Ахова здароўя

Дата стварэння: 24.05.2023 11:52:49

Дата змены: 26.06.2024 16:23:25

Кароткая гісторыя развіцця аховы здароўя Беларусі

Дзяржаўная ахова здароўя ў XX ст. Дзяржаўная сістэма аховы здароўя Беларусі пачынае сваю гісторыю з моманту абвяшчэння БССР 1 студзеня 1919 г.

Урадам рэспублікі былі прыняты распараджэнні па арганізацыі цэнтральнага рэспубліканскага органа кіравання аховай здароўя (24 студзеня 1919) і Савета абароны дзяцей (6 лютага 1919), па нацыяналізацыі аптэк (29 студзеня 1919) і лячэбных устаноў (12 лютага 1919), зубалячэбных матэрыялаў і сродкаў (18 лютага 1919), а таксама санітарна-проціэпідэмічнага характару — па барацьбе з сыпным тыфам (21 лютага 1919), аб абавязковым прышчэпліванні воспы (3 чэрвеня 1919). У гэты перыяд у БССР была створана адзіная дзяржаўная ахова здароўя ў адпаведнасці з мадэллю М. А. Сямашкі, якая ўключае цэнтралізацыю і дыспансерызацыю.

Упершыню былі вывучаны захваральнасць і смяротнасць насельніцтва, яе размеркаванне паводле прычын, месца жыхарства, полу, нацыянальнасці, узросту.

Прыняты меры для паляпшэння даступнасці медыцынскай дапамогі шляхам развіцця сеткі ўстаноў аховы здароўя, арганізацыі медыцынскай дапамогі дома і хуткай медыцынскай дапамогі, укаранення дыспансернага метаду і прафілактыкі хвароб. Вялікая ўвага надавалася падрыхтоўцы кадраў. Падрыхтоўка сярэдняга медперсаналу ажыццяўлялася паводле паскоранай курсавой праграмы.

На 1‑м з’ездзе санітарных урачоў БССР (1926) была падкрэслена роля прафілактыкі як асновы аховы здароўя, адзначана неабходнасць выкарыстання прафілактычных тэхналогій не толькі для прадухілення хвароб, але і пры іх лячэнні.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны працягвалася работа па барацьбе з эпідэміямі. Зноў з’явіліся хваробы, якія ў даваенны перыяд практычна не рэгістраваліся: зваротны тыф, лептаспіроз, тулярэмія. Цяжкае цячэнне інфекцыйных хвароб на фоне знясілення арганізма абумовіла высокую смяротнасць і інваліднасць. У пасляваенныя гады было працягнута аднаўленне і фарміраванне сеткі аховы здароўя, капітальнае будаўніцтва. Колькасць медустаноў, бальнічных ложкаў у рэспубліцы расла пастаянна, паспяхова развіваліся спецыялізаваныя віды меддапамогі.

Важную функцыю па ліквідацыі санітарных наступстваў вайны выконвала дзяржаўная санітарная інспекцыя. У рэспубліцы адзначалася ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння колькасці інфекцыйных захворванняў, узрастала якасць папераджальнага і бягучага санітарнага нагляду, што пацвярджала эфектыўнасць работы службы.

У пачатку 1970‑х гг. ахова здароўя БССР выйшла на перадавыя рубяжы ў СССР па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, падрыхтоўцы і камплектаванні медыцынскімі кадрамі, па паказчыках здароўя насельніцтва і дзейнасці лячэбных устаноў. У 1970‑я гг. адзначалася паляпшэнне асноўных паказчыкаў стану здароўя насельніцтва рэспублікі, у прыватнасці комплексны паказчык, які характарызуе здароўе, — чаканая працягласць жыцця — дасягнуў 72,5 года і ў той перыяд быў блізкі да ўзроўню эканамічна развітых дзяржаў свету. У 1960–70‑я гг. забяспечваліся найбольш высокія за ўвесь перыяд развіцця аховы здароўя рэспублікі аб’ёмы будаўніцтва ўстаноў аховы здароўя і ўводу іх у эксплуатацыю.

Разам з тым паступова нарасталі цяжкасці, звязаныя з запаволеннем тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, зніжэннем узроўню выдаткаў на ахову здароўя ў дачыненні да ВУП, абмежаванымі магчымасцямі выкарыстання эканамічных метадаў кіравання ў рамках мадэлі аховы здароўя, што склалася тады, дыспрапорцыямі ў размеркаванні рэсурсаў і нерацыянальным іх выкарыстаннем.

У прыватнасці, ва ўмовах прыярытэтнага развіцця стацыянарнай меддапамогі забяспечанасць бальнічным ложкавым фондам узрасла да ўнікальна высокага ўзроўню — каля 140 ложкаў на 10 тыс. насельніцтва, але выкарыстанне яго было неэфектыўным, была нізкай занятасць (менш за 300 дзён на год).

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 г. значна пагоршыла экалагічную сітуацыю ў рэспубліцы. Пры садзейнічанні расійскіх спецыялістаў пачала праводзіцца работа па мінімізацыі ўплыву наступстваў аварыі на здароўе насельніцтва. У 1988 г. створаны НДІ радыяцыйнай медыцыны з філіяламі ў Гомелі (1989) і Магілёве (1990).

Аднак, нягледзячы на ўсе мерапрыемствы, назіраўся рост распаўсюджанасці паталогіі шчытападобнай залозы, хвароб крыві і крывятворных органаў. Былі распрацаваны і прыняты Дзяржаўная праграма па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС і мэтавая комплексная праграма «Немедыкаментозныя метады прафілактыкі і лячэння». Чарнобыльская трагедыя абвастрыла праблему ўкамплектаванасці і аснашчанасці сельскіх медыцынскіх устаноў, перш за ўсё на забруджаных тэрыторыях.

Тым не менш удалося вырашыць шэраг важных для далейшага развіцця аховы здароўя праблем: разбуйненне тэрапеўтычных і педыятрычных участкаў у паліклініках, адкрыццё першых дыягнастычных цэнтраў, павышэнне катэгарыйнасці НДІ, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай аховы здароўя, увядзенне гаспадарчага разліковага механізма ў ахове здароўя, пашырэнне сеткі санаторна-курортных устаноў.

Дзяржаўная незалежнасць Беларусі выклікала неабходнасць распрацоўкі ўласнай нарматыўнай прававой базы. Менавіта ў гэты час падрыхтаваны і прыняты пакет найважнейшых нарматыўных прававых актаў, асноўным з якіх стаў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя» (1993, 2002). Прыняты таксама законы «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь», «Аб правах дзіцяці», «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» і інш.

У 1990‑я гг. дзейнасць аховы здароўя рэспублікі ажыццяўлялася ва ўмовах недастатковага і нерытмічнага фінансавання, галіна мела цяжкасці ў забеспячэнні і абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Рэзкае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі прывяло да медыка-дэмаграфічнага крызісу, дэпапуляцыі, значнага пагаршэння стану здароўя насельніцтва.

Нягледзячы на цяжкасці, у адрозненне ад іншых краін СНД, у Беларусі не было значнага зніжэння даступнасці меддапамогі, пагаршэння кіравальнасці галіной. У гэты перыяд у рэспубліцы ўводзілася сістэма ўзаемаразлікаў пры накіраванні хворых з раёнаў у абласныя бальніцы, укараняліся брыгадныя формы арганізацыі працы, распрацоўваліся пытанні фондатрымання на ўзроўні паліклінік, упершыню пачала адпрацоўвацца сістэма кіравання, заснаваная на выкананні мадэлі канчатковых вынікаў дзейнасці.

У пачатку 1990‑х гг. ахова здароўя рэспублікі функцыянавала ва ўмовах працяглага эканамічнага спаду, зніжэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва, наступстваў чарнобыльскай катастрофы, напружанай санітарна-гігіенічнай і эпідэміялагічнай сітуацыі.

Праз інавацыі — у будучыню. Са здабыццём Рэспублікай Беларусь дзяржаўнай незалежнасці сістэма аховы здароўя аказалася недастаткова адаптаванай да работы ў новых умовах, што было звязана з шэрагам праблем, атрыманых у спадчыну ад аховы здароўя СССР. Гэта перш за ўсё экстэнсіўны шлях развіцця, супярэчлівыя законы, пераважна непрамога дзеяння, адносна нізкая якасць медыцынскага абслугоўвання, абмежаваная тэхналагічнымі і эканамічнымі магчымасцямі. Слабая матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя, шырокае развіццё стацыянарных службаў, перавага ўрачоў-спецыялістаў, недахоп сястрынскага персаналу прыводзілі да неэфектыўнага выкарыстання фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў.

Асаблівую трывогу стала выклікаць неспрыяльная дэмаграфічная сітуацыя ў краіне, якая з’яўляецца важным палітычным і сацыяльна-эканамічным фактарам развіцця і бяспекі дзяржавы. Акрамя таго, пагаршэнне эканамічнай сітуацыі і экалогіі прывяло да істотных зрухаў у характары паталогіі і цяжкасці цячэння захворванняў, павелічэння абарачальнасці, працягласці і інтэнсіўнасці лячэння.

Імклівае развіццё медыцынскай навукі, укараненне новых тэхналогій і сучаснай тэхнікі ў лячэбна-дыягнастычны працэс, удасканаленне інструментальных метадаў даследавання, актыўны пошук новых арганізацыйных форм работы істотна змянілі характар і змест работы ўрача.

Перадумовамі для пошуку рашэнняў па эфектыўным выкарыстанні наяўных рэсурсаў і пераходу да якасных крытэрыяў ацэнкі арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву нашай краіны сталі недастатковы ўзровень прафілактыкі захворванняў, наяўнасць дыспрапорцый у аказанні медыцынскай дапамогі гарадскому і сельскаму насельніцтву, нізкая даступнасць высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі, неўкамплектаванасць кадрамі першаснага звяна аховы здароўя, нізкая эканамічная эфектыўнасць выкарыстання рэсурсаў, а таксама адсутнасць сістэмнага падыходу да праблем аховы здароўя насельніцтва і навукова абгрунтаваных прыярытэтаў развіцця аховы здароўя.

Таму ў сярэдзіне 1990‑х гг. Рэспубліка Беларусь, таксама як і іншыя былыя рэспублікі СССР, прыняла рашэнне аб удасканаленні (рэфармаванні) сістэмы аховы здароўя. Кожная з рэспублік выбрала свой шлях развіцця арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву. Так, у Расіі быў узяты курс на пабудову бюджэтна-страхавой мадэлі. Спроба ўвядзення абавязковага медыцынскага страхавання была зроблена ў Казахстане. Ажыццёўлены пераход да абавязковага медыцынскага страхавання ў Кыргызстане і ў Малдове. Аналагічныя спробы рабіліся і ў Беларусі. Аднак з-за адсутнасці належнага вопыту і спецыялістаў нарматыўны акт не быў распрацаваны.

Без дакладна выбудаванай сістэмы мер па ўмацаванні інстытута сям’і, павышэнні нараджальнасці, захаванні здароўя, забеспячэнні сацыяльнай абароны грамадзян краіна не змагла б рухацца наперад, развіваць эканоміку, дасягнуць значных вынікаў у народнай гаспадарцы.

Дзяржава надае пільную ўвагу развіццю аховы здароўя, яе кадравага патэнцыялу. Паэтапна праводзілася мадэрнізацыя галіны, паляпшалася аснашчэнне арганізацый аховы здароўя, укамплектаванасць медыцынскімі кадрамі.

За апошнія гады ў рэспубліцы адбыліся істотныя змяненні ў сацыяльна-эканамічнай сферы, у т. л. і ў ахове здароўя. Падвергліся пераўтварэнням структурна-арганізацыйныя асновы сістэмы аховы здароўя, фінансавыя механізмы яе забеспячэння.

Напрамкі рэфармавання беларускай аховы здароўя супалі з агульнасусветнымі тэндэнцыямі, у т. л. з такімі тэндэнцыямі ў краінах постсавецкай прасторы і еўрапейскіх дзяржавах. Дзякуючы іх рэалізацыі абноўлена рэсурсная база арганізацый аховы здароўя — ад сельскіх арганізацый аховы здароўя да буйных абласных і рэспубліканскіх устаноў.

Беларусь не пайшла па шляху рэвалюцыйных змяненняў, разбураючы тое, што было створана папярэднікамі. Толькі ўзважанае і абгрунтаванае рэфармаванне дазволіла дасягнуць вынікаў, параўнальных з дасягненнямі найбольш развітых краін свету. Краіна змагла захаваць найлепшыя традыцыі беларускай аховы здароўя, творча развіць іх і на гэтай базе стварыць сацыяльна арыентаваную сучасную нацыянальную сістэму аховы здароўя, якая эфектыўна функцыянуе і забяспечвае даступную і якасную медыцынскую дапамогу кожнаму грамадзяніну.

Асноўныя пераўтварэнні ў ахове здароўя пасля здабыцця Рэспублікай Беларусь суверэнітэту:

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка на цырымоніі адкрыцця Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка на цырымоніі адкрыцця Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі

Гомельская цэнтральная гарадская паліклініка

Гомельская цэнтральная гарадская паліклініка

1. Зменены прынцып фінансавання аховы здароўя шляхам укаранення нарматыву бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара.

2. Канкрэтызаваны сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы ў галіне аховы здароўя шляхам укаранення дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне аховы здароўя.

3. Аптымізавана структура кіравання аховай здароўя з мэтай ліквідацыі дубліравання функцый кіравання арганізацыямі аховы здароўя, а таксама дасягнення роўнай даступнасці медыцынскай дапамогі гарадскому і сельскаму насельніцтву.

4. Укаранёна праграмна-мэтавае планаванне аховы здароўя як асноўны механізм павышэння эфектыўнасці галіны.

5. Праведзена рэструктурызацыя галіны з дапамогай наступных мерапрыемстваў:

  • скарочана нерацыянальнае выкарыстанне ложкавага фонду з адначасовым павышэннем прыярытэтнасці першаснай медыцынскай дапамогі (павелічэнне аб’ёмаў яе фінансавання, развіццё стацыянаразамяшчальных тэхналогій, укараненне інстытута ўрача агульнай практыкі, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнага і кадравага забеспячэння, удасканаленне арганізацыі і аплаты працы работнікаў участковай службы);

  • праведзена цэнтралізацыя дыягнастычных падраздзяленняў для эфектыўнага выкарыстання дарагога дыягнастычнага абсталявання;

  • палепшана пераемнасць дашпітальнага і шпітальнага этапаў аказання медыцынскай дапамогі;

  • атрымала развіццё высокатэхналагічная медыцынская дапамога як у рэспубліканскіх арганізацыях аховы здароўя, так і ў рэгіёнах. Створаны рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры.

6. Удасканалена сістэма кіравання якасцю медыцынскай дапамогі шляхам укаранення адзіных падыходаў да планавання, нарміравання, стандартызацыі, ліцэнзавання, сертыфікацыі і акрэдытацыі; шляхам распрацоўкі і ўкаранення клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэння.

7. Палепшана матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне арганізацый аховы здароўя, у т. л. сельскіх, шляхам рэалізацыі дзяржаўных праграм (раздзелаў) у галіне аховы здароўя насельніцтва.

8. Аптымізавана кадравае забеспячэнне галіны шляхам умацавання і развіцця сістэмы медыцынскай адукацыі [укараненне прагрэсіўных форм навучання, якія грунтуюцца на сучасных адукацыйных тэхналогіях; пашырэнне магчымасці навучання для спецыялістаў арганізацый аховы здароўя сельскай мясцовасці (выязныя тэматычныя цыклы, стажыроўка на рабочым месцы, дыстанцыйнае навучанне, камп’ютарнае тэсціраванне, арганізацыйна-метадычныя матэрыялы і да т. п.); развіццё новых арганізацыйных форм і тэхналогій сястрынскай дапамогі насельніцтву, прававога рэгулявання сястрынскай дзейнасці і павышэння статусу сярэдняга медыцынскага работніка; перагляд штатных нарматываў аховы здароўя СССР], прыняцця мер па замацаванні медыцынскіх кадраў.

9. Нарматыўная прававая база аховы здароўя прыведзена ў адпаведнасць з патрабаваннямі новага этапу яе развіцця.

10. Палепшана забеспячэнне насельніцтва эфектыўнымі, бяспечнымі і якаснымі лекавымі сродкамі, у т. л. за кошт росту аб’ёму закупак і насычэння імі ўнутранага рынку, пашырэння асартыментнага мінімуму лекавых сродкаў айчыннай вытворчасці, абавязковага для наяўнасці ў аптэках.

11. Прыняты меры па ўдасканаленні статыстычнага ўліку; паляпшэнні эканамічных механізмаў у ахове здароўя — пераход ад кіравання выдаткамі да кіравання вынікамі; па развіцці тэхналогій прафілактыкі хвароб з прыцягненнем усяго грамадства, эканамічным стымуляванні прафілактычнай накіраванасці аховы здароўя.

12. Праводзіцца інфарматызацыя аховы здароўя і стварэнне адзінай сістэмы маніторынгу здароўя насельніцтва.

13. Палепшана каардынацыя дзейнасці органаў улады і ўпраўленняў розных узроўняў, іншых міністэрстваў і ведамстваў па вырашэнні пытанняў аховы здароўя.

14. Пашырана міжнароднае супрацоўніцтва ў адпаведнасці з асноўнымі прыярытэтамі і напрамкамі развіцця медыцынскай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь.

Беларусь істотна рухаецца наперад ва ўмацаванні сістэмы аховы здароўя, паляпшэнні паказчыкаў яе дзейнасці. Першарадная задача цяпер — усімі сіламі і сродкамі замацаваць дасягнутыя пазіцыі і стварыць умовы для забеспячэння канкурэнтаздольнасці аховы здароўя і нацыянальнай бяспекі краіны.

Ахова здароўя з’яўляецца такім жа суб’ектам рыначных адносін, як і любая іншая галіна эканомікі. Развіваецца як дзяржаўны сектар, так і прыватныя медыцынскія структуры.

Новыя прыярытэтныя задачы і асноўныя шляхі рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы здароўя з улікам аналізу стану здароўя насельніцтва, мэт сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, планаў і дзяржаўных праграм, рэсурсаў аховы здароўя вызначае Стратэгія навукова-тэхнічнага і інавацыйнага развіцця аховы здароўя Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады і на перыяд да 2040 года (зацверджана пастановай калегіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2020 № 5.1).


Асноўныя медыка-дэмаграфічныя працэсы і паказчыкі здароўя насельніцтва

За апошнія 25 гадоў насельніцтва рэспублікі скарацілася на 792,2 тыс. чалавек, або на 7,8 %, і на 1 студзеня 2021 г. склала 9 349,6 тыс. чалавек. Гэта звязана ў першую чаргу з рэзкім падзеннем узроўню жыцця ў пачатку 1990‑х гг. У Беларусі сельскае насельніцтва складае 2 069,3 тыс. чалавек, або 22,1 % ад усяго насельніцтва, з іх працаздольнае — 1 109,6 тыс. чалавек (20,5 % ад усяго працаздольнага насельніцтва). Колькасць сельскага насельніцтва зменшылася ў 2020 г. у параўнанні з 1991 г. на 38,1 %: у 1991 г. — 3 342 тыс. чалавек, у 2020 г. — 2 069,3 тыс. чалавек. У агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі доля асоб: старэйшых за працаздольны ўзрост павялічылася з 20,2 % у 1991 г. да 24,3 % у 2020 г.; малодшых за працаздольны ўзрост зменшылася з 24,4 % у 1991 г. да 18 % у 2020 г.; працаздольнага ўзросту павялічылася з 55,4 % у 1991 г. да 57,8 % у 2020 г.

Медыка-дэмаграфічныя паказчыкі з’яўляюцца найбольш аб’ектыўнымі крытэрыямі, якія дазваляюць меркаваць пра стан папуляцыйнага здароўя. Сярод дэмаграфічных паказчыкаў ключавую ролю ў вызначэнні заканамернасцей сучасных дэмаграфічных працэсаў у грамадстве адыгрываюць паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці.

Нараджальнасць аказвае вырашальны ўплыў на характар узнаўлення насельніцтва, паколькі ад яе залежыць працэс замяшчэння пакаленняў. З 48 дзяржаў Еўропы Рэспубліка Беларусь займае «залатую сярэдзінку» па ўзроўні агульнага каэфіцыента нараджальнасці, які ў рэспубліцы ў 2019 г. склаў 9,3 ‰ (у 1991 — 13 ‰).

Агульны каэфіцыент смяротнасці дасягнуў максімальных значэнняў у 2002 г. (14,9 ‰). Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў сярод еўрапейскіх краін. Затым, дзякуючы прынятым мерам, зарэгістравана зніжэнне гэтага паказчыка да ўзроўню 12,8 ‰ у 2019 г.

Аналагічныя тэндэнцыі каэфіцыента смяротнасці назіраліся сярод мужчынскага і жаночага насельніцтва краіны.

Адзначаны выразныя адрозненні каэфіцыента агульнай смяротнасці гарадскога і сельскага насельніцтва. Пры гэтым смяротнасць сельскага насельніцтва больш чым у 2 разы вышэйшая за смяротнасць гарадскога.

Агульны каэфіцыент смяротнасці з’яўляецца дастаткова грубым і прыблізным вымяральнікам узроўню смяротнасці. На яго велічыню моцна ўплывае полаўзроставая структура насельніцтва.

Дэмаграфічныя працэсы ў краіне суправаджаюцца высокім узроўнем смяротнасці ад неінфекцыйных хвароб і ў першую чаргу ад хвароб сістэмы кровазвароту (ХСК). Смяротнасць ад хвароб сістэмы кровазвароту фактычна вызначае ўзровень агульнай смяротнасці насельніцтва рэспублікі. Гэтыя захворванні з’яўляюцца адной з асноўных прычын інваліднасці, а таксама адыгрываюць істотную ролю ў зніжэнні сярэдняй працягласці жыцця насельніцтва.

У Беларусі, як і ва ўсіх еўрапейскіх краінах, першае месца ў структуры смяротнасці належыць захворванням, якія адносяцца да класа хвароб сістэмы кровазвароту. За апошнія гады адбыўся рост смяротнасці з гэтай прычыны (48,6 % у 1991 і 58,9 % у 2019).

Другое месца займаюць злаякасныя новаўтварэнні. Нягледзячы на ўяўную малую ўдзельную вагу злаякасных новаўтварэнняў у структуры агульнай захваральнасці, смяротнасць і першасная інваліднасць ад гэтай групы хвароб устойліва займаюць другія рангавыя месцы, што і выводзіць праблему злаякасных новаўтварэнняў у разрад вядучых медыка-сацыяльных праблем.

Трэцяе месца ў структуры прычын смерці займаюць знешнія прычыны. У 2019 г. іх удзельная вага ў структуры прычын смерці насельніцтва нашай краіны склала 6,5 %.

Неінфекцыйныя захворванні з’яўляюцца асноўнай прычынай такой з’явы, як «звышсмяротнасць» мужчын працаздольнага ўзросту. З прычыны хвароб сістэмы кровазвароту смяротнасць мужчын у працаздольным узросце больш чым у 6 разоў вышэйшая ў параўнанні з жанчынамі, у т. л. з прычыны інфаркту міякарда — амаль у 7 разоў. У мужчын у 3 разы вышэйшая смяротнасць з прычыны раку, больш чым у 6 разоў — ад знешніх прычын.

Для Рэспублікі Беларусь быў характэрны працэс дэпапуляцыі: з 1993 г. смяротнасць устойліва перавышала нараджальнасць. У адрозненне ад шэрага іншых краін СНД, змяншэнне насельніцтва ў рэспубліцы ідзе выключна за кошт сельскага насельніцтва.

Пачынаючы з 2014 г. у краіне зарэгістравана змыканне «дэмаграфічных нажніц». За 2019 г. натуральнае змяншэнне насельніцтва павялічылася і склала 3,5 на 1 000 чалавек.

Чаканая працягласць жыцця павялічылася да 74,5 года ў 2019 г. (1991 — 70,7 года); у мужчын у 2019 г. яна склала 69,3 года, у жанчын — 79,4 года. Скараціўся да 10,1 года разрыў паміж працягласцю жыцця мужчын і жанчын. Аднак ён па-ранейшаму застаецца крытычным. Павелічэнне працягласці жыцця мужчын — адзін з галоўных прыярытэтаў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі. Працягласць жыцця гарадскога насельніцтва на 4,6 года вышэйшая, чым сельскага.

Паводле паказчыка «чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні» (2019 — 74,5 года) Беларусь займае 2‑е месца ў СНД, саступаючы толькі Арменіі (75,2 года). Паказчык Беларусі блізкі да ацэнак Латвіі (75,1 года), Літвы (75 гадоў). Нягледзячы на тэндэнцыю да павелічэння на працягу апошніх гадоў ён застаецца нізкім у параўнанні з развітымі краінамі свету. Беларусь істотна адстае паводле ўзроўню чаканай працягласці жыцця ад большасці развітых еўрапейскіх краін: чаканая працягласць жыцця ў Швейцарыі — 83,1 года, у Францыі — 83,1, Германіі — 80,79, Чэхіі — 78,8, у Венгрыі — 75,7 года.

Рэспубліка Беларусь — краіна з нізкім узроўнем дзіцячай, мацярынскай смяротнасці і смяротнасці немаўлят (смяротнасць дзяцей ва ўзросце да года). Гэты паказчык адносіцца да ліку вядучых індыкатараў не толькі здароўя насельніцтва, але і ў цэлым узроўню жыцця, а таксама якасці работы сістэмы аховы здароўя. Скарачэнне смяротнасці немаўлят на працягу ўсяго XX ст. стала істотнай крыніцай росту працягласці жыцця насельніцтва.

У Беларусі за 10 апошніх гадоў смяротнасць немаўлят знізілася ў 1,7 раза і ў 2019 г. склала 2,4 на 1 000 жыванароджаных з улікам немаўлят, якія нарадзіліся з экстрэмальна нізкай масай цела. Гэты паказчык з’яўляецца адным з самых лепшых у свеце. Узровень смяротнасці немаўлят у рэспубліцы адпавядае сярэдняму ўзроўню краін Еўрасаюза.

Мацярынская смяротнасць у Беларусі знаходзіцца на самым нізкім узроўні ў параўнанні з краінамі былога Савецкага Саюза; у 2019 г. яна склала 1 на 1 000 дзяцей, якія нарадзіліся жывымі.

Паводле інтэгральнага паказчыка дзіцячай і мацярынскай смяротнасці Беларусь займае 4‑е месца ў свеце. У значнай ступені поспехі Рэспублікі Беларусь у кантролі за дзіцячай і мацярынскай смяротнасцю вызначаюцца ўвагай, якая надаецца гэтай праблеме Прэзідэнтам і Урадам краіны. Выключна пазітыўную ролю ў зніжэнні смяротнасці немаўлят і мацярынскай смяротнасці адыграла рэарганізацыя акушэрска-гінекалагічнай службы. На базе абласных радзільных дамоў і раённых бальніц функцыянуюць перынатальныя цэнтры для аказання спецыялізаванай дапамогі жанчынам з цяжкай акушэрскай і саматычнай паталогіяй, у якіх створаны ўсе ўмовы для выходжвання неданошаных дзяцей.

На тэрыторыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця»

На тэрыторыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця»

У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця» (РНПЦ «Маці і дзіця»), які з’яўляецца галаўной установай рэспублікі ў галіне акушэрства і гінекалогіі, неанаталогіі, педыятрыі і медыцынскай генетыкі, аказваецца медыцынская дапамога жанчынам з найбольш цяжкай акушэрска-гінекалагічнай і экстрагенітальнай паталогіяй, інтэнсіўная тэрапія і выходжванне нованароджаных, у т. л. неданошаных, з усіх рэгіёнаў рэспублікі. Праводзіцца дыягностыка спадчынных і прыроджаных захворванняў, укаранёны метады малаінвазіўнай хірургіі, лазера- і крыяхірургіі, экстракарпаральнае апладненне і іншыя высокія медыцынскія тэхналогіі.

Захваральнасць насельніцтва — найважнейшы элемент комплекснай ацэнкі здароўя насельніцтва. Улік захваральнасці вядзецца практычна ўсімі медыцынскімі ўстановамі. Паказчыкі захваральнасці служаць адным з крытэрыяў ацэнкі якасці работы арганізацый і сістэмы аховы здароўя ў цэлым.

Агульная захваральнасць улічвае ўсе выпадкі першаснай захваральнасці і першыя ў дадзеным годзе звароты з нагоды хранічнага захворвання, выяўленага ў папярэднія гады (рыс. 1).

Рыс. 1. Структура агульнай захваральнасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2020 г., %.
Рыс. 1. Структура агульнай захваральнасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2020 г., %.

Мэтанакіраваная работа па далейшым развіцці медыцынскай рэабілітацыі дазволіла знізіць паказчык цяжкасці інваліднасці асоб працаздольнага ўзросту з 56,9 % у 1995 г. да 48,2 % у 2020 г. Захоўваецца тэндэнцыя да змяншэння захваральнасці на туберкулёз. Паказчык захваральнасці ў 2020 г. склаў 12,6 на 100 тыс. чалавек, паказчык смяротнасці за 2019 г. — 2,2 на 100 тыс. чалавек.


Мэта, асноўныя напрамкі, прынцыпы і прыярытэты дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы здароўя насельніцтва

Дзяржаўная палітыка ў галіне аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь накіравана на рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй правоў грамадзян на ахову здароўя. Яна прадугледжвае:

  • стварэнне ўмоў для захавання і ўмацавання здароўя насельніцтва;

  • павышэнне адказнасці грамадзян за захаванне і ўмацаванне свайго здароўя і здароўя іншых людзей;

  • узмацненне прафілактычнай накіраванасці аховы здароўя;

  • забеспячэнне даступнасці медыцынскай дапамогі і лекавага забеспячэння насельніцтва;

  • прыярытэтнае медыцынскае абслугоўванне і лекавае забеспячэнне дзяцей і маці;

  • каардынацыю і кантроль Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь дзейнасці ў галіне аховы здароўя іншых органаў дзяржаўнага кіравання, якія займаюцца пытаннямі аховы здароўя, і суб’ектаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аховы здароўя;

  • павышэнне эканамічнай зацікаўленасці юрыдычных і фізічных асоб у ахове здароўя насельніцтва;

  • адказнасць дзяржаўных органаў, юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў за стан здароўя работнікаў;

  • удзел грамадскасці і грамадзян у ахове здароўя насельніцтва.

Асноўнымі прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы здароўя з’яўляюцца яе прафілактычная накіраванасць, забеспячэнне даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі, у т. л. лекавага забеспячэння, санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва і яго будучых пакаленняў. Сістэма аховы здароўя выконвае каардынацыйную ролю ў вырашэнні пытанняў аховы здароўя. Пры гэтым асноўнай задачай айчыннай аховы здароўя з’яўляецца захаванне прынцыпаў сацыяльнай роўнасці пры аказанні медыцынскай дапамогі. На заканадаўчым узроўні абвешчана права грамадзян Рэспублікі Беларусь на бясплатную медыцынскую дапамогу ў дзяржаўных установах аховы здароўя.

На думку многіх прадстаўнікоў айчыннай і замежнай аховы здароўя, прынцыпы школы М. А. Сямашкі не ўстарэлі, а відазмяніліся ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, новай эпідэміялагічнай сітуацыяй. Гэтыя змены знайшлі адлюстраванне ў рэзалюцыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) «Асноўныя прынцыпы развіцця нацыянальнай аховы здароўя» (1970).

Першы прынцып — адказнасць дзяржавы, усіх ведамстваў, грамадскіх інстытутаў і структур за ахову і ўмацаванне здароўя кожнага грамадзяніна і ўсіх членаў грамадства. Забеспячэнне комплексу эканамічных і сацыяльных мерапрыемстваў шляхам стварэння дзяржаўнай аховы здароўя, якая спалучае сваю дзейнасць з прыватнымі медыцынскімі структурамі, з узрастаючай арганізацыйнай і эканамічнай адказнасцю рэгіёнаў за здароўе насельніцтва.

Другі прынцып — комплекснае правядзенне мерапрыемстваў па індывідуальнай і грамадскай прафілактыцы ва ўсіх сферах жыцця грамадства, уключаючы ахову навакольнага асяроддзя, прадухіленне і ранняе выяўленне хвароб, арганічнае спалучэнне папераджальнай, лячэбнай і рэабілітацыйнай дзейнасці арганізацый аховы здароўя пры ўзмацненні першаснай медыцынскай дапамогі, шматбаковай прапаганды медыка-санітарных ведаў і фарміравання здаровага ладу жыцця сярод усіх груп насельніцтва.

Трэці прынцып — забеспячэнне неабходнага ўзроўню дыягнастычнай, лячэбнай і рэабілітацыйнай дапамогі насельніцтву на аснове эканамічна апраўданага спалучэння бюджэтнага і платнага фінансавання.

Чацвёрты прынцып — развіццё медыка-біялагічных даследаванняў, іх устойлівае фінансаванне, пастаяннае выкарыстанне дасягненняў сусветнай медыцынскай навукі ў практыцы аховы здароўя.

Пяты прынцып — рацыянальная падрыхтоўка і ўдасканаленне кадраў для аховы здароўя як асновы паспяховага функцыянавання ўсіх звёнаў кіравання і дзейнасці аховы здароўя.

У рэкамендацыях СААЗ акцэнт зроблены на кансалідацыю намаганняў аховы здароўя з дзейнасцю па ахове здароўя дабрачынных, рэлігійных і іншых грамадскіх арганізацый, актыўнае прыцягненне насельніцтва, удзел у ахове здароўя ўсіх палітычных, сацыяльных і эканамічных структур.

Асабліва пільная ўвага надаецца кансалідацыі намаганняў па ахове здароўя маці і дзіцяці, стварэнню ўмоў для нараджэння здаровых дзяцей, іх развіцця. Сістэма аховы здароўя маці і дзіцяці ў нашай краіне з’яўляецца адным з самых значных яе сацыяльных дасягненняў.

У рэспубліцы сфарміравана чатырохузроўневая сістэма аказання перынатальнай дапамогі: 4‑ы ўзровень — РНПЦ «Маці і дзіця»; 3‑і ўзровень — абласныя радзільныя дамы і дзіцячыя бальніцы; 2‑і ўзровень — міжраённыя радзільныя дамы і дзіцячыя бальніцы; 1‑ы ўзровень — радзільныя аддзяленні і дзіцячыя аддзяленні цэнтральных раённых бальніц. Створана служба аховы здароўя маці і дзіцяці, медыка-генетычнага кансультавання.

Беларусь уваходзіць у лік 50 найлепшых краін свету па вядзенні цяжарнасці, арганізацыі родаў кваліфікаваным медыцынскім персаналам; 100 % родадапамог праходзіць ва ўмовах стацыянара. Паказчыкі мацярынскай смяротнасці і смяротнасці немаўлят адпавядаюць узроўню развітых краін свету.

Важную ролю адыгрывае сістэма аховы здароўя ў галіне гарантавання дэмаграфічнай бяспекі дзяржавы. Улічваючы вопыт іншых краін у вырашэнні пытанняў выхаду з дэмаграфічнага крызісу, а таксама грунтуючыся на пазіцыях нацыянальнай бяспекі і арыентуючыся на ўласны шлях развіцця, у Рэспубліцы Беларусь быў прыняты шэраг дакументаў, якія адлюстроўваюць дзяржаўную палітыку: закон «Аб дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 (у рэдакцыі Указа № 420 ад 12 кастрычніка 2015) «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады і інш. Гэтымі нарматыўнымі прававымі актамі вызначаны асноўныя кірункі дзейнасці дзяржавы, Урада, галіновых міністэрстваў у галіне дэмаграфічнай бяспекі.

Асноўныя фактары развіцця сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь:

  • інвестыцыі ў паляпшэнне здароўя на ўсіх этапах жыцця чалавека і пашырэнне правоў і магчымасцей грамадзян;

  • стварэнне адзінага прафілактычнага асяроддзя і падтрымкі здароўя на ўсіх этапах жыцця чалавека;

  • удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў, арыентаванай на патрэбы аховы здароўя;

  • забеспячэнне пераемнасці фундаментальнай і прыкладной навукі шляхам інтэграцыі навукі, адукацыі і клінічнай практыкі, умацавання сувязі навукі з вытворчасцю, стварэння эфектыўнай сістэмы ўкаранення ўласных і запазычаных навуковых распрацовак у практычную ахову здароўя рэспублікі;

  • развіццё фармацэўтычнай прамысловасці, у т. л. пашырэнне наменклатуры атрыманых на аснове перадавога навуковага вопыту і сучасных тэхналогій гатовых лекавых сродкаў і фармацэўтычных субстанцый, а таксама інтэнсіфікацыя развіцця фармацэўтычнай прамысловасці шляхам уводу ў эксплуатацыю сучасных, мадэрнізацыі і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы існуючых вытворчасцей;

  • удасканаленне сістэмы кіравання якасцю медыцынскай дапамогі на аснове стандартызацыі, выкарыстання доказных тэхналогій, сістэмы паказчыкаў якасці і методыкі іх ацэнкі;

  • узмацненне каардынацыйнай ролі Міністэрства аховы здароўя па міжведамасным узаемадзеянні, накіраваным на зніжэнне сацыяльна-эканамічных страт, звязаных з асноўнымі неінфекцыйнымі захворваннямі;

  • узмацненне эпідэміялагічнага нагляду за інфекцыйнымі захворваннямі.


Даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі

Асаблівасцямі функцыянавання сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца поўны ахоп насельніцтва медыцынскай дапамогай, якая аказваецца за кошт бюджэтных сродкаў, а таксама дзяржаўнае рэгуляванне і планаванне праз рэалізацыю комплексу дзяржаўных праграм у сферы аховы здароўя насельніцтва (рыс. 2).

Рыс. 2. Структура расходаў сістэмы аховы здароўя ў разрэзе функцый, якія яна выконвае, %.
Рыс. 2. Структура расходаў сістэмы аховы здароўя ў разрэзе функцый, якія яна выконвае, %.

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі

Беларускі навукова-даследчы інстытут анкалогіі і медыцынскай радыялогіі

Беларускі навукова-даследчы інстытут анкалогіі і медыцынскай радыялогіі

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця»

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця»

З мэтай паляпшэння даступнасці і зніжэння чэргаў у амбулаторна-паліклінічных арганізацыях праведзена іх перааснашчэнне; палепшана работа рэгістратур (укаранёны прынцып аднаго акна, сістэма папярэдняга запісу на прыём з дапамогай сродкаў камунікацыі, устаноўлены аўтаматызаваныя інфармацыйныя сістэмы «Даведка» і прамы доступ пацыентаў да ўрачоў-спецыялістаў; развіваецца інстытут памочніка ўрача (3 144 спецыялісты ў 2020). Ва ўсіх амбулаторна-паліклінічных установах аховы здароўя буйных гарадоў ёсць магчымасць запісу на прыём да ўрачоў праз інтэрнэт. Укараненне пасады памочніка ўрача прадэманстравала высокую эфектыўнасць у рацыянальным размеркаванні і выкарыстанні кадравых рэсурсаў у ахове здароўя. Пры гэтым стала магчымым арганізаваць работу тэрапеўтычнага ўчастка па прынцыпе каманды. Гэта новаўвядзенне дазволіла палепшыць даступнасць медыцынскай дапамогі насельніцтву, а таксама павысіць прэстыж сярэдняга медыцынскага работніка.

У Рэспубліцы Беларусь дасягнуты мінімальныя тэрміны чакання аказання медыцынскай дапамогі: экстранная дапамога аказваецца ў момант звароту, даступнасць участковых урачоў не перавышае аднаго дня, вузкіх спецыялістаў (планавыя прыёмы) — ад тыдня да месяца. Экстранная шпіталізацыя ажыццяўляецца неадкладна, планавая — строга па даце яе прызначэння.

Для павышэння даступнасці спецыялізаванай, у т. л. высокатэхналагічнай, медыцынскай дапамогі праведзена значная работа па ўкараненні новых тэхналогій. Сфарміраваны рэспубліканскі ўзровень аказання медыцынскай дапамогі. Створана сетка рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў (РНПЦ), якія маюць магутную матэрыяльна-тэхнічную базу, высокакваліфікаваныя кадры, якія валодаюць самымі перадавымі тэхналогіямі, навейшымі дасягненнямі сусветнай медыцынскай навукі. Цэнтры аказваюць арганізацыйную, метадычную дапамогу рэгіёнам, праводзяць навучанне спецыялістаў на рабочых месцах. Дзякуючы гэтаму штогод пашыраецца пералік высокатэхналагічных і складаных медыцынскіх умяшанняў, узрастае аб’ём тэхналагічных інавацый, назіраецца значнае павышэнне даступнасці і своечасовасці аказання высокатэхналагічнай дапамогі пацыентам.

Рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры:

  • анкалогіі і медрадыялогіі імя М. М. Аляксандрава;

  • дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі;

  • «Кардыялогія»;

  • «Маці і дзіця»;

  • радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека;

  • отарыналарынгалогіі;

  • неўралогіі і нейрахірургіі;

  • траўматалогіі і артапедыі;

  • медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі;

  • эпідэміялогіі і мікрабіялогіі;

  • псіхічнага здароўя;

  • пульманалогіі і фтызіятрыі;

  • гігіены;

  • дзіцячай хірургіі;

  • медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя;

  • трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій.

Ва ўсіх абласных бальніцах выконваюцца дыягнастычныя каранараграфіі, аперацыі па імплантацыі электракардыястымулятараў, стэнціраванні артэрый і інш. Паспяхова развіваецца транспланталогія.

Калі яшчэ 10 гадоў таму ў рэспубліцы выконваліся адзінкавыя аперацыі па трансплантацыі нырак, то цяпер выконваюцца трансплантацыі печані, сэрца і комплексаў органаў, а таксама трансплантацыі ствалавых клетак. Трансплантацыя буйных суставаў ажыццяўляецца ва ўсіх абласных і многіх раённых цэнтрах. Па органных трансплантацыях у разліку на аднаго жыхара Беларусь істотна апярэджвае ўсе краіны СНД.

У краіне забяспечана кансультаванне пацыентаў з дапамогай тэлекамунікацыйных тэхналогій. Гэта дазваляе праводзіць кругласутачныя кансультацыі складаных пацыентаў на розных этапах аказання дапамогі, экстранныя кансультацыі пацыентаў, якія знаходзяцца ў крытычным стане, і кансультацыі ў працэсе аказання дапамогі пацярпелым у надзвычайных сітуацыях, а таксама забяспечыць дыстанцыйны доступ некалькіх спецыялістаў да адной і той жа медыцынскай выявы, што вельмі важна пры правядзенні кансіліумаў для павышэння даступнасці медыцынскай дапамогі, асабліва жыхарам аддаленых раёнаў.

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі
Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Кардыялогія»
У аснове даступнасці і якасці аказання медыцынскай дапамогі ляжаць забяспечанасць галіны медыцынскімі кадрамі, узровень іх падрыхтоўкі, матывацыя да работы (табліца 1).

Табліца 1. Даныя аб колькасці навучэнцаў медыцынскіх універсітэтаў Рэспублікі Беларусь

Год

Агульная колькасць навучэнцаў

У тым ліку:

грамадзян Рэспублікі Беларусь

замежных

грамадзян

усяго

у т. л. навучаюцца за кошт:

бюджэтных сродкаў

сродкаў бюджэту на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі

уласных сродкаў

2010 

19 319 

17 303 

12 856 

2 036 

4 447 

2 016 

2011 

20 432 

18 248 

12 886 

2 486 

5 362 

2 184 

2012 

21 320 

18 726 

13 053 

2 860 

5 673 

2 594 

2013 

21 345 

18 529 

12 905 

3 170 

5 624 

2 816 

2014 

21 431 

18 228 

12 698 

3 499 

5 530 

3 203 

2015 

21 051 

17 539 

12 103 

3 769 

5 436 

3 512 

2016 

20 490 

16 533 

11 080 

3 749 

5 453 

3 957 

2017 

20 162 

15 902 

10 490 

3 716 

5 412 

4 260 

2018

20 696

15 483

9 989

3 816

5 494

5 213

2019

19 961

15 182

9 593

3 987

5 589

4 779

2020

20 086

15 078

9 364

4 074

5 714

5 008

Каля 70 % маладых спецыялістаў працягваюць працаваць на першым месцы працы пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні. Памяншэнне цякучасці кадраў, падтрымка матывацыі высокага ўзроўню прафесіяналізму, забеспячэнне правоў і інтарэсаў чалавека ў прафесіі — тыя задачы, на якія накіраваны намаганні Міністэрства аховы здароўя.

Як сведчыць сусветны вопыт, пытанні павышэння якасці медыцынскай дапамогі патрабуюць ажыццяўлення шырокага кола мер, якія ўключаюць фінансавыя і прафесійныя стымулы, распрацоўку інфармацыйных сістэм і адпаведнага заканадаўства. Спалучэнне стратэгічных і практычных рашэнняў з бесперапынным працэсам ацэнкі якасці працягвае заставацца актуальным пытаннем сучаснага ўзроўню развіцця аховы здароўя ў нашай краіне. Палітыка павышэння і кіравання якасцю медыцынскай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь адпавядае рэкамендацыям СААЗ па гэтых пытаннях.


Праграмна-мэтавае планаванне ў ахове здароўя

Сістэма аховы здароўя Рэспублікі Беларусь актыўна выкарыстоўвае тэхналогію праграмна-мэтавага планавання, у т. л. на рэгіянальным узроўні. Гэта азначае, што работа галіны ў значнай меры ажыццяўляецца праз рэалізацыю дзяржаўных праграм. Такі мэтавы падыход дае магчымасць ва ўмовах дэфіцыту фінансавых, матэрыяльных і іншых рэсурсаў канцэнтраваць іх на найбольш прыярытэтных напрамках развіцця аховы здароўя, дасягаючы тым самым максімальных вынікаў у найбольш сціслыя тэрміны. Акрамя таго, удзел у рэалізацыі такіх праграм розных службаў і ведамстваў забяспечвае комплексны міжведамасны падыход у дасягненні пастаўленых мэт.

Ахова здароўя — адна з першых галін, што ўкаранілі праграмна-мэтавае планаванне як асноўны механізм павышэння яе эфектыўнасці.

Пачынаючы з 2002 г., калі актывізаваўся працэс падрыхтоўкі і рэалізацыі дзяржаўных праграм, сістэма аховы здароўя з’яўлялася заказчыкам і выканаўцам больш як 40 дзяржаўных праграм і (або) іх раздзелаў, асноўныя з якіх:

  • Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2007 —2010 гады;

  • Дзяржаўная праграма «Анкалогія» на 2010–2014 гады;

  • Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады;

  • Дзяржаўная праграма «Кардыялогія» на 2011–2015 гады;

  • Дзяржаўная праграма «Туберкулёз» на 2011–2015 гады;

  • Дзяржаўная праграма прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі на 2011–2015 гады і інш.

Пры падтрымцы Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ, з улікам перадавога міжнароднага вопыту, распрацаваны мерапрыемствы Дзяржаўных праграм «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016–2020 гады і «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021–2025 гады. Падпраграмы Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021–2025 гады: «Сям’я і дзяцінства»; «Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў»; «Папярэджанне і пераадоленне п’янства і алкагалізму, ахова псіхічнага здароўя»; «Процідзеянне распаўсюджванню туберкулёзу»; «Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі»; «Забеспячэнне функцыянавання сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».

Дзякуючы рэалізацыі шэрага дзяржаўных і галіновых праграм праведзена мадэрнізацыя і тэхнічнае перааснашчэнне арганізацый аховы здароўя, уключаючы абласныя і сельскія; распрацаваны і ўкаранёны ў практычную ахову здароўя сучасныя тэхналогіі дыягностыкі і лячэння, палепшана міжведамаснае ўзаемадзеянне і павышана адказнасць органаў мясцовай выканаўчай улады ў вырашэнні пытанняў аховы здароўя.


Сацыяльныя стандарты ў галіне аховы здароўя

Сістэма дзяржаўных сацыяльных стандартаў вызначыла мінімальны ўзровень гарантый для жыхароў Беларусі ва ўсіх сацыяльна значных сферах. Дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт — гэта мінімальны ўзровень дзяржаўных гарантый сацыяльнай абароны, які забяспечвае задавальненне асноўных патрэб чалавека і выражаецца ў нормах і нарматывах забеспячэння грашовых выплат, бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг, сацыяльных дапамог і выплат. Адзіныя нарматывы сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва павінны вызначыць гарантыі, якія дзяржава можа забяспечыць бясплатна ў жыццёва важных сферах.

Адметнай рысай, якая адрознівае беларускую сістэмы аховы здароўя ад аховы здароўя іншых краін постсавецкай прасторы, з’яўляецца распрацоўка і ўкараненне сістэмы дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў, якія гарантуюць атрыманне вызначанага аб’ёму бясплатнай медыцынскай дапамогі ў дзяржаўных установах аховы здароўя ўсім слаям насельніцтва. Гэты прынцып закладзены ў аснову дзяржаўных праграм і планаў.

Дзяржаўнымі мінімальнымі сацыяльнымі стандартамі ў галіне аховы здароўя з’яўляюцца:

  • нарматыў бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на ахову здароўя на аднаго жыхара;

  • нарматыў забяспечанасці ўрачамі першаснага звяна ў разліку на занятыя пасады: урач агульнай практыкі, участковы тэрапеўт і педыятр (сумарна) — адзін урач на 1,3 тыс. жыхароў; у т. л.

  • адзін урач агульнай практыкі на 1,3 тыс. дарослага і дзіцячага насельніцтва, адзін — на 1,5 тыс. дарослага насельніцтва, адзін участковы ўрач-тэрапеўт на 1,7 тыс. дарослых жыхароў, адзін участковы ўрач-педыятр на 800 дзяцей;

  • нарматыў забяспечанасці месцамі ў бальніцах: 9 ложкаў на 1 000 жыхароў для абласцей, 8 ложкаў на 1 000 жыхароў для Мінска (без уліку ложкаў бальніц сястрынскага догляду);

  • нарматыў забяспечанасці аптэкамі ўсіх форм уласнасці: для рэгіёнаў — адна аптэка на 8 тыс. жыхароў, для Мінска — адна аптэка на 11,5 тыс. жыхароў;

  • нарматыў забяспечанасці брыгадамі хуткай медыцынскай дапамогі: для рэгіёнаў — 2 брыгады хуткай медыцынскай дапамогі ў раёнах з насельніцтвам да 15 тыс. жыхароў; 3 брыгады — у раёнах з насельніцтвам ад 15 да 35 тыс. жыхароў; у раёнах з насельніцтвам звыш 35 тыс. жыхароў — 3 брыгады хуткай медыцынскай дапамогі на 35 тыс. жыхароў і дадаткова адна брыгада на кожныя 12 тыс. жыхароў звыш 35 тыс. жыхароў; для Мінска — адна брыгада хуткай медыцынскай дапамогі на 12 тыс. жыхароў;

  • нарматыў забяспечанасці спецыяльнымі аўтамабілямі «медыцынская дапамога»: для амбулаторый і бальніц сястрынскага догляду — адна адзінка аўтатранспарту, для ўчастковых бальніц — 2 адзінкі аўтатранспарту ў бальніцы з колькасцю ложкаў больш за 20 і адна адзінка аўтатранспарту — з колькасцю ложкаў 20 і менш.

Сацыяльныя стандарты з’яўляюцца гарантыяй дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы здароўя і даюць магчымасць кожнаму жыхару рэспублікі атрымаць медыцынскія паслугі ў поўным аб’ёме, павялічваюць рэальную даступнасць і павышаюць якасць бясплатнай медыцыны для насельніцтва.

Асноўны сацыяльны стандарт — нарматыў бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара. Выдаткі на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара за апошнія 20 гадоў выраслі з 69,8 да 294,82 долара ЗША.

Нарматывы бюджэтнага фінансавання выдаткаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара адлюстроўваюць памеры сродкаў, неабходных для кампенсацыі затрат дзяржаўных арганізацый аховы здароўя на аказанне бясплатнай медыцынскай дапамогі.

Мінімальны нарматыў бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на ахову здароўя на аднаго жыхара па рэспубліцы і па бюджэтах абласцей і г. Мінск вызначаецца штогод ва ўстаноўленым парадку Міністэрствам фінансаў сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і ўключаецца ў праект закона аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы (бюджэтны) год.

Мінімальны нарматыў бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара па Рэспубліцы Беларусь на 2021 г. быў вызначаны ў памеры 760,31 руб.


Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь — нацыянальны каардынатар у вырашэнні праблем грамадскага здароўя і аховы здароўя

На Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь як галаўны орган выканаўчай улады, адказны за здароўе насельніцтва, ускладзена функцыя па каардынацыі дзейнасці зацікаўленых галін і грамадзянскіх супольнасцей паміж сабой, па выбудоўванні сістэмы прыярытэтаў і міжведамасных узаемаадносін у сферы аховы і ўмацавання здароўя насельніцтва.

Іншыя міністэрствы і ведамствы ажыццяўляюць меры, накіраваныя на прафілактыку сацыяльна значных неінфекцыйных захворванняў і фарміраванне здаровага ладу жыцця, у межах сваёй кампетэнцыі. Да гэтай работы прыцягнуты рэлігійныя арганізацыі і грамадскія аб’яднанні.

Рэалізавана Дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016 —2020 гады, якая была нацэлена на рэалізацыю і прыняцце комплексных мер, накіраваных на прафілактыку асноўных хранічных захворванняў на працягу ўсяго жыцця чалавека праз стварэнне адзінага прафілактычнага асяроддзя. Яна з’яўлялася асноватворнай праграмай у галіне аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь.

У выніку рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016–2020 гады:    

  • праведзены 2 агульнанацыянальныя эпідэміялагічныя даследаванні распаўсюджанасці паводзінскіх і біялагічных фактараў рызыкі з прымяненнем міжнароднай методыкі STEPS «Распаўсюджанасць фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў у Рэспубліцы Беларусь» сярод насельніцтва рэспублікі ва ўзросце 18–69 гадоў (STEPS 2016 і STEPS 2020), даныя якіх выкарыстаны ў гэтай рабоце;

  • Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 24 студзеня 2019 г. падпісаны Дэкрэт № 2 «Аб змяненні дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», у адпаведнасці з якім з 27 ліпеня 2019 г. уступілі ў сілу змяненні і дапаўненні ў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2002 г. № 28 «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў»;

  • выдадзена пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 19 красавіка 2019 г. № 35 «Аб устанаўленні ўзору і патрабаванняў да размяшчэння знака аб забароне курэння»;

  • уступіў у сілу Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Тэхнічны рэгламент на тытунёвую прадукцыю», якім у т. л. вызначаны патрабаванні да ўпакоўкі і маркіроўкі тытунёвых вырабаў у адпаведнасці з патрабаваннямі міжнародных норм;

  • завершана распрацоўка нацыянальнай інфармацыйнай стратэгіі па здаровым ладзе жыцця;

  • праведзена рэспубліканская інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Беларусь супраць тытуню», якая была прымеркавана да правядзення II Еўрапейскіх гульняў (2019);

  • ажыццяўлялася рэалізацыя трох буйных рэспубліканскіх прафілактычных праектаў: «Здаровыя гарады і пасёлкі» (139 населеных пунктаў), «Школа — тэрыторыя здароўя» і «Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра!»;

  • праведзена рэгуляванне акцызаў на тытунёвыя вырабы з улікам параметраў інфляцыі і іншых знешніх фактараў, што адпавядае рэкамендацыям СААЗ;

  • арганізавана інфармацыйна-адукацыйная работа з насельніцтвам па пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця і самазахавальных паводзін, праблемах неінфекцыйных захворванняў з дапамогай правядзення шырокамаштабных акцый, культурных мерапрыемстваў, інфармацыйных кампаній, адзіных дзён здароўя, шырокага выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў, правядзення фізкультурна-спартыўных мерапрыемстваў і іх асвятлення ў сродках масавай інфармацыі, распрацоўкі і ўкаранення грамадскага праекта «Валанцёр здаровага ладу жыцця».

Пераемнікам вышэйназванай праграмы з’яўляецца Дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021–2025 гады. Прынцыпова новым у гэтай дзяржаўнай праграме з’яўляецца зрушэнне акцэнтаў на прафілактыку хвароб сістэм кровазвароту, пачынаючы з ранняга дзіцячага ўзросту, актыўнага выяўлення захворванняў, своечасовага якаснага іх лячэння.

У рэспубліцы вядзецца работа па павышэнні інфармаванасці насельніцтва па пытаннях харчавання, барацьбы з тытунекурэннем, папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця сярод усіх груп насельніцтва. Асвятленне гэтых пытанняў — прыярытэтная задача сродкаў масавай інфармацыі і сацыяльнай рэкламы. Да гэтай работы падключаны ўсе органы дзяржаўнай улады, грамадскія арганізацыі і аб’яднанні. Прапаганда здаровага ладу жыцця і выхаванне фізічна здаровай нацыі — задача, якая без перабольшання становіцца для беларусаў атрыбутам паўсядзённага жыцця.

Вядзецца актыўнае ўзаемадзеянне з міністэрствамі адукацыі, культуры, інфармацыі, спорту і турызму, сацыяльнай службай, грамадскімі арганізацыямі і рэлігійнымі канфесіямі. Функцыянуе шэраг саветаў па асобных пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця насельніцтва і прафілактыкі залежнасцей: Міжведамасны савет па прадухіленні і прафілактыцы п’янства, алкагалізму, наркаманіі і спажывання тытуню пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міжведамасны каардынацыйны савет па пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця пад старшынствам намесніка Міністра аховы здароўя — Галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача.

Такім чынам, у прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў асноўная ўвага надаецца інфармацыйна-адукацыйнай рабоце з насельніцтвам на аснове эфектыўнага міжведамаснага і міжсектаральнага ўзаемадзеяння з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій.

Рашэнне пытанняў паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі — задача ўсяго грамадства. Яе паляпшэнне забяспечваецца кансалідацыяй намаганняў усіх галін эканомікі, сацыяльных інстытутаў і кожнага чалавека паасобку. У краіне працуюць міжведамасныя камісіі, дзе абмяркоўваюцца і прымаюцца канкрэтныя меры ў гэтым кірунку.

Міністэрствам аховы здароўя як каардынацыйным органам у галіне прафілактыкі захворванняў і аказання медыцынскіх паслуг насельніцтву асноўны акцэнт у рабоце зроблены на развіцці першаснага звяна.

Арганізацыямі аховы здароўя аказваецца метадычная дапамога органам адукацыі ў падрыхтоўцы і правядзенні вучэбна-выхаваўчых мерапрыемстваў, праграм па маральна-палавым выхаванні і навучанні, захаванні рэпрадуктыўнага здароўя падлеткаў і моладзі.


Структура аховы здароўя

Медыцынскі цэнтр «Нардзін» у Мінску

Медыцынскі цэнтр «Нардзін» у Мінску

Медыцынскі цэнтр «Экамедсервіс» у Мінску

Медыцынскі цэнтр «Экамедсервіс» у Мінску

Як і многія краіны Усходняй Еўропы і былога СССР, Рэспубліка Беларусь атрымала ў спадчыну паралельную сістэму медыцынскага абслугоўвання грамадзян: арганізацыі аховы здароўя сістэмы Міністэрства аховы здароўя і ведамасныя арганізацыі аховы здароўя, падпарадкаваныя іншым органам дзяржаўнага кіравання.

Ведамасная медыцына на сучасным этапе сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны з’яўляецца неад’емнай часткай адзінай сістэмы аховы здароўя, эфектыўным дапаўненнем тэрытарыяльнай сістэмы аховы здароўя. У цесным узаемадзеянні з усёй сістэмай аховы здароўя яна забяспечвае даступную высокакваліфікаваную вытворча арыентаваную медыцынскую дапамогу грамадзянам, якія працуюць, на прадпрыемстве або ў непасрэднай блізкасці ад яго, захоўвае пераемнасць паміж арганізацыямі аховы здароўя рознага ўзроўню.

Асаблівасцю сістэмы айчыннай аховы здароўя ў цяперашні час з’яўляецца наяўнасць і функцыянаванне ў ёй арганізацый аховы здароўя розных форм уласнасці — дзяржаўнай і прыватнай. Некаторыя буйныя прыватныя медыцынскія цэнтры, якія з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, маюць значную долю замежнага капіталу.

У Беларусі прыватны і дзяржаўны сектары канкурыруюць у сферы амбулаторнай дапамогі. Гэта характэрна і для многіх краін. Прыватная медыцына ў Беларусі актыўна развіваецца, пра што сведчыць колькасць дзейных ліцэнзій, выдадзеных Міністэрствам аховы здароўя (2 845 на пачатак 2021). Найбольш буйнымі прыватнымі медыцынскімі цэнтрамі ў Беларусі з’яўляюцца: «ЛОДЭ», «Нардзін», «Сінлаб-ЕМЛ», «Экамедсэрвіс», незалежныя лабараторыі «ІНВІТРО», «Сінэва» і інш. Некаторыя з іх маюць філіялы па ўсёй краіне.

Міністэрства аховы здароўя і падведамныя арганізацыі. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і падпарадкоўваецца Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Асноўнымі задачамі Міністэрства аховы здароўя з’яўляюцца:

  • правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы здароўя;

  • арганізацыя аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву Рэспублікі Беларусь;

  • арганізацыя забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва і правядзенне мерапрыемстваў у гэтым напрамку;

  • арганізацыя лекавага забеспячэння насельніцтва Рэспублікі Беларусь;

  • арганізацыя правядзення навуковых даследаванняў, падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ва ўстановах дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы пасляўніверсітэцкай адукацыі, укараненне дасягненняў навукі і тэхнікі ў медыцынскую практыку;

  • каардынацыя дзейнасці іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, юрыдычных і фізічных асоб у галіне аховы здароўя і (або) кантролю за такой дзейнасцю ў парадку, устаноўленым заканадаўствам;

  • правядзенне дзяржаўнай палітыкі ў сферы аказання псіхалагічнай дапамогі;

  • забеспячэнне выканання паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, якія зацвярджаюцца ў адпаведнасці з актамі заканадаўства;

  • прыцягненне інвестыцый, у т. л. замежных, у сферу аховы здароўя і прамысловай вытворчасці лекавых сродкаў;

  • ажыццяўленне каардынацыі дзейнасці па арганізацыі і забеспячэнні вытворчасці, структуры і наменклатуры лекавых сродкаў, а таксама па павышэнні яе якасці і канкурэнтаздольнасці, развіцці экспартнага патэнцыялу айчыннай фармацэўтычнай прамысловасці;

  • правядзенне дзяржаўнай палітыкі па абароне эканамічных інтарэсаў айчынных вытворцаў лекавых сродкаў на знешнім і ўнутраным рынках і дзяржаўнай падтрымцы іх экспарту.

Арганізацыйныя прынцыпы дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя, рэкамендаваныя СААЗ:

  • дзяржаўны характар аховы здароўя (дзяржава цалкам бярэ на сябе абавязкі фінансавання аховы здароўя, выдаткі на развіццё медыцынскай навукі);

  • бясплатнасць і агульнадаступнасць медыцынскай дапамогі;

  • прафілактычная накіраванасць (арганізацыя сацыяльна-эканамічных мерапрыемстваў па папярэджванні захворванняў і ліквідацыі прычын іх уздзеяння; кантроль за выкананнем санітарна-гігіенічных норм і правіл; фарміраванне ў насельніцтва навыкаў здаровага ладу жыцця; шырокі ахоп насельніцтва дыспансерызацыяй);

  • адзінства аховы здароўя (адзінства лячэння і прафілактыкі, навукі і практыкі);

  • планаванне і прагназаванне дзейнасці аховы здароўя;

  • грамадскі характар аховы здароўя (удзел насельніцтва ў вырашэнні пытанняў аховы здароўя);

  • інтэрнацыяналізм (дапамога іншым краінам, каардынацыя дзеянняў).

Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь адказвае за распрацоўку дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы здароўя і ажыццяўляе рэгуляванне на ўсіх узроўнях сістэмы аховы здароўя: агульнанацыянальным, абласным і раённым — праз тэрытарыяльныя органы кіравання аховай здароўя. Акрамя таго, найважнейшымі ўдзельнікамі гэтага працэсу з’яўляюцца раённыя і абласныя органы дзяржаўнага кіравання, паколькі на сваім узроўні яны нясуць адказнасць за фінансаванне сістэмы аховы здароўя.

Узаемаадносіны паміж рознымі ўзроўнямі ўнутры сістэмы аховы здароўя носяць іерархічны характар, і большасць палітычных рашэнняў прымаецца цэнтралізавана.

Акрамя Міністэрства аховы здароўя ў кіраванні, фінансаванні, планаванні, працэсе рэгулявання аказання паслуг удзельнічаюць іншыя дзяржаўныя структуры. Ключавымі ўдзельнікамі працэсу распрацоўкі палітыкі ў сферы аховы здароўя з’яўляюцца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.

Савет Міністраў сумесна з Міністэрствам аховы здароўя прымае рашэнні аб перспектывах развіцця аховы здароўя і вызначае праграму яго рэформ. Прэзідэнт і Парламент зацвярджаюць бюджэт.

Міністэрства фінансаў сумесна з Міністэрствам аховы здароўя, Прэзідэнтам і Парламентам прымае ўдзел у вызначэнні аб’ёму бюджэтных асігнаванняў на ахову здароўя. Акрамя таго, Міністэрства фінансаў адсочвае працэс расходавання бюджэтных сродкаў, а Міністэрства аховы здароўя абавязана рэгулярна падаваць у Міністэрства фінансаў сваю бухгалтарскую справаздачнасць. Пэўны ўплыў на палітыку аховы здароўя маюць міжнародныя арганізацыі, у прыватнасці Глабальны фонд і СААЗ.

З сярэдзіны 2008 г. на Міністэрства аховы здароўя ўскладзены функцыі кантролю за медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасцю арганізацый аховы здароўя, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні іншых органаў дзяржаўнага кіравання, і адказнасць за вынікі іх дзейнасці. Па ўзгадненні з Міністрам аховы здароўя прызначаюцца на пасады і вызваляюцца ад пасад кіраўнікі арганізацый аховы здароўя, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый.

Адной з найважнейшых задач з’яўляецца каардынацыя дзейнасці іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, юрыдычных і фізічных асоб у галіне аховы здароўя і (або) кантролю за такой дзейнасцю. Міністэрства аховы здароўя таксама ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці па арганізацыі і забеспячэнні вытворчасці, структуры і наменклатуры лекавых сродкаў, а таксама па павышэнні іх якасці і канкурэнтаздольнасці, развіцці экспартнага патэнцыялу айчыннай фармацэўтычнай прамысловасці.

Сістэма Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь уключае цэнтральны апарат і падпарадкаваныя органы і арганізацыі.

У непасрэдным падпарадкаванні Міністэрства аховы здароўя:

  • органы кіравання аховай здароўя рэгіёнаў: галоўныя ўпраўленні аховы здароўя (па ахове здароўя) аблвыканкамаў і камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама;

  • арганізацыі аховы здароўя, падпарадкаваныя Міністэрству аховы здароўя: лячэбна-прафілактычныя арганізацыі аховы здароўя; навукова-даследчыя арганізацыі і ўстановы медыцынскай адукацыі; рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Кіруючая кампанія холдынга “Белфармпрам”», фармацэўтычныя прадпрыемствы і арганізацыі, аптэчныя ўстановы; цэнтры гігіены і эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Ахова здароўя рэгіёнаў. Беларуская мадэль фарміравання сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі і стратэгія ўстойлівага развіцця прадугледжваюць правядзенне эфектыўнай рэгіянальнай палітыкі, стварэнне спрыяльных умоў жыццядзейнасці насельніцтва на ўсёй тэрыторыі краіны.

10‑я гарадская клінічная бальніца горада Мінска

10‑я гарадская клінічная бальніца горада Мінска

39‑я гарадская клінічная паліклініка горада Мінска

39‑я гарадская клінічная паліклініка горада Мінска

Сістэма аховы здароўя Беларусі праводзіць эфектыўную рэгіянальную палітыку — забеспячэнне роўнадаступнай медыцынскай дапамогай насельніцтва незалежна ад сацыяльнага статусу грамадзян, узроўню іх даходаў і месца жыхарства.

Стратэгічнай мэтай рэгіянальнага развіцця аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца змяншэнне існуючых адрозненняў паміж рэгіёнамі па ўзроўні забеспячэння медыцынскімі паслугамі на аснове найбольш эфектыўнага выкарыстання рэсурснага, у т. л. кадравага, патэнцыялу.

Для дасягнення гэтай мэты ў ахове здароўя рэспублікі на ўзроўні абласцей і Мінска ў апошнія гады праведзены шэраг істотных пераўтварэнняў.

Перш за ўсё для выраўноўвання размеркавання рэсурсаў па тэрыторыях рэспублікі перагледжана сістэма фінансавання галіны, уведзены механізм фінансавання арганізацый аховы здароўя ў разліку на аднаго жыхара, што дае магчымасць пацыенту атрымліваць медыцынскую дапамогу ў поўным аб’ёме незалежна ад ступені развіцця інфраструктуры аховы здароўя рэгіёна, спрыяе рэалізацыі прынцыпу справядлівасці ў аказанні медыцынскай дапамогі, а таксама стварэнню ўмоў для эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў у розных рэгіёнах рэспублікі.

Іншым, не менш важным, мерапрыемствам развіцця аховы здароўя рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь стала стварэнне эфектыўнай мадэлі кіравання аховай здароўя з вертыкальнай сістэмай падпарадкаванасці. З 2006 г. у абласных цэнтрах, гарадах абласнога падпарадкавання і аднайменных раёнах ліквідаваны гарадскія і раённыя аддзелы аховы здароўя з перадачай функцый кіравання цэнтральнай паліклініцы (бальніцы).

У ходзе ўдасканалення структуры кіравання аховай здароўя забяспечаны роўныя магчымасці ў атрыманні медыцынскай дапамогі гарадскім і сельскім насельніцтвам; задаволены патрэбы сельскага насельніцтва ў шпіталізацыі ў стацыянары горада за кошт рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду; павышана адказнасць гарадскіх арганізацый аховы здароўя за аказанне медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву.

Галоўныя ўпраўленні па ахове здароўя абласных выканаўчых камітэтаў з’яўляюцца важнымі звёнамі ў арганізацыі аховы здароўя краіны, паколькі ім афіцыйна падпарадкоўваюцца ўсе дзяржаўныя бальніцы, паліклінікі, амбулаторыі і фельчарска-акушэрскія пункты, размешчаныя на тэрыторыі падведамнай ім вобласці.

Мінская абласная дзіцячая клінічная бальніца

Мінская абласная дзіцячая клінічная бальніца

4‑я дзіцячая паліклініка горада Мінска

4‑я дзіцячая паліклініка горада Мінска

Галоўныя ўпраўленні па ахове здароўя аблвыканкамаў засноўваюцца і кантралююцца абласнымі выканаўчымі камітэтамі ў адпаведнасці з загадамі губернатараў абласцей па ўзгадненні з Міністэрствам аховы здароўя. Яны падпарадкоўваюцца Міністэрству аховы здароўя, але валодаюць пэўнай самастойнасцю ў пытаннях, датычных арганізацыі аказання медыцынскіх паслуг і ў некаторай ступені іх фінансавання са сродкаў абласных бюджэтаў. На ўзроўні раёнаў адміністрацыя цэнтральнай раённай бальніцы ўзаемадзейнічае з раённым выканаўчым камітэтам, які з’яўляецца мясцовым органам выканаўчай улады.

Камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама ўтвораны ў складзе Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта як яго структурнае падраздзяленне і з’яўляецца галіновым органам выканаўчай улады, што кіруе дзейнасцю лячэбна-прафілактычных і іншых устаноў і прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў яго падпарадкаванні.

У падпарадкаванні абласных і Мінскага гарадскога органаў кіравання аховай здароўя знаходзяцца арганізацыі аховы здароўя, якія аказваюць стацыянарную, амбулаторна-паліклінічную і хуткую медыцынскую дапамогу ў рэгіёнах.

Такім чынам, пасля здабыцця Рэспублікай Беларусь незалежнасці ў сістэме аховы здароўя адбылася пэўная дэканцэнтрацыя паўнамоцтваў з іх перадачай з рэспубліканскага на абласны і раённы ўзроўні: за арганізацыю медыцынскай дапамогі насельніцтву на адпаведнай тэрыторыі адказваюць абласныя і раённыя органы кіравання аховай здароўя і, адпаведна, абласныя і раённыя органы дзяржаўнага кіравання. Мінімальныя стандарты ўстанаўліваюцца на агульнанацыянальным узроўні, але мясцовыя органы ўлады маюць права пашыраць іх з улікам уласных прыярытэтаў.

Жыровіцкая ўчастковая бальніца. Слонімскі раён Гродзенскай вобласці

Жыровіцкая ўчастковая бальніца. Слонімскі раён Гродзенскай вобласці

Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца. Брэсцкая вобласць

Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца. Брэсцкая вобласць

Сельская ахова здароўя. Арганізацыя медыцынскай дапамогі сельскім жыхарам адпавядае асноўным прынцыпам арганізацыі айчыннай аховы здароўя і характарызуецца гістарычна абумоўленымі асаблівасцямі, звязанымі з характарам рассялення, узростава-палавым складам насельніцтва, сезоннасцю сельскагаспадарчых работ і іншымі фактарамі.

Медыцынскае абслугоўванне сельскага насельніцтва характарызуецца этапнасцю: фельчарска-акушэрскія пункты, амбулаторыі, участковыя бальніцы — 1‑ы этап; цэнтральныя раённыя, раённыя (гарадскія) бальніцы і паліклінікі — 2‑і этап; абласныя арганізацыі аховы здароўя, міжраённыя цэнтры — 3‑і этап; рэспубліканскія арганізацыі аховы здароўя — 4‑ы этап.

Сельскае насельніцтва — гэта адмысловая сацыяльная група, якая мае шэраг асаблівасцей у параўнанні з гарадскім насельніцтвам. Для сельскіх жыхароў характэрна наяўнасць больш складанай паталогіі, нярэдка з ускладненнямі. Медыцынская актыўнасць і медыка-прававая пісьменнасць сельскага насельніцтва ніжэйшыя, чым гарадскога.

Занарачская ўрачэбная амбулаторыя. Мядзельскі раён Мінскай вобласці
Слуцкая цэнтральная раённая бальніца. Мінская вобласць
Сялявіцкі фельчарска-акушэрскі пункт Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы Гродзенскай вобласці

Вядучая роля ў кіраванні сельскай аховай здароўя адведзена цэнтральнай раённай бальніцы, якая складаецца з двух падраздзяленняў: раённая паліклініка і стацыянар. Участковыя бальніцы, урачэбныя амбулаторыі вызначаны структурнымі падраздзяленнямі раённай паліклінікі. Фельчарска-акушэрскія пункты з’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі ўрачэбных амбулаторый (рыс. 3).

Рыс. 3. Структура кіравання аховай здароўя раёнаў.
Рыс. 3. Структура кіравання аховай здароўя раёнаў.

У стацыянары функцыянуюць 4 асноўныя лячэбныя аддзяленні: хірургічнае, тэрапеўтычнае, педыятрычнае, акушэрска-гінекалагічнае. Інфекцыйнае аддзяленне арганізуецца пры колькасці насельніцтва, якое абслугоўваецца, больш за 30 тыс. чалавек. Іншыя спецыялізаваныя аддзяленні (неўралагічнае, отарыналарынгалагічнае, афтальмалагічнае, траўматалагічнае) арганізуюцца таксама пры колькасці насельніцтва, якое абслугоўваецца, больш за 30 тыс. чалавек.

Стаматалагічная дапамога
Лазерная аперацыя на сятчатцы вока
Аснашчэнне медыцынскіх устаноў. Аперацыйная зала

З мэтай удасканалення аказання медыцынскай і медыка-сацыяльнай дапамогі сельскаму насельніцтву праведзена паэтапнае пераўтварэнне асобных участковых бальніц у бальніцы сястрынскага догляду; сельскіх амбулаторый — у амбулаторыі агульнай урачэбнай практыкі з накіраваннем для работы ў іх урачоў, якія валодаюць навыкамі ўніверсальнай шматпрофільнай медыцынскай дапамогі. Частка фельчарска-акушэрскіх пунктаў пераўтворана ва ўрачэбныя амбулаторыі, г. зн. фельчарская дапамога замяняецца ўрачэбнай. Бальніцы сястрынскага догляду, участковыя бальніцы адносяцца да цэнтральнай раённай бальніцы. Такая структура арганізацый аховы здароўя раённага звяна накіравана на забеспячэнне аптымальнай кіравальнасці і аператыўнасці ў выкананні арганізацыйных і лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў, а таксама на павышэнне даступнасці ўрачэбнай дапамогі сельскаму насельніцтву.

Санітарна-эпідэміялагічны нагляд. Забеспячэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва Рэспублікі Беларусь з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі і сістэмы айчыннай аховы здароўя. Створана і дзейнічае адзіная цэнтралізаваная сістэма органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд на кожнай адміністрацыйнай тэрыторыі. У 2020 г. у рэспубліцы функцыянавала 138 санэпідустаноў.

Дзяржаўны санітарны нагляд — дзейнасць упаўнаважаных дзяржаўных органаў і ўстаноў, накіраваная на прафілактыку захворванняў шляхам папярэджвання, выяўлення і спынення парушэнняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства.

Сістэму органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, узначальвае намеснік Міністра аховы здароўя — Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач.

У сістэму дзяржаўнага санітарнага нагляду ў Рэспубліцы Беларусь уваходзяць:

  • аддзел гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя, дасведчаны па пытаннях дзяржаўнага санітарнага нагляду;

  • рэспубліканскі і абласныя цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя;

  • гарадскія, раённыя, занальныя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі;

  • цэнтры дэзынфекцыі і стэрылізацыі, прафілактычнай дэзынфекцыі; дэзынсекцыі і дэратызацыі, дэзынфекцыйныя станцыі, санітарна-кантрольныя пункты;

  • навукова-практычныя цэнтры (НПЦ гігіены, РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі).

Мэтанакіраваны комплекс прафілактычных і проціэпідэмічных мерапрыемстваў дазваляе захоўваць стабільную эпідэміялагічную абстаноўку па інфекцыйным захворванні ў рэспубліцы.

Дзякуючы правядзенню комплексу імунапрафілактычных мерапрыемстваў да адзінкавых выпадкаў знізілася захваральнасць на дыфтэрыю, краснуху, слупняк, не адзначаны выпадкі адзёру і поліяміеліту.

За апошнія 10 гадоў не зарэгістравана выпадкаў завозу на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь каранцінных, асабліва небяспечных інфекцый, якія маюць міжнароднае значэнне (чума, халера, жоўтая ліхаманка, птушыны грып і інш.). Не рэгістраваліся таксама выпадкі сібірскай язвы, бруцэлёзу, тулярэміі.

Ва ўмовах з’яўлення новых пагроз і выклікаў санітарна-эпідэміялагічнаму дабрабыту і бяспецы прымаюцца меры папярэджання далейшага распаўсюджвання ўстойлівасці мікраарганізмаў да супрацьмікробных, у т. л. антыбактэрыяльных, процівірусных, лекавых і дэзынфекцыйных сродкаў.

У перыяд эпідэміі інфекцыі COVID‑19 у Рэспубліцы Беларусь праводзіўся комплекс неабходных санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў, якія дазваляюць мінімізаваць рызыкі завозу і наступнага распаўсюджвання інфекцыі COVID‑19.

Праведзеная поўнамаштабная работа дазволіла забяспечыць кіравальнасць эпідэміялагічнай сітуацыяй па інфекцыі COVID‑19, магчымасць аказання адэкватнай медыцынскай дапамогі ўсім пацыентам, якія маюць патрэбу ў ёй.

На сучаснай заканадаўчай аснове санітарна-эпідэміялагічная служба рэспублікі вырашае не толькі лакальныя задачы, але і арыентавана на вырашэнне глабальных праблем з улікам тэхнагеннага і антрапагеннага ўмяшання ў экасістэму, прадстаўніком якой з’яўляецца і чалавек.


Сістэма аказання медыцынскай дапамогі

Сучасны мамограф

Сучасны мамограф

Магнітна-рэзанансны тамограф (МРТ)

Магнітна-рэзанансны тамограф (МРТ)

Пасля здабыцця Рэспублікай Беларусь дзяржаўнага суверэнітэту паўстала неабходнасць стварэння нацыянальнага заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць у розных галінах сацыяльна-эканамічнага будаўніцтва, у т. л. у галіне аховы здароўя. Фарміраванне адзінай прававой прасторы ў сістэме аховы здароўя насельніцтва з’яўлялася адным з прыярытэтных напрамкаў сучаснага этапу развіцця краіны. У Рэспубліцы Беларусь распрацавана заканадаўчая база, якая замацоўвае роўныя правы грамадзян на даступнае медыцынскае абслугоўванне. Асноватворнымі дакументамі з’яўляюцца: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (артыкул 45); законы «Аб ахове здароўя», «Аб лекавых сродках», «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце», «Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах» і інш.

У 2021 г. прыняты ў новай рэдакцыі закон «Аб ахове здароўя». Змяненні ўнесены ў палову артыкулаў закона (38 з 75). Закон дапоўнены 12 новымі главамі з улікам практыкі прымянення, прывядзення існуючых палажэнняў у адпаведнасць з міжнародна-прававымі і іншымі актамі заканадаўства.

Законапраект адпавядае патрэбе ўдасканалення прававых асноў функцыянавання сістэмы, у т. л. у галіне паслядыпломнай падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў, эфектыўнасці выкарыстання матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў, фарміравання інфармацыйнага асяроддзя, увядзення жорсткіх крытэрыяў фарміравання якасці і бяспекі аказання медыцынскай дапамогі, і ўводзіць шэраг навел:   

  • уведзены новы від экспертызы — экспертыза якасці медыцынскай дапамогі;

  • уведзена медыцынская акрэдытацыя дзяржаўных арганізацый аховы здароўя для ацэнкі лячэбна-дыягнастычных магчымасцей арганізацыі аховы здароўя;

  • пашыраны магчымасці выкарыстання аддзяленняў дзённага знаходжання шляхам забеспячэння грамадзян лекавымі сродкамі і медыцынскімі вырабамі ў межах рэспубліканскіх фармуляраў за кошт сродкаў бюджэту;

  • магчымасць прызначэння пацыентам кантраляванага лячэння пры асобных захворваннях (сухоты, СНІД, гепатыт С, рассеяны склероз), якое праводзіцца пад наглядам медыцынскіх работнікаў;

  • прадугледжана клініка-эканамічная (фармакаэканамічная) экспертыза як інструмент для адбору найбольш эканамічна выгадных і бяспечных медыцынскіх тэхналогій, якія будуць рэкамендаваны для ўключэння ў клінічныя пратаколы, рэспубліканскія фармуляры лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў, пералік асноўных лекавых сродкаў і іншыя дакументы, якія вызначаюць парадак аказання медыцынскай дапамогі;

  • уведзены механізм дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў галіне аховы здароўя, які забяспечыць магчымасць далучэння недзяржаўных арганізацый, якія ажыццяўляюць медыцынскую дзейнасць, да аказання медыцынскай дапамогі, рэалізацыі праектаў у сферы інтэграванай медыка-сацыяльнай дапамогі ўразлівым групам насельніцтва;

  • створаны ўмовы для далейшага ўкаранення электроннай аховы здароўя;

  • уведзена рэзідэнтура, якая заменіць клінічную ардынатуру;

  • замацавана вызначэнне ўніверсітэцкай клінікі як установы, якая аб’ядноўвае медыцынскую практыку, навуку і адукацыю;

  • уведзена паняцце прафесійнай рызыкі;

  • пашырана магчымасць выдачы інфармацыі, якая складае ўрачэбную тайну, без згоды пацыента;

  • удакладнены паняцці біямедыцынскіх клетачных прадуктаў, шэраг важных удакладненняў па парадку праходжання медыцынскіх аглядаў і інш.


Рэсурснае забеспячэнне аховы здароўя

Рэспубліка Беларусь — адна з нямногіх краін постсавецкай прасторы, ды і краін Еўрапейскага рэгіёна, дзе захавана і адаптавана да яе сацыяльна-эканамічных умоў бюджэтная сістэма фінансавання аховы здароўя.

Фінансаванне дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў. Аб’ём фінансавання вызначаецца на аснове нарматываў бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара, якія ўстанаўліваюцца законам аб бюджэце на чарговы фінансавы (бюджэтны) год.

На працягу апошніх гадоў у Рэспубліцы Беларусь на забеспячэнне сістэмы аховы здароўя са сродкаў дзяржаўнага бюджэту выдзяляецца фінансаванне каля 4 % ВУП, што адпавядае парогаваму значэнню індыкатара сацыяльнай бяспекі рэспублікі, рэкамендаванага СААЗ і прадугледжанага Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

У сучасным свеце ва ўмовах рыначнай эканомікі кожная сфера паслуг, у т. л. ахова здароўя, павінна развівацца не толькі за кошт дзяржаўнага фінансавання, але і з улікам дадатковых грашовых уліванняў у выглядзе інвестыцый. Для нас гэта развіццё платных медыцынскіх паслуг і іх экспарт. Дадатковымі крыніцамі фінансавання могуць з’яўляцца: сродкі ад дзейнасці, якая прыносіць даходы; сродкі ад аказання платных медыцынскіх паслуг насельніцтву; спонсарская дапамога; міжнародная тэхнічная дапамога; сродкі добраахвотнага медыцынскага страхавання; іншыя паступленні ад юрыдычных і фізічных асоб, якія не супярэчаць заканадаўству.

Забяспечанасць насельніцтва месцамі ў бальніцах у Беларусі (100 ложкаў на 10 тыс. насельніцтва) вышэй, чым у краінах СНД і Еўропы. Шматлікі ложкавы фонд абумоўлены перш за ўсё высокім даверам насельніцтва да бальнічнай дапамогі і яго жаданнем атрымліваць медыцынскую дапамогу пераважна ва ўмовах стацыянара, што было звычайнай практыкай у савецкі перыяд.

У рэспубліцы бальніцы аказваюць дапамогу пацыентам, якія маюць хранічныя захворванні і патрэбу ў працяглым доглядзе. Частка пажылых людзей праходзіць толькі абследаванне ў бальнічных стацыянарах. Таму захоўваецца высокая патрэба ў ложкавым фондзе, гэта сведчыць пра яго нерацыянальнае выкарыстанне. Актуальным з’яўляецца вызначэнне розніцы паміж медыцынскай і сацыяльнай дапамогай. Праводзіцца пастаянны аналіз работы ложкавага фонду і яго аптымізацыя з перапрафіляваннем ложкаў у рэабілітацыйныя, паліятыўныя і медыка-сацыяльныя. Пераглядаюцца і ўдакладняюцца паказанні да шпіталізацыі. Спецыялістамі амбулаторна-паліклінічных арганізацый актыўна праводзіцца работа па першаснай прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў. Адначасова ідзе ўкараненне стацыянаразамяшчальных тэхналогій як у амбулаторных, так і ў стацыянарных умовах.

Найбольш істотным і значным складнікам рэсурсаў аховы здароўя былі і застаюцца медыцынскія кадры, якія ўрэшце забяспечваюць выніковасць і эфектыўнасць яго дзейнасці. Беларусь з’яўляецца лідарам па забяспечанасці кваліфікаванымі медыцынскімі кадрамі: на 1 000 насельніцтва краіны прыпадае больш за 5 урачоў, што больш, чым у такіх вядучых краінах Еўропы, як Францыя, Германія, Аўстрыя.

Важным складнікам працы галіны з’яўляецца ўкамплектаванне вакантных пасад медыцынскіх работнікаў. Таму прымаюцца ўсе магчымыя меры па іх замацаванні на месцах, адна з асноўных — паляпшэнне матэрыяльнага забеспячэння медыкаў. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя» ад 16 красавіка 2020 г. № 131 медыцынскім работнікам былі вызначаны дадатковыя штомесячныя надбаўкі за працу ва ўмовах, звязаных з інфекцыяй COVID‑19. На аснове сістэмы індыкатараў ажыццяўлялася ацэнка іх працы і матэрыяльнае стымуляванне. Мясцовая выканаўчая ўлада накіроўвае дадатковыя сродкі на павышэнне аплаты працы медыцынскіх работнікаў.

Змяншэнне цякучасці кадраў, падтрымка матывацыі высокага ўзроўню прафесіяналізму, забеспячэнне правоў і інтарэсаў чалавека ў прафесіі — гэта тыя задачы, на якія накіраваны намаганні Міністэрства аховы здароўя.

Беларусь знаходзіцца ў ліку сусветных і еўрапейскіх лідараў па агульнай колькасці ўрачоў на 10 тыс. насельніцтва, аднак забяспечанасць урачамі, якія непасрэдна выконваюць лячэбныя функцыі, складае 30 урачоў на 10 тыс. насельніцтва, што ніжэй за сярэднееўрапейскія паказчыкі (ЕС — 32,2). Кадраў у ахове здароўя не хапае.

Па стане на пачатак 2021 г. у арганізацыях аховы здароўя працавалі 52 275 урачоў, з якіх 4 255 — маладыя спецыялісты, а гэта 8,1 % ад агульнай колькасці. Укамплектаванасць урачэбных пасад складае 94,5 %. На 1 студзеня 2021 г. сярэдні медыцынскі персанал складаў 114,1 тыс. чалавек, з іх маладых спецыялістаў — 6,4 тыс. чалавек (5,6 %). Укамплектаванасць сярэднім медыцынскім персаналам — 96,5 %.


Арганізацыя аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву

Пры арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі Беларусь арыентуецца на палітыку Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, адным з асноўных прынцыпаў якой з’яўляецца аказанне медыцынскай дапамогі на ўсіх этапах жыцця чалавека — ад нараджэння да глыбокай старасці.

У краіне створана рознаўзроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі з выразным функцыянальным і рэсурсным забеспячэннем кожнага ўзроўню. Медыцынская дапамога насельніцтву ў Рэспубліцы Беларусь забяспечваецца рознымі амбулаторна-паліклінічнымі, бальнічнымі і санаторна-курортнымі ўстановамі, установамі хуткай і неадкладнай дапамогі, аховы мацярынства і дзяцінства і інш.

Асіповіцкая цэнтральная раённая бальніца Магілёўскай вобласці. Лістапад 2019 г.

Асіповіцкая цэнтральная раённая бальніца Магілёўскай вобласці. Лістапад 2019 г.

Палошкаўскі фельчарска-акушэрскі пункт Клімавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Магілёўскай вобласці. Май 2019 г.

Палошкаўскі фельчарска-акушэрскі пункт Клімавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Магілёўскай вобласці. Май 2019 г.

У 2021 г. функцыянавала 1 687 арганізацый аховы здароўя, з іх: 554 бальніцы, 66 дыспансераў, 859 амбулаторна-паліклінічных арганізацый, 66 стаматалагічных паліклінік, 134 станцыі хуткай дапамогі, 8 дамоў дзіцяці.

Медыцынскую дапамогу аказваюць як па месцы жыхарства (тэрытарыяльныя паліклінікі і бальніцы), так і па месцы працы (лячэбныя ўстановы арганізацый і прадпрыемстваў).

Амбулаторную (пазабальнічную) дапамогу ажыццяўляюць у гарадах паліклінікі, паліклінічныя аддзяленні гарадскіх бальніц і дыспансераў (спецыялізаваных лячэбна-прафілактычных устаноў, якія арганізуюць лячэнне і назіранне за хворымі пэўнага профілю — анкалагічнага, наркалагічнага, дэрматавенералагічнага, кардыялагічнага і інш.). У сельскай мясцовасці яе аказваюць урачэбныя амбулаторыі, фельчарска-акушэрскія пункты, амбулаторна-паліклінічныя аддзяленні раённых бальніц.

Існуюць абласныя і рэспубліканскія паліклінікі, бальніцы, а на прамысловых прадпрыемствах — медыка-санітарныя часткі і здраўпункты.

Амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі аказваюць медыцынскую дапамогу (у т. л. і спецыялізаваную — хірургічную, неўралагічную, афтальмалагічную і інш.) пацыентам, якія не патрабуюць па сваім стане планавай або экстраннай шпіталізацыі. Абследаванне і лячэнне праводзяць звычайна на прыёме ў паліклініцы; у выпадку неабходнасці пацыентаў забяспечваюць медыцынскай дапамогай у дамашніх умовах. Амбулаторна-паліклінічныя ўстановы ажыццяўляюць таксама дыспансерызацыю, г. зн. актыўнае назіранне за здароўем пэўных груп насельніцтва. Існуюць спецыялізаваныя кансультатыўна-дыягнастычныя цэнтры, якія ствараюцца пры клініках навучальных медыцынскіх і навукова-даследчых арганізацый, а таксама на базе шматпрофільных бальніц, у якіх праводзіцца кваліфікаванае амбулаторнае абследаванне і лячэнне пацыента.

Штогод насельніцтва Беларусі здзяйсняе каля 100 млн наведванняў да ўрачоў усіх спецыяльнасцей, а служба хуткай медыцынскай дапамогі ажыццяўляе каля 3 млн выездаў.

Стацыянарную медыцынскую дапамогу аказваюць пацыентам, якія патрабуюць сістэматычнага назірання, прымянення складаных метадаў дыягностыкі і лячэння. Стацыянарнае лячэнне праводзяць ва ўчастковых, раённых, гарадскіх, абласных бальніцах, медыка-санітарных частках, стацыянарных аддзяленнях дыспансераў і інш. Рашэнне аб шпіталізацыі хворага прымае ўрач амбулаторна-паліклінічнай установы, а ў экстранных выпадках — урач хуткай, неадкладнай дапамогі або ўрач прыёмнага аддзялення бальніцы.

Асобныя групы лячэбна-прафілактычных устаноў складаюць установы хуткай і неадкладнай дапамогі (станцыі, бальніцы або аддзяленні хуткай і неадкладнай дапамогі), установы для аказання акушэрска-гінекалагічнай дапамогі (жаночыя кансультацыі, радзільныя дамы, радзільныя і гінекалагічныя аддзяленні бальніц), установы для аказання педыятрычнай дапамогі (дзіцячыя паліклінікі і бальніцы), рэабілітацыйныя цэнтры, санаторыі і санаторыі-прафілакторыі.

Для дзяцей школьнага ўзросту, якія маюць пэўныя парушэнні ў стане здароўя, існуюць санаторныя школы, дзе прадугледжваецца як навучанне, так і аздараўленне дзяцей, і размяшчаюцца яны ў загараднай зялёнай зоне са спрыяльнымі мікракліматычнымі ўмовамі.

Стацыянарнае лячэнне на год атрымліваюць звыш 2,3 млн пацыентаў на больш чым 93 тыс. ложкаў. Узровень шпіталізацыі — паказчык, які характарызуе дзейнасць стацыянара. Узровень шпіталізацыі — гэта колькасць шпіталізаваных на працягу года пацыентаў на 100 жыхароў (24,1 у 2020).


Віды і формы медыцынскай дапамогі

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя» вылучаюць 5 відаў медыцынскай дапамогі.

Першасная медыцынская дапамога — асноўны від аказання медыцынскай дапамогі пры наяўнасці ў пацыента найбольш распаўсюджаных захворванняў, пры цяжарнасці і родах, пры правядзенні дыягностыкі і медыцынскай прафілактыкі.

Спецыялізаваная медыцынская дапамога — від аказання медыцынскай дапамогі пры наяўнасці ў пацыента захворванняў, якія патрабуюць прымянення спецыяльных метадаў аказання медыцынскай дапамогі.

Высокатэхналагічная медыцынская дапамога — від аказання медыцынскай дапамогі пры наяўнасці ў пацыента захворванняў, што патрабуюць прымянення новых, складаных, унікальных, а таксама рэсурсаёмістых метадаў аказання медыцынскай дапамогі, якія заснаваны на сучасных дасягненнях медыцынскай навукі і тэхнікі і маюць высокую клінічную эфектыўнасць.

Медыка-сацыяльная дапамога — від аказання медыцынскай дапамогі пры наяўнасці ў пацыента хранічных захворванняў, якія патрабуюць пастаяннага кругласутачнага медыцынскага назірання і догляду і не патрабуюць інтэнсіўнага аказання медыцынскай дапамогі.

Паліятыўная медыцынская дапамога — від аказання медыцынскай дапамогі пры наяўнасці ў пацыента невылечных захворванняў; захворванняў, якія абмяжоўваюць працягласць жыцця; захворванняў, якія патрабуюць прымянення метадаў аказання медыцынскай дапамогі, накіраваных на пазбаўленне ад болю і аблягчэнне іншых праяў захворванняў, калі магчымасці іншых метадаў аказання медыцынскай дапамогі вычарпаныя, з мэтай паляпшэння якасці жыцця пацыента.

Хуткая медыцынская дапамога аказваецца пры раптоўным узнікненні ў пацыента захворванняў, станаў і (або) абвастрэнні хранічных захворванняў, якія патрабуюць экстраннага або неадкладнага медыцынскага ўмяшання. Хуткая медыцынская дапамога можа быць экстраннай і неадкладнай. Экстранная медыцынская дапамога аказваецца пры раптоўным узнікненні ў пацыента захворванняў, станаў і (або) абвастрэнні хранічных захворванняў, якія ўяўляюць пагрозу для жыцця пацыента і (або) навакольных і патрабуюць экстраннага медыцынскага ўмяшання. Неадкладная медыцынская дапамога аказваецца пры раптоўным узнікненні ў пацыента захворванняў, станаў і (або) абвастрэнні хранічных захворванняў, пры захворваннях, станах без відавочных прыкмет пагрозы для жыцця пацыента, якія патрабуюць неадкладнага медыцынскага ўмяшання (рыс. 4).

Рыс. 4. Хуткая медыцынская дапамога (2020)

Колькасць самастойных станцый і аддзяленняў хуткай дапамогі

134

брыгад хуткай медыцынскай дапамогі

888

урачэбных агульнапрофільных брыгад

29

спецыялізаваных брыгад

219

фельчарскіх брыгад

638

Укамплектаванасць службы ўрачэбнымі кадрамі

96,9 %

Укамплектаванасць службы сярэднім медперсаналам

98,8 %

Планавая медыцынская дапамога аказваецца пры наяўнасці або падазрэнні на наяўнасць у пацыента захворванняў, якія не патрабуюць экстраннага або неадкладнага медыцынскага ўмяшання.

Высокія тэхналогіі. Адначасова з развіццём першаснай медыцынскай дапамогі Міністэрствам аховы здароўя ўзяты курс на развіццё высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі, у т. л. у рэгіёнах. Мінулае дзесяцігоддзе стала пачаткам якасна новага этапу распрацоўкі і ўкаранення новых высокатэхналагічных, рэсурсазберагальных, эканамічна эфектыўных тэхналогій у галіне кардыяхірургіі, анкалогіі, траўматалогіі і артапедыі, аховы здароўя маці і дзіцяці і інш. Гэта прывяло да істотнага павышэння ўзроўню забяспечанасці насельніцтва раней недаступнымі відамі медыцынскіх умяшанняў, заснаваных на навейшых дасягненнях сусветнай медыцынскай навукі.

Высокатэхналагічная медыцынская дапамога — медыцынская дапамога, выкананая з выкарыстаннем складаных і ўнікальных медыцынскіх тэхналогій, заснаваных на самых сучасных дасягненнях медыцынскай навукі і тэхнікі.

Пералік высокатэхналагічных умяшанняў вызначаны пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2008 г. № 102 «Аб вызначэнні пераліку высокатэхналагічных медыцынскіх умяшанняў, якія ажыццяўляюцца па жаданні грамадзян дадаткова, звыш гарантаванага аб’ёму медыцынскай дапамогі, устаноўленага ў якасці дзяржаўных мінімальных сацыяльных гарантый у галіне аховы здароўя».

Высокатэхналагічная медыцынская дапамога аказваецца па наступных профілях: абдамінальная хірургія, акушэрства і гінекалогія, гастраэнтэралогія, гематалогія, дэрматавенералогія, неўралогія, камбустыялогія, нейрахірургія, анкалогія, отарыналарынгалогія, афтальмалогія, педыятрыя, рэўматалогія, сардэчна-сасудзістая хірургія, таракальная хірургія, траўматалогія і артапедыя, трансплантацыя органаў і тканак, уралогія, сківічна-тварная хірургія, эндакрыналогія.

Асноўная частка высокатэхналагічных умяшанняў выконваецца ў рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах (12 РНПЦ з 17 аказваюць меддапамогу) і клінічных бальніцах, дзе працуюць супрацоўнікі профільных кафедр чатырох медыцынскіх універсітэтаў і Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА).

Значную ролю ва ўдасканаленні арганізацыі высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі адыгрываюць таксама рэгіянальныя і міжраённыя цэнтры дыягностыкі і лячэння. Штогод пашыраецца пералік і павялічваюцца аб’ёмы высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі. Беларускія медыкі паспяхова выконваюць увесь спектр умяшанняў на сэрцы і сасудах, эндапратэзаванне буйных суставаў. Вяршыняй у аказанні высокакваліфікаванай спецыялізаванай медыцынскай дапамогі з’яўляецца трансплантацыя органаў і тканак. У Беларусі выконваюцца аперацыі трансплантацыі печані, ныркі, касцявога мозгу, ствалавых клетак чалавека і тканак рагавіцы, скуры, сэрца. Асвоены вельмі складаныя аперацыі па трансплантацыі комплексаў органаў: сэрца — лёгкія, печань — нырка, падстраўнікавая залоза — нырка.

У 2016 г. паспяхова праведзена першая трансплантацыя комплексу сэрца — лёгкія, аперацыя на сэрцы нованароджанаму дзіцяці з экстрэмальна нізкай масай цела; паспяховая клінічная апрабацыя айчыннага пратэза клапана.

Упершыню на тэрыторыі СНД сумесна з італьянскімі кардыяхірургамі праведзены 2 унікальныя аперацыі па пратэзаванні біялагічнага аартальнага паўстэнціраванага клапана. Найбольш складаныя ў тэхнічным плане віды аператыўных умяшанняў з нагоды пухлін цэнтральнай нервовай сістэмы выконваюцца ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.

У рэспубліцы паспяхова ажыццяўляецца экстракарпаральнае апладненне, эфектыўнасць якога складае больш за 40 %, што супастаўна з сусветнымі паказчыкамі.

Па колькасці высокатэхналагічных умяшанняў на 1 млн жыхароў Беларусь апярэджвае краіны СНД.

Даступнасць аперацый на адкрытым сэрцы склала 288 на 1 млн насельніцтва. Па колькасці органных трансплантацый на 1 млн насельніцтва Беларусь з’яўляецца лідарам не толькі на постсавецкай прасторы, але і апярэджвае многія еўрапейскія краіны. У краіне выконваецца 48 трансплантацый на 1 млн насельніцтва (у сярэднім па Еўропе — 55,9, у Расіі — 10,1, ва Украіне — 3,2). Звычайнай практыкай сталі аперацыі па трансплантацыі печані і сэрца.

Складаныя аперацыі праводзяць не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Гэта стала магчымым дзякуючы набыццю і рацыянальнаму выкарыстанню ўнікальнага дарагога абсталявання, а таксама падрыхтоўцы ў найлепшых клініках свету высокакваліфікаваных медыцынскіх кадраў, стварэнню ўмоў для развіцця медыцынскай навукі.

Пры выкананні высокатэхналагічных аперацый шырока прымяняюцца расходныя матэрыялы і вырабы айчыннай вытворчасці, што спрыяе як выбару, так і даступнасці паслуг насельніцтву. Высокатэхналагічныя метады і тэхналогіі аказання медыцынскай дапамогі, якія ўкараняюцца ў нашай краіне, адпавядаюць міжнародным стандартам, а нашы медыцынскія вырабы — стандартам міжнароднай якасці, што дазволіла выйсці на міжнародныя кантакты. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларуская ахова здароўя зрабіла значны крок наперад дзякуючы развіццю высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі і павышэнню ўзроўню забяспечанасці ёю насельніцтва. Паводле ацэнкі экспертаў СААЗ, выкананне падобных аперацый характарызуе выхад спецыялізаванай медыцынскай дапамогі ў краіне на сусветны ўзровень.

Забеспячэнне якасці медыцынскай дапамогі. Якасць медыцынскай дапамогі — гэта сукупнасць характарыстык, якія пацвярджаюць адпаведнасць аказанай дапамогі наяўным патрэбам пацыента, яго чаканням, сучаснаму ўзроўню медыцынскай навукі і тэхналогій.

Паводле вызначэння СААЗ, якаснай лічыцца медыцынская дапамога, якая адпавядае стандартам медыцынскіх тэхналогій, пры адсутнасці ўскладненняў, якія ўзніклі ў выніку лячэння, і дасягненні задаволенасці пацыента.

Кантроль якасці медыцынскай дапамогі ажыццяўляецца на прынцыпах комплекснасці, аб’ектыўнасці, дакладнасці, выніковасці і інш.

Праблема забеспячэння якасці, кіраванне ёй у цяперашні час выходзіць на першы план у пытаннях арганізацыі медыцынскай дапамогі. Нягледзячы на істотныя адрозненні ў пабудове і фінансаванні сістэм аховы здароўя, ва ўсіх развітых краінах можна вылучыць некалькі агульных заканамернасцей, якія вызначаюць кірунак фарміравання стратэгіі развіцця сістэмы забеспячэння якасці. Яны грунтуюцца на асноўных палажэннях міжнародных стандартаў па забеспячэнні якасці міжнароднай арганізацыі па стандартызацыі (ISO). У прыватнасці, міжнародны стандарт ISO 8402–86 апісвае паняцце якасці як сістэму — сукупнасць арганізацыйнай структуры, адказнасці, працэдур і рэсурсаў, накіраваных на ўкараненне адміністрацыйнага кіравання якасцю.

У цяперашні час уведзены ў дзеянне стандарт ISO 9001:2000 «Патрабаванні да сістэм менеджменту якасці», які з’яўляецца трэцяй рэдакцыяй прыведзеных вышэй стандартаў і замяняе сабой усе раней створаныя стандарты ў гэтай галіне. Існуе больш разгорнуты стандарт ISO 9004:2000 «Сістэмы менеджменту якасці. Рэкамендацыі па паляпшэнні дзейнасці», у якім змяшчаюцца рэкамендацыі тым арганізацыям, якія імкнуцца выйсці за межы базавых агульных патрабаванняў ISO 9001:2000.

Кантроль якасці медыцынскай дапамогі ўключае:

  • ацэнку стану і выкарыстання кадравых і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў лячэбна-прафілактычных арганізацый; экспертызу працэсу аказання медыцынскай дапамогі канкрэтным пацыентам;

  • вывучэнне задаволенасці пацыентаў аказанай медыцынскай дапамогай; выяўленне прычын, якія садзейнічалі ўзнікненню дэфектаў аказання медыцынскай дапамогі і негатыўна ўплывалі на яе якасць; разлік і аналіз паказчыкаў, якія характарызуюць якасць медыцынскай дапамогі.

Ацэнка якасці медыцынскай дапамогі ажыццяўляецца экспертным метадам па чатырохступеньчатай схеме: загадчыкі структурных падраздзяленняў — 1–2‑я ступень кантролю; намеснікі кіраўніка лячэбна-прафілактычнай арганізацыі па медыцынскай частцы, родадапамозе, медыцынскай рэабілітацыі і экспертызе — 2‑я ступень кантролю; члены лячэбна-кантрольных камісій — 3‑я ступень кантролю. Галоўныя штатныя і пазаштатныя спецыялісты Міністэрства аховы здароўя, абласных упраўленняў аховы здароўя і камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама праводзяць экспертную ацэнку якасці медыцынскай дапамогі пры комплексных мэтавых і кантрольных праверках лячэбна-прафілактычных арганізацый, а таксама пры падрыхтоўцы матэрыялаў на лячэбна-кантрольныя камісіі — 4‑я ступень кантролю адпаведнага ўзроўню.

На 1‑й ступені кантролю ў стацыянарах на працягу месяца праводзіцца экспертыза не менш як 40 % закончаных выпадкаў. У амбулаторна-паліклінічных арганізацыях экспертыза якасці медыцынскай дапамогі ажыццяўляецца як па закончаных выпадках лячэння, так і ў яго працэсе. Штомесячнай экспертызе падлягаюць не менш як 10 % усіх закончаных выпадкаў лячэння. На 2‑й ступені кантролю ажыццяўляецца выбарачная экспертыза медыцынскіх карт амбулаторных і стацыянарных хворых у аб’ёме не менш як 30–40 выпадкаў на працягу месяца.

Ва ўмовах далейшай інфарматызацыі арганізацый аховы здароўя, пачынаючы з першаснай медыцынскай дапамогі і забеспячэння электронным дакументаабаротам, актуальным уяўляецца распрацоўка і ўкараненне аўтаматызаванай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы кантролю якасці аказання медыцынскай дапамогі.

З мэтай павышэння эфектыўнасці і якасці працы лячэбна-прафілактычных арганізацый рэспублікі, аб’ектыўнай ацэнкі дзейнасці арганізацый аховы здароўя адміністрацыйных тэрыторый пры падвядзенні вынікаў павышэння якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання, ажыццяўлення аператыўнага кантролю за паказчыкамі стану здароўя насельніцтва і дзейнасці арганізацый аховы здароўя, а таксама скарачэння дэфектаў штогод сцвярджаецца Мадэль канчатковых вынікаў дзейнасці арганізацый аховы здароўя адміністрацыйных тэрыторый Рэспублікі Беларусь, якая ўключае паказчыкі здароўя і дзейнасці, паказчыкі дэфектаў, а таксама нарматыўныя значэнні асноўных паказчыкаў (прагназаваны ўзровень) і шкалу для колькаснай ацэнкі вынікаў дзейнасці. Гэта спецыяльная методыка, якая дазваляе досыць аб’ектыўна ацаніць работу ўстановы і правесці параўнальны аналіз дзейнасці розных лячэбна-прафілактычных арганізацый.


Тэхналагічныя інавацыі і пашырэнне спектра медыцынскіх паслуг

У цяперашні час прыярытэтам для краіны з’яўляецца інавацыйнае развіццё, калі навука, веды, чалавечы капітал прызнаны найважнейшымі фактарамі эканамічнага развіцця суверэннай беларускай дзяржавы. Інавацыйная дзейнасць набывае сістэмны, наступальны характар пад кантролем дзяржавы і накіравана на перавод нацыянальнай эканомікі ў рэжым інтэнсіўнага інавацыйнага развіцця, фарміраванне нацыянальнай інавацыйнай сістэмы. Гэта, у сваю чаргу, з’яўляецца неабходнай умовай для забеспячэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі на сусветным рынку тавараў і паслуг, у прыватнасці медыцынскіх.

Ахова здароўя рэспублікі з’яўляецца галіной, якая дынамічна развіваецца і ідзе па шляху імпартазамяшчэння, тэхналагічных інавацый, пашырэння спектра медыцынскіх паслуг, што дазваляе не толькі звесці да мінімуму накіраванне пацыентаў на лячэнне за мяжу, але і аказваць медыцынскую дапамогу замежным грамадзянам.

Далейшае развіццё атрымалі інавацыйная, інвестыцыйная дзейнасць, імпартазамяшчэнне і экспарт медыцынскіх і адукацыйных паслуг. Так, 38 атрыманых навукоўцамі-медыкамі нацыянальных патэнтаў на вынаходства, карысную мадэль прымяняюцца ў іншых краінах. Забяспечана выкананне асноўнай задачы галіновай навукі — максімальнае прасоўванне навуковых распрацовак і дасягненняў у практыку аховы здароўя.

Платныя медыцынскія паслугі. У апошнія гады структура аховы здароўя зазнала значныя змены. Ад сістэмы, у якой пацыент знаходзіцца за межамі фінансава-эканамічных адносін, адбыўся пераход да такой аховы здароўя, дзе пацыент з’яўляецца яе актыўным удзельнікам.

Беларуская медыцына актыўна развівае аказанне платных медыцынскіх і адукацыйных паслуг у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя. Аказанне платных медыцынскіх паслуг рэгулюецца пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 лютага 2009 г. № 182 «Аб аказанні платных медыцынскіх паслуг дзяржаўнымі ўстановамі аховы здароўя».

Для больш поўнага задавальнення патрэбы насельніцтва ў медыцынскіх паслугах, забеспячэння іх даступнасці, стварэння альтэрнатывы іх атрымання медыцынскія паслугі на платнай аснове аказваюцца таксама прыватнымі арганізацыямі аховы здароўя, якія маюць адпаведныя ліцэнзіі. Недзяржаўны сектар у аб’ёме медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца ў Рэспубліцы Беларусь, складае больш за 7 %.

Сродкі, атрыманыя бюджэтнымі арганізацыямі ад пазабюджэтнай дзейнасці, з’яўляюцца дадатковай крыніцай фінансавання і накіроўваюцца на пакрыццё бягучых выдаткаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, матэрыяльнае стымуляванне медыцынскіх работнікаў.

Палітыка, якая праводзіцца ў галіне развіцця платнай медыцыны, улічвае як неабходнасць прыцягнення дадатковых сродкаў для развіцця аховы здароўя, так і недапушчэнне бескантрольнага замяшчэння бясплатных паслуг платнымі і росту на гэтай аснове сацыяльнай напружанасці.

Міністэрствам аховы здароўя праведзена работа па стварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў па аказанні платных медыцынскіх паслуг. Тым самым створана дзяржаўная альтэрнатыва прыватнай медыцынскай практыцы.

Платныя медыцынскія паслугі аказваюцца грамадзянам на добраахвотнай аснове звыш гарантаванага дзяржавай аб’ёму бясплатнай медыцынскай дапамогі і абмяжоўваюцца ўстаноўленым Урадам пералікам. У найбліжэйшай будучыні захаваецца дзяржаўнае рэгуляванне платных медыцынскіх паслуг.

Развіццё рынку платных медыцынскіх паслуг, у т. л. нарошчванне аб’ёмаў іх экспарту, дазваляе знізіць нагрузку на бюджэт, а таксама спрыяе фармаванню аптымальнай сістэмы, якая спалучае аказанне бясплатных і платных медыцынскіх паслуг насельніцтву. Актуальным становіцца развіццё ў сістэме аховы здароўя дзяржаўна-прыватнага партнёрства з прыцягненнем даходаў прадпрыемстваў і насельніцтва для пакрыцця часткі расходаў на ахову здароўя.

Для развіцця рынку платных медыцынскіх і адукацыйных паслуг, а таксама іх экспарту рэалізаваны комплексны падыход да праблемы ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый аховы здароўя. Перааснашчэнне арганізацый аховы здароўя сучасным медыцынскім абсталяваннем праводзілася ў асноўным у рамках мерапрыемстваў па рэалізацыі распрацаваных Урадам і Міністэрствам аховы здароўя дзяржаўных і галіновых праграм у галіне аховы здароўя. Толькі за 10 апошніх гадоў у рэспубліцы пабудавана і рэканструявана больш за 230 аб’ектаў аховы здароўя. Паралельна ішоў працэс абнаўлення медыцынскага абсталявання. Вытворчасць медыцынскага абсталявання і медыцынскіх вырабаў наладжана на айчынных прадпрыемствах, што дазволіла павялічыць аб’ёмы аказаных медыцынскіх паслуг, знізіць іх кошт.

Экспарт медыцынскіх паслуг. Дасягнутыя вынікі ў галіне аховы здароўя сведчаць, што беларуская медыцына па многіх параметрах адпавядае сучасным сусветным патрабаванням.

У краіне ўстаноўлена ўнікальнае дарагое абсталяванне, функцыянуюць Рэспубліканскі цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі і медыка-генетычная лабараторыя канцэрагенезу, што дазволіла вывесці дыягностыку на новы ўзровень. Абсталяванне Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі дазваляе праводзіць раннюю дыягностыку анкалагічных, неўралагічных і кардыялагічных захворванняў, прызначаць дакладную схему лячэння. Больш чым у палове выпадкаў дзякуючы ўдакладненню дыягназу аптымізавана лячэнне пацыентаў, падоўжана ім жыццё.

Высокі ўзровень падрыхтоўкі айчынных спецыялістаў, наяўнасць сучаснага медыцынскага абсталявання ў арганізацыях аховы здароўя, эфектыўных метадаў лячэння і добры вынік праведзенага лячэння адзначаюць і замежныя грамадзяне, якія атрымалі медыцынскую дапамогу ў Беларусі. Усё гэта дазваляе медыкам Беларусі аказваць медыцынскія паслугі на экспарт, які з’яўляецца істотнай крыніцай дадатковых фінансавых сродкаў. Экспарт паслуг, аказаных арганізацыямі, падпарадкаванымі Міністэрству аховы здароўя, у 2020 г. склаў каля 40 млн долараў ЗША.

Колькасць замежных грамадзян, якія звярнуліся па медыцынскую дапамогу і атрымалі медыцынскія паслугі ў арганізацыях аховы здароўя сістэмы Міністэрства аховы здароўя, паступова павялічваецца і складае ў сярэднім 150 тыс. чалавек на год. Медыцынская дапамога аказана грамадзянам больш чым з 145 краін, у т. л. з Азербайджана, Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Украіны, Грузіі, Ізраіля, Лівіі, Кітая, Арменіі, ЗША, Туркменістана, Узбекістана, Японіі, Германіі і інш.

Беларускія медыкі працуюць пераважна на постсавецкай прасторы і арыентаваны на рускамоўны рынак. Асноўнымі атрымальнікамі медыцынскіх паслуг у Беларусі з’яўляюцца расіяне, грамадзяне Украіны і Казахстана.

Найбольш запатрабаваны стаматалагічныя (імплантацыя і пратэзаванне), афтальмалагічныя, кардыялагічныя і кардыяхірургічныя паслугі, паслугі ў галіне анкалогіі, пратэзавання суставаў, трансплантацыі клетак, органаў і тканак.

Дзякуючы дасягненню высокіх вынікаў павялічаны попыт на афтальмалагічныя паслугі сярод замежных грамадзян. Спецыялісты аддзяленняў мікрахірургіі вока ў Мінску і Гомелі асвоілі ўнікальныя дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі.

Афтальмахірургі Беларусі выконваюць высокатэхналагічныя аператыўныя ўмяшанні, якія практыкуюцца ў вядучых клініках Расіі, Германіі, Італіі і інш. Методыкі лазернай хірургіі адпавядаюць сучасным сусветным тэхналогіям і выконваюцца на абсталяванні апошняга пакалення лазераў.

Павялічылася колькасць зваротаў з мэтай трансплантацыі органаў. У першую чаргу звяртаюцца грамадзяне Украіны (перасадка рагавіцы вока і ныркі).

Другія па зваротах — жыхары Казахстана (перасадка печані). Рост гэтых зваротаў можна звязаць з выдатнымі вынікамі ў сферы транспланталогіі, якіх дасягнула Беларусь. Дзяржава ўстанаўлівае квоту па колькасці перасадак замежнікам на год: не больш за 10 % ад агульнай колькасці аперацый (гэта каля 32–37 аперацый).

Рэспубліканская бальніца спелеалячэння. Салігорск Мінскай вобласці

Рэспубліканская бальніца спелеалячэння. Салігорск Мінскай вобласці

Эфектыўным і вельмі запатрабаваным з’яўляецца лячэнне алергічных рынітаў, бранхітаў і бранхіяльнай астмы ў Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння.

Спелеатэрапія — гэта лячэнне, якое базіруецца на выкарыстанні прыродных уласцівасцей саляных шахт, гротаў, выпрацовак, карставых пячор (ад грэч. spelaion — пячора). З’яўляецца адным з найбольш эфектыўных немедыкаментозных метадаў лячэння і рэабілітацыі пацыентаў з хваробамі органаў дыхання.

Сеанс спелеатэрапіі
Падземны спелеакомплекс

Рэспубліканская бальніца спелеалячэння (г. Салігорск) — падземны аб’ект аховы здароўя. Унікальнае па сваёй канструкцыі збудаванне з адасобленай сістэмай праветрывання і ўласнай інфраструктурай. Падземны спелеакомплекс функцыянуе з 1990 г. Другое падземнае аддзяленне ўведзена ў эксплуатацыю з ліпеня 2012 г.

Медыцынскі турызм. Для развіцця платных медыцынскіх паслуг і іх экспарту выкарыстоўваецца аздараўленчы і медыцынскі турызм, які з’яўляецца важным фактарам міжнароднага і рэгіянальнага супрацоўніцтва. Ён цікавы для дзяржавы і ў плане атрымання прыбытку, і ў плане фарміравання іміджу. Магчымасць атрымаць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу і прайсці рэабілітацыю па даступных цэнах прыцягвае ў Беларусь усё больш замежных грамадзян. Таму з кожным годам медыцынскі турызм у нашу краіну набірае ўсё большую папулярнасць сярод замежнікаў.

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца лідарам сярод краін постсавецкай прасторы па даступнасці медыцынскай дапамогі. Лячэнне ў Беларусі — гэта еўрапейская якасць па прымальнай цане. У нашай краіне прыезджыя лёгка могуць сумясціць медыцынскую, дыягнастычную і аздараўленчую дапамогу з прыемным адпачынкам на фоне багатай і прыгожай прыроды. Медыцынскія цэнтры і клінікі Беларусі, дзякуючы сучаснаму аснашчэнню і высокаму ўзроўню кваліфікацыі ўрачоў, гатовы аказаць дапамогу кожнаму пацыенту, які мае патрэбу ў лячэнні. Акрамя ўсяго іншага, на тэрыторыі нашай краіны можна прайсці курс рэабілітацыі ў адным з санаторыяў або дамоў адпачынку.

Перавагамі медыцынскага турызму ў Беларусі з’яўляюцца:

  • невысокі кошт высакаякаснай медыцынскай паслугі ў параўнанні з іншымі краінамі;

  • вялікая колькасць медыцынскіх арганізацый, якія аказваюць шырокі спектр паслуг;

  • высокая якасць медыцынскай, дыягнастычнай і аздараўленчай дапамогі;

  • выдатная аснашчанасць медцэнтраў, бальніц і клінік высокатэхналагічным абсталяваннем;

  • пастаяннае вывучэнне перадавых тэхналогій і прымяненне прагрэсіўных методык лячэння на практыцы;

  • высокая кваліфікацыя ўрачоў у розных галінах ведаў;

  • рэгулярныя стажыроўкі спецыялістаў у вядучых клініках свету;

  • зручнае геаграфічнае становішча краіны і добрыя транспартныя зносіны;

  • прыемны клімат Беларусі, які выключае неабходнасць акліматызацыі, што, у сваю чаргу, спрыяе хутчэйшаму выздараўленню пацыентаў.

Рост экспарту медыцынскіх паслуг абумоўлены якасцю аказання медыцынскай дапамогі, цэнавай даступнасцю, актывізацыяй рэкламнай работы, выставачнай дзейнасцю, працай аператараў медыцынскага турызму.

Так, у Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі створаны Дзяржаўны аператар медыцынскага турызму ў Рэспубліцы Беларусь «Клінікі Беларусі» пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя. Гэты аператар створаны для максімальнага набліжэння медыцынскіх паслуг, інфармацыйнай і юрыдычнай падтрымкі, стварэння камфортных умоў знаходжання ў Беларусі.

Усе падведамныя Міністэрству аховы здароўя арганізацыі маюць свае інтэрнэт-сайты, на якіх асвятляецца інфармацыя на рускай і англійскай мовах аб аказанні насельніцтву рэспублікі і замежным грамадзянам платных высокатэхналагічных і адукацыйных медыцынскіх паслуг у спецыялізаваных арганізацыях аховы здароўя і навучальных установах медыцынскага профілю, з абавязковым размяшчэннем прэйскурантаў для замежных грамадзян.

Спецыялістамі сістэмы Міністэрства аховы здароўя пастаянна праводзяцца маркетынгавыя даследаванні па розных краінах, па выніках якіх вызначаюцца перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя.

На канферэнцыях, выстаўках, у СМІ спецыялістамі праводзіцца работа па інфармаванні аб магчымасцях арганізацый Міністэрства аховы здароўя па аказанні платных медыцынскіх і адукацыйных паслуг. Прадстаўляюцца буклеты і электронныя прэзентацыі аб магчымасцях беларускай медыцыны і адукацыі ў экспарце паслуг.

Увядзенне бязвізавага рэжыму для многіх краін свету будзе спрыяць у т. л. і развіццю аздараўленчага і медыцынскага турызму.


Здаровы лад жыцця — візітная картка Беларусі

У Статуце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя запісана, што здароўе — гэта «стан поўнага фізічнага, душэўнага, духоўнага і сацыяльнага дабрабыту, а не толькі адсутнасць хвароб і фізічных дэфектаў». Апошнія дзесяцігоддзі здаровы лад жыцця разглядаецца як глабальная сацыяльная праблема, як частка жыцця грамадства, накіраваная на развіццё ўсіх бакоў жыццядзейнасці чалавека, дасягненне ім актыўнага даўгалецця і паўнавартаснае выкананне сацыяльных функцый для актыўнага ўдзелу ў працоўнай, грамадскай, сямейна-бытавой, забаўляльнай формах жыццядзейнасці.

У нашай краіне вядзецца маштабная работа па фарміраванні ў насельніцтва матывацыі на здаровы лад жыцця, выхаванне асабістай адказнасці за ўласнае здароўе. Безумоўна, поспех аздараўлення нацыі шмат у чым залежыць ад індывідуальных здароўезберагальных стратэгій кожнага чалавека і грамадства ў цэлым.

У Беларусі праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па ахове і ўмацаванні здароўя насельніцтва, якія прадугледжваюць аб’яднанне намаганняў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, грамадскіх арганізацый і саміх грамадзян. Дзяржаўная стратэгія грамадскага здароўя, заснаваная на прыярытэтах прафілактычнай дзейнасці, культуры здароўя і здаровага ладу жыцця, закладзена ў Канцэпцыі рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі фарміравання здаровага ладу жыцця, захавання і ўмацавання здароўя насельніцтва Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года. Каардынатар мерапрыемстваў — Міністэрства аховы здароўя. Фарміраванне стратэгіі па захаванні і ўмацаванні здароўя ажыццяўляецца праз стварэнне адзінага прафілактычнага асяроддзя і падтрымкі здароўя на ўсіх этапах жыцця чалавека.

Стварэнне адзінага прафілактычнага асяроддзя і падтрымка здароўя на ўсіх этапах жыцця чалавека. Адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі — стварэнне ўмоў для якаснага развіцця чалавечага патэнцыялу, здаровага і годнага жыцця насельніцтва, у т. л. на аснове рэалізацыі комплексу мер па ўмацаванні здароўя, павелічэнні нараджальнасці і чаканай працягласці жыцця.

Стратэгічнай задачай сучаснай аховы здароўя і найменш затратным механізмам прадухілення заўчаснай смяротнасці ад асноўных прычын з’яўляюцца прафілактычныя мерапрыемствы: фарміраванне здаровага ладу жыцця, ранняе выяўленне фактараў рызыкі хранічных неінфекцыйных захворванняў, своечасовая дыягностыка хвароб.

У дакладзе СААЗ аб стане аховы здароўя ў свеце вылучана некалькі найважнейшых фактараў рызыкі, якія вызначаюць стан здароўя. Да іх адносяцца:

  • павышаны ціск крыві і ўтрыманне халестэрыну ў крыві;

  • нізкая фізічная актыўнасць і залішняя маса цела;

  • ужыванне тытуню і алкаголю;

  • малая доля садавіны і агародніны ў рацыёне харчавання.

Фактары рызыкі неінфекцыйных захворванняў у Рэспубліцы Беларусь:

  • кураць каля 27 % насельніцтва, пры гэтым штогод у краіне памірае ад прычын, звязаных з ужываннем тытуню, 15,5 тыс. чалавек, палова з іх — у працаздольным узросце;

  • распаўсюджанасць артэрыяльнай гіпертэнзіі складае больш як 40 % у мужчын і 38 % — у жанчын;

  • гіперхалестэрынемія сустракаецца ў паловы мужчын і трэці жанчын працаздольнага ўзросту;

  • недастатковая фізічная актыўнасць мае месца ў 24 % насельніцтва;

  • залішняя маса цела адзначаецца ў больш як 40 % насельніцтва рэспублікі.

Прадухіленне гэтых фактараў рызыкі з’яўляецца асновай прафілактыкі ўзнікнення большасці хранічных неінфекцыйных захворванняў (сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, хвароб органаў дыхання, цукровага дыябету).

У нашай краіне праводзіцца актыўная работа ў рамках Еўрапейскай стратэгіі прафілактыкі і барацьбы з неінфекцыйнымі захвараннямі. Яна накіравана на карэкцыю гігіенічных паводзін насельніцтва, якія забяспечваюць захаванне і ўмацаванне здароўя, зніжэнне захваральнасці, інваліднасці і смяротнасці. Важнасць гэтай праблемы была ў чарговы раз адзначана на Еўрапейскай міністэрскай канферэнцыі па пытаннях умацавання здароўя на ўсіх этапах жыцця ў кантэксце палітыкі «Здароўе‑2020», якая адбылася ў кастрычніку 2015 г. у Мінску.

У рэспубліцы рэалізуецца нацыянальная палітыка, якая ахоплівае ўсе этапы станаўлення дзіцяці — ад яго нараджэння да выхаду ў дарослае жыццё. Асабліва пільная ўвага дзяржавы і дзяржаўнай падтрымкі накіравана на кансалідацыю намаганняў па ахове здароўя маці і дзіцяці, дзе асноўным прынцыпам з’яўляецца аказанне медыцынскай дапамогі цяжарнай жанчыне і нованароджанаму дзіцяці на тым узроўні, дзе створаны ўмовы для максімальнага захавання іх жыцця і здароўя. Беларусь уваходзіць у трыццатку самых камфортных для мацярынства краін. Акрамя таго, забяспечаны ўсеагульны доступ да паслуг па ахове рэпрадуктыўнага здароўя (Беларусь перавышае неабходны 90 %-ны парог на 5 %).

Ахоп дзяцей прафілактычнымі прышчэпкамі супраць інфекцый, якія ўваходзяць у праграму імунізацыі, складае 98–99 %.

У сістэме дашкольных устаноў прыярытэтам з’яўляецца стварэнне здаровага развівальнага асяроддзя, умацаванне прыроднага ахоўнага механізму і фарміраванне ў дзяцей асноў кампетэнтнасці ў галіне ўмацавання здароўя. З гэтай мэтай распрацаваны і ўкаранёны навукова абгрунтаваныя гігіенічныя патрабаванні да арганізацыі працэсу выхавання, развіцця, харчавання, патрабаванні да асветленасці, абсталявання і інш. Пры цесным супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі рэалізуецца сістэма маніторынгу здароўя школьнікаў, якая дазваляе па выяўленых неспрыяльных фактарах (школьная нагрузка, харчаванне, умовы работы і адпачынку) стварыць ва ўстановах адукацыі здароўезберагальнае асяроддзе. Адным з перспектыўных напрамкаў у прафілактыцы сацыяльна значных захворванняў з’яўляецца стварэнне і функцыянаванне школ для навучэнцаў з тым ці іншым захворваннем.

Вядучай, але ўстараняльнай прычынай смерці ад неінфекцыйных захворванняў з’яўляецца ўжыванне тытуню. Рэспубліка Беларусь адна з першых ратыфікавала ў 2005 г. Рамачную канвенцыю СААЗ па барацьбе з тытунём, якая ўключае самыя важныя напрамкі барацьбы з курэннем у свеце — гэта скарачэнне попыту на тытунь і скарачэнне паставак тытуню. Курэнне з’яўляецца прычынай 30 % усіх смярцей ад ішэмічнай хваробы сэрца, 30 % — ад анкалагічных захворванняў (97 % тых, хто захварэў на рак лёгкіх, —актыўныя курцы). У выніку прафілактычнай працы за апошнія 14 гадоў на 14 % знізілася курэнне сярод дарослага насельніцтва, у 3,5 раза зменшылася колькасць школьнікаў, якія кураць ва ўзросце 13–15 гадоў, больш за палову тых, хто курыць (55,6 %), хацелі б пазбавіцца ад гэтай залежнасці. Аднак распаўсюджанасць курэння застаецца высокай: кураць 26,9 % дарослага насельніцтва. У цяперашні час адбываецца замяшчэнне тытунекурэння альтэрнатыўнымі нікацінаўтрымальнымі прадуктамі (электронныя цыгарэты). У Рэспубліцы Беларусь адзначаны рост долі карыстальнікаў электронных цыгарэт з 3,8 % у 2016 г. да 6,1 % у 2020 г.

З мэтай рэалізацыі асноўных палажэнняў канвенцыі ў рэспубліцы праводзіцца мэтанакіраваная палітыка па скарачэнні спажывання тытунёвых вырабаў, прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў па рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў. Напрыклад, уведзеная забарона на рэкламу тытунёвых вырабаў; вызначаны патрабаванні да ўпакоўкі і маркіроўкі тытунёвых вырабаў у адпаведнасці з патрабаваннямі міжнародных норм; забаронены продаж тытунёвых вырабаў грамадзянам ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама рознічны гандаль тытунёвымі вырабамі ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту і інш.; праводзіцца работа па стварэнні тэрыторый, свабодных ад курэння; забаронена курэнне ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, на аб’ектах гандлю; на шэрагу аб’ектаў грамадскага харчавання; на ўсіх відах вакзалаў, ва ўсіх відах грамадскага транспарту.

Адным з важных мерапрыемстваў па барацьбе супраць тытуню стала абвяшчэнне зонай, свабоднай ад тытунёвага дыму, чэмпіянату свету па хакеі, які адбыўся ў Мінску ў 2014 г.

Да ліку распаўсюджаных хвароб таксама адносяцца псіхічныя і паводзінскія расстройствы. Паводле звестак СААЗ, гэтыя расстройствы ў той ці іншы перыяд жыцця паражаюць больш як чвэрць насельніцтва свету. Важна адзначыць, што яны вельмі павялічваюць рызыку суіцыдальных паводзін. Першасная прафілактыка гэтых расстройстваў звязана з узроўнем, якасцю і ладам жыцця насельніцтва.

Яшчэ адным фактарам рызыкі, які наносіць значны ўдар па чалавечых рэсурсах, застаецца алкаголь. Значнасць п’янства і алкагалізму як сацыяльна-медыцынскай праблемы ўзрастае. Адзначана тэндэнцыя да росту алкагалізму не толькі сярод мужчын, але і сярод жанчын, у якіх за 3–4 гады фарміруецца алкагольная залежнасць. Мае месца рост алкагалізму сярод моладзі. У краіне паўсюдна забаронена рэклама алкагольнай прадукцыі. Рэклама піва зведзена да мінімуму і дазволена на тэлебачанні толькі пасля 22 гадзін. Значна пашыраны пералік месцаў, дзе забаронены рознічны гандаль алкагольнымі напоямі.

Істотнай прычынай развіцця неінфекцыйных захворванняў з’яўляецца недастатковая фізічная актыўнасць насельніцтва, нягледзячы на тое, што ў Беларусі функцыянуе больш як 25 тыс. аб’ектаў фізкультурна-спартыўнага прызначэння.

Ахова здароўя рэспублікі заняла актыўную, калі не сказаць агрэсіўную, пазіцыю ў барацьбе з фактарамі рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў. Улічваючы, што пад іх уздзеянне могуць падпадаць абсалютна ўсе катэгорыі насельніцтва — дзеці, дарослыя, пажылыя людзі — пачата шырокамаштабная прафілактычная сумесная работа ўсіх зацікаўленых міністэрстваў з прыцягненнем грамадскіх арганізацый.

Менавіта такі падыход закладзены ў Дзяржаўную праграму «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021–2025 гады. Гэта праграма — нацыянальны дакумент, план дзеянняў, накіраваны на прыняцце і рэалізацыю комплексных мер па барацьбе з асноўнымі хранічнымі захворваннямі на працягу ўсяго жыцця чалавека праз стварэнне адзінага прафілактычнага асяроддзя.

Міністэрства аховы здароўя будуе сваю палітыку ў дачыненні да фарміравання прафілактычнага асяроддзя з улікам дакументаў СААЗ. Афіцыйна ўступіў у сілу з 1 студзеня 2016 г. Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, прыняты 193 краінамі пад эгідай ААН. Гэта 17 Мэт і 169 Задач у галіне ўстойлівага развіцця, якія носяць комплексны характар і так ці інакш звязаны са здароўем насельніцтва.

Здароўе кожнага — здаровае грамадства — квітнеючая Беларусь. Здароўе асобнага чалавека напрамую залежыць ад стану грамадства, у якім ён жыве. На 4‑м Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка падкрэсліў: «Здаровы лад жыцця плюс развітая айчынная медыцына, бяспечныя ўмовы жыцця ў сукупнасці будуць спрыяць фарміраванню здаровай нацыі, а пажадана яшчэ і нацыі доўгажыхароў».

Эканамічныя страты, звязаныя з захваральнасцю грамадзян, інваліднасцю і смяротнасцю насельніцтва, досыць вялікія. Для таго каб іх максімальна пазбегнуць, Беларусь прыкладае ўсе намаганні, накіраваныя на прафілактычную работу. У першую чаргу гэта датычыцца дзяржаўных інвестыцый і інвестыцый асобных арганізацый, прадпрыемстваў на прафілактыку захворванняў, дыетычнае або бясплатнае харчаванне работнікаў; медыцынскае абслугоўванне па месцы працы; аплату пуцёвак у дамы адпачынку, прафілакторыі і санаторыі; паляпшэнне жыллёвых умоў; страхаванне работнікаў ад няшчасных выпадкаў.

Уся палітыка беларускай дзяржавы накіравана на фарміраванне здаровай нацыі. Створана сістэма правядзення інфармацыйна-адукацыйнай і прапагандысцкай работы па праблемах здаровага ладу жыцця, якая дазволіла прыцягнуць увагу насельніцтва і павялічыць попыт на інфармацыю пра здароўе і спосабы яго захавання і ўмацавання, а гэта, у сваю чаргу, спрыяе набыццю навыкаў здаровых паводзін. Галоўная задача — выхаванне чалавека, які сам клапоціцца пра сваё здароўе, г. зн. пераход ад прынцыпу аховы здароўя да прынцыпу здароўестварэння. Прафілактычная работа сярод насельніцтва заўсёды была і застаецца часткай непасрэдных абавязкаў медыцынскіх работнікаў. Папярэдзіць хваробу, як вядома, лягчэй, чым яе лячыць. З мая 2017 г. у беларускім сегменце інтэрнэту адкрыты новы сайт «Здаровыя людзі». Унікальнасць заключаецца ў тым, што ў ім аб’яднаны ўсе сферы, якія вызначаюць якасць жыцця чалавека: сацыяльны аспект, ахова здароўя, адукацыя, фізічная актыўнасць і духоўны складнік.

У грамадстве адбываецца працэс усведамлення значнасці здароўя. Каля 80 % апытаных адзначылі яго ў ліку найбольш важных жыццёвых каштоўнасцей у 2015 г. Рэйтынг здароўя працягвае заставацца самым высокім сярод усіх каштоўнасцей. Сістэма каштоўнасцей беларусаў у цэлым застаецца стабільнай: у лік найбольш значных каштоўнасцей нароўні з каштоўнасцю «здароўе» ўваходзяць такія каштоўнасці, як «дзеці» (64,4 %), «сям’я» (67,7), «матэрыяльна забяспечанае жыццё» (35,6), «душэўны спакой, камфорт» (35,1), «любоў» (25,3), «цікавая праца, прафесія» (21) і «сяброўства» (22,3 %).

Захаванне і паляпшэнне здароўя, папярэджанне і мінімізацыя негатыўных наступстваў уздзеяння фактараў рызыкі нездароўя з’яўляецца бясспрэчнай праблемай на сучасным этапе развіцця грамадства. Фарміраванне стратэгіі па захаванні і ўмацаванні здароўя грамадзян Рэспублікі Беларусь ідзе праз стварэнне адзінага прафілактычнага асяроддзя па змяншэнні фактараў рызыкі захворванняў, а таксама праз мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя.

Дзейнасць арганізацый аховы здароўя па фарміраванні здаровага ладу жыцця насельніцтва. Ахова здароўя Беларусі, арыентуючыся на Глабальны план дзеянняў па прафілактыцы і кантролі неінфекцыйных захворванняў і барацьбе з імі на 2013–2020 гады, ажыццяўляе сваю працу па двух напрамках: фарміраванне здаровага ладу жыцця насельніцтва і адэкватнае рэагаванне сістэмы аховы здароўя па своечасовым выяўленні фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных хвароб.

Фарміраванне здаровага ладу жыцця з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці арганізацый аховы здароўя ўсіх узроўняў. Прымаюцца Планы мерапрыемстваў па фарміраванні здаровага ладу жыцця насельніцтва Рэспублікі Беларусь, якія ўключаюць некалькі напрамкаў (модуляў). Ва ўсіх рэгіёнах планы мерапрыемстваў складзены з улікам рэгіянальных асаблівасцей медыка-дэмаграфічных паказчыкаў (нараджальнасць, смяротнасць, захваральнасць на хваробы сістэмы кровазвароту, анказахворванні, траўмы і атручэнні) і ступені распаўсюджанасці асноўных фактараў рызыкі (экалагічных, вытворчых, паводзінскіх).

У рамках прававога модуля праведзена работа па ўзмацненні жорсткасці забароны курэння ў грамадскіх месцах, рэгуляванні электронных сістэм курэння, забароны курэння ў прысутнасці дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў у аўтамабілях і памяшканнях. Гэтыя нормы ўнесены ў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўным рэгуляванні абароту тытунёвых вырабаў і электронных сістэм курэння». У рамках навукова-метадычнага і адукацыйнага модуляў вывучаны вопыт работы рэгіёнаў па фарміраванні здаровага ладу жыцця сярод супрацоўнікаў розных прадпрыемстваў, прапаганды найлепшых прыкладаў працы ў гэтай сферы праз рэгіянальныя СМІ. У цяперашні час у рэспубліцы рэалізуюцца 3 буйныя прафілактычныя праекты, арыентаваныя на ўдасканаленне работы па фарміраванні здаровага ладу жыцця.

Еўрапейская сетка СААЗ «Здаровыя гарады і пасёлкі» з’яўляецца прыкладам сеткавага супрацоўніцтва, здольнага вельмі многае зрабіць для ажыццяўлення палітыкі СААЗ.

Рэалізуецца рэспубліканскі прафілактычны праект сярод устаноў вышэйшай адукацыі «Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра!». Усяго ў праекце задзейнічаны 34 установы вышэйшай адукацыі з удзелам каля 2 тыс. студэнтаў. У рамках рэалізацыі праекта праведзены дыспансерызацыя ўдзельнікаў і іх анкетаванне, завершана 3‑я стадыя рэалізацыі праекта па выбраных напрамках (здаровае харчаванне, прафілактыка тытунекурэння і спажывання алкаголю, спажывання наркотыкаў і курыльных сумесей). Укараненне гэтага праекта запланавана яшчэ ў 43 установах вышэйшай адукацыі.

У рамках праекта «Школа — тэрыторыя здароўя» рэалізуецца ініцыятыва «Здаровы клас». Ва ўсіх рэгіёнах створана 520 «школ — тэрыторый здароўя» (19,2 % ад агульнай колькасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі).

Пры падтрымцы СААЗ праведзены 2 агульнанацыянальныя даследаванні распаўсюджанасці асноўных фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў сярод насельніцтва рэспублікі ва ўзросце 18–69 гадоў (STEPS-даследаванне), якія паказалі, што сітуацыя па фактарах рызыкі неінфекцыйных захворванняў недастаткова добрая: 40,5 % маюць 3 і больш фактары рызыкі (штодзённае тытунекурэнне, гіпадынамія, залішняя маса цела, павышаны артэрыяльны ціск). Толькі ў 5,6 % рэспандэнтаў не выяўлена ніводнага фактару рызыкі неінфекцыйных захворванняў.

Магутным патэнцыялам у рабоце па фарміраванні здаровага ладу жыцця з’яўляецца валанцёрскі рух з прыцягненнем спецыялістаў санэпідслужбы. У краіне падрыхтавана каля 6 тыс. валанцёраў у галіне медыцынскай прафілактыкі.

У рамках рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага модуля праводзяцца прафілактычныя акцыі, па выніках якіх насельніцтва накіроўваецца да спецыялістаў на даабследаванне.

У рамках рэалізацыі модуля па фарміраванні культуры харчавання выдаюцца інфармацыйна-адукацыйныя матэрыялы па пытаннях правільнага харчавання.

Дасягнуты пэўныя вынікі па рэалізацыі фізкультурна-аздараўленчага модуля. Гэта абумоўлена эфектыўным узаемадзеяннем арганізацый аховы здароўя з органамі дзяржаўнага кіравання па забеспячэнні ў СМІ, на сайтах гар(рай)выканкамаў, прадпрыемстваў і арганізацый прапаганды актыўнага правядзення сямейнага вольнага часу, фізкультуры і масавых відаў спорту, асабліва веларуху. Правядзенне спартакіяд па даступных відах спорту сярод прадпрыемстваў і арганізацый, заахвочванне супрацоўнікаў, якія прапагандуюць актыўны лад жыцця асабістым прыкладам, — гэтыя і іншыя мерапрыемствы даюць адчувальны станоўчы вынік.

У рамках рэалізацыі адміністрацыйнага модуля на большасці тэрыторый арганізацыямі аховы здароўя ініцыявана прыняцце рашэнняў выканкамаў па стварэнні зон, свабодных ад курэння: у гарадскіх парках і скверах, на прыпынках грамадскага транспарту, прадпрыемствах і інш. Поўная забарона курэння рэалізавана ва ўсіх арганізацыях аховы здароўя.

У рамках модуля міжведамаснага ўзаемадзеяння праблемныя пытанні рэгулярна заслухоўваюцца на пасяджэннях саветаў па каардынацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння па дэмаграфічнай бяспецы і фарміраванні здаровага ладу жыцця.

Для забеспячэння сістэмнага падыходу па паляпшэнні работы санэпідслужбай распрацаваны План мерапрыемстваў па развіцці сістэмы сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу і ўдасканаленні працы ў галіне першаснай прафілактыкі неінфекцыйнай захваральнасці і Канцэпцыя ўдасканалення дзейнасці органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, па першаснай прафілактыцы неінфекцыйнай захваральнасці і фарміраванні здаровага ладу жыцця.


Медыцынская адукацыя і медыцынская навука

У Беларусі, як і ва ўсім свеце, на першы план выходзіць стварэнне эфектыўнай сістэмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі. Міністэрства аховы здароўя нацэлена на ажыццяўленне пераемнасці паміж тэарэтычнай, навуковай і практычнай падрыхтоўкай спецыялістаў, стымуляванне жадання спецыяліста павышаць сваю кваліфікацыю.

Паслядыпломную падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай медыцынскай адукацыяй ажыццяўляе Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі.

Асноўная мэта медыцынскай адукацыі ў Беларусі — гэта павышэнне ўзроўню ведаў медыцынскіх кадраў шляхам стварэння сістэмы практыка-арыентаванай падрыхтоўкі, у т. л. з прымяненнем сімуляцыйнага абсталявання. Падрыхтоўка спецыялістаў галіны аховы здароўя ажыццяўляецца на аснове сучасных адукацыйных тэхналогій у спалучэнні з высокатэхналагічнымі метадамі практычнай медыцыны, што дазваляе ім быць канкурэнтаздольнымі і мабільнымі на сусветным рынку працы. Медыцынскія кадры Беларусі адрозніваюцца высокай якасцю атрыманай адукацыі. Узровень падрыхтоўкі айчынных медыцынскіх работнікаў высока ацэнены ва ўсім свеце. Беларускія ўрачы-спецыялісты ажыццяўляюць аказанне медыцынскіх паслуг на міжнародным узроўні, навучаюць урачоў з іншых краін. Становіцца ўсё больш запатрабаваным экспарт адукацыйных паслуг.

Наладжана сістэма падрыхтоўкі кіраўніцкіх кадраў, якія валодаюць сучаснымі тэхналогіямі кіравання, планавання, фінансавання, арганізацыі аховы здароўя.

Базавая медыцынская адукацыя. Падрыхтоўка медыцынскіх, фармацэўтычных работнікаў з вышэйшай адукацыяй ажыццяўляецца ў чатырох медыцынскіх універсітэтах: Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (БДМУ), Віцебскім дзяржаўным ордэна Дружбы народаў медыцынскім універсітэце (ВДМУ), Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (ГДМУ), Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (ГрДМУ).

Падрыхтоўка спецыялістаў з прысваеннем кваліфікацыі «ўрач» ажыццяўляецца па чатырох спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі I ступені: «лячэбная справа», «педыятрыя», «медыка-прафілактычная справа», «медыка-псіхалагічная справа» — з тэрмінам навучання 6 гадоў і па дзвюх спецыяльнасцях: «медыка-дыягнастычная справа», «стаматалогія» — з тэрмінам навучання 5 гадоў у вочнай (дзённай) форме атрымання адукацыі.

Па спецыяльнасці «сястрынская справа» прадугледжваецца 4 гады навучання ў вочнай (дзённай) форме атрымання адукацыі і 5 гадоў у завочнай форме з прысваеннем кваліфікацыі «медыцынская сястра з вышэйшай адукацыяй».

Падрыхтоўка фармацэўтычных работнікаў ажыццяўляецца па спецыяльнасці «фармацыя» і арганізавана ў вочнай (дзённай) форме атрымання адукацыі (5 гадоў), завочнай (5,5 года) з прысваеннем кваліфікацыі «правізар».

Прафесарска-выкладчыцкі склад медыцынскіх універсітэтаў рэспублікі на пачатак 2021 г. налічваў больш за 2,6 тыс. чалавек, з іх вучоныя ступені мелі звыш 49,7 %, у т. л. кандыдатаў навук больш за 41,7 %, дактароў навук — 8 %.

У 2019/2020 навучальным годзе ў медыцынскіх універсітэтах навучалася 20,1 тыс. студэнтаў, з іх 5 тыс. — гэта замежныя студэнты з 62 краін свету (з Туркменістана — 868 чалавек, Ірана — 492, Нігерыі — 278, Шры-Ланкі — 616, з Індыі — 611 чалавек і інш.).

На працягу першых трох гадоў студэнты атрымліваюць веды па фундаментальных навуках, такіх як анатомія, гісталогія, біялогія, хімія, фізіка, вывучаюць лацінскую і іншыя замежныя мовы, філасофію. На старэйшых курсах (4–6‑ы гады навучання) будучыя ўрачы займаюцца на клінічных базах універсітэтаў — у бальніцах, паліклініках. У летні час студэнты праходзяць вытворчую практыку: пасля 3‑га курса — сястрынскую, пасля 4‑га — паліклінічную, пасля 5‑га — урачэбную.

У медыцынскіх універсітэтах у лабараторыях практычнага навучання вучэбныя заняткі праводзяцца з выкарыстаннем сімуляцыйнага абсталявання, якое дазваляе з высокай ступенню рэалістычнасці мадэляваць клінічныя сітуацыі і іншыя аспекты прафесійнай дзейнасці ўрачоў-спецыялістаў. У час практычных заняткаў, якія праходзяць у рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах, абласных бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, студэнты і навучэнцы маюць магчымасць азнаёміцца з высокатэхналагічным абсталяваннем. Практычны складнік падрыхтоўкі спецыялістаў (разам з вучэбнай і пераддыпломнай практыкай) складае больш за 70 %.

Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» (БДМУ)

Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» (БДМУ)

Практычныя заняткі з выкарыстаннем сімуляцыйнага абсталявання ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Практычныя заняткі з выкарыстаннем сімуляцыйнага абсталявання ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Навуковая канферэнцыя ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Навуковая канферэнцыя ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (БДМУ). Заснаваны ў 1921 г. як Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. У 1971 г. за заслугі ў падрыхтоўцы кадраў, развіццё аховы здароўя і медыцынскай навукі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Навучанне ва ўніверсітэце на I і II (магістратура) ступенях вышэйшай медыцынскай адукацыі ажыццяўляецца на 71 кафедры, з іх 29 — тэарэтычнага профілю, 42 — клінічнага. Вучэбныя заняткі па клінічных і спецыяльных дысцыплінах арганізаваны больш чым на 70 базах устаноў аховы здароўя.

У БДМУ студэнты вучацца на дзевяці факультэтах: лячэбным; педыятрычным; ваенна-медыцынскім; стаматалагічным; медыка-прафілактычным; медыцынскім факультэце замежных навучэнцаў; фармацэўтычным; прафарыентацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі; павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.

Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт з 2016 г. з’яўляўся галаўной арганізацыяй — выканаўцам Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Фундаментальныя і прыкладныя навукі — медыцыне» на 2016–2020 гады, падпраграмы 2 «Дыягностыка і тэрапія захворванняў» і Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Новыя метады аказання медыцынскай дапамогі», 2016–2020 гады, падпраграмы «Унутраныя хваробы».

Супрацоўнікамі клінічных кафедр універсітэта выконваецца вялікі аб’ём працы, звязанай з аказаннем выязной арганізацыйна-метадычнай і лячэбна-кансультатыўнай дапамогі арганізацыям аховы здароўя.

Прафесарскі кансультацыйны цэнтр «Прафесар» аказвае медыцынскія паслугі на платнай аснове жыхарам рэспублікі і замежным грамадзянам больш чым па 20 спецыяльнасцях.

Санаторый-прафілакторый БДМУ прызначаны для лячэння і аздараўлення студэнтаў без адрыву іх ад навучання. Пункт аховы здароўя студэнтаў аказвае хуткую і неадкладную медыцынскую дапамогу пры захворваннях, траўмах і атручэннях.

Універсітэт развівае міжнароднае супрацоўніцтва з партнёрамі з 24 краін свету, сярод якіх найбольшае значэнне набылі кантакты, наладжаныя з Расіяй, Польшчай, Канадай, Германіяй, Японіяй, Швецыяй, Казахстанам, Азербайджанам, Ізраілем і Туркменістанам.

Штогод БДМУ заключае ад 10 да 15 пагадненняў аб акадэмічным і навуковым супрацоўніцтве з замежнымі навуковымі і навучальнымі ўстановамі.

Лячэбна-кансультатыўная работа
Удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Установа адукацыі «Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт»

Установа адукацыі «Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт»

Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт (ВДМУ). Утвораны ў лістападзе 1934 г. як бальніца-медуніверсітэт з агульным кантынгентам на ўсіх курсах 250 чалавек. У сакавіку 2003 г. створана ўніверсітэцкая клініка. У цяперашні час навучанне ажыццяўляецца на васьмі факультэтах: лячэбным; фармацэўтычным; стаматалагічным; падрыхтоўкі замежных грамадзян; прафарыентацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі; павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі па педагогіцы і псіхалогіі; павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў; народным факультэце «Здароўезберажэнне» і на 79 кафедрах.

Навуковая праца ва ўніверсітэце праводзіцца па наступных навуковых напрамках: хірургічныя хваробы, траўма; фармакалогія, фармацыя і біятэхналогіі; інфекцыі і біялагічная бяспека; хваробы сістэмы кровазвароту; медыцынская рэабілітацыя; анкалогія; здаровая маці — здаровае дзіця; інавацыйная педагогіка; унутраныя хваробы.

Падрыхтоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ў аспірантуры ажыццяўляецца па 40 спецыяльнасцях, у дактарантуры — па 19. Пры ўніверсітэце дзейнічаюць 4 саветы па абароне дысертацый на саісканне вучонай ступені доктара і кандыдата навук.

Клініка ВДМУ аказвае шырокі спектр медыцынскіх паслуг. Прыём вядзецца па спецыяльнасцях: педыятрыя, гінекалогія, кардыялогія, анкалогія, неўралогія, отарыналарынгалогія, афтальмалогія, сасудзістая хірургія, тэрапія, алергалогія і імуналогія, траўматалогія і артапедыя, уралогія, гематалогія, гастраэнтэралогія, рэўматалогія, эндакрыналогія.

Ва ўніверсітэце функцыянуе ідэалагічны цэнтр, укаранёна сістэма інфармацыйнай працы (інфармацыйныя кабінеты пры кафедрах сацыяльна-гуманітарных навук і грамадскага здароўя і аховы здароўя; інфармацыйныя групы; універсітэцкая газета «Медвузовец»; функцыянуе інстытут куратарства; працуе «Школа маладога куратара»).

Практычныя заняткі ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце
Замежныя студэнты, якія вучацца ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце
Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» (ГДМУ)

Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» (ГДМУ)

Заняткі на кафедры анатоміі чалавека ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Заняткі на кафедры анатоміі чалавека ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (ГДМУ). Адкрыты ў лістападзе 1990 г. Ва ўніверсітэце праводзіцца падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай адукацыі I ступені па дзвюх спецыяльнасцях — «лячэбная справа» і «медыка-дыягнастычная справа» — і II ступені, якая фарміруе веды, уменні і навыкі навукова-педагагічнай і навукова-даследчай працы і забяспечвае атрыманне ступені магістра. Рэалізуюцца таксама адукацыйныя праграмы пасляўніверсітэцкай адукацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі.

Падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца на пяці факультэтах: лячэбным; медыка-дыягнастычным; па падрыхтоўцы спецыялістаў для замежных краін; даўніверсітэцкай падрыхтоўкі; павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Працуюць 36 кафедр, 5 навукова-даследчых лабараторый, аддзел навукі і навукова-медыцынскай інфармацыі, рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, прафесарскі кансультатыўны цэнтр, лабараторыя практычнага навучання. Навучанне праходзіць на базе 18 клінік.

Падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі арганізавана з адрывам і без адрыву ад вытворчасці праз аспірантуру, дактарантуру і саіскальніцтва. Падрыхтоўка кандыдатаў навук вядзецца па 30 спецыяльнасцях.

Універсітэт вядзе вялікую навукова-даследчую працу, супрацоўнічае з замежнымі ўстановамі адукацыі, навукова-даследчымі і іншымі замежнымі арганізацыямі. У рамках супрацоўніцтва з універсітэтамі гарадоў Фукусіма і Нагасакі (Японія) праводзяцца сумесныя даследаванні па праблемах, актуальных для Беларусі і Японіі ў сувязі з наступствамі аварый на ЧАЭС і АЭС «Фукусіма‑1».

Установа адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» (ГрДМУ)

Установа адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» (ГрДМУ)

Навучанне замежных студэнтаў у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Навучанне замежных студэнтаў у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце

Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (ГрДМУ). Утвораны ў жніўні 1958 г. Вучэбная дзейнасць ажыццяўляецца на сямі факультэтах: лячэбным; педыятрычным; медыка-дыягнастычным; медыка-псіхалагічным; замежных навучэнцаў; сястрынскай справы; факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі і на 46 кафедрах.

Навуковая дзейнасць накіравана на развіццё фундаментальных, пошукавых, прыкладных навуковых даследаванняў як асновы для стварэння новых ведаў, асваення новых тэхналогій, станаўлення і развіцця навуковых школ і вядучых навуковых калектываў ГрДМУ па прыярытэтных напрамках развіцця навукі і медыцыны.

Вядзецца пошук новых, прагрэсіўных форм супрацоўніцтва з навуковымі і вытворчымі арганізацыямі і ўстановамі аховы здароўя з мэтай сумеснага вырашэння найважнейшых медыка-біялагічных праблем, стварэння эфектыўных тэхналогій і пашырэння выкарыстання ўніверсітэцкіх распрацовак на практыцы, а таксама павышэння навуковага кадравага патэнцыялу ўніверсітэта.

Неад’емнай часткай дзейнасці ўніверсітэта з’яўляецца клінічная праца. За апошнія 5 гадоў супрацоўнікамі ўніверсітэта атрымана 158 патэнтаў на вынаходніцтвы і карысныя мадэлі, 125 станоўчых рашэнняў, 3 пасведчанні на таварныя знакі. З мэтай паляпшэння аказання высокакваліфікаванай дапамогі насельніцтву ў 2011 г. створаны прафесарскі кансультатыўны цэнтр, функцыянуе пункт аховы здароўя студэнтаў.

Універсітэт развівае міжнароднае супрацоўніцтва. З’яўляецца членам Еўрапейскай асацыяцыі медыцынскіх работнікаў (AMEE), прадстаўлены ў міжнародным каталогу «Авіцэна», актыўна супрацоўнічае з Нямецкай службай акадэмічных абменаў (DAAD), прадстаўлены ў каталогу Міжнароднага савета навукоўцаў Global World Communicator.

Паслядыпломная медыцынская адукацыя. У Беларусі створана стройная сістэма бесперапыннай паслядыпломнай падрыхтоўкі спецыялістаў з медыцынскай адукацыяй, якая ўключае самастойнае навучанне (самаадукацыя), павышэнне кваліфікацыі, стажыроўку, перападрыхтоўку і клінічную ардынатуру, магістратуру, аспірантуру.

Асобы, якія атрымалі вышэйшую медыцынскую, фармацэўтычную адукацыю, накіроўваюцца для праходжання інтэрнатуры ў якасці ўрача-інтэрна, правізара-інтэрна ў арганізацыі аховы здароўя з мэтай паглыблення ведаў і практычных навыкаў для наступнай самастойнай працоўнай дзейнасці. Арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне інтэрнатуры ажыццяўляецца медыцынскімі ўніверсітэтамі. Падрыхтоўка ў інтэрнатуры ажыццяўляецца па 32 спецыяльнасцях з тэрмінам 5 месяцаў (для медыка-прафілактычных і фармацэўтычных спецыяльнасцей) і 12 месяцаў (для астатніх медыцынскіх спецыяльнасцей). Пасля праходжання інтэрнатуры асобы, якія паспяхова здалі кваліфікацыйны экзамен, атрымліваюць сертыфікат аб праходжанні інтэрнатуры з прысваеннем кваліфікацыі «ўрач-спецыяліст» або «правізар-спецыяліст».

Магістратура — ІІ ступень вышэйшай адукацыі. Мэта навучання ў магістратуры заключаецца ў паглыбленай навукова-педагагічнай і навукова-даследчай падрыхтоўцы спецыялістаў для далейшага навучання ў аспірантуры або ажыццяўлення выкладчыцкай дзейнасці з прысваеннем ступені «магістр медыцынскіх навук» або «магістр фармацэўтычных навук». Тэрмін навучання складае адзін год (для замежных грамадзян да двух гадоў) па 35 спецыяльнасцях у вочнай (дзённай) форме. Агульная колькасць магістрантаў у медыцынскіх універсітэтах складае 37 чалавек (2020).

Клінічная ардынатура — форма прафесійнай падрыхтоўкі ўрачоў-спецыялістаў, асоб, якія атрымалі вышэйшую медыцынскую адукацыю за межамі Рэспублікі Беларусь, заснаваная на прынцыпе індывідуальнага навучання з мэтай паглыблення прафесійных ведаў і ўдасканалення практычных навыкаў, асваення перадавых медыцынскіх тэхналогій, вырашэння задач кадравага забеспячэння аховы здароўя. Падрыхтоўка ў клінічнай ардынатуры арганізавана па 63 спецыяльнасцях з працягласцю 2 гады ў дзённай форме, 3 гады — у завочнай форме ў дзяржаўных установах адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і (або) перападрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай медыцынскай, фармацэўтычнай адукацыяй, а таксама ў рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах. Па выніках кваліфікацыйнага экзамену выдаецца пасведчанне аб праходжанні падрыхтоўкі ў клінічнай ардынатуры і магчыма прысваенне новай кваліфікацыі.

Асноўнай установай, якая ажыццяўляе паслядыпломную падрыхтоўку ўрачоў, з’яўляецца Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА). Задачамі БелМАПА з’яўляюцца: павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка ўрачоў, сярэдняга медыцынскага персаналу, педагогаў, навукоўцаў і іншых спецыялістаў, якія працуюць у сістэме аховы здароўя, а таксама навучанне ў дактарантуры, аспірантуры і клінічнай ардынатуры айчынных і замежных спецыялістаў.

Здабыццё незалежнасці Рэспублікай Беларусь паставіла перад калектывам БелДІУУ (да 2000, затым БелМАПА), задачу паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў усіх спецыяльнасцей унутры рэспублікі, абыходзячыся ўласнымі сіламі і магчымасцямі.

БелМАПА — унікальны вучэбна-педагагічны і навуковы цэнтр, які рэалізуе сістэму бесперапыннага павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ўрачоў, выкладчыкаў медыцынскіх устаноў вышэйшай адукацыі і вучоных. Акадэмія валодае значным навукова-педагагічным патэнцыялам. У БелМАПА ў 2022 г. працавалі 2 правадзейныя члены (акадэмікі) НАН Беларусі, 2 члены-карэспандэнты НАН Беларусі, 3 заслужаныя дзеячы навукі, 59 прафесараў, 205 дацэнтаў. Прафесарска-выкладчыцкі склад — 359 чалавек, з якіх 65 — дактары і 234 — кандыдаты навук.

У БелМАПА створаны 4 факультэты: тэрапеўтычны, хірургічны, педыятрычны, грамадскага здароўя і аховы здароўя. На 51 кафедры акадэміі па 77 спецыяльнасцях штогод павышаюць сваю кваліфікацыю больш за 18 тыс. спецыялістаў.

Вучэбнымі базамі кафедр БелМАПА з’яўляюцца 89 лячэбна-прафілактычных арганізацый рэспублікі, у т. л. 16 РНПЦ, 5 устаноў аховы здароўя рэспубліканскага падпарадкавання, 8 устаноў аховы здароўя Мінскай вобласці, 49 устаноў аховы здароўя камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, 11 медыцынскіх устаноў ведамаснага падпарадкавання. Выкладчыкі кафедр курыруюць больш за 6 тыс. ложкаў, выконваюць штогод каля 7 тыс. аперацый і асістэнцый, ажыццяўляюць больш за 800 выездаў ва ўстановы аховы здароўя рэспублікі, аказваючы кансультатыўную і метадычную дапамогу.

У 2017 г. у БелМАПА перагледжаны вучэбныя праграмы курсаў павышэння кваліфікацыі са змяншэннем аб’ёму лекцыйных заняткаў і ростам аб’ёму практычных заняткаў да 80 %.

У акадэміі праводзіцца атэстацыя ўрачоў і спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай і фармацэўтычнай адукацыяй сістэмы Міністэрства аховы здароўя на вышэйшую катэгорыю, а супрацоўнікаў рэспубліканскіх арганізацый аховы здароўя — на 2‑ю, 1‑ю і вышэйшую катэгорыі.

Навукова-педагагічныя кадры рыхтуюцца на базе Цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі, дзе створаны і акрэдытаваны Цэнтр калектыўнага карыстання ўнікальным навуковым абсталяваннем. Дзякуючы магутнаму інтэлектуальнаму патэнцыялу, унікальнаму матэрыяльна-тэхнічнаму аснашчэнню Цэнтра калектыўнага карыстання акадэмія атрымала заслужанае прызнанне як база падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі і стварэння новых медыцынскіх тэхналогій прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння шматлікіх захворванняў, дзе адначасова выконваецца больш за 160 дысертацыйных даследаванняў.

Значная ўвага акадэміяй надаецца падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз інстытут дактарантуры, аспірантуры і саіскальніцтва па 63 спецыяльнасцях, з якіх па 35 — у аспірантуры і па 28 — у дактарантуры. Падрыхтоўка ў клінічнай ардынатуры ажыццяўляецца па 51 спецыяльнасці ў адпаведнасці з пералікам медыцынскіх спецыяльнасцей і кваліфікацый і па працягласці максімальна набліжана да еўрапейскіх стандартаў. У дактарантуры, аспірантуры і клінічнай ардынатуры навучаецца каля 500 урачоў, уключаючы грамадзян з Еўропы, Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу. У акадэміі функцыянуюць 6 саветаў па абароне дысертацый па 14 спецыяльнасцях.

Пры акадэміі адкрыты прафесарскі лячэбна-кансультатыўны цэнтр, які наблізіў высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу да насельніцтва. Спецыялістамі гэтага цэнтра выконваецца больш за 6 тыс. аперацый на год і каля 200 тыс. кансультацый пацыентаў.

Стратэгія развіцця міжнародных сувязей БелМАПА накіравана на ўмацаванне іміджу арганізацыі як сучаснага высокапрафесійнага цэнтра паслядыпломнай перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі ўрачоў і спецыялістаў з вышэйшай медыцынскай адукацыяй. Плённае і цеснае супрацоўніцтва з медыцынскімі ўстановамі, установамі вышэйшай адукацыі, навукова-даследчымі і навукова-практычнымі цэнтрамі Швецыі, Італіі, Польшчы, Аўстрыі, Японіі, Турцыі, Расіі і краін СНД дазваляе ўкараняць перадавыя тэхналогіі ў адукацыйны, навуковы і лячэбны працэсы акадэміі.

Паслядыпломная падрыхтоўка спецыялістаў праводзіцца ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў мае ў сваім складзе 5 кафедр і 9 курсаў, дзе працуюць больш за 20 дактароў навук, прафесараў і 30 кандыдатаў медыцынскіх і фармацэўтычных навук, дацэнтаў, якія забяспечваюць высокі ўзровень якасці навучання спецыялістаў.

З красавіка 2002 г. функцыянуе факультэт павышэння кваліфікацыі па педагогіцы і псіхалогіі. На факультэце праходзяць павышэнне кваліфікацыі выкладчыкі медыцынскіх устаноў вышэйшай адукацыі і медыцынскіх каледжаў, а ў вучэбна-трэніровачным цэнтры па навучанні навыкам аказання першай медыцынскай дапамогі — супрацоўнікі МНС, МУС, Міністэрства транспарту, педагогі, работнікі небяспечнай вытворчасці.

Ліцэнзію на рэалізацыю адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў атрымалі 15 рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў і рэспубліканская клінічная стаматалагічная паліклініка з мэтай усебаковага задавальнення патрэб урачоў-спецыялістаў у атрыманні новых ведаў, азнаямлення з перадавымі сусветнымі методыкамі лячэння і метадамі дыягностыкі, наступнага ўкаранення іх у лячэбны і дыягнастычны працэс, а таксама для стварэння бесперапыннай сістэмы павышэння кваліфікацыі кадраў, падбору, расстаноўкі прафесійна падрыхтаваных кампетэнтных, высокакваліфікаваных спецыялістаў і павышэння кваліфікацыі ўрачоў-спецыялістаў, якія працуюць ва ўстановах аховы здароўя рэспублікі, блізкага і далёкага замежжа.

Практычныя заняткі ў медыцынскім каледжы па вучэбнай дысцыпліне «Сястрынская справа і маніпуляцыйная тэхніка»

Практычныя заняткі ў медыцынскім каледжы па вучэбнай дысцыпліне «Сястрынская справа і маніпуляцыйная тэхніка»

Заняткі ў лабараторыі практычнага навучання па вучэбнай дысцыпліне «Педыятрыя»

Заняткі ў лабараторыі практычнага навучання па вучэбнай дысцыпліне «Педыятрыя»

Заняткі ў лабараторыі практычнага навучання па вучэбнай дысцыпліне «Хірургічныя хваробы»

Заняткі ў лабараторыі практычнага навучання па вучэбнай дысцыпліне «Хірургічныя хваробы»

Падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй у Рэспубліцы Беларусь вядзецца ў 16 медыцынскіх каледжах па сямі спецыяльнасцях: сястрынская справа; лячэбная справа; медыка-дыягнастычная справа; медыка-прафілактычная справа; зубапратэзная справа; фармацыя; лячэбны масаж (толькі ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы і толькі для інвалідаў па зроку). Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца сястрынская і лячэбная справа.

Медыцынскія каледжы Беларусі: Аршанскі, Бабруйскі, Барысаўскі, Беларускі (Мінск), Брэсцкі, Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі, Магілёўскі, Мазырскі, Маладзечанскі, Мінскі, Пінскі, Полацкі імя героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка, Слонімскі, Слуцкі. Усе каледжы падпарадкаваны тэрытарыяльнаму органу кіравання аховай здароўя, на чыёй тэрыторыі яны размешчаны.

Падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца ў вочнай (дзённай) форме атрымання адукацыі. Тэрмін навучання — ад 1 года 10 месяцаў да 2 гадоў 10 месяцаў. У 2019/2020 навучальным годзе ў медыцынскіх каледжах вучылася 10,5 тыс. навучэнцаў, з іх на бюджэтнай аснове — 7,2 тыс. чалавек, сярод якіх каля 3 тыс. на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, платна — больш за 3 тыс. чалавек. У 2020 г. у медыцынскія каледжы было залічана 4,9 тыс. чалавек, з іх 192 — замежныя грамадзяне.

У медыцынскіх каледжах на пачатак 2019/2020 навучальнага года адукацыйны працэс ажыццяўлялі 1 107 штатных выкладчыкаў.

Павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў з сярэдняй медыцынскай (фармацэўтычнай) адукацыяй рэалізуюцца ва ўстанове адукацыі «Баранавіцкі цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў» і ў аддзяленнях павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі 14 медыцынскіх каледжаў. Перападрыхтоўка ажыццяўляецца ў вочнай (дзённай) форме атрымання адукацыі па 11 спецыяльнасцях. За год праводзіцца больш за 180 курсаў павышэння кваліфікацыі.

Нягледзячы на павелічэнне на працягу шэрага гадоў прыёму і выпуску ўрачоў з медыцынскіх універсітэтаў, мэтавага навучання ў арганізацыях аховы здароўя, назіраецца дэфіцыт медыцынскіх кадраў. Адной з прычын з’яўляецца міграцыйны адток медыцынскіх кадраў. Міграцыя — гэта аб’ектыўны працэс, характэрны для ўсіх краін, і сістэма аховы здароўя не ў сілах кардынальна на яго паўплываць. Тым не менш дзяржавай прымаюцца ўсе магчымыя меры па замацаванні спецыялістаў на працоўных месцах.

Усе выпускнікі вышэйшых і сярэдніх устаноў адукацыі забяспечваюцца першым рабочым месцам, ім устанаўліваюцца надбаўкі, у т. л. за складанасць і напружанасць працы, забяспечваюцца сацыяльныя выплаты на патанненне харчавання, аднаразовыя выплаты да прафесійных свят, юбілейных дат і г. д.; ствараюцца неабходныя ўмовы для ўдзелу ў рабоце клубаў па інтарэсах, для заняткаў фізічнай культурай і спортам; аказваецца спецыялізаваная медыцынская дапамога. Важным аспектам замацавання кадраў на месцах з’яўляецца забеспячэнне жыллём, павышэнне заработнай платы медыкаў пры непасрэдным удзеле мясцовай выканаўчай улады, магчымасць прафесійнага росту.

У Беларусі забяспечваецца кантроль за своечасовым накіраваннем маладых спецыялістаў на павышэнне кваліфікацыі праз год пасля праходжання інтэрнатуры.

Падпісаны шэраг пагадненняў з краінамі постсавецкай прасторы, прадметам якіх з’яўляецца навучанне іх спецыялістаў на працоўных месцах нашых урачоў. Беларусь была, ёсць і застаецца той краінай, дзе можна прайсці якаснае навучанне па даступных цэнах. Беларускія спецыялісты праводзяць майстар-класы для замежнікаў як у сябе ў краіне, так і выязджаючы да іх. Гэта стала магчымым дзякуючы наяўнасці ўнікальнага абсталявання і кваліфікаваных кадраў у сістэме аховы здароўя.

Прыём у медыцынскія ўніверсітэты вырас з 3 657 чалавек у 2016 г. да 3 768 чалавек у 2020 г. З 2016 па 2020 г. колькасць залічаных студэнтаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі павялічылася з 17,1 да 22,4 % (табліца 2).

Табліца 2. Прыём у медыцынскія ўстановы вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь (2013–2020)

Год

Колькасць медыцынскіх універсітэтаў

Агульная колькасць прынятых

У тым ліку:

замежных грамадзян

грамадзян Рэспублікі Беларусь

усяго

у т. л. навучаюцца за кошт:

бюджэтных сродкаў

сродкаў бюджэту на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі

уласных сродкаў

2013

4

3 573

2 821

1 997

591

924

652

2014

4

3 898

3 069

2 033

795

1 036

829

2015

4

3 796

2 959

1 978

719

981

837

2016

4

3 657

2 617

1 544

606

1 073

1 040

2017

4

3 619

2 596

1 470

587

1 126

1 023

2018

4

3 611

2 507

1 455

694

1 052

1 104

2019

4

3 896

2 683

1 650

805

1 033

1 213

2020

4

3 768

2 807

1 740

845

1 067

961

Пра якасць падрыхтоўкі беларускіх урачоў сведчыць тое, што прыгранічныя вобласці Расійскай Федэрацыі будуюць сваю кадравую палітыку, арыентуючыся і на прыцягненне нашых спецыялістаў. Акрамя таго, нашы спецыялісты запатрабаваны далёка за межамі Беларусі. Высокую якасць падрыхтоўкі беларускіх спецыялістаў адзначаюць і замежныя грамадзяне, якія атрымалі медыцынскую дапамогу ў Беларусі.

Медыцынская навука. Паспяховае развіццё сістэмы аховы здароўя немагчыма без эфектыўнага навуковага забеспячэння галіны.

З мэтай удасканалення і развіцця інавацыйнай інфраструктуры галіны аховы здароўя і пры актыўнай падтрымцы з боку Кіраўніка дзяржавы праведзена вялікая праца па стварэнні рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў шляхам пераўтварэння ў іх навукова-даследчых інтсытутаў і буйных арганізацый аховы здароўя. Гэтым створаны ўмовы для хуткага ўкаранення вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак у практычную ахову здароўя.

У 2021 г. патэнцыял галіновай медыцынскай навукі быў прадстаўлены 26 установамі, якія ажыццяўлялі навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць. Гэта 4 медыцынскія ўніверсітэты, БелМАПА, 17 РНПЦ, Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў і Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белмедпрэпараты», установа аховы здароўя «Нацыянальная антыдопінгавая лабараторыя».

Навукова-практычная дзейнасць накіравана на вырашэнне важнейшых праблем сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь і праводзіцца ў адпаведнасці з прыярытэтнымі напрамкамі навукова-тэхнічнай дзейнасці, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2020 г. № 156 «Аб прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на 2021–2025 гады».

У галіне медыцыны, фармацыі, медыцынскай тэхнікі гэта:

  • біятэхналогіі (геномныя і постгеномныя, клетачныя, мікробныя, медыцынскія, прамысловыя);

  • сістэмная і сінтэтычная біялогія;

  • штучныя тканкі і органы;

  • дыягностыка, медыцынская прафілактыка і лячэнне віруснай этыялогіі і неінфекцыйных захворванняў, экспертыза якасці медыцынскай дапамогі;

  • персаніфікаваная медыцына;

  • медыцынская рэабілітацыя пацыентаў;

  • здароўе маці і дзіцяці;

  • кіраванне здароўем і асяроддзем пражывання чалавека, яго здаровае і бяспечнае харчаванне, актыўнае даўгалецце;

  • медыцынскае абсталяванне;

  • фармацэўтычныя субстанцыі, дыягнастычныя лекавыя сродкі і імунамадулятары;

  • антыбіётыкарэзістэнтнасць.

Рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры маюць магутную матэрыяльна-тэхнічную базу, высокакваліфікаваныя кадры, якія валодаюць самымі перадавымі тэхналогіямі, найноўшымі дасягненнямі сусветнай медыцынскай навукі. Яны аказваюць арганізацыйную, метадычную дапамогу рэгіёнам, праводзяць навучанне спецыялістаў на працоўных месцах, што дазваляе развівацца найноўшым тэхналогіям па ўсёй рэспубліцы, забяспечваючы пераемнасць.

Медыцынская навука Беларусі ўносіць істотны ўклад ва ўдасканаленне медыцынскіх тэхналогій. Штогод пашыраецца пералік высокатэхналагічных і складаных медыцынскіх умяшанняў, узрастае аб’ём тэхналагічных інавацый, адзначаецца значнае павышэнне даступнасці і своечасовасці аказання высокатэхналагічнай дапамогі пацыентам.

Наяўнасць сеткі медыцынскіх цэнтраў, якія выкарыстоўваюць інавацыйныя тэхналогіі, найноўшыя метады прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі, дае магчымасць праводзіць складаныя ўмяшанні на ўзроўні перадавой медыцынскай практыкі — ад кардыяхірургіі да трансплантацыі органаў і тканак. Па гэтым відзе медыцынскіх умяшанняў Беларусь займае адно з першых месцаў сярод краін постсавецкай прасторы.

Перадавыя тэхналогіі, якія шырока прымяняюцца ў айчыннай ахове здароўя, — гэта не толькі сучаснае абсталяванне, але і кваліфікаваныя кадры. Рэспубліка Беларусь здолела захаваць і значна палепшыць падрыхтоўку медыцынскіх кадраў.

У цяперашні час дзяржаўная навуковая палітыка ў сферы аховы здароўя накіравана на фарміраванне нацыянальнай інавацыйнай сістэмы. Сфарміравана заканадаўства для ажыццяўлення інавацыйнай дзейнасці — прыняты нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць, а таксама пытанні інтэлектуальнай уласнасці. Нарматыўна-прававой базай рэгламентаваны парадак узгаднення (паводле рэсурсаў, выканаўцаў і тэрмінаў выканання заданняў) і каардынацыі правядзення навуковых даследаванняў і распрацовак у рамках дзяржаўных і галіновых навукова-тэхнічных праграм для эфектыўнага вырашэння сістэмных праблем у стварэнні і засваенні вытворчасці новай прадукцыі і новых тэхналогій у галінах рэальнага сектара эканомікі.

Гэта, перш за ўсё, Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады, Стратэгія Рэспублікі Беларусь у сферы інтэлектуальнай уласнасці на 2021–2030 гады, Стратэгія «Навука і тэхналогіі: 2018–2040».

У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь асноўны ўпор робіцца на стварэнне высокатэхналагічных і эфектыўных вытворчасцей.

Створаны перадумовы выканання інвестыцыйных праектаў для арганізацыі масавай вытворчасці прадукцыі для аховы здароўя. Гэта вытворчасць фармацэўтычных субстанцый і гатовых лекавых форм, сучасных малекулярна-біялагічных сродкаў медыцынскай дыягностыкі, медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння; вытворчасць сродкаў для лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў і захворванняў нервовай сістэмы, антыінфекцыйных лекавых сродкаў, проціпухлінных лекавых сродкаў новага пакалення, біяпрэпаратаў з плазмы крыві, сродкаў дыягностыкі спадчынных і мультыфактарыяльных захворванняў.

Асноўныя прыярытэтныя напрамкі інавацыйнага развіцця аховы здароўя ў Беларусі — трансплантацыя органаў і тканак; медыцынскія біятэхналогіі, персаніфікаваная медыцына, здароўе маці і дзіцяці.

У галіне фармацыі і мікрабіялогіі асноўнымі кірункамі інавацыйнага развіцця з’яўляюцца:

  • стварэнне вытворчасці новага пакалення фармацэўтычных субстанцый і гатовых лекавых форм (сінтэтычныя лекавыя сродкі, нанаструктураваныя формы прэпаратаў, прынцыпова новыя формы на аснове клетачных біятэхналогій);

  • стварэнне новай імпартазамяшчальнай фармацэўтычнай і біятэхналагічнай вытворчасці ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі Належнай вытворчай практыкі (GMP), накіраванай на пашырэнне наменклатуры прадукцыі, якая выпускаецца.

У рамках напрамку «Фармацэўтычныя тэхналогіі, медыцынскія біятэхналогіі, лекавыя сродкі, дыягнастычныя прэпараты і тэст-сістэмы» намаганні навукоўцаў сканцэнтраваны на выпуску айчынных дарагіх фармсубстанцый, патрэбных у невялікай колькасці (1–20 кг), вытворчасць якіх у Рэспубліцы Беларусь, краінах СНД і блізкага замежжа ў гэты момант адсутнічае або рэалізуецца пад заказ.

Усяго за гады незалежнасці ў Беларусі распрацавана каля 8 тыс. новых метадаў прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі. Падрыхтавана і зацверджана каля 300 клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэння, санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў і г. д.

Клінічны пратакол — адзіны ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўны дакумент, які ўстанаўлівае абавязковыя патрабаванні да тэхналагічных працэсаў, што ажыццяўляюцца ў ходзе прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі пацыентаў з рознымі захворваннямі, і забяспечвае магчымасць кантролю аб’ёмаў, даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі, што аказваецца пацыенту ў лячэбна-прафілактычных арганізацыях у рамках дзяржаўных гарантый забеспячэння грамадзян медыцынскай дапамогай.

У цяперашні час дзейнічаюць 154 клінічныя пратаколы ў дачыненні да парадку 4 тыс. назалагічных форм.

Д. Яфімаў — урач-хірург Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі органаў і тканак — пераможца конкурсу ў рамках кангрэса Сусветнага транспланталагічнага таварыства

Д. Яфімаў — урач-хірург Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі органаў і тканак — пераможца конкурсу ў рамках кангрэса Сусветнага транспланталагічнага таварыства

Уведзены ў эксплуатацыю ў снежні 2009 г. Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансплантацыі органаў і тканак (у цяперашні час Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі) з’яўляўся адным з аб’ектаў праграмы інавацыйнага развіцця краіны. Са стварэннем гэтага цэнтра з’явілася магчымасць значна пашырыць навуковыя даследаванні і забяспечыць выкананне аперацый па перасадцы органаў, тканак і клетак на ўзроўні сусветных стандартаў. Выдатныя вынікі дасягнуты пры аперацыях перасадкі печані і сэрца.

У навукова-даследчых арганізацыях аховы здароўя створаны навуковыя школы па розных кірунках. У галіне развіта настаўніцтва, што дазваляе палепшыць працэс падрыхтоўкі практыка-арыентаваных медыцынскіх кадраў.

Шматлікія распрацоўкі навукоўцаў паспяхова ўкаранёны ў практычную ахову здароўя: дыягнастычны апарат «Спектр» для вымярэння ў крыві ўзроўню білірубіну неінвазіўным метадам, г. зн. без парушэння цэласнасці скурнага покрыва (РНПЦ «Маці і дзіця»); трохлопасцевы ранарасшыральнік (РНПЦ «Кардыялогія»); новы высокаэфектыўны метад лячэння дзяцей з высоказлаякаснай пухлінай цэнтральнай нервовай сістэмы, якая найбольш часта сустракаецца, — медулабластомай (РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі); канструкцыі для стабілізацыі пазваночніка пры пашкоджаннях (РНПЦ траўматалогіі і артапедыі) і многія іншыя.

Распрацаваны і ўведзены ў эксплуатацыю тэхналогіі тэлемедыцыны (РНПЦ медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя) для забеспячэння дыстанцыйнай дыягностыкі і навучання, укараненне якіх у практычную ахову здароўя дазваляе павысіць якасць лячэбна-дыягнастычнай і прафілактычнай работы амбулаторна-паліклінічнага і стацыянарнага звёнаў медыцынскай дапамогі за кошт выкарыстання навуковага патэнцыялу вядучых арганізацый рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўняў, а таксама аператыўнасць, даступнасць і якасць кваліфікаванай кансультатыўнай дапамогі насельніцтву.


Лекавае забеспячэнне

Асноўнай мэтай дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь па развіцці нацыянальнай фармацэўтычнай прамысловасці з’яўляецца стварэнне ўмоў для яе пераходу на інавацыйную мадэль развіцця, што павінна прывесці да росту забяспечанасці насельніцтва і ўстаноў аховы здароўя лекавымі сродкамі айчыннай вытворчасці пры агульным павелічэнні забяспечанасці асоб, якія маюць патрэбу ў леках, да сярэднееўрапейскага ўзроўню як па колькасных, так і па якасных паказчыках.

У рэспубліцы створана сістэма забеспячэння якасці, эфектыўнасці і бяспекі лекавых сродкаў, якая ўключае дзяржаўную рэгістрацыю лекавых сродкаў; дзяржаўны кантроль за якасцю лекавых сродкаў, што вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь і ўвозяцца на тэрыторыю краіны; кантроль за рэкламай лекавых сродкаў.

У 1997 г. створана дзяржаўнае прадпрыемства «Рэспубліканскі цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя». Мэтай яго дзейнасці з’яўляецца правядзенне ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі, эфектыўнасці і якасці лекавых сродкаў, фармацэўтычных субстанцый, медыцынскіх вырабаў шляхам правядзення комплексу работ па падрыхтоўцы і экспертызе дакументацыі (у т. л. правядзення інспекцыйнай праверкі вытворчасці лекавых сродкаў, медыцынскіх вырабаў), правядзення сертыфікацыі медыцынскіх вырабаў, ажыццяўлення кантролю якасці лекавых сродкаў, медыцынскіх вырабаў.

З мэтай арганізацыі даступнасці лекавай дапамогі насельніцтву, якое пражывае ў сельскай мясцовасці, рознічную рэалізацыю лекавых сродкаў таксама ажыццяўляюць медыцынскія работнікі фельчарска-акушэрскіх пунктаў, урачэбных амбулаторый.

Для забеспячэння якасці лекаў, якія вырабляюцца ў рэспубліцы, і павелічэння экспарту беларускіх лекавых сродкаў Міністэрства аховы здароўя праводзіць сертыфікацыю айчынных прадпрыемстваў на адпаведнасць патрабаванням Належнай вытворчай практыкі (GMP).

За апошнія 5 гадоў на ўнутраны рынак выведзена каля 700 новых айчынных лекавых сродкаў. Усяго ў рэспубліцы зарэгістравана каля 1,5 тыс. лекавых сродкаў айчыннай вытворчасці. Значна пашыраны арсенал айчынных проціпухлінных лекавых сродкаў. Гэтыя лекавыя сродкі — адзін з элементаў імпартазамяшчэння.

Для ўпарадкавання абарачэння лекавых сродкаў, якія прымяняюцца на тэрыторыі краіны, створаны Рэспубліканскі фармуляр лекавых сродкаў, які ўключае спіс лекавых сродкаў з даказанай эфектыўнасцю, дапушчальнай бяспекай, найбольш эканамічна выгадных пры выкарыстанні бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца на ахову здароўя. На яго аснове фарміруюцца пералік асноўных лекавых сродкаў, гадавыя планы дзяржаўных закупак лекавых сродкаў, клінічныя пратаколы дыягностыкі і лячэння, метады аказання медыцынскай дапамогі. Пералік асноўных лекавых сродкаў складаецца з груп асноўных лекавых сродкаў, што прымяняюцца для аказання медыцынскай дапамогі ўсім катэгорыям пацыентаў, якія маюць права на льготнае, у т. л. бясплатнае, забеспячэнне.

Рэспубліканскія фармуляры лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў забяспечваюць даступнасць лекавых сродкаў, медыцынскіх вырабаў і штогод устанаўліваюцца Міністэрствам аховы здароўя. Рэспубліканскі фармуляр медыцынскіх вырабаў з’яўляецца асновай для фарміравання і распрацоўкі: гадавых планаў дзяржаўных закупак медыцынскіх вырабаў, клінічных пратаколаў, метадаў аказання медыцынскай дапамогі.

У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Міністэрства аховы здароўя рэгулюе цэны на 35 найменняў лекавых сродкаў, якія вырабляюцца айчыннымі фармацэўтычнымі прадпрыемствамі. Рашэнне аб змяненні адпускных цэн на гэтыя лекі прымаецца па ўзгадненні з Камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў.

Акрамя гэтага, з сакавіка 2016 г. павышэнне ўсімі айчыннымі вытворцамі адпускных цэн на нерэгуляваныя лекавыя сродкі ажыццяўляецца ў выключных выпадках толькі па ўзгадненні з Міністэрствам аховы здароўя.

ААТ «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў»

ААТ «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў»

РУП «Белмедпрэпараты»

РУП «Белмедпрэпараты»

ААТ «Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў»

ААТ «Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў»

Фармацэўтычная індустрыя, імпартазамяшчэнне. У Беларусі палепшана сітуацыя на рынку лекаў, развіваецца айчынная фарміндустрыя. Асноўным прынцыпам яе развіцця з’яўляецца забеспячэнне якасці, эфектыўнасці і бяспекі лекавых сродкаў, што садзейнічае інтэграцыі беларускай фармацэўтычнай прамысловасці ў сусветную фарміндустрыю.

У 2012 г. для дзяржаўнага рэгулявання ў сферы прамысловай вытворчасці фармацэўтычнай прадукцыі (лекавых сродкаў, фармацэўтычных субстанцый і лекавай расліннай сыравіны) быў створаны Дэпартамент фармацэўтычнай прамысловасці. З верасня 2017 г. гэтыя функцыі ўскладзены на РУП «Кіруючая кампанія холдынга «Белфармпрам». У склад холдынга ўваходзяць: Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў; Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў; «Экзон»; сумеснае адкрытае акцыянернае таварыства «Ферэйн»; РУП «Белмедпрэпараты»; ВРУП «Мінскінтэркапс»; РУП «Навукова-практычны цэнтр ЛОЦІОС» і інш.

Вядучае месца ў нацыянальнай сістэме лекавага забеспячэння належыць гандлёва-вытворчаму РУП «Белфармацыя» і абласным прадпрыемствам «Фармацыя» (на 1 студзеня 2021 — 3 994 аптэкі, з іх дзяржаўнай формы ўласнасці — 2 011). У сельскай мясцовасці ажыццяўлялі рознічную рэалізацыю лекавых сродкаў медыцынскія работнікі 2 667 фельчарска-акушэрскіх пунктаў і ўрачэбных амбулаторый.

Сучасныя прадпрыемствы «Фармацыя», што стабільна і дынамічна развіваюцца, маюць вывераную стратэгію свайго развіцця, у аснове якой — клопат пра здароўе людзей, забеспячэнне высокай якасці выконваемых сацыяльных паслуг з выкарыстаннем перадавых метадаў і новых тэхналогій.

Усе прадпрыемствы «Фармацыя» маюць добрую матэрыяльна-тэхнічную базу, аснашчаны сучасным абсталяваннем. У практыку работы аптэк укаранёны аўтаматызаваныя сістэмы ўліку «Беларуская аптэка», «Аптэчны склад», інфармацыйныя сістэмы «Электронная чарга ў аптэках», «Інтэрнэт-рэзерваванне», «Электронны рэцэпт», «Менеджар», а таксама «База ведаў», «Стандарты якаснага абслугоўвання ў аптэках» і інш. На прадпрыемствах дзейнічае сістэма забеспячэння якасці лекавых сродкаў з моманту іх паступлення на аптэчныя склады да набыцця пакупніком у аптэках.

Прамысловую вытворчасць лекавых сродкаў ажыццяўляе 41 прадпрыемства. У цяперашні час у фармацэўтычнай галіне пацверджаны сертыфікатам адпаведнасці GMP Рэспублікі Беларусь 101 вытворчы ўчастак, што складае 97 % ад агульнай колькасці ўчасткаў па вытворчасці лекавых сродкаў.

Паводле міжнародных патрабаванняў GMP краін Еўрапейскага саюза і ўдзельнікаў міжнароднай праграмы супрацоўніцтва па фармацэўтычных інспекцыях PIC/S (Румыніі, Украіны) сертыфікавана 8 вытворчых участкаў.

У Рэспубліцы Беларусь па стане на 1 студзеня 2021 г. зарэгістравана 4 021 найменне лекавых сродкаў, з якіх 1 703 — айчыннай вытворчасці (42,4 %), якія адносяцца да розных фармакатэрапеўтычных груп: проціпухлінныя, для лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў, процігрыбковыя, процівірусныя і антыбактэрыяльныя, а таксама для лячэння захворванняў апорна-рухальнага апарату, стрававальнага тракта і абмену рэчываў і інш.

Паводле даных Белстата, доля айчынных лекавых сродкаў у вартасным выражэнні ў 2020 г. склала 49,2 %.

З мэтай распрацоўкі новых высокаэфектыўных лекавых сродкаў і іх вытворчасці на існуючых і наваствораных магутнасцях айчынных фармацэўтычных вытворцаў пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2015 г. № 1096 зацверджана і рэалізавана Дзяржаўная праграма развіцця фармацэўтычнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады.

Электронная чарга ў аптэцы горада Мінска

Электронная чарга ў аптэцы горада Мінска

Цэнтральная раённая аптэка № 36 горада Быхава Магілёўскай вобласці

Цэнтральная раённая аптэка № 36 горада Быхава Магілёўскай вобласці

Рэалізацыя лекавых сродкаў. Аховай здароўя рэспублікі праводзіцца скаардынаваная палітыка ў галіне закупак лекавых прэпаратаў, дзейнічае сістэма цэнтралізаваных закупак лекавых сродкаў. Рэалізацыя лекавых сродкаў ажыццяўляецца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі на падставе спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на ажыццяўленне фармацэўтычнай дзейнасці.

Забараняецца рэалізацыя лекавых сродкаў, не зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь; пры адсутнасці дакументаў, якія пацвярджаюць якасць лекавых сродкаў; няякасных і фальсіфікаваных лекавых сродкаў; са скончаным тэрмінам годнасці.

Рознічная рэалізацыя лекавых сродкаў насельніцтву, арганізацыям аховы здароўя і іншым арганізацыям для медыцынскага прымянення ажыццяўляецца ў аптэках. Захавана і паспяхова функцыянуе дзяржаўная аптэчная сетка. Пры гэтым сфарміраваны збалансаваны фармацэўтычны рынак, які ўключае больш за 3 тыс. аптэк усіх форм уласнасці, з якіх 50,4 % — дзяржаўныя.

Рознічная рэалізацыя лекавых сродкаў ажыццяўляецца па рэцэпце і без рэцэпта ўрача. Пералік лекавых сродкаў, якія рэалізуюцца без рэцэпта ўрача, а таксама парадак выпіскі рэцэпта зацвярджаюцца Міністэрствам аховы здароўя.

Сельская аптэка ў вёсцы Дараганава Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці
Аптэка № 178 горада Пінска Брэсцкай вобласці

Ільготы па лекавым забеспячэнні. Законам Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 г. № 239‑З «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян» прадугледжаны льготы:

бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі, што выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў (у Пералік захворванняў, якія даюць права грамадзянам на бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі, уваходзіць 36 захворванняў);

90 %-я скідка з кошту лекавых сродкаў, што выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў, а з хірургічнымі захворваннямі — таксама перавязачных матэрыялаў (пры наяўнасці адпаведнага медыцынскага заключэння);

50 %-я скідка з кошту лекавых сродкаў, што выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў, для лячэння захворвання, якое прывяло да інваліднасці.


Супрацоўніцтва і партнёрства

У эпоху глабалізацыі Беларусь знаходзіць новыя шляхі і ўдзельнічае ў распрацоўцы сумесных эфектыўных тэхналогій на міжнародным узроўні па фарміраванні палітыкі, накіраванай на ахову здароўя людзей на ўсіх этапах жыцця.

Супрацоўніцтва аховы здароўя з грамадскімі арганізацыямі. Ключавыя фактары, якія вызначаюць стан здароўя, знаходзяцца па-за аховай здароўя і сканцэнтраваны ў сацыяльнай і эканамічнай сферах. Адна сістэма аховы здароўя не ў стане вырашыць пытанні аховы здароўя. У рэспубліцы прымяняецца комплексны падыход па рэалізацыі мер дзяржаўнай палітыкі ў гэтым кірунку, які заключаецца ў прыцягненні не толькі ўсіх зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў, але і грамадскіх арганізацый.

Для пашырэння сацыяльнай базы аховы здароўя, зыходзячы з неабходнасці забеспячэння адзінства дзеянняў, для павышэння эфектыўнасці прафілактычнай работы ў ёй удзельнічаюць непрафесійныя грамадскія, дабрачынныя і рэлігійныя арганізацыі, прафесійныя медыцынскія і фармацэўтычныя асацыяцыі, а таксама асобныя грамадзяне. Гэта супрацоўніцтва выяўляецца, перш за ўсё, у сумесным планаванні і правядзенні інфармацыйна-адукацыйных мерапрыемстваў.

Вядзецца актыўнае ўзаемадзеянне з БРСМ, грамадскімі арганізацыямі «Духоўнасць», «Сацыяльныя праекты», «Акадэмія мацярынства», фондам «Дзеці Чарнобыля». Наладжана сувязь з грамадскімі арганізацыямі «Урачэбны саюз», «Кола сяброў», «Маці супраць наркотыкаў», Цэнтрам сям’і «Гармонія», з рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Моладзь супраць наркотыкаў», Беларускім саюзам жанчын.

Фонды, грамадскія аб’яднанні і асацыяцыі, якія дзейнічаюць у Беларусі:

  • Беларуская асацыяцыя ўрачоў;

  • Грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства анколагаў»;

  • Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя ўролагаў»;

  • Беларускае таварыства маладых неўролагаў і нейрахірургаў;

  • Беларускае таварыства ўрачоў агульнай практыкі;

  • Беларускае навуковае таварыства кардыёлагаў;

  • Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне спецыялістаў стаматалогіі;

  • Беларускае таварыства анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў;

  • Беларускае навукова-практычнае грамадскае аб’яднанне «Асацыяцыя акушэраў-гінеколагаў і неанатолагаў»;

  • Саюз «Медыцына і фармацыя — інавацыйныя праекты»;

  • Беларускае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «У будучыню — з надзеяй»;

  • Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа;

  • Дабрачынная грамадская арганізацыя «Альтэрнатыва»;

  • Дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «Разам для лепшай будучыні»;

  • Дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «Свет без меж»;

  • Дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «Чарнобыльскі бусел»;

  • Міжнародная грамадская дабрачынная арганізацыя «Дыялог»;

  • Міжнародная грамадская дабрачынная арганізацыя «Жыццю — «Так»;

  • Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «Карабель дзяцінства»;

  • Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «Дапаможам дзецям разам»;

  • Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «Дапамога дзецям Чарнобыля»;

  • Міжнароднае гуманітарнае грамадскае аб’яднанне «Полюс надзеі»;

  • Міжнароднае грамадскае дабрачыннае аб’яднанне «Бачыць сэрцам»;

  • Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Голас сэрца»;

  • Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам»;

  • Грамадскае аб’яднанне «Беларуская гуманітарная няўрадавая арганізацыя «Дзіцячы дыябет»;

  • Грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд дапамогі спартсменам-інвалідам»;

  • Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рух медыцынскіх работнікаў»;

  • Грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства глухіх»;

  • Грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства ўрачоў»;

  • Грамадскае аб’яднанне «Ліквідатары і інваліды Чарнобыльскай катастрофы»;

  • Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Маці супраць наркотыкаў»;

  • Грамадскае аб’яднанне дапамогі дзецям з асаблівасцямі развіцця і іх сем’ям «Асаблівае дзяцінства»;

  • Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рух «Здароўе нацыі»;

  • Беларускае грамадскае аб’яднанне «Пазітыўны рух»;

  • Грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд міласэрнасці і здароўя»;

  • Міжнароднае грамадскае аб’яднанне сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў «Мы — адраджэнне»;

  • Міжнароднае грамадскае дабрачыннае аб’яднанне «Незалежная дапамога дзецям»;

  • Міжнароднае грамадскае дабрачыннае аб’яднанне «Свет для дзяцей»;

  • Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Сустрэча» і інш.

Для паляпшэння якасці аказання медыка-сацыяльнай дапамогі, асабліва сельскім жыхарам, прыцягваюцца медыцынскія сёстры таварыства Чырвонага Крыжа.

Вялікая роля Беларускай Праваслаўнай Царквы і іншых традыцыйных канфесій у фарміраванні здаровага ладу жыцця насельніцтва. Царква прымае ўдзел у развіцці паслуг па аказанні медыка-сацыяльнай дапамогі, ажыццяўляе прафілактычную дзейнасць і медыцынскую асвету насельніцтва, аказвае дапамогу інвалідам, іншым сацыяльна ўразлівым групам насельніцтва, рыхтуе сясцёр міласэрнасці, узаемадзейнічае ў сферы дабрачыннасці.

Супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі. Мэтай міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы захавання і ўмацавання здароўя насельніцтва з’яўляецца выкарыстанне механізмаў шматбаковых і двухбаковых кантактаў паміж дзяржавамі, рэгіянальнымі і міжнароднымі арганізацыямі, уключаючы пашырэнне неабходнай дагаворна-прававой базы.

У цяперашні час прыярытэтнымі кірункамі ў галіне міжнародных адносін з’яўляюцца:

  • узмацненне міжнароднага супрацоўніцтва, накіраванага на прафілактыку і кантроль неінфекцыйных захворванняў;

  • пашырэнне міжнароднай падтрымкі поўнай і эфектыўнай рэалізацыі Рамачнай канвенцыі СААЗ па барацьбе з тытунём, Глабальнай стратэгіі СААЗ па памяншэнні празмернага ўжывання алкаголю, Глабальнай стратэгіі па харчаванні, фізічнай актыўнасці, здароваму ладу жыцця і інш.

Бясспрэчным з’яўляецца аўтарытэт Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па ажыццяўленні Еўрапейскай палітыкі «Здароўе‑2020». Гэта маштабны інавацыйны план дзеянняў, які служыць асновай для вызначэння стратэгічных прыярытэтаў развіцця аховы здароўя на наступныя гады. У ім закладзена перспектыўнае бачанне праблемы паляпшэння здароўя ў Еўропе з акцэнтам на прадухіленне і прафілактыку неінфекцыйных захворванняў. Беларусь, як і ўсе краіны, актыўна працуе ў гэтым кірунку.

Наша краіна цесна ўзаемадзейнічае практычна з усімі асноўнымі міжнароднымі арганізацыямі, якія займаюцца аховай здароўя і сумежнымі з ім праблемамі (ААН, СААЗ, ЮНІСЕФ, ПРААН, ЮНЭЙДС, ЮНФПА, МАГАТЭ, НКДАР, Глабальны фонд для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй, Сусветны банк і інш.), удзельнічае і актыўна рэалізуе іх праграмы на тэрыторыі краіны. Беларусь ініцыіруе і падтрымлівае мерапрыемствы, якія спрыяюць ахове і ўмацаванню здароўя народаў у СНД, Еўразійскім эканамічным саюзе.

Развіваюцца кантакты Беларусі з міжнароднымі няўрадавымі арганізацыямі, у т. л. узаемадзеянне з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа, з міжнароднай гуманітарнай арганізацыяй «Урачы без меж» і шэрагам міжнародных прафесійных аб’яднанняў па барацьбе з канкрэтнымі відамі захворванняў.

Рэспублікай Беларусь падпісаны і ратыфікаваны і (або) прыняты да практычнай рэалізацыі шматлікія міжнародныя дагаворы, правілы, рэкамендацыі і іншыя дакументы, якія датычацца праблем аховы здароўя насельніцтва.

Прыярытэтнай сферай знешняй палітыкі нашай дзяржавы ў частцы аховы здароўя застаецца супрацоўніцтва з дзяржавамі — членамі СНД, Еўразійскага эканамічнага саюза. Вялікая ўвага надаецца развіццю двухбаковага супрацоўніцтва з краінамі блізкага і далёкага замежжа.

Праводзіцца актыўная работа па пашырэнні нарматыўнай прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі. Падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з Азербайджанам, Арменіяй, В’етнамам, Казахстанам, Кітаем, Кубай, Латвіяй, Літвой, Малдовай, Расіяй, Сірыяй, Таджыкістанам, Туркменістанам, Турцыяй, Украінай, Чэхіяй і інш. Узаемадзеянне з краінамі СНД ажыццяўляецца ў рамках Савета па супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя; з дзяржавамі — удзельнікамі Еўразійскага эканамічнага саюза — у рамках работы Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у Саюзнай дзяржаве ажыццяўляецца на аснове рашэнняў пасяджэнняў сумеснай калегіі міністэрстваў аховы здароўя Беларусі і Расіі.

Міжнароднае ўзаемадзеянне ў сферы аховы здароўя ўключае, перш за ўсё, навуковыя даследаванні, стажыроўку на працоўных месцах, абмен вопытам шляхам удзелу ў кангрэсах, з’ездах, канферэнцыях, семінарах.


Найбольш значныя міжнародныя праекты ў галіне аховы здароўя

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (2016–2020)

1. Умацаванне сістэм аховы здароўя і ахова грамадскага здароўя (першасная медыцынская дапамога, фінансаванне аховы здароўя, кадравыя рэсурсы, грамадская ахова здароўя і рэгуляванне лекавых сродкаў).

2. Неінфекцыйныя захворванні, умацаванне здароўя і здаровы лад жыцця; інфекцыйныя хваробы, бяспека грамадскага здароўя і навакольнае асяроддзе; інфармацыя, фактычныя даныя, навуковыя даследаванні і інавацыі ў галіне аховы здароўя.

Праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй (2016–2021)

1. Стрымліванне эпідэміі ВІЧ і скарачэнне захваральнасці і смяротнасці ад ВІЧ у Беларусі.

2. Забеспячэнне ўсеагульнага доступу да паскоранай лабараторнай дыягностыкі лекава ўстойлівага туберкулёзу (ЛУ-ТБ) і ўсеагульнага ахопу пацыентаў з ЛУ-ТБ якасным лячэннем.

3. Укараненне пазітронна-эмісійнай тамаграфіі, уключаючы вытворчасць радыяфармпрэпаратаў, мечаных F‑18 і C‑11.

Праграмы Еўрапейскага саюза «BELMED» «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь»

1. Умацаванне інфраструктуры беларускіх лабараторый для выпрабавання прадукцыі медыцынскага прызначэння і іх міжнародная акрэдытацыя.

2. Садзейнічанне эфектыўнаму прадухіленню неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця, падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя.

Праект «Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» (пазыка Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця)

1. Стварэнне электроннай аховы здароўя і сістэмы падтрымкі клінічных рашэнняў.

2. Павышэнне ўзроўню клінічнай кампетэнцыі работнікаў аховы здароўя па вядзенні неінфекцыйных захворванняў.

3. Мадэрнізацыя аддзялення інтэнсіўнай неанатальнай дапамогі ў РНПЦ «Маці і дзіця».

Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі на Еўрапейскай міністэрскай канферэнцыі. Мінск, кастрычнік 2015 г.

Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі на Еўрапейскай міністэрскай канферэнцыі. Мінск, кастрычнік 2015 г.

Еўрапейская міністэрская канферэнцыя СААЗ «Ахоп усіх этапаў жыцця ў кантэксце палітыкі Здароўе‑2020». Мінск, кастрычнік 2015 г.

Еўрапейская міністэрская канферэнцыя СААЗ «Ахоп усіх этапаў жыцця ў кантэксце палітыкі Здароўе‑2020». Мінск, кастрычнік 2015 г.

Еўрапейская міністэрская канферэнцыя СААЗ «Ахоп усіх этапаў жыцця ў кантэксце палітыкі Здароўе‑2020». У штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь 21–22 кастрычніка 2015 г. прайшла Еўрапейская міністэрская канферэнцыя СААЗ «Ахоп усіх этапаў жыцця ў кантэксце палітыкі Здароўе‑2020», якая з’явілася значнай падзеяй для нашай краіны. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь выступіла ў якасці прымаючага боку гэтага важнага форуму.

У эпоху глабалізацыі ўсё больш актуальнай становіцца распрацоўка сумесных эфектыўных тэхналогій на міжнародным узроўні. Еўрапейская міністэрская канферэнцыя паслужыла платформай для далейшага развіцця шчыльнага міжнароднага супрацоўніцтва, пашырэння прафесійнага партнёрства па пытаннях умацавання здароўя насельніцтва.

Канферэнцыя прайшла пад лозунгам «Дзейнічаць раней, дзейнічаць своечасова, дзейнічаць супольна». Разам гэтыя 3 прынцыпы ўяўляюць сабой падыход з улікам усіх этапаў жыцця чалавека. Прымяненне гэтага падыходу ў Еўропе накіравана на павышэнне ўзроўню здароўя насельніцтва.

Вынікам канферэнцыі стала падпісанне Мінскай дэкларацыі. Яна з’явілася важным інструментам па кансалідацыі намаганняў краін Еўрапейскага рэгіёна, накіраваных на паляпшэнне здароўя на ўсіх этапах жыцця чалавека, для далейшай рэалізацыі Еўрапейскай палітыкі «Здароўе‑2020».


Дзяржаўна-прыватнае партнёрства

Сусветная практыка дэманструе неабходнасць укаранення прынцыпова новай мадэлі развіцця аховы здароўя — дзяржаўна-прыватнага партнёрства, якая адлюстроўвае рыначную прыроду знешняга асяроддзя і фінансавыя магчымасці дзяржавы. Закон Рэспублікі Беларусь № 345‑З «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве» прыняты 30 снежня 2015 г., мэтамі якога з’яўляюцца канцэнтрацыя матэрыяльных, фінансавых, інтэлектуальных, навукова-тэхнічных і іншых рэсурсаў, забеспячэнне балансу інтарэсаў і рызыкі, прыцягненне сродкаў з пазабюджэтных крыніц для рэалізацыі праектаў, планаў і праграм па развіцці аб’ектаў інфраструктуры.

У Беларусі рэалізацыя дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў ахове здароўя з’яўляецца вельмі актуальнай, бо галіне патрабуюцца значныя інвестыцыі, а эканамічная эфектыўнасць большасці дзяржаўных арганізацый аховы здароўя ўсё яшчэ застаецца нізкай. Высокі ўзровень зносу асноўных фондаў, недахоп фінансавання — асноўныя стымулюючыя фактары фарміравання і развіцця практыкі дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў галіне.

Дзяржаўны партнёр мае такія кампетэнцыі, як прававыя паўнамоцтвы, удзел у фарміраванні попыту (дзяржаўнага заказу) на медыцынскія паслугі, а таксама валодае вялікім маёмасным комплексам у ахове здароўя і працоўнымі рэсурсамі. У сваю чаргу, прыватны партнёр валодае навыкамі эфектыўнага кіравання, уменнямі рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы (працоўныя, матэрыяльна-тэхнічныя, фінансавыя), з’яўляецца носьбітам сучасных кіраўніцкіх і медыцынскіх тэхналогій. Кожны з партнёраў у пэўны перыяд часу можа ўкласці фінансавыя рэсурсы ў аб’ект у сферы аховы здароўя, які яго зацікавіць. Такім чынам, узаемадзеянне дзяржавы і бізнесу ў ахове здароўя аб’ядноўвае моцныя бакі кожнага з партнёраў.

Дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў галіне аховы здароўя прадугледжвае новы механізм адносін дзяржавы і бізнесу, дзе традыцыйна дзяржава з’яўляецца асноўным пастаўшчыком і гарантам прадастаўлення медыцынскіх паслуг грамадзянам. Укараненне дзяржаўна-прыватнага партнёрства і прыцягненне прыватных медыцынскіх цэнтраў у дзяржаўную сістэму аховы здароўя дазваляюць павялічыць эфектыўнасць дзяржаўных рэсурсаў. Сутнасць рэалізацыі мадэлі дзяржаўна-прыватнага партнёрства заключаецца не ў дубліраванні і канкурэнцыі дзвюх арганізацый і дзвюх форм уласнасці, а ў гарманічным дапаўненні лячэбна-дыягнастычных магчымасцей. Пры гэтым медыцынскія паслугі будуць прадастаўляцца бясплатна ўсім жыхарам рэспублікі.

У большасці развітых краін прыватныя клінікі ўдзельнічаюць у сістэме дзяржаўных медыцынскіх гарантый. Краіны, дзе дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сферы аховы здароўя развіта, за пару дзясяткаў гадоў здолелі не толькі павысіць якасць медыцынскіх паслуг, але нават паменшыць іх кошт.

Беларусь знаходзіцца толькі ў пачатку гэтага шляху; у рэспубліцы вырашаюцца пытанні, якія дазволяць у далейшым забяспечыць стварэнне патрэбных прававых умоў для інтэнсіфікацыі выкарыстання механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства, а таксама ўдасканаліць меры дзяржаўнай падтрымкі рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па развіцці інфраструктуры аховы здароўя з прыцягненнем пазабюджэтных крыніц фінансавання на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства.


Інфарматызацыя ў дапамогу ўрачу і пацыенту

У Беларусі для ўдасканальвання сістэмы аховы здароўя і вырашэння арганізацыйных і кіраўніцкіх праблем рэалізуюцца мерапрыемствы па інфарматызацыі галіны (распрацоўка і ўкараненне адзінай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы збору і апрацоўкі статыстычнай медыцынскай інфармацыі, электроннай гісторыі хваробы, электроннага рэцэпта, пашпарта пацыента, сістэмы стандартаў для медыцынскіх інфармацыйных сістэм, развіццё тэлемедыцыны і інш.).

Магчымасць заказу талонаў на прыём да ўрача праз інтэрнэт мае значныя перавагі як для ўстановы аховы здароўя ў цэлым, так і для пацыентаў. Такая форма абслугоўвання вызваляе медрэгістратараў ад удзелу ў прыёме заказу талонаў па інтэрнэце (сістэма працуе цалкам у аўтаматычным рэжыме і абмен інфармацыяй ажыццяўляецца непасрэдна з электроннай базай даных паліклінікі). З 2012 г. у паліклініках арганізаваны выклік урача дадому праз інтэрнэт.

Усе арганізацыі аховы здароўя Мінска маюць свае сайты з размешчанымі на іх раздзеламі «Пытанні — Адказы», дзе пацыенты могуць атрымаць адказы на пытанні, якія іх цікавяць, у т. л. у шэрагу ўстаноў у рэжыме анлайн.

Першыя крокі робяцца па арганізацыі правядзення інтэрнэт-відэакансультацый пры дапамозе Skype на базе тэрапеўтычных аддзяленняў гарадскіх паліклінік па пытаннях прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння пацыентаў.

Такія электронныя сэрвісы, як электронны рэцэпт, электронныя накіраванні на розныя даследаванні, электронны запіс на прыём да ўрача і выклік урача дадому, электронныя чэргі ў паліклініках і інш., якія ўжо выкарыстоўваюцца ўстановамі аховы здароўя, будуць у хуткім часе ўкаранёны паўсюдна. На інтэрнэт-парталах пацыент праз асабісты кабінет зможа атрымаць доступ да сваёй медыцынскай інфармацыі, ажыццяўляць узаемадзеянне з урачом-тэрапеўтам.

Тэрмінал для заказа талонаў (інфакіёск)

Тэрмінал для заказа талонаў (інфакіёск)

У цяперашні час няма ніводнай галіны або сферы нашага жыцця, дзе не прымяняліся б інфармацыйныя, дакладней, інфакамунікацыйныя тэхналогіі. Усё сучаснае дыягнастычнае абсталяванне (рэнтгенаграфічнае, тамаграфічнае, лабараторнае, кардыяграфічнае і інш.) мае выхад інфармацыі ў лічбавым фармаце, якая можа быць апрацавана толькі з дапамогай камп’ютараў. У той жа час пры неабходнасці вынікі дыягнастычных даследаванняў у лічбавым фармаце могуць быць імгненна перададзены ў любое месца для вывучэння рознымі ўрачамі-спецыялістамі, напрыклад для правядзення тэлемедыцынскай кансультацыі. У сваю чаргу, вядзенне ўліковай медыцынскай дакументацыі (амбулаторныя карты, гісторыі хваробы) у электронным фармаце мае шмат пераваг у параўнанні з традыцыйным папяровым. Наяўнасць электроннай базы даных дазваляе аўтаматызаваць працэс фарміравання статыстычных і аналітычных даных, індыкатараў якасці медыцынскага абслугоўвання.

Найбольш прыярытэтным і важным праектам, які рэальна выведзе электронную ахову здароўя Беларусі на якасна новы ўзровень, з’яўляецца кампанент 1 «Стварэнне электроннай аховы здароўя і сістэмы падтрымкі клінічных рашэнняў» праекта «Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь», які ў 2017–2023 гг. будзе рэалізаваны за кошт пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Галоўнай яго асаблівасцю з’яўляецца пабудова цэнтральнай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя, асновай якой будзе адзіная інфармацыйная платформа.

Яшчэ адным напрамкам з’яўляецца пераход на электронны дакументаабарот. У першую чаргу, гэта электроннае справаводства — абмен дакументамі ў электронным фармаце, іх улік і апрацоўка з дапамогай ведамасных сістэм электроннага дакументаабароту. Пры гэтым усе дзяржаўныя ўстановы павінны мець зносіны праз сістэму міжведамаснага дакументаабароту, якая функцыянуе на базе Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Нацыянальны цэнтр электронных паслуг».

Яшчэ адзін аспект — гэта пераклад медыцынскай уліковай дакументацыі (амбулаторных карт і гісторый хваробы) у электронны фармат. Гэты працэс у ахове здароўя Беларусі ідзе даўно, некаторыя медыцынскія ўстановы дасягнулі поспеху і гатовы адмовіцца ад паперы.

Плануецца пабудова адзінай інфармацыйнай сеткі паміж установамі. Дзейнічае шэраг карпаратыўных сетак, якія аб’ядноўваюць арганізацыі аховы здароўя для вырашэння розных задач. У Мінску функцыянуюць сеткі для абмену арганізацыйна-распарадчай дакументацыяй і для забеспячэння кансультавання флюараграфічных даследаванняў.

Асноўнымі праектамі ў галіне інфарматызацыі на 2017–2023 гг. з’яўляюцца: праект «Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь», які выконваецца ў рамках Пагаднення аб пазыцы паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця, і праект па стварэнні поўнамаштабнай сістэмы абарачэння электронных рэцэптаў, які выконваецца ў рамках Мерапрыемства 21 Дзяржаўнай праграмы інфарматызацыі «Лічбавая эканоміка і развіццё інфармацыйнага грамадства на 2016–2020 гады». Акрамя таго, будуць выконвацца мерапрыемствы па працягу інфарматызацыі арганізацый аховы здароўя і пашырэнні сферы прымянення тэлемедыцыны.

Электронная медыцынская карта — гэта медыцынская карта (амбулаторная або стацыянарная), якая вядзецца з дапамогай камп’ютара, інфармацыя заносіцца ў электронную базу даных. Пры гэтым ніякая інфармацыя не абнаўляецца аўтаматычна, яна ўносіцца ў базу даных медыцынскімі работнікамі.

Запаўненне электроннай медыцынскай карты

Запаўненне электроннай медыцынскай карты

Электронныя медыцынскія карты існуюць у Беларусі ўжо шмат гадоў, праблема ў тым, што ў адных арганізацыях яны рэалізаваны цалкам, а ў іншых — толькі асобныя раздзелы, бо не ўсе ўрачы і медсёстры маюць камп’ютары. На аснове ўніфікаванай электроннай медыцынскай карты пацыента вядзецца распрацоўка адзінай інфармацыйнай платформы аховы здароўя, з дапамогай якой будзе ажыццяўляцца абмен інфармацыяй паміж арганізацыямі аховы здароўя ўсіх узроўняў — ад рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў да ўчастковых бальніц, а таксама службы хуткай медыцынскай дапамогі.

У Беларусі скончана стварэнне поўнамаштабнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы абарачэння электронных рэцэптаў (АІС ЭР) з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу. Асноўнымі мэтамі стварэння АІС ЭР з’яўляюцца аўтаматызацыя працэсаў выпіскі рэцэптаў у электронным фармаце ўрачамі і водпуску лекавых сродкаў у аптэчнай арганізацыі.

Тэлемедыцына. У Беларусі створана адзіная рэспубліканская сістэма тэлемедыцынскага кансультавання, што дазваляе арганізацыям аховы здароўя, якія маюць патрэбу ў кансультаванні складаных выпадкаў захворванняў пацыентаў, атрымаць кансультацыю ад спецыялістаў вышэйстаячых арганізацый — абласных або рэспубліканскіх.

Абмен інфармацыяй ідзе з дапамогай тэлемедыцынскіх гісторый хваробы, якія ўключаюць усе неабходныя даныя, у т. л. лічбавыя здымкі і інш.

Пры неабходнасці ўрачы могуць абмяркоўваць кожны канкрэтны выпадак, які мае патрэбу ў кансультаванні, з дапамогай зносін у рэжыме анлайн па відэаканферэнцсувязі.

У далейшым шырокае ўкараненне тэлемедыцынскіх тэхналогій дазволіць атрымліваць высокакваліфікаваную кансультатыўную медыцынскую дапамогу лепшых айчынных спецыялістаў незалежна ад месца пражывання пацыента.


Дасягненні сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і іх прызнанне сусветнай медыцынскай супольнасцю.

За гады незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь для ўмацавання сістэмы аховы здароўя быў прыняты шэраг канструктыўных мер, якія дазволілі забяспечыць роўную даступнасць медыцынскай дапамогі для ўсяго насельніцтва. Абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база аховы здароўя шляхам рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння арганізацый аховы здароўя рэспублікі, умацаваны яе кадравы патэнцыял. Дзякуючы гэтаму ў апошнія гады Рэспублікай Беларусь дасягнуты значныя поспехі ў галіне аховы здароўя грамадзян.

Сведчаннем высокага ўзроўню медыцыны ў Беларусі з’яўляюцца сусветныя рэйтынгі аховы здароўя краіны. Паводле ацэнак міжнародных экспертаў Беларусь займае адно з вядучых месцаў у свеце па доступе насельніцтва да медыцынскіх паслуг (падзяляе 1‑е месца з Брунеем і Канадай).

Мадэль фінансавання беларускай сістэмы аховы здароўя ў разліку на аднаго жыхара пацвердзіла сваю эфектыўнасць, забяспечыўшы роўнадаступнасць медыцынскай дапамогі для ўсяго насельніцтва, і атрымала станоўчую ацэнку СААЗ і сусветнай медыцынскай супольнасці.

Місія ААН/ПРААН у 2013 г. канстатавала дасягненне Беларуссю Мэт тысячагоддзя па скарачэнні дзіцячай смяротнасці, паляпшэнні аховы мацярынства, барацьбе з ВІЧ/СНІДам, малярыяй і туберкулёзам. Паводле значэння паказчыка дзіцячай смяротнасці Рэспубліка Беларусь знаходзіцца на ўзроўні развітых краін Еўропы (краіны ЕС — 3,69 на 1 000 народжаных жывымі) і апярэджвае краіны СНД (9,34 на 1 000 народжаных жывымі), уваходзіць у 50 лепшых краін свету па вядзенні цяжарнасці і па арганізацыі родаў: 100 % родадапамог праходзіць ва ўмовах стацыянара. Выжывальнасць дзяцей з экстрэмальна нізкай масай цела на першым годзе жыцця — 81,2 %. Рэспубліка Беларусь займае 25‑ю пазіцыю ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства краін.

Беларусь займае:

  • 4‑е месца ў свеце паводле паказчыка дзіцячай і мацярынскай смяротнасці;

  • 35‑е месца са 175 краін у рэйтынгу краін шчаслівага дзяцінства, апублікаваным у 2018 г. Міжнароднай дабрачыннай арганізацыяй Save the Children;

  • 8‑е месца ў рэйтынгу краін з самымі нізкімі паказчыкамі неанатальнай смяротнасці;

  • паводле індэкса «смяротнасць дзяцей пры нараджэнні» Беларусь знаходзіцца ў адной групе з такімі краінамі, як Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Данія, Ізраіль, Нідэрланды, Нарвегія, Чэхія, Фінляндыя, Францыя, Японія.

Беларусь у 2020 г. увайшла ў групу краін з самым высокім узроўнем чалавечага развіцця.

7 чэрвеня 2016 г. Рэспубліцы Беларусь уручана пасведчанне Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якое пацвярджае поўнае прадухіленне перадачы ад маці да дзіцяці ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу. Беларусь стала першай і адзінай краінай у Еўропе, якая атрымала падобнае пасведчанне.

Рэспубліка Беларусь у 2020 г. заняла 48‑е месца паводле рэйтынга агенцтва Bloomberg (штогадовы рэйтынг эфектыўнасці нацыянальных сістэм аховы здароўя, заснаваны на ацэнцы эфектыўнасці выкарыстання фінансавых сродкаў ва ўмацаванні здароўя насельніцтва).

Праграма развіцця ААН (ПРААН) у дакладзе «Развіццё чалавечага патэнцыялу для кожнага» адзначае, што сярод 188 дзяржаў — членаў ААН паводле індэкса чалавечага развіцця на падставе базавых кампанентаў (валавы нацыянальны даход на душу насельніцтва, чаканая працягласць жыцця і ўзровень адукацыі) Беларусь заняла 53‑е месца.


Перспектывы развіцця аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь

Нягледзячы на паляпшэнне медыка-дэмаграфічных паказчыкаў, у краіне існуе шэраг праблем (нізкая нараджальнасць, старэнне насельніцтва, шырокае распаўсюджванне неінфекцыйных захворванняў, назапашванне хранічнай паталогіі), якія аказваюць уплыў на ўсе бакі жыцця грамадства і патрабуюць дадатковых намаганняў, у т. л. і з боку сістэмы аховы здароўя.

Прагрэсіруючае атлусценне, злоўжыванне алкаголем, паглыбленне няроўнасці ў дачыненні да здароўя, экалагічныя пагрозы, фінансавыя крызісы абумоўліваюць неабходнасць абнаўлення палітыкі ў галіне аховы здароўя насельніцтва. У цяперашні час прымаюцца канкрэтныя меры, накіраваныя на ўмацаванне здароўя беларускага народа, зніжэнне цяжару інваліднасці і ўзроўню смяротнасці, павышэнне нараджальнасці і працягласці жыцця, забяспечаны якасны прарыў у сістэме аховы здароўя. У галіне ўкараняюцца інавацыйныя распрацоўкі ў сферы прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння захворванняў і рэабілітацыі, дзейнічае эфектыўная сістэма падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі медыцынскіх кадраў, сучасныя інфармацыйныя сістэмы.

Для вызначэння прыярытэтаў і асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь распрацавана і зацверджана пастановай калегіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Стратэгія навукова-тэхнічнага і інавацыйнага развіцця аховы здароўя Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады і на перыяд да 2040 года (далей — Стратэгія).

Місіяй Стратэгіі з’яўляецца далейшае ўдасканальванне аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, накіраванае на замацаванне дасягнутых вынікаў і наданне ўстойлівасці сістэме аховы здароўя, стварэнне адзінага прафілактычнага асяроддзя і падтрымкі здароўя на ўсіх этапах жыцця чалавека, а таксама актыўнае далучэнне ўсяго грамадства да працэсу фарміравання здаровага ладу жыцця. Стратэгія ўключае мерапрыемствы па распрацоўцы інавацыйнай прадукцыі, крытычна важных тэхналогій і кампетэнцый.

Мэта Стратэгіі — паскарэнне інавацыйнага развіцця галіны аховы здароўя для ўдасканалення медыцынскай дапамогі насельніцтву на аснове дасягненняў медыцынскай навукі, стварэння і ўкаранення новых эфектыўных лячэбна-дыягнастычных тэхналогій і лекавых сродкаў у медыцынскую практыку.

Задачы:    

  • вызначэнне прарыўных кірункаў і магчымых кропак росту сістэмы аховы здароўя;

  • стварэнне інавацыйнай мадэлі медыцынскай навукі;

  • развіццё і павышэнне эфектыўнасці навуковай, навукова-тэхнічнай дзейнасці, фарміраванне рынку навукова-тэхнічнай прадукцыі і медыцынскіх тэхналогій;

  • распрацоўка метадалогіі пабудовы электроннай аховы здароўя;

  • забеспячэнне пераважнага развіцця найноўшых тэхналагічных укладаў, шырокае ўкараненне нана- і біятэхналогій, высокаэфектыўных кампазіцыйных матэрыялаў;

  • павышэнне інавацыйнай актыўнасці галіны і развіццё навукаёмістых высокатэхналагічных экспартна арыентаваных тэхналогій;

  • канцэнтрацыя фінансавых рэсурсаў на інавацыйных даследаваннях і распрацоўках у сферы медыцыны і аховы здароўя;

  • павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай сістэмы аховы здароўя, яе інтэграцыя ў сусветную інавацыйную прастору.

Для інавацыйнага развіцця аховы здароўя ключавымі з’яўляюцца 3 напрамкі развіцця тэхналогій: інфармацыйныя тэхналогіі, нана- і біятэхналогіі.

Лічбавая ахова здароўя іграе важную ролю ў дасягненні стратэгічных прыярытэтаў грамадскай аховы здароўя ў рамках Еўрапейскай палітыкі аховы здароўя і Мэт устойлівага развіцця.

Міністэрства аховы здароўя заняло лідзіруючыя пазіцыі ва ўказанай сферы шляхам стварэння Нацыянальнай сістэмы электроннай аховы здароўя. Галоўная мэта ўкаранення электроннай аховы здароўя ў рэспубліцы — арыентацыя на патрэбы кожнага пацыента, змяненне фармату адносін пацыента і ўрача. Кожны пацыент стане актыўным удзельнікам захавання свайго здароўя.

У краіне ўжо зроблены шэраг істотных крокаў для пераходу да электроннай аховы здароўя. Укараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на працягу апошніх 20 гадоў. За адносна кароткі тэрмін удалося стварыць сучасныя сістэмы сувязі, укараніць у ахову здароўя перадавыя інфармацыйныя тэхналогіі, зрабіць масава даступным інтэрнэт і мабільную сувязь. У галіне эксплуатуюцца інфармацыйныя сістэмы нацыянальнага ўзроўню, асноўнымі з якіх з’яўляюцца Беларускі канцэр-рэгістр, рэгістры «Цукровы дыябет»; «Туберкулёз», ВІЧ-інфіцыраваных пацыентаў, «Кадры» і інш.

Галіна, як і ўся краіна, актыўна пераходзіць на электронны дакументаабарот. Уведзена тэхналогія абарачэння электронных рэцэптаў. Развіваецца тэлемедыцына.

Для рэалізацыі свабоднага і аператыўнага абмену медыцынскімі данымі паміж арганізацыямі аховы здароўя распачата стварэнне Цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя.

Важным складнікам электроннай аховы здароўя з’яўляецца сістэма падтрымкі прыняцця клінічных рашэнняў. Яе ўкараненне дасць магчымасць павысіць якасць лячэння, бяспеку пацыентаў, рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы аховы здароўя.

Стварэнне электроннай аховы здароўя дасць магчымасць узняць на якасна новую ступень пераемнасць у аказанні медыцынскай дапамогі, павысіць аператыўнасць прыняцця рашэнняў як па дыягностыцы і лячэнні пацыентаў, так і кіраўніцкіх рашэнняў, а значыць павысіць эфектыўнасць дзейнасці сістэмы аховы здароўя ў цэлым.

Кіраўнікі розных узроўняў атрымаюць сістэму кантролю якасці аказання медыцынскай дапамогі, галіна — дакладную, поўную, аператыўную інфармацыю, пацыент — сістэму кантролю і захавання свайго здароўя.

Нанаіндустрыя на працягу апошніх 10 гадоў знаходзіцца ў стадыі актыўнага развіцця. Адным з важных складнікаў прыярытэтных даследаванняў у галіне нанатэхналогій і нананавукі з’яўляецца развіццё біямедыцынскага кірунку, які ўключае як стварэнне новых лекавых прэпаратаў і прылад маніторынгу, так і прымяненне новых мікрадыягнастычных сродкаў для падбору адэкватнай тэрапіі.

Выконваюцца інвестыцыйныя праекты па вытворчасці фармацэўтычных субстанцый і гатовых лекавых форм для лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў, захворванняў нервовай сістэмы, антыінфекцыйных лекавых сродкаў, новага пакалення проціпухлінных лекавых сродкаў, біяпрэпаратаў з плазмы крыві, сродкаў дыягностыкі спадчынных захворванняў, малекулярна-біялагічных сродкаў дыягностыкі, медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння.

Плануецца стварэнне нанаматэрыялаў для мэтавай дастаўкі лекаў у ачаг развіцця паталагічнага працэсу, што дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць лекавай тэрапіі.

Біятэхналогія нароўні з інфармацыйнымі і нанатэхналогіямі з’яўляецца яшчэ адной з асноўных умоў інавацыйнага развіцця краіны і забяспечвае вырашэнне важнейшых праблем медыцыны. Сфера біятэхналогіі пры ўсёй яе перспектыўнасці і велізарных патэнцыяльных памерах новых рынкаў атрымала дастатковы імпульс для развіцця ў Беларусі пакуль толькі ў галіне біяфармацэўтыкі.

Біятэхналогіі ўваходзяць у лік навуковых прыярытэтаў Беларусі.

Геномныя біятэхналогіі — новы сучасны кірунак біятэхналогіі, які атрымаў інтэнсіўнае развіццё дзякуючы поспехам геномікі ў вывучэнні структуры і функцый геномаў жывых арганізмаў.

Адзін з найбольш актуальных напрамкаў — медыцынская геноміка. Фокус даследаванняў у гэтай галіне накіраваны на ідэнтыфікацыю варыянтаў генаў, якія вызначаюць схільнасць да распаўсюджаных захворванняў. У Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі (сумесна з РНПЦ «Маці і дзіця», РНПЦ «Кардыялогія», РУП «НПЦ гігіены», БелМАПА, БДМУ) распрацаваны метады ДНК-дыягностыкі генетычнай схільнасці да сардэчна-сасудзістых захворванняў (ішэмічная хвароба сэрца, інфаркт міякарда і інш.); вянозных трамбозаў; хвароб органаў дыхання (бранхіяльная астма, алергозы); эндакрынных захворванняў (цукровы дыябет 2 тыпу, атлусценне); хвароб метабалізму касцявой тканкі (астэапароз, рэўматоідны артрыт); парушэння нармальнага фізіялагічнага цячэння цяжарнасці (невыношванне цяжарнасці, гестозы, рэзус-канфлікт). На аснове распрацовак інстытута разгорнута ДНК-дыягностыка спадчыннай тугавухасці, мітахандрыяльных паталогій, гемахраматозу.

Своечасовае выяўленне генетычнай схільнасці да захворванняў дазваляе ажыццяўляць прафілактыку і раннюю дыягностыку паталогій, карэктна вызначаць прагноз развіцця небяспечных ускладненняў, а таксама правільна выбіраць метады лячэння.

Яшчэ адзін з прыярытэтных кірункаў інавацыйнага развіцця аховы здароўя ў Беларусі — распрацоўка і ўкараненне новых высокатэхналагічных метадаў прафілактыкі, ранняй дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі. У прыватнасці, у РНПЦ, якія маюць клінічную базу, актыўна распрацоўваюцца новыя тэхналогіі інтэрвенцыйных і хірургічных метадаў лячэння захворванняў; трансплантацыі органаў; прымянення ствалавых клетак у лячэнні захворванняў рознай этыялогіі; выкарыстання інавацый у рэабілітацыйнай практыцы.

З мэтай удасканальвання эпідэміялагічнага нагляду за актуальнымі інфекцыйнымі захворваннямі праводзіцца распрацоўка новых метадаў экспрэс-дыягностыкі, эфектыўных прэпаратаў для прафілактыкі і этыятропнага лячэння сацыяльна значных інфекцыйных захворванняў (грып, вірусныя гепатыты В, С і інш.).

У галіне фармацыі і мікрабіялогіі асноўнымі напрамкамі інавацыйнага развіцця з’яўляюцца:

стварэнне вытворчасці новага пакалення фармацэўтычных субстанцый і гатовых лекавых форм (сінтэтычныя лекавыя сродкі, нанаструктураваныя формы прэпаратаў, прынцыпова новыя формы на аснове клетачных біятэхналогій);

стварэнне новых імпартазамяшчальных фармацэўтычных і біятэхналагічных вытворчасцей у адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі Належнай вытворчай практыкі (GMP), накіраваных на пашырэнне наменклатуры прадукцыі, якая выпускаецца.

У цяперашні час відавочна, што мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя ў частцы яе фінансавання і кіравання можа быць ажыццёўлена толькі пры інтэграцыі інтарэсаў дзяржавы, бізнесу і пацыентаў.

Унікальным прыкладам працы ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства з’яўляецца Глабальны фонд для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. Гэта партнёрства паміж урадам, грамадзянскай супольнасцю, міжнароднымі арганізацыямі, прыватным сектарам і зацікаўленымі групамі насельніцтва. Глабальны фонд створаны для прыцягнення і размеркавання дадатковых рэсурсаў з мэтай прафілактыкі і лячэння ВІЧ/СНІДу, туберкулёзу і малярыі, а таксама для ўмацавання і нарошчвання патэнцыялу сістэм аховы здароўя.

Самымі важнымі дасягненнямі сумеснай працы з’яўляюцца: бесперашкодны доступ да антырэтравіруснага лячэння для ВІЧ-пазітыўных пацыентаў, прэвентыўнае лячэнне ўсіх ВІЧ-інфіцыраваных жанчын і дзяцей, забеспячэнне ўсіх нованароджаных дзяцей замяшчальным выкормліваннем. Рэспубліка Беларусь стала першай краінай у Еўрапейскім рэгіёне СААЗ, якая пацвердзіла ў 2016 г. элімінацыю перадачы ВІЧ ад маці дзіцяці. Беларусь таксама выкарыстоўвае метадонавую замяшчальную тэрапію як паспяховы метад лячэння апіоіднай залежнасці — праграма прынесла ўражальныя вынікі.

На падставе вышэйпададзенага можна зрабіць выснову, што ў Рэспубліцы Беларусь ёсць аб’ектыўныя перадумовы для пераводу айчыннай аховы здароўя на інавацыйны шлях развіцця.

Такім чынам, інавацыйнае развіццё аховы здароўя дазволіць за адносна кароткі час наблізіць узровень медыцынскай дапамогі да агульнасусветных стандартаў, пераарыентаваць сістэму кіравання на дасягненне грамадска значных вынікаў дзейнасці, увесці рыначныя механізмы для забеспячэння інтэнсіўнага развіцця галіны, стымуляваць развіццё навукі і вытворчасці, развіваць фінансава-эканамічныя і арганізацыйна-кіраўніцкія тэхналогіі.