырашэння праблемы мадэрнізацыі адносін паміж агульнасаюзным цэнтрам і суб’ектамі федэрацыі. Сутнасць пытання заключалася ў тым, што ў савецкай федэрацыі суверэнітэт рэспублік, абазначаны ў Канстытуцыі СССР, не быў напоўнены ўладнымі прэрагатывамі і меў дэкларатыўны, а не рэальны характар.
Сітуацыя патрабавала вырашэння. У гэтым кірунку летам 1988 г. XIX Усесаюзная партыйная канферэнцыя прыняла рэзалюцыю «Аб міжнацыянальных адносінах». У ёй утрымліваўся намер пашырыць правы саюзных рэспублік і аўтаномных утварэнняў шляхам размежавання кампетэнцыі Саюза ССР і савецкіх рэспублік, дэцэнтралізацыі, перадачы на месцы шэрага кіраўніцкіх функцый і ўладных прэрагатыў. У сувязі з гэтым было вырашана рэарганізаваць сістэму вышэйшых органаў дзяржаўнай улады. У адпаведнасці з рашэннямі канферэнцыі Вярхоўны Савет СССР 1 снежня 1988 г. прыняў закон «Аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага Закона) СССР». Вышэйшым органам дзяржаўнай улады ў краіне станавіўся З’езд народных дэпутатаў СССР. Ён надзяляўся правам прымаць да свайго разгляду і вырашаць любое пытанне, якое адносілася да кампетэнцыі Саюза ССР. Пачатак работы З’езда народных дэпутатаў СССР азначаў, што ў СССР de facto адбыўся падзел улады. Вышэйшая заканадаўчая ўлада належала З’езду народных дэпутатаў СССР і Вярхоўнаму Савету СССР, а выканаўчая — Савету Міністраў СССР.
У кантэксце рэфармавання інстытутаў улады браліся пад увагу і пытанні нацыянальна-культурнага жыцця, якія хвалявалі грамадзян усіх рэгіёнаў. Кіраўніцтва ЦК КПСС было занепакоена тэндэнцыяй павелічэння ў рэспубліках колькасці арганізацый, якія змагаліся за суверэнітэт і незалежнасць. Таму 20 верасня 1989 г. Пленум ЦК КПСС ухваліў платформу «Нацыянальная палітыка партыі ў сучасных умовах». У гэтым дакуменце партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва Саюза ССР прапанавала рэалізаваць ідэю поўнага дзяржаўнага суверэнітэту саюзных рэспублік, якія мелі б права прыпыняць на сваёй тэрыторыі дзеянне рашэнняў, нарматыўна-прававых дакументаў саюзнага ўрада. Практычна гэта была прапанова па стварэнні канфедэрацыі. Менавіта ў такім кірунку пачалі ажыццяўляцца замацаваныя ў законе змяненні ў дзяржаўным механізме СССР і суб’ектаў федэрацыі.
Але галоўную ролю ў вызначэнні далейшага лёсу Саюза ССР адыгралі рашэнні (законы, пастановы, дэкларацыі), якія прымаліся ў 1989–1991 гг. у Расійскай Федэрацыі. Неўзабаве пасля прыняцця платформы «Нацыянальная палітыка» Вярхоўны Савет РСФСР 27 кастрычніка 1989 г. прыняў закон «Аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага Закона) РСФСР», які прадугледжваў увядзенне З’езда народных дэпутатаў РСФСР і Вярхоўнага Савета РСФСР. З’езд стаў вышэйшым органам дзяржаўнай улады ў РСФСР, г. зн. закон рэалізаваў ідэю поўнага дзяржаўнага суверэнітэту РСФСР.
Па такім жа шляху пайшлі і іншыя рэспублікі. Рэфармаванне дзяржаўнага механізма ў Беларускай ССР пачалося, як і ў Расіі, 27 кастрычніка 1989 г., калі Вярхоўны Савет прыняў закон «Аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай ССР», якім уносіліся значныя змяненні ў сістэму дзяржаўнай улады. Вярхоўны Савет рэспублікі станавіўся не толькі вышэйшым, але і пастаянна дзеючым інстытутам улады. Істотна пашыраліся яго суверэнныя паўнамоцтвы і прэрагатывы. Кампетэнцыя Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР была значна абмежавана.
Разам з тым рэфармаванне інстытутаў дзяржаўнай улады, якое праводзілася пад лозунгам поўнага дзяржаўнага суверэнітэту саюзных рэспублік, патрабавала вырашэння пытанняў аб выхадзе са складу Саюза, размежавання кампетэнцыі Саюза ССР і суб’ектаў федэрацыі. У гэтым кірунку, хоць і са спазненнем, але былі прыняты законы, звязаныя з выхадам саюзнай рэспублікі з СССР і размежаваннем паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі.
У працэсе рэфармавання сістэмы дзяржаўнай улады КПСС, якая кіравала тады, пазбавіўшыся істотнай часткі кіраўніцкіх прэрагатыў, паступова страчвала ўладу. У новых умовах, каб забяспечыць КПСС палітычнае лідарства, пасля абмеркавання пытання ў ЦК КПСС М. С. Гарбачоў прапанаваў заснаваць пасаду Прэзідэнта СССР і сумясціць яе з пасадай Генеральнага сакратара ЦК КПСС, якую ён і займаў. У сярэдзіне сакавіка 1990 г. быў прыняты Закон СССР «Аб заснаванні пасады Прэзідэнта СССР і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю (Асноўны Закон) СССР». Паводле гэтага закона, Прэзідэнт СССР з’яўляўся Кіраўніком дзяржавы і надзяляўся вельмі шырокімі паўнамоцтвамі. Адначасова былі ўнесены рэдакцыйныя змяненні ў артыкул 6 Канстытуцыі СССР, тым самым ліквідавана манаполія КПСС на палітычную ўладу. На пазачарговым III З’ездзе народных дэпутатаў СССР 15 сакавіка 1990 г. Генеральны сакратар ЦК КПСС М. С. Гарбачоў быў абраны першым Прэзідэнтам СССР. Аднак увядзенне пасады Прэзідэнта СССР, як і іншыя меры і рашэнні саюзнага цэнтра, не змаглі спыніць распад СССР.
Паглыбленне эканамічнага крызісу
Тры гады няўдач у рэалізацыі курсу на паскарэнне і мадэрнізацыю вытворчага патэнцыялу прывялі краіну да рэзкага пагаршэння эканамічнага становішча. Правалы ў рэалізацыі прынятых партыйных дырэктыў выклікалі нарастанне дысбалансу ў галіне таварна-грашовага абарачэння. У выніку ў 1989–1990 гг. у сферы бюджэтнага фінансавання выбухнуў глыбокі крызіс. У 1989 г. ва ўсіх рэспубліках прадпрыемствам, якія пераходзілі на гаспадарчы разлік, з дзяржбюджэту СССР была выдзелена субсідыя ў памеры 20 млрд руб., акрамя таго, яны атрымалі права пакідаць у сваім распараджэнні да 70 % звышпланавага прыбытку. Разам з тым у 1985–1986 гг. ЗША ў рамках пагаднення з Саудаўскай Аравіяй, іншымі краінамі АПЕК «абвалілі» сусветныя цэны на нафту. У выніку да 1989 г. СССР страціў 40 млрд руб. з-за рэзкага падзення цэн на нафту і нафтапрадукты на сусветным рынку. Страты СССР з-за скарачэння вытворчасці і рэалізацыі вінна-гарэлачнай прадукцыі, выкліканыя антыалкагольнай кампаніяй М. С. Гарбачова, толькі за 1985–1987 гг. склалі 37 млрд руб. Між тым выдаткі дзяржбюджэту СССР на дадатковыя капітальныя ўкладанні ў 1989 г. выраслі на 20 млрд руб., 18 млрд руб. было выдзелена на вырашэнне неадкладных сацыяльных задач у сферах аховы здароўя, адукацыі і г. д., 8 млрд руб. было накіравана на ліквідацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС, 10 млрд руб. — на ліквідацыю наступстваў землетрасення ў Арменіі, 6 млрд руб. штогод накіроўвалася на фінансаванне вайны ў Афганістане. Да таго ж у 1988 г. прыбыткі дзяржбюджэту СССР былі выкананы на 97 %, а выдаткі — на 101,2 %. Для фінансавання выдаткаў бюджэтам былі запазычаны крэдытныя рэсурсы ў Дзяржбанка СССР у памеры 63,4 млрд руб., таму агульны дысбаланс дзяржбюджэту СССР склаў каля 100 млрд руб. (у цэнах 1990).
Выкананне Дзяржаўнага бюджэту СССР, саюзных рэспублік, у т. л. і БССР, у 1990 г. адбывалася ў складаных умовах, выкліканых пагаршэннем паказчыкаў работы практычна ўсіх галін. Так, калі ў БССР сярэднегадавы тэмп прыросту нацыянальнага даходу за гады 11‑й пяцігодкі склаў 5,3 %, то за 4 гады 12‑й пяцігодкі (1986–1989) — 3,9 %, валавога грамадскага прадукту — 4,8 і 4,5 % адпаведна. Таму цалкам абгрунтаванай была заява Міністра фінансаў СССР В. С. Паўлава (красавік 1990): «Сёння перад намі стаіць агульная задача — развязаць тугі вузел праблем, які не дазваляе ў поўнай меры выкарыстоўваць грашовыя размеркавальныя адносіны як магутны рычаг эканамічнага развіцця… Новыя падыходы, прадыктаваныя сучаснай фінансавай палітыкай, закладзены ў бюджэт 1990 г.». Урадавыя навацыі былі нацэлены на павышэнне ролі вартасных рычагоў і эканамічных метадаў кіравання суб’ектамі гаспадарання.
Час ішоў, але заяўленыя «новыя падыходы» не затармазілі паглыблення крызісу. За 4 гады 12‑й пяцігодкі ў Беларусі ўзмацнілася разбалансаванасць спажывецкага рынку, незадаволены попыт насельніцтва склаў каля 3 млрд руб. (у цэнах 1990). Яшчэ больш пагоршыў сітуацыю правал мерапрыемстваў па пераводзе прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці на поўны гаспадарчы разлік, што было прадугледжана рашэннямі ХХVII з’езда КПСС. З гэтай мэтай у 1987 г. у СССР быў прыняты закон аб працоўных калектывах, у артыкуле 11 якога сцвярджалася: «Працоўныя калектывы прапануюць і ажыццяўляюць меры па ўкараненні прагрэсіўных форм арганізацыі працы». Самастойнасць гаспадарчага кіравання дапаўнялася прынцыпам самафінансавання вытворчай дзейнасці прадпрыемстваў за кошт іх прыбытковасці. У 1987 г. быў прыняты новы парадак планавання, які абапіраўся не на дырэктывы, а на кантрольныя лічбы, дзяржаўныя заказы, стабільныя эканамічныя нарматывы і ліміты. Прадпрыемствы атрымалі права выбіраць сваіх кіраўнікоў, самастойна распрацоўваць і зацвярджаць уласныя гадавыя планы. У выніку ідэя самастойнасці суб’ектаў гаспадарання набывала рэальныя абрысы. Разлікі будаваліся на тым, што пераход прадпрыемстваў на поўны гаспадарчы разлік, укараненне арэндных форм вытворчай дзейнасці, перадача рычагоў кіравання вытворчасцю ў рукі працоўных калектываў дасць магчымасць стварыць прынцыпова новыя ўмовы для росту прадукцыйнасці працы, істотнага павелічэння вытворчасці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, выхаду прадпрыемстваў на прыбытковую і рэнтабельную работу.
Але гэтыя разлікі не апраўдаліся. Паўсюднае ўкараненне новых форм арганізацыі працы мела патрэбу ў эксперыментальнай апрабацыі новага гаспадарчаразліковага механізма. Між тым, паводле паведамлення Міністэрства фінансаў БССР, у рэспубліцы «на працягу 1988 г. была практычна завершана работа па пераводзе прадпрыемстваў і аб’яднанняў на поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне». Такія ж тэмпы пераводу прадпрыемстваў на поўны гаспадарчы разлік назіраліся і ў іншых саюзных рэспубліках. Але ва ўмовах самастойнасці прадпрыемствы, ігнаруючы патрабаванні па ўздыме прадукцыйнасці працы, перш за ўсё ўзяліся за павышэнне заработнай платы. У цэлым па БССР у 1989 г. пры росце заработнай платы ў прамысловасці на 9,1 % у гадавым падліку прадукцыйнасць працы вырасла толькі на 6,3 %. «Мы спадзяваліся на тое, што новы гаспадарчы механізм аўтаматычна забяспечыць эканамічнае абгрунтаванне суадносін паміж гэтымі двума паказчыкамі, але пралічыліся», — заявіла кіраўніцтва Міністэрства фінансаў БССР. Такое ж становішча склалася і ў іншых саюзных рэспубліках.
У выніку эканамічныя пралікі прывялі да нарастання негатыўных тэндэнцый, якія пачалі праяўляцца ў народнай гаспадарцы Саюза ССР, усіх саюзных рэспублік, у т. л. і ў Беларускай ССР. У пачатку верасня 1990 г. рэзка абвастрылася сітуацыя на спажывецкім рынку. Паводле інфармацыі Міністэрства гандлю БССР, у рэспубліцы «рэзка ўзрос попыт насельніцтва на ўсе хлебапрадукты… Цяпер мука, крупы, макаронныя вырабы рэалізуюцца ў абласцях з перабоямі».
Мітынг, прысвечаны трагічным падзеям у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС. Рэчыца Гомельскай вобласці, 26 красавіка 1990 г.
Бюро ЦК КПБ абмеркавала пытанне «Аб палітычных аспектах сітуацыі, якая складваецца на спажывецкім рынку рэспублікі». У ходзе абмеркавання канстатавалася: «Апошнім часам у гарадах і раёнах рэспублікі, працоўных калектывах узмацняецца сацыяльная напружанасць. Выклікаецца яна галоўным чынам сітуацыяй, якая складваецца на спажывецкім рынку, сур’ёзнай таварна-грашовай незбалансаванасцю».
Пасля гэтага былі прыняты меры па ахове беларускага спажывецкага рынку, такія ж меры прымалі і некаторыя іншыя саюзныя рэспублікі. Галоўнымі падатковымі інспекцыямі БССР сумесна з органамі ўнутраных спраў праводзілася работа па выкананні рэспубліканскага закона «Аб часовых мерах па ахове спажывецкага рынку». На граніцах з іншымі саюзнымі рэспублікамі было разгорнута 58 кантрольна-прапускных пунктаў, з іх 18 на чыгуначных станцыях і ў аэрапортах. За час іх функцыянавання было канфіскавана тавараў, якія незаконна вывозіліся з рэспублікі, на суму больш за 4 млн руб., у т. л. складанай бытавой тэхнікі на суму 1,3 млн руб. (у цэнах 1990). Маштабныя мерапрыемствы праводзіліся ў Мінску.
У гарадах і раёнах нарастала незаконная камерцыйная дзейнасць, накіраваная на ўтойванне даходаў, што яшчэ больш пагаршала эканамічнае становішча прадпрыемстваў і выклікала адкрытую незадаволенасць грамадзян. Усяго ў 1990 г. да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне падатковага заканадаўства было прыцягнута 2 495 чалавек, у т. л. за лістапад — снежань 1990 г. — 1 660 чалавек. Асаблівая ўвага надавалася кантролю над дзейнасцю кааператываў, якія ствараліся на прадпрыемствах і ва ўстановах. У 1990 г. было праверана 6 655 кааператываў і грамадскіх арганізацый, у 2 401 з іх выяўлены парушэнні падатковага заканадаўства, за ўтойванне аб’ектаў падаткаабкладання 598 кааператараў былі прыцягнуты да розных форм адказнасці.
Да восені 1990 г. рэзка пагоршылася сітуацыя на харчовым рынку і ў РСФСР. У лістападзе 1990 г. намеснік Міністра гандлю СССР П. Д. Кандрашоў накіраваў старшыні Савета Міністраў СССР М. І. Рыжкову зварот наступнага зместу: «Міністэрства гандлю СССР дакладвае Вам аб надзвычайным становішчы, якое складваецца з забеспячэннем насельніцтва гг. Масквы, Ленінграда прадуктамі жывёлагадоўлі ў снежні 1990 г.». У снежні 1990 г. Старшыня выканкама Массавета Ю. М. Лужкоў накіраваў М. І. Рыжкову тэлеграму наступнага зместу: «У горадзе Масква застаецца крытычнае становішча з забеспячэннем насельніцтва прадуктамі харчавання… ажыятажны попыт практычна спустошыў таварны рынак горада».
Правал спроб рэфармавання савецкай эканомікі
Ва ўмовах нарастання ўсеагульнага крызісу кіраўніцтва СССР зрабіла чарговую спробу на гэты раз радыкальнага рэфармавання планавай эканомікі шляхам хуткага стварэння рыначных механізмаў гаспадарання. Пралік ініцыятараў такога рэфармавання заключаўся ў тым, што савецкія эканамісты, кіраўнікі міністэрстваў і прадпрыемстваў не валодалі неабходнай кампетэнцыяй у сферы ўкаранення рыначных механізмаў вытворчасці і размеркавання прадукцыі, будавання капіталістычных вытворчых адносін. Прасцей кажучы, у СССР ніхто не меў рэальнага ўяўлення пра законы і спецыфіку функцыянавання рыначнай эканомікі, не ўяўляў маштабаў цяжкасцей, супярэчнасцей і сацыяльных наступстваў хуткай, бескантрольнай карэннай ломкі вытворчых адносін, якія склаліся.
Разам з тым маштабнасць і складанасць задачы патрабавалі аб’яднання намаганняў саюзнага цэнтра і рэспублік. Але гэтага не адбылося. Прапановы саюзнага ўрада сустрэлі рашучы супраціў з боку расійскіх дэмакратаў. У гэты складаны час у РСФСР дэмакратычныя эліты пад кіраўніцтвам Б. М. Ельцына пачалі распрацоўку шэрага праграм радыкальнага рыначнага рэфармавання эканомікі, якія разыходзіліся з праграмамі агульнасаюзнага цэнтра. Старшыня Вярхоўнага Савета РСФСР Б. М. Ельцын 16 кастрычніка 1990 г. заявіў, што «Расійская Федэрацыя павінна быць гатова да рэалізацыі сваёй праграмы стабілізацыі і пераходу да рынку». Услед за гэтым 21 кастрычніка 1990 г. у Маскве адбыўся ўстаноўчы з’езд «Дэмакратычнай Расіі», які ўхваліў не агульнасаюзную, а альтэрнатыўную праграму пераходу да рынку, асноўным патрабаваннем якой была «адстаўка саюзнага ўрада». У Расіі ўжо з 1 лістапада 1990 г. пачалася рэалізацыя гэтай праграмы, якая была распрацавана пад кіраўніцтвам Р. А. Яўлінскага і атрымала назву «500 дзён».
Факты паказваюць, што ў 1990 г. у РСФСР быў узяты курс на суверэнізацыю ўнутранай палітыкі, што фактычна было накіравана на ліквідацыю агульнасаюзнага кіраўніцтва. У рэспубліках Прыбалтыкі, Украіне, Грузіі гэты фактар выкарыстоўвалі тыя палітычныя эліты, якія выступалі супраць КПСС, савецкай дзяржавы, грамадска-палітычнай сістэмы, што існавала тады. Яны разлічвалі на падтрымку расійскага кіраўніцтва ў працэсе аддзялення і выхаду сваіх рэспублік са складу СССР.
Выступленне Старшыні Савета Міністраў БССР В. Ф. Кебіча ў час шматтысячнага мітынгу перад бастуючымі рабочымі буйных прамысловых прадпрыемстваў Заводскага раёна ў Мінску. Красавік 1991 г.
Не заставалася ў баку ад суверэнізацыі і кіраўніцтва Савецкай Беларусі. У канцы лістапада 1990 г. пачаў работу ХХХІ з’езд КПБ, на якім прагучала рэзкая крытыка палітыкі перабудовы. У справаздачным дакладзе канстатавалася: «Развіццё падзей падышло да такой рысы, калі на карту пастаўлены пытанні: быць або не быць савецкай уладзе». З’езд прыняў пастанову «Аб канцэпцыі праграмы Кампартыі Беларусі», у якой адзначалася, што «КПБ з’яўляецца самастойнай у складзе КПСС». У раздзеле «Суверэнітэт Савецкай Беларусі» вызначалася, што праграмнай мэтай КПБ з’яўляецца ўстанаўленне суверэнітэту Беларускай ССР у складзе абноўленага Саюза Суверэнных Сацыялістычных Дзяржаў. З’ездам была прынята «Пазіцыя і Праграма дзеянняў Кампартыі Беларусі ў сувязі з пераходам да рынку». Прыняцце такога незвычайнага дакумента, як «Пазіцыя», засведчыла, што кіраўніцтва Савецкай Беларусі знаходзілася ў апазіцыі да кіраўніцтва ЦК КПСС і з гэтага моманту не абавязана было падтрымліваць ініцыятывы і рашэнні ЦК КПСС. У «Пазіцыі» абвяшчалася, што «БССР патрэбен свой шлях, свая праграма пераходу да рынку», якая ўлічвае структуру, асаблівасці развіцця народнай гаспадаркі, сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў рэспубліцы.
Крытыка неабдуманых ініцыятыў гарбачоўскага кіраўніцтва была цалкам абгрунтаванай. У пачатку 1991 г. высветлілася, што адной з асноўных прычын нарастання ўсеагульнага крызісу былі дрэнна пралічаныя рашэнні Прэзідэнта СССР М. С. Гарбачова. Так, вечарам 22 студзеня 1991 г. раптоўна былі аб’яўлены Указ Прэзідэнта СССР і пастанова Кабінета Міністраў СССР «Аб спыненні прыёму да плацяжу грашовых знакаў Дзяржбанка СССР вартасцю 50 і 100 рублёў узору 1961 года», дзе вызначаліся парадак абмену і абмежаванні выдачы наяўных грошай з укладаў грамадзян у трохдзённы тэрмін. У сувязі з гэтым насельніцтва ўсіх саюзных рэспублік ахапіў ажыятаж і нават панічны страх за свае грашовыя зберажэнні ва ўстановах агульнасаюзнага Дзяржаўнага ашчаднага банка.
Мітынг бастуючых рабочых буйных прамысловых прадпрыемстваў Заводскага раёна ў Мінску. Красавік 1991 г.
Вясной 1991 г. сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Саюзе ССР яшчэ больш абвастрылася. Яна рэзка ўскладнілася ў сакавіку 1991 г., калі на аснове пастановы Кабінета Міністраў СССР ад 19 сакавіка 1991 г. была апублікавана пастанова Савета Міністраў БССР «Аб рэформе рознічных цэн і сацыяльнай ахове насельніцтва Беларускай ССР». У сярэднім цэны на прадукты харчавання выраслі ад 100 да 200 і больш працэнтаў. Рэзкі рост цэн прывёў да масавых пратэстаў. Па ўсёй Беларусі прайшла хваля забастовак і мітынгаў рабочых. У Мінску 4 красавіка 1991 г. адбыўся шматлюдны мітынг на плошчы Леніна каля Дома Урада. Бюро ЦК КПБ, прааналізаваўшы на сваім пасяджэнні 8 красавіка 1991 г. грамадска-палітычную сітуацыю ў рэспубліцы ў сувязі з павышэннем рознічных цэн, раскрытыкавала кіраўніцтва Саюза ССР. У красавіцкай адозве Прэзідыума Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адзначалася, што ў Мінску арганізавана 69 забастовачных камітэтаў, заяўлялася: «Людзі абураны хаосам і бязладдзем у краіне... Падтрымаць патрабаванні працоўных калектываў аб разглядзе З’ездам народных дэпутатаў СССР… пытання аб даверы Прэзідэнту СССР». У сваю чаргу, на красавіцкім (1991) Пленуме ЦК КПБ адзначалася, што забастовачная хваля атрымала пагрозлівае развіццё. На 10 красавіка 1991 г. у яе былі ўцягнуты 32 прадпрыемствы, у т. л. 23 у Мінску. Не працавалі каля 100 тыс. чалавек. Эканамічныя страты БССР ад забастовак у першым паўгоддзі 1991 г. склалі 120 млн руб. (у цэнах 1991).
Па выніках дыскусіі Пленум прыняў «Заяву» ЦК КПБ «Аб цяперашнім палітычным моманце», у якой адзначалася: «Наша Айчына ў небяспецы. Перабудова, на якую ўскладаліся вялікія спадзяванні, зайшла ў тупік. Мінулыя шэсць гадоў не апраўдалі чаканняў народа, прывялі да катастрафічных разбурэнняў у грамадстве і дзяржаве».
Нарастанне крызісу азначала, што інстытут прэзідэнцтва ў СССР не выканаў сваёй місіі і аказаўся ў стане палітычнага банкруцтва. Палітычнае банкруцтва Прэзідэнта СССР самым негатыўным чынам абцяжарвала агульную палітычную сітуацыю. У красавіку 1991 г. Прэзідэнт СССР выдаў указ «Аб надзвычайных мерах па забеспячэнні матэрыяльнымі рэсурсамі прадпрыемстваў, аб’яднанняў і арганізацый». Затым 7 мая 1991 г. Вярхоўны Савет БССР таксама прыняў пастанову «Аб надзвычайных мерах па забеспячэнні матэрыяльнымі рэсурсамі прадпрыемстваў, аб’яднанняў і арганізацый». У ім было зафіксавана: «У сувязі з тым, што Указ Прэзідэнта СССР ад 12 красавіка 1991 года… не адпавядае Закону Беларускай ССР “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя”, абмяжоўвае суверэнныя правы Беларускай ССР, Прэзідыум Вярхоўнага Савета пастанаўляе: прыпыніць на тэрыторыі Беларускай ССР дзеянне артыкулаў 1 і 3 Указа Прэзідэнта СССР ад 12 красавіка 1991 года». Між тым, у адпаведнасці з законам, указы Прэзідэнта СССР мелі «абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі краіны».
Першы праект прэзідэнцтва ў БССР
Палітычнае кіраўніцтва БССР разумела, што ў дзеяннях М. С. Гарбачова шмат імправізацыі, папулізму, нечаканых ініцыятыў, якія канчаліся няўдачай. Больш за тое, у Беларусі рабіліся пэўныя арганізацыйна-гаспадарчыя спробы, накіраваныя на падрыхтоўку да магчымага краху палітыкі перабудовы. Яшчэ 10 сакавіка 1990 г., за 5 дзён да абрання Прэзідэнта СССР, была прынята пастанова Бюро ЦК КПБ «Аб прапрацоўцы пытання па ўвядзенні ў Беларускай ССР грашовай адзінкі». Гэта пытанне не заставалася без увагі і ў далейшым. У маі 1991 г. В. Ф. Кебіч, які ўзначальваў беларускі Урад, выступаючы на пасяджэнні Вярхоўнага Савета 12‑га склікання, адзначаў: «Урад неаднаразова з розных бакоў прапрацоўваў гэту праблему». Гэта доказ — беларускія ўлады рыхтаваліся да незалежнасці.
У 1987–1989 гг. у працэсе функцыянавання прадпрыемстваў, якія перайшлі на поўны гаспадарчы разлік, узнікла пытанне аб стварэнні новага, ужо рыначнага гаспадарчага механізма, які прапрацоўваўся саюзным Урадам. Пастановай № 592 ад 21 чэрвеня 1990 г. Савет Міністраў СССР стварыў Камісію па ацэнцы альтэрнатыўных варыянтаў пераходу да рыначнай эканомікі пад старшынствам акадэміка А. Г. Аганбегяна. Гэта камісія 15 жніўня 1990 г. накіравала ўсім Саветам Міністраў саюзных рэспублік «Рэкамендацыі па пераходзе да рыначнай эканомікі на аснове альтэрнатыўных варыянтаў».
Пасля таго як Савет Міністраў БССР атрымаў заўвагі і прапановы ад зацікаўленых міністэрстваў і аблвыканкамаў, у верасні 1990 г. быў падрыхтаваны праект рэспубліканскай праграмы стабілізацыі эканомікі і пераходу да рынку. У пачатку кастрычніка 1990 г. такі праект Дзяржплан БССР накіраваў у ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР. У гэтым праекце ў раздзеле «Перабудова арганізацыйных структур кіравання» зафіксавана, што ўяўляецца мэтазгодным увядзенне інстытута прэзідэнцкай улады. Але ў ЦК КПБ узніклі рознагалоссі па пытанні аб неабходнасці і перспектывах пасады Прэзідэнта, 6 кастрычніка 1990 г. у ЦК КПБ адбылася нарада, на якой было разгледжана пытанне «Аб канцэпцыі Кампартыі Беларусі ў сучасных умовах». У выступленні на нарадзе ў ЦК КПБ сакратар ЦК КПБ М. М. Бірукова заявіла: «Аб пасадзе Прэзідэнта рэспублікі. Вельмі вялікая маса людзей настроена на фоне агульнай блытаніны супраць камуністаў. Маё меркаванне — Прэзідэнт не патрэбен. Мы з вамі бачым, што ўказы Прэзідэнта СССР нікім не выконваюцца».
М. М. Бірукова мела рацыю, калі гаварыла пра тое, што вялікая маса людзей настроена супраць камуністаў. Гэты настрой адчуваўся і ў Вярхоўным Савеце 12‑га склікання. Дэпутацкі корпус, на пасяджэннях якога прысутнічалі 242 беларусы, 64 рускія, 11 украінцаў, 10 палякаў, быў ужо далёка не маналітным. Да 25 жніўня 1991 г. у Вярхоўным Савеце БССР 12‑га склікання ў поўны голас пра сябе заявілі 3 дэпутацкія групы: партыйная (КПСС–КПБ), ветэранская («Саюз») і апазіцыйная. Было відавочна, што лідары ЦК КПБ ужо не ў поўнай меры кантралявалі Вярхоўны Савет. Таму яны не былі ўпэўнены, што дэпутаты Вярхоўнага Савета, якія па першапачатковым праекце і павінны былі выбіраць першага Прэзідэнта БССР, прагаласуюць за кандыдатуру кіраўніка ЦК КПБ. З іншага боку, выбранне Прэзідэнта БССР азначала пераразмеркаванне дзяржаўнай улады, пры якім ЦК КПБ не атрымліваў ніякіх уладных паўнамоцтваў, ён увогуле «выпадаў» з сістэмы вышэйшай улады. Такім чынам, у кастрычніку 1990 г. ад ЦК КПБ залежала вырашэнне пытання, звязанага з заснаваннем пасады Прэзідэнта БССР. Пазіцыя беларускіх камуністаў не дазволіла рэалізаваць гэту ідэю.
Разам з тым пытанне аб увядзенні інстытута прэзідэнцкай улады актуалізавалася не толькі беларускімі палітычнымі сіламі. Яно было ў цэнтры ўвагі пры абмеркаванні праекта новага Саюзнага дагавора. Так, 22 лістапада 1990 г. Прэзідэнт СССР М. С. Гарбачоў накіраваў Вярхоўным Саветам саюзных рэспублік праект новага Саюзнага дагавора. Праект быў супярэчлівым. З аднаго боку, там замацоўвалася, што «кожная рэспубліка — удзельніца Дагавора з’яўляецца суверэннай дзяржавай», але з другога — дэкларавалася, што «Саюз ССР — суверэнная федэратыўная дзяржава». Прынцыповая невырашальнасць праблемы падвойнага суверэнітэту ў далейшым завяла сітуацыю з прыняццем новага Саюзнага дагавора ў палітычны тупік.
Узмацненне цэнтрабежных тэндэнцый. Пачатак распаду СССР
Ініцыятыва па рэалізацыі ідэі поўнага дзяржаўнага суверэнітэту саюзных рэспублік адкрыла дарогу і стварыла рэальныя перадумовы для ўмацавання пазіцый нацыяналістычных арганізацый, перш за ўсё народных франтоў. У саюзных рэспубліках, у т. л. і ў БССР, іх прадстаўнікі ўдзельнічалі ў выбарах і былі абраны дэпутатамі вышэйшых органаў дзяржаўнай улады. Атрымаўшы доступ да фарміравання ўладных структур, прадстаўнікі нацыяналістычных арганізацый разгарнулі дзейнасць, накіраваную на разбурэнне савецкай федэрацыі. Істотнай перашкодай на шляху рэалізацыі іх планаў была адсутнасць нарматыўна-прававых перадумоў да распрацоўкі і прыняцця заканадаўства аб выхадзе рэспублік са складу СССР. Аднак хутка такія перадумовы з’явіліся. Яны ўзніклі пасля таго, як I З’езд народных дэпутатаў СССР 24 снежня 1989 г. прыняў пастанову «Аб палітычнай і прававой ацэнцы савецка-германскага дагавора аб ненападзенні». У гэтым дакуменце з’езд прызнаў сакрэтныя пратаколы, падпісаныя Германіяй і СССР 23 жніўня 1939 г., юрыдычна беспадстаўнымі і несапраўднымі з моманту іх падпісання. Пасля гэтага антысавецкія сілы ў Прыбалтыйскіх рэспубліках, якія знаходзіліся пад кантролем ЗША, на пасяджэнні І З’езда народных дэпутатаў СССР заявілі, што ўключэнне Літвы, Латвіі і Эстоніі ў склад СССР не мае міжнароднай прававой асновы. Яны праінфармавалі дэпутатаў, што ў Літве створана камісія па распрацоўцы планаў аднаўлення незалежнасці Літвы. І неўзабаве Прыбалтыйскія рэспублікі прынялі дэкларацыі і акты аб дзяржаўнай незалежнасці, якія, з прычыны адсутнасці заканадаўства, супярэчылі Канстытуцыі СССР. Прэзідэнт СССР М. С. Гарбачоў паспрабаваў вярнуць урады Прыбалтыйскіх рэспублік у прававое поле Саюза ССР, але яго рашэнні ў рэспубліках ніхто не браў пад увагу, а іх службовыя асобы за грубае парушэнне дзейнага заканадаўства не прыцягваліся і не панеслі ніякай юрыдычнай адказнасці. Восенню 1990 г., матывуючы сваю пазіцыю па пытанні аб увядзенні пасады Прэзідэнта БССР, менавіта на гэты факт звяртала ўвагу М. М. Бірукова. Гэты канстытуцыйна-палітычны канфлікт паміж саюзным цэнтрам і суб’ектамі федэрацыі паклаў пачатак фактычнаму распаду СССР.
Вырашэнне канстытуцыйна-палітычнага канфлікту патрабавала часу, узгодненых дзеянняў і рашэнняў перш за ўсё з боку кіраўніцтва Саюза ССР і кіраўніцтва РСФСР. Аднак улады РСФСР выступілі ў падтрымку прыбалтыйскіх сепаратыстаў. Да таго ж становішча ў краіне ўскладнялася фактарам палітычнага супрацьстаяння паміж Прэзідэнтам СССР і кіраўніцтвам РСФСР. Палітычнае супрацьстаянне рэзка абвастрылася пасля абрання на пасаду Старшыні Вярхоўнага Савета РСФСР Б. М. Ельцына, які 12 чэрвеня 1990 г. быў абраны на пост Прэзідэнта РСФСР. У гэты ж дзень Расія прыняла Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Услед за гэтым тое ж зрабілі і іншыя рэспублікі.
У такой гістарычнай сітуацыі Вярхоўны Савет БССР 27 ліпеня 1990 г. прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Разам з тым рэспубліканскія дэкларацыі не ставілі пад пытанне існаванне СССР. Яшчэ ў чэрвені 1990 г. пачаліся перагаворы паміж Прэзідэнтам СССР і прадстаўнікамі 9 рэспублік аб заключэнні новага Саюзнага дагавора. Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва Беларусі было сярод прыхільнікаў абноўленага Саюза. Прыхільнасць да яго заключэння падкрэслівалася ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. Разам з тым Літва, Латвія, Эстонія, Малдавія, Грузія і Арменія ў гэтых перагаворах не ўдзельнічалі.
Правядзенне Усесаюзнага рэферэндуму 1991 г. па пытанні аб захаванні СССР. Калгас «Ленінскі шлях» Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці
Стала зразумела, што ў гісторыі савецкай федэрацыі надышоў вырашальны момант. Абмеркаваўшы існуючае становішча, кіраўніцтва Саюза ССР вырашыла звярнуцца да народа. З гэтай мэтай быў ініцыяваны ўсенародны рэферэндум па пытанні аб захаванні абноўленага Саюза. У рэферэндуме, які адбыўся 17 сакавіка 1991 г., прынялі ўдзел 83,3 % жыхароў Беларускай ССР, якія мелі права ўдзельнічаць у галасаванні. За захаванне абноўленага Саюза ССР выказаліся 82,7 % з іх.
У цэлым у СССР у галасаванні прынялі ўдзел 80 % грамадзян, якія былі ўключаны ў спісы і мелі права ўдзельнічаць у рэферэндуме. З іх за захаванне абноўленага Саюза выказаліся 76,4 %. Пасля рэферэндуму ў першай дэкадзе ліпеня 1991 г. у Нова-Агарова на сустрэчы кіраўнікоў 9 саюзных рэспублік і Прэзідэнта СССР М. С. Гарбачова была дасягнута згода па асноўных палажэннях праекта Саюзнага дагавора. Яго падпісанне было намечана на 20 жніўня 1991 г., чаму перашкодзілі жнівеньскія падзеі, звязаныя са стварэннем ДКНС.
Правал ДКНС, дзяржаўны пераварот у Расіі
У 1989–1991 гг. негатыўным стаўленнем народных мас да палітыкі ўлады, якая аказалася няздольнай супрацьстаяць нарастанню сістэмнага крызісу, скарысталася апазіцыя, у першую чаргу дэмакратычныя сілы, якія авалодалі палітычнай уладай у Расіі. Яны ўзначалілі пратэсныя настроі мас, паставілі пад удар існуючы сацыяльна-палітычны лад. Пачынаючы з 1989 г. расійскія радыкалы на з’ездах народных дэпутатаў РСФСР заклікалі народных выбраннікаў пазбавіць КПСС улады. У практычным плане ў сакавіку 1991 г. гэты курс быў ухвалены III пазачарговым З’ездам народных дэпутатаў РСФСР. Выступаючы на з’ездзе, Прэзідэнт Расіі Б. М. Ельцын заявіў аб неабходнасці забяспечыць «рэальную дэпартызацыю органаў пракуратуры, юстыцыі, КДБ, арміі, дзяржаўнага апарату», што паслужыла сігналам да падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту. Першым крокам, накіраваным на ліквідацыю савецкай улады, стаў Указ Прэзідэнта РСФСР Б. М. Ельцына ад 20 ліпеня 1991 г. «Аб спыненні дзейнасці арганізацыйных структур палітычных партый і масавых грамадскіх рухаў у органах, установах і арганізацыях РСФСР». Гэты ўказ быў накіраваны супраць КПСС, ён пазбавіў кіруючую партыю ўлады ў галоўным палітычным суб’екце СССР — Расіі. З пункту гледжання пытання аб уладзе de facto гэты ўказ азначаў кардынальны пераварот у палітыцы расійскай дэмакратыі. Прэзідэнт СССР М. С. Гарбачоў не адмяніў Указ Прэзідэнта РСФСР Б. М. Ельцына ад 20 ліпеня 1991 г., што сведчыла пра яго згоду з вырашэннем лёсу КПСС у Расіі. Менавіта гэты ўказ паслужыў сігналам да стварэння ДКНС.
Пасля ўказа ад 20 ліпеня 1991 г. у Прэзідэнта Расіі палітычных апанентаў у структурах дзяржаўнай улады не засталося. Скарыстаўшыся сітуацыяй, расійскія дэмакраты фарсіравалі падрыхтоўку да ліквідацыі саюзных органаў улады. У выніку спроба дзяржаўнага перавароту і адхілення Прэзідэнта СССР ад улады скончылася фактычна пераваротам і звяржэннем савецкай улады практычна ва ўсіх суб’ектах савецкай федэрацыі.
Пасля 20 ліпеня 1991 г. падзеі ў краіне развіваліся імкліва. Група высокапастаўленых чыноўнікаў на чале з віцэ-прэзідэнтам СССР Г. І. Янаевым паспрабавала аднавіць status quo ante, г. зн. становішча, якое існавала ў Расіі да 20 ліпеня 1991 г., з тым, каб не дапусціць падпісання новага Саюзнага дагавора, запланаванага на 20 жніўня 1991 г.
З гэтай мэтай 18 жніўня 1991 г. у Фароскую рэзідэнцыю Прэзідэнта СССР, размешчаную ў Крыме (М. С. Гарбачоў знаходзіўся ў адпачынку), прыбыла група службовых асоб з прапановай аб увядзенні на тэрыторыі СССР надзвычайнага становішча, але Прэзідэнт СССР з гэтым не пагадзіўся. Тады ў ноч на 19 жніўня 1991 г. у Маскве быў створаны Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы ў СССР (ДКНС СССР). Гэты камітэт заявіў: палітыка перабудовы збанкрутавала, зайшла ў тупік і «ў сувязі з немагчымасцю па стане здароўя выканання Гарбачовым Міхаілам Сяргеевічам абавязкаў Прэзідэнта СССР паўнамоцтвы Прэзідэнта Саюза ССР перайшлі да віцэ-прэзідэнта СССР Г. Янаева». Было таксама аб’яўлена, што «на асобных тэрыторыях СССР» уводзіцца надзвычайнае становішча на тэрмін 6 месяцаў. Акрамя таго, ДКНС выдаў пастанову № 1, якой абавязаў усе органы ўлады і кіравання Саюза ССР, саюзных і аўтаномных рэспублік, краёў, абласцей, гарадоў, раёнаў «забяспечыць няўхільнае выкананне рэжыму надзвычайнага становішча». Пастанова таксама патрабавала «лічыць надалей несапраўднымі законы і рашэнні органаў улады і кіравання, якія супярэчаць Канстытуцыі СССР і законам СССР, прыпыніць дзейнасць палітычных партый, грамадскіх арганізацый і масавых рухаў, якія перашкаджаюць нармалізацыі абстаноўкі».
Фактычна пастанова адмяняла Указ Прэзідэнта Расіі ад 20 ліпеня 1991 г., была накіравана на забарону дзейнасці яго прыхільнікаў у Расіі. Ініцыятары стварэння ДКНС разлічвалі на падтрымку партыйных камітэтаў у саюзных рэспубліках, кіраўнікоў сілавых міністэрстваў Савецкага Саюза, яны планавалі ізаляваць і адхіліць ад улады ў першую чаргу кіраўніцтва РСФСР. У Маскву былі ўведзены войскі.
Аднак іх разлік не апраўдаўся. Кіраўніцтва Расіі на чале з Б. М. Ельцыным не было арыштавана. Раніцай 19 жніўня 1991 г. Б. М. Ельцын выдаў некалькі ўказаў. Ва ўказе «Аб незаконнасці дзеянняў ДКНС» утрымлівалася катэгарычнае рашэнне: «Лічыць аб’яву Камітэта антыканстытуцыйнай і кваліфікаваць дзеянні яго арганізатараў як дзяржаўны пераварот». У звароце Прэзідэнта РСФСР Б. М. Ельцына «Да грамадзян Расіі» гаварылася: «Мы абсалютна ўпэўнены, што нашы суайчыннікі не дадуць устанавіцца самавольству і беззаконню путчыстаў, якія страцілі ўсякі сорам і сумленне».
Антыканстытуцыйнасць пастановы № 1 ДКНС заключалася ў тым, што згодна з законам Прэзідэнт СССР меў права аб’яўляць надзвычайнае становішча ў асобных раёнах толькі са згоды адпаведных органаў дзяржаўнай улады рэспублік і ў інтарэсах гарантавання бяспекі грамадзян пры стыхійных бедствах, буйных аварыях або катастрофах, а таксама пры масавых беспарадках, г. зн. законных падстаў для выдання пастановы № 1 у ДКНС не было. У яго не было ні добраахвотнага прызнання Прэзідэнта СССР М. С. Гарбачова аб немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў, ні заключэння ўрачоў на гэты конт.
Улічваючы сітуацыю, якая склалася, Б. М. Ельцын заклікаў працоўных Расіі пачаць усеагульную забастоўку, а вайскоўцаў не выконваць загады путчыстаў. Да вечара 19 жніўня 1991 г. каля рэзідэнцыі Прэзідэнта Расіі сабраліся абаронцы Белага дома. 20 жніўня 1991 г. частка вышэйшага ваеннага камандавання перайшла на бок Прэзідэнта Расіі. 21 жніўня 1991 г. М. С. Гарбачоў вярнуўся ў Маскву і путчысты, члены ДКНС, былі арыштаваны.
Услед за гэтым Прэзідэнт Расіі ажыццявіў дзяржаўны пераварот шляхам поўнага захопу дзяржаўнай улады. 23 жніўня 1991 г. расійскія ўлады запатрабавалі ад Прэзідэнта СССР М. С. Гарбачова падпісаць указ аб роспуску КПСС. Не атрымаўшы адказу, Б. М. Ельцын сваім указам прыпыніў дзейнасць усіх арганізацый кіруючай партыі ў Расіі.
Завяршыўся дзяржаўны пераварот 5 верасня 1991 г., калі пад націскам расійскіх улад дэпутаты V З’езда народных дэпутатаў СССР здрадзілі свайму народу і прынялі рашэнне аб самароспуску. Гэта канчаткова прадвызначыла лёс Саюза ССР. Пасля 5 верасня 1991 г. Прэзідэнт СССР зрабіў спробу заключэння новага Саюзнага дагавора, якая скончылася правалам.
Кіраўніцтва саюзных рэспублік па-рознаму паставілася да падзей у Маскве. Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва Беларускай ССР ва ўмовах напружанай грамадска-палітычнай сітуацыі, падагрэтай цяжкім эканамічным становішчам, заняло ў дачыненні да падзей у Маскве чакальную пазіцыю. У час путчу Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР звярнуўся да беларускага народа з заклікам аб захаванні спакою, але не даў дакладнай палітычнай ацэнкі неканстытуцыйнасці стварэння і дзеянняў кіраўніцтва ДКНС.
Правал ДКНС, перамога прыхільнікаў Б. М. Ельцына, актывізацыя дэпутацкай групы БНФ і іх прыхільнікаў у Парламенце абумовілі прыняцце рашэння аб дэпартызацыі органаў улады і кіравання, часовым прыпыненні дзейнасці КПБ на тэрыторыі рэспублікі. Адпаведныя пастановы былі прыняты на 5‑й сесіі Вярхоўнага Савета БССР 25 жніўня 1991 г. У гэты ж дзень Парламент — Вярхоўны Савет — прыняў закон аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці рэспублікі, вызваліў ад пасады М. І. Дземянцея, 18 верасня 1991 г. на гэту пасаду быў абраны С. С. Шушкевіч.
З прыпыненнем дзейнасці Камуністычнай партыі Беларусі ў рэспубліцы савецкая ўлада ў той класава-пралетарскай форме, якая была заснавана ў 1917–1918 гг. і існавала на працягу больш за 70 гадоў, была ліквідавана. У Рэспубліцы Беларусь устанавілася новая ўлада. Хоць на ўзроўні пасёлкаў, раёнаў, абласцей засталіся органы ўлады ў форме Саветаў, а ўся паўната вышэйшай дзяржаўнай улады знаходзілася ў руках дэпутатаў Вярхоўнага Савета, але па сваёй унутранай сутнасці, палітычным змесце новая ўлада стала цалкам нацыянальнай, паколькі з гэтага моманту ўпершыню ў гісторыі адлюстроўвала і абараняла толькі нацыянальныя інтарэсы. У Расіі працэс канчатковага вывядзення КПСС з сістэмы дзяржаўнага кіравання, а разам з тым поўнай ліквідацыі савецкай улады завяршыўся пасля прыняцця 6 лістапада 1991 г. указа Б. М. Ельцына аб забароне дзейнасці ўсіх структур КПСС на тэрыторыі РСФСР.
Завяршэнне распаду СССР
Жнівеньскія падзеі прывялі да таго, што практычна ўсе саюзныя рэспублікі заявілі аб сваёй поўнай дзяржаўнай незалежнасці. Вярхоўны Савет БССР 25 жніўня 1991 г. прыняў закон аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце. 6 верасня 1991 г. Дзяржаўны Савет СССР прызнаў незалежнасць рэспублік Прыбалтыкі, якія выйшлі са складу СССР.
Жнівеньска-вераснёўскія падзеі 1991 г. паказалі, што працэс распаду СССР уступіў у завяршальную стадыю. Таму ўсе далейшыя спробы падпісання новага Саюзнага дагавора не ўвянчаліся поспехам. З такой ініцыятывай 30 жніўня 1991 г. выступіў Вярхоўны Савет СССР, выдаўшы пастанову «Аб першачарговых мерах па прадухіленні спроб ажыццяўлення дзяржаўнага перавароту». У ім утрымліваўся заклік да кіраўніцтва рэспублік паскорыць падпісанне новага Саюзнага дагавора. Заклік сустрэў разуменне, таму 14 лістапада 1991 г. у Нова-Агарова адбылася сустрэча Прэзідэнта СССР і кіраўнікоў рэспублік. На перагаворах прысутнічаў Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С. С. Шушкевіч. Пасля абмеркавання праекта Саюзнага дагавора ўсе пагадзіліся, што новае палітычнае аб’яднанне — Саюз Суверэнных Дзяржаў — стане канфедэратыўнай дзяржавай. Аднак парафіравання (канчатковага ўхвалення) праекта Дагавора не адбылося. Вырашальную ролю адыгралі падзеі ва Украіне. На ўкраінскім рэферэндуме, які адбыўся 1 снежня 1991 г., 90,32 % тых, хто прагаласаваў, пацвердзілі Акт абвяшчэння незалежнасці Украіны ад 24 жніўня 1991 г. і Прэзідэнт Украіны Л. М. Краўчук заявіў, што Украіна не будзе падпісваць новы Саюзны дагавор.
Кіраўнікі суверэнных дзяржаў — Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Украіны — падпісалі Пагадненне пра дэнансацыю Дагавора аб стварэнні Саюза ССР ад 1922 г. і аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Дакументы падпісаны ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы. 8 снежня 1991 г.
Разам з тым працэс распаду і ліквідацыі Саюза ССР патрабаваў нарматыўна-прававога афармлення. Гэта права належала тым рэспублікам, якія ў 1922 г. заснавалі СССР. Таму па ініцыятыве кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі 8 снежня 1991 г. у беларускай урадавай рэзідэнцыі ў Белавежскай пушчы кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, дзе канстатавалася, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне».
Прынятае 8 снежня 1991 г. Пагадненне не магло быць канчатковым. Яно не здымала самага галоўнага — пытання аб межах новых незалежных дзяржаў. Гэтае пытанне было знята з геапалітычнага парадку дня, калі сваё стаўленне да тэрытарыяльнага пытання выказалі іншыя кіраўнікі былых саюзных рэспублік. Таму фармальна апошняя «кропка» ў гістарычным лёсе СССР была пастаўлена 21 снежня 1991 г. у Алма-Аце на сустрэчы кіраўнікоў 11 саюзных рэспублік (за выключэннем Грузіі і краін Прыбалтыкі), якія падпісалі Дэкларацыю, дзе было заяўлена, што «з утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне».
Выступленне Прэзідэнта Расіі Б. М. Ельцына на сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі па пытанні ўстанаўлення новых адносін паміж Рэспублікай Беларусь, Украінай і Расіяй і стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Снежань 1991 г.
Такім чынам, у 1985 г. палітычнае кіраўніцтва СССР узяло курс на перабудову існуючай сістэмы — палітыку, якая не мела навукова-канцэптуальнага абгрунтавання, праграмна-мэтавага забеспячэння па сродках, рэсурсах, прыярытэтах, сацыяльных выдатках, тэмпах і найважнейшых кірунках. У выніку палітыка перабудовы набыла разбуральны характар, прывяла да распаду савецкай федэрацыі і ліквідацыі Саюза ССР.
У цэлым сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя пераўтварэнні і рэформы ў Беларусі ажыццяўляліся ў адпаведнасці з новым заканадаўствам Саюза ССР, але на базе нарматыўных прававых актаў, прынятых у рэспубліцы, і з апорай на нацыянальны падыход у вырашэнні карэнных пытанняў сацыяльнага жыццяўладкавання.
Ва ўмовах усеагульнага крызісу палітыкі перабудовы склаліся аб’ектыўныя і суб’ектыўныя перадумовы, якія садзейнічалі здабыццю беларускім народам поўнага суверэнітэту і дзяржаўнай незалежнасці.