Паліўна-энергетычны комплекс

Эканамічнае развіццё

Паліўна-энергетычны комплекс

Дата стварэння: 24.02.2026 15:56:34

Дата змены: 03.03.2026 14:10:21


Агульная характарыстыка

Энергетыка — адна з асноўных галін эканомікі Рэспублікі Беларусь. Паліўна-энергетычны комплекс дае магчымасць паспяхова вырашаць задачу бесперабойнага і надзейнага энергазабеспячэння галін народнай гаспадаркі і насельніцтва.

Пачатак развіццю сучаснай электраэнергетыкі быў пакладзены планам электрыфікацыі Расіі (планам ГОЭЛРО), які быў прыняты ў 1921 г. На тэрыторыі Беларусі да сярэдзіны 1920‑х гг. было пабудавана больш за 20 электрастанцый. 1930 год быў азнаменаваны для беларускай энергетыкі ўводам у эксплуатацыю першай чаргі Беларускай ДРЭС магутнасцю 10 МВт. Юрыдычна стварэнне беларускай энергасістэмы было замацавана ў 1931 г., калі яе ўзначаліла раённае ўпраўленне дзяржаўна-электрычных станцый і сетак Беларускай ССР — «Белэнерга».

У гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945 гг.) электраэнергетыка Беларусі была амаль поўнасцю знішчана.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў у 1944 г. магутнасць электрастанцый складала ўсяго 3,4 МВт. Але дзякуючы самаадданай працы персаналу энергасістэмы і энергабудаўнікоў за кароткі час было адноўлена 13 электрастанцый і пачата будаўніцтва новых.

Да канца 1960 г. усталяваная магутнасць электрастанцый склала 756 МВт, а вытворчасць электраэнергіі — 2,6 млрд кВт·гадз. Былі пушчаны турбаагрэгат на Бярозаўскай ДРЭС, Аршанскай ЦЭЦ, Наваполацкай ЦЭЦ, Магілёўскай ЦЭЦ‑2, Лукомскай ДРЭС. На электрастанцыях рэспублікі ўводзіцца абсталяванне на высокія і звышкрытычныя параметры па́ры.

У 1965 г. завяршылася фарміраванне Адзінай беларускай энергасістэмы — усе электрастанцыі падключыліся на паралельную работу, а ўвод у эксплуатацыю пяці паветраных ліній 330 кВ «Мінск — Вільнюс» дазволіў Беларусі далучыцца да Адзінай энергетычнай сістэмы Еўрапейскай часткі СССР.

У 1984 г. пачаты работы па будаўніцтве падстанцыі напружаннем 750 кВ «Беларуская» ў раёне Слуцка, а ў 1986 г. уведзена ў дзеянне паветраная лінія (ПЛ) 750 кВ «Ігналінская АЭС — ПС «Беларуская» на напружанне 330 кВ.

У адпаведнасці са структурнымі пераўтварэннямі ў энергетыцы СССР у 1988 г. «Белгалоўэнерга» пераўтворана ў Беларускае тэрытарыяльнае энергетычнае аб’яднанне (ТЭА «Беларусэнерга»), а ў 1995 г. — у канцэрн «Белэнерга».

Найбольшае развіццё генерыруючыя магутнасці энергасістэмы атрымалі ў 1990‑х гг. У гэты перыяд уведзены ў эксплуатацыю магутныя энергаблокі: у 1992 г. на Мінскай ЦЭЦ‑4 — 250 МВт, у 1995 г. на Гомельскай ЦЭЦ‑2 — 180 МВт, у 1998 г. на Аршанскай ЦЭЦ ПДУ — 70 МВт, у 1999 г. на Мінскай ЦЭЦ‑5 — 330 МВт.

Мінская ЦЭЦ-4
Мінская ЦЭЦ-4
Мінская ЦЭЦ-4
Аршанская ЦЭЦ

Беларуская энергетыка ўпэўнена ўвайшла ў трэцяе тысячагоддзе.

Беларуская энергетыка сёння — гэта магутная, стабільна працуючая міжгаліновая сістэма, якая адыгрывае выключна важную ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці дзяржавы. Хуткімі тэмпамі развіваецца альтэрнатыўная і аднаўляльная энергетыка, аднаўляюцца і будуюцца гідраэлектрастанцыі, уведзены ў эксплуатацыю ветраэнергетычныя ўстаноўкі. У 2021 г. уведзены ў эксплуатацыю першы энергаблок, у 2023 г. — другі энергаблок Беларускай АЭС.

Асноўная задача паліўна-энергетычнага комплексу (ПЭК) — задавальненне патрэбнасцей эканомікі і насельніцтва краіны ў энерганосьбітах. Паспяхова вырашаць гэту задачу дае магчымасць развітая сістэма здабычы, транспарціроўкі, захоўвання, вытворчасці і размеркавання асноўных відаў энергарэсурсаў: прыроднага газу, нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі, цвёрдых відаў паліва, электрычнай і цеплавой энергіі.

Паліўна-энергетычны комплекс уключае: паліўную прамысловасць (нафтавая, газавая, тарфяная); энергетыку; нафта-, прадукта- і газаправоды, якія забяспечваюць транспарціроўку энерганосьбітаў; прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на вытворчасці і рамонце энергетычнага абсталявання, будаўніцтве і рэканструкцыі энергетычных аб’ектаў; навукова-даследчыя і праектныя арганізацыі, органы кіравання.

Органам дзяржаўнага кіравання, які ўдзельнічае ў фарміраванні і рэалізуе энергетычную палітыку краіны, з’яўляецца Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь (Мінэнерга).

Асноўныя задачы Мінэнерга — рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў галіне энерга- і газазабеспячэння спажыўцоў Рэспублікі Беларусь, ажыццяўленне навукова-тэхнічнай, эканамічнай і сацыяльнай дзейнасці, накіраванай на стварэнне ўмоў для эфектыўнай работы арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму Мінэнерга, у мэтах задавальнення патрэбнасці народнай гаспадаркі і насельніцтва ў электрычнай і цеплавой энергіі, прыродным і звадкаваным газе, цвёрдых відах паліва, а таксама іх рацыянальнага і бяспечнага выкарыстання.

Мінэнерга падпарадкоўваецца Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, у сваёй дзейнасці кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, палажэннем аб Міністэрстве энергетыкі Рэспублікі Беларусь. У структуру цэнтральнага апарату міністэрства ўваходзіць Дэпартамент па ядзернай энергетыцы.

Дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству энергетыкі: Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне электраэнергетыкі «Белэнерга», Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне па паліве і газіфікацыі «Белтопгаз», Дзяржаўная ўстанова «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд», Рэспубліканскае ўнітарнае прадпраемства «Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыёактыўнымі адходамі».

На 1 студзеня 2022 г. у сістэму Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь уваходзілі 47 арганізацый з агульнай колькасцю працуючых звыш 85,4 тыс. чалавек.

Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне электраэнергетыкі «Белэнерга» ажыццяўляе функцыі кіравання гаспадарчай дзейнасцю электраэнергетычнага комплексу Рэспублікі Беларусь. Прадметам дзейнасці «Белэнерга» з’яўляецца арганізацыя надзейнага, бяспечнага, эканамічна эфектыўнага функцыянавання і інавацыйнага развіцця вытворчасці, перадачы, размеркавання і продажу электрычнай і цеплавой энергіі.

У склад ДВА «Белэнерга» ўваходзяць апарат кіравання і 15 арганізацый, у т. л. 6 рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў электраэнергетыкі, Дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуская АЭС», Дзяржаўнае прадпрыемства «Белэнергабуд» — кіруючая кампанія холдынга», арганізацыя цэнтралізаванага забеспячэння, рамонтна-наладачная арганізацыя, праектныя арганізацыі, установа адукацыі. Усяго ў ДВА «Белэнерга» працуе 59,6 тыс. чалавек.

Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне па паліве і газіфікацыі «Белтопгаз» — гэта адзіная дзяржаўная вытворчая структура гаспадарання рэспублікі, якая ўваходзіць у склад Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь. У склад аб’яднання ўваходзяць 22 арганізацыі рознай формы ўласнасці з агульнай колькасцю працуючых больш за 22 тыс. чалавек.

Асноўныя напрамкі дзейнасці ДВА «Белтопгаз» :

  • забеспячэнне спажыўцоў прыродным і звадкаваным газам у запатрабаваных аб’ёмах, эксплуатацыя размеркавальнай газавай сеткі і аб’ектаў газазабеспячэння рэспублікі;

  • здабыча торфу і вытворчасць паліўных брыкетаў, забеспячэнне торфам і паліўнымі брыкетамі розных спажыўцоў, у т. л. пастаўкі гэтага віду прадукцыі на экспарт;

  • выкананне праектных і навукова-даследчых работ у тарфяной прамысловасці;

  • прамысловая вытворчасць, у асноўным экспартна арыентаванай, газавай і бытавой прадукцыі (газавыя і электрычныя пліты, газавыя балоны рознага прызначэння, у т. л. еўрабалоны, і інш.), абсталявання і прыбораў для сістэм газазабеспячэння, машын і механізмаў для здабычы і перапрацоўкі торфу;

  • праектаванне і будаўніцтва газавых сетак і сістэм, іншых інжынерных збудаванняў, розныя віды будаўніча-мантажных работ;

  • дастаўка чыгуначным транспартам звадкаванага газу;

  • адукацыйныя паслугі ў газавай сферы, у прамысловай цеплаэнергетыцы, у сферах здабычы і перапрацоўкі торфу;

  • матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і навуковая арганізацыя працы.

Асноўнымі задачамі Дзяржэнергагазнагляду з’яўляюцца: арганізацыя і ажыццяўленне нагляду за тэхнічным станам энергаўстановак, выкананнем абавязковых патрабаванняў пры ўводзе іх у эксплуатацыю, рэканструкцыі і капітальным рамонце, а таксама за правядзеннем мерапрыемстваў, якія забяспечваюць бяспеку і надзейнасць пры эксплуатацыі і абслугоўванні энергаўстановак; арганізацыя і ажыццяўленне нагляду за тэхнічным станам газавага абсталявання, якое выкарыстоўваецца ў быце, а таксама нагляду за прыняццем мер бяспекі пры выкарыстанні газу ў быце.

Штатная колькасць установы — 1,4 тыс. чалавек. У склад Дзяржэнергагазнагляду ўваходзяць 6 рэгіянальных філіялаў.


Паліўная прамысловасць

Рэспубліка Беларусь не валодае дастатковымі ўласнымі паліўна-энергетычнымі рэсурсамі (ПЭР) для поўнага забеспячэння эканомікі і сацыяльнай сферы.

Паказчык энергетычнай самастойнасці Беларусі на пачатак 2026 г., які адлюстроўвае долю вытворчасці (здабычы) першаснай энергіі з прыродных крыніц у агульным валавым спажыванні першаснай энергіі і яе эквівалентаў у краіне, з улікам уводу БелАЭС, складае 27,5 %. Доля ўласных энергарэсурсаў у паліўным балансе краіны павялічваецца. Фактычна амаль на адну трэць патрэбнасць эканомікі рэспублікі забяспечана ўласнымі энергарэсурсамі.

Здабыча нафты на Рэчыцкім радовішчы. Гомельская вобласць Здабыча нафты на Рэчыцкім радовішчы. Гомельская вобласць

Паліўная прамысловасць у Беларусі прадстаўлена здабычай і перапрацоўкай нафты, спадарожнага газу і торфу. Прамысловая здабыча нафты ў Беларусі пачалася з 1965 г. і засяроджана ў Гомельскай вобласці (раён Прыпяцкага прагіну). У Рэспубліцы Беларусь выяўлена 96 радовішч нафты, з іх распрацоўваецца 62. Пачатковыя вымаемыя рэсурсы нафты ацэньваюцца ў 350 млн т і ў перспектыве могуць забяспечыць здабычу вуглевадароднай сыравіны на тэрмін больш за 50 гадоў. З пачатку распрацоўкі здабыта больш за 144 млн т нафты і звыш 16 млрд м³ спадарожнага нафтавага газу. Прамысловыя запасы беларускай нафты складаюць 46,2 млн т.

Па стане на 2024 г. здабыча нафты ў Беларусі дасягнула рэкорднага ўзроўню за апошнія 20 гадоў — 1,938 млн т (рыс. 1).

Рыс. 1. Дынаміка росту нафтаздабычы ў Рэспубліцы Беларусь, тыс. т
Рыс. 1. Дынаміка росту нафтаздабычы ў Рэспубліцы Беларусь, тыс. т

Выкарыстанне новых тэхналогій, нарошчванне аб’ёмаў сейсмаразведкі і бурэння дазваляюць забяспечваць штогадовы рост здабычы нафты ў Беларусі.

Такі ўзровень дае магчымасць (без дадатковых прыростаў запасаў нафты) забяспечыць здабычу вуглевадародаў на тэрмін да 25 гадоў. Акрамя таго, работа па пошуку і разведцы нафты, якая праводзіцца ў рэспубліцы, забяспечвае прыросты запасаў нафты на ўзроўні не менш як штогадовай яе здабычы. У 2024 г. адкрыта новае перспектыўнае радовішча сыравіны побач з вёскай Заазер’е ў Гомельскай вобласці, пачаты пошук нафтавых пакладаў у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці.

Здабыча спадарожнага газу не мае стабільнай дынамікі і вагаецца ад 200 да 228 млн м³ у год.

Здабываемы спадарожны газ накіроўваецца на Беларускі газаперапрацоўчы завод (БГПЗ), праектная магутнасць якога складае 235 млн м³ газу ў год. На БГПЗ перапрацоўваецца таксама прывазная сыравіна. Прадукцыя БГПЗ уключае: звадкаваны вуглевадародны газ, бензін газавы стабільны, прапан тэхнічны, прапан аўтамабільны, фракцыя нармальнага бутану, фракцыя ізабутанавая, ізапентанавая фракцыя і інш.

Развіта нафтаперапрацоўчая прамысловасць. Флагманамі нафтаперапрацоўчай галіны з’яўляюцца ААТ «Нафтан» (г. Наваполацк Віцебскай вобласці; уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 г.), ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» (г. Мазыр Гомельскай вобласці; уведзены ў эксплуатацыю ў 1975 г.), сумарная магутнасць якіх складае 40 млн т перапрацоўкі нафты ў год. Беларускія НПЗ маюць высокі тэхналагічны ўзровень глыбіні перапрацоўкі нафты і якасць нафтапрадуктаў, якія адпавядаюць сусветным стандартам. У 2020 г. заводамі было перапрацавана 16,3 тыс. т нафты, а ў апошнія гады аб’ёмы трымаюцца на ўзроўні 15–17 млн т штогод. У 2023 г. абодва заводы завяршылі маштабныя мадэрнізацыйныя праекты: на «Нафтане» ўведзены комплекс запаволенага каксавання, а на Мазырскім НПЗ — устаноўка гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў (H-Oil). Гэта дало магчымасць павялічыць глыбіню перапрацоўкі да 90 % і павысіць выхад светлых нафтапрадуктаў да 65–67 %. У студзені 2024 г. Мазырскі НПЗ дасягнуў гістарычнай мяжы — перапрацавана 500 млн т нафты за ўвесь час працы.

У рэспубліцы штогод вырабляецца каля 3 млн т аўтамабільнага бензіну, 6 млн т дызельнага паліва, 4 млн т топачнага мазуту, 0,3 млн т рэактыўнага паліва, а таксама бітум, звадкаваны газ і нафтахімічная прадукцыя.

Найстарэйшай галіной паліўнай прамысловасці ў Беларусі з’яўляецца тарфяная. Торф — карысны выкапень, які ўтвараецца ў працэсе натуральнага адмірання і няпоўнага распаду балотных раслін ва ўмовах залішняга ўвільгатнення і цяжкага доступу паветра. Выкарыстоўваецца ў якасці ўгнаення, паліва, сыравіны для хімічнай прамысловасці.

Здабыча торфу Здабыча торфу

Торфабрыкеты Торфабрыкеты

Здабыча торфу на паліва для патрэб шкляных і цагельных заводаў на тэрыторыі Беларусі пачалася ў канцы XIX ст. Запасаў торфу дастаткова для распрацоўкі і выкарыстання ў эканоміцы на бліжэйшыя 100 гадоў. Іх агульны аб’ём ацэньваецца ў 2,4 млрд т, з якіх для прамысловай распрацоўкі прыдатныя 302 млн т.

Штогод у краіне здабываецца каля 2 млн т торфу, з якога выпускаецца больш за 1 млн т прадукцыі паліўнага прызначэння (паліўныя брыкеты, сушонка тарфяная і торф кускавы), і звыш 100 тыс. т торфу верхавога, пажыўных і покрыўных грунтоў. Асвоены новы від угнаення — вадкія і сухія гуматы. Гэта перспектыўны праект са значным экспартным патэнцыялам.

Торф і яго вытворныя займаюць 4 % у паліўна-энергетычным балансе краіны, а ў долі выкарыстання мясцовых відаў паліва — каля 24 %.

Беларусь займае 1‑е месца ў свеце па здабычы і вытворчасці торфабрыкетаў.

Прадукцыя торфабрыкетных заводаў пастаўляецца арганізацыям ЖКГ, цэментнай прамысловасці, насельніцтву, запатрабавана ў сельскай гаспадарцы.

Тарфяная прамысловасць у сістэме Мінэнерга прадстаўлена 25 торфаздабыўнымі і 3 машынабудаўнічымі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць здабычу торфу і вытворчасць тарфяной прадукцыі, у т. л. паліўных брыкетаў.

Больш за 114 тыс. т тарфяной прадукцыі пастаўлена ў 2024 г. на экспарт — у 18 краін блізкага і далёкага замежжа, у т. л. у дзяржавы СНД, краіны ЕС, Турцыю, Сербію, Грузію. Адмысловая ўвага надаецца наладжванню супрацоўніцтва з кампаніямі Кітая.


Энергетычны комплекс

Энергетыка — галіна гаспадарча-эканамічнай дзейнасці, навукі і тэхнікі, якая ахоплівае энергетычныя рэсурсы, вытворчасць, перадачу, пераўтварэнне, акумуляванне і размеркаванне розных відаў энергіі.

999

Мэтай энергетыкі з’яўляецца забеспячэнне вытворчасці энергіі шляхам пераўтварэння першаснай, прыроднай, энергіі ў другасную, напрыклад у электрычную або цеплавую энергію.

Ключавымі паказчыкамі дзейнасці энергасістэмы з’яўляюцца ўстаноўленая магутнасць электрастанцый, выпрацоўка і спажыванне цеплавой і электрычнай энергіі (табліца 1).

Табліца 1. Асноўныя паказчыкі па ДВА «Белэнерга» на 1 студзеня 2025 г.

Устаноўленая магутнасць АЭС, МВт, з іх:

13 526,7

Устаноўленая магутнасць генерыруючых энергакрыніц ДВА «Белэнерга», МВт, з іх:

12 198,346

Дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуская АЭС»

2340

42 цеплавыя электрастанцыі (ЦЭС), у т. л.:

9761

24 гідраэлектрастанцыі (ГЭС) і Навагрудская ветраэлектрычная

станцыя (ЗЭС)

97,3

Выпрацоўка электраэнергіі крыніцамі ДВА «Белэнерга», млрд кВт·гадз

39,588

Водпуск цеплавой энергіі, млн Гкал

34,101

Імпарт электраэнергіі, млрд квт·гадз

0,034

Экспарт электраэнергіі, млрд квт·гадз

0,005

Выпрацоўка электраэнергіі блок-станцыямі, млрд квт·гадз

3,604

Спажыванне электраэнергіі ў рэспубліцы, млрд квт·гадз

43,221

Удзельны расход паліва:

на водпуск электрычнай энергіі, г/кВт·гадз

на водпуск цеплавой энергіі, кг/Гкал

239,6

163,13

Тэхналагічны расход энергіі на яе транспарт, %:

у электрычных сетках

у цеплавых сетках

7,84

6,91

Працягласць ЛЭП, тыс. км, з іх:

282,74

Паветраныя ЛЭП 35–750 кВ, тыс. км, у т. л.:

36,84

ЛЭП 220–750 кВ

ЛЭП 110 кв

ЛЭП 35 кв

7,57

17,56

11,71

Паветраныя ЛЭП 0,4–10 кВ

199,49

Кабельныя ЛЭП

46,41

Працягласць цеплавых сетак у аднатрубным вылічэнні, тыс. км

7,778

Колькасць ТП 35–750 кВ/трансфарматараў, усяго

1 365/2 453 адз.

ПС 750 кв

ПС 330 кв

ПС 220 кв

ПС 110 кв

ПС 35 кв

1/11 адз.

35/107 адз.

10/34 адз.

745 /1334 адз.

574/957 адз.

Колькасць трансфарматарных падстанцый 6–10/0,4 кВ, усяго

75 902

Агульная колькасць персаналу, тыс. чалавек

59 367

999 Лінія электраперадачы

Устаноўленая магутнасць аб’яднанай энергетычнай сістэмы (АЭС) Беларусі на 1 студзеня 2025 г. склала 13 526,7 МВт, з якіх устаноўленая магутнасць генерыруючых энергакрыніц ДВА «Белэнерга» складае 12 198,3 МВт, у т. л.: Беларускай АЭС — 2 340 МВт; 42 цеплавых электрастанцый ДВА «Белэнерга» — 9 761 МВт; 24 гідраэлектрастанцый (ГЭС) і Навагрудскай ветраэлектрычнай станцыі (ВЭС) — 97,3 МВт (рыс. 2).

Рыс. 2. Устаноўленая магутнасць АЭС Беларусі, МВт
Рыс. 2. Устаноўленая магутнасць АЭС Беларусі, МВт

Наваполацкая ЦЭЦ
Віцебская ГЭС на рацэ Заходняя Дзвіна
Клясціцкая міні-ГЭС на рацэ Нішча. Віцебская вобласць
Полацкая ГЭС на рацэ Заходняя Дзвіна
Мазырская ЦЭЦ
Мазырская ЦЭЦ
Светлагорская ЦЭЦ
Гомельская ЦЭЦ-1. Машынны зал паравой турбіны
Міні-ГЭС «Нямнова»
Міні-ГЭС «Чыжоўка»
Мінская ЦЭЦ-3
Жодзінская ЦЭЦ

Дынаміка карыснага водпуску электрычнай энергіі прадпрыемствамі ДВА «Белэнерга» па групах спажыўцоў паказана ў табліцы 2.

Табліца 2. Дынаміка карыснага водпуску электрычнай энергіі па групах спажыўцоў, млн кВт·гадз

Спажыўцы

Год

Змяненне, 2025/2024,%

2021

2022

2023

2024

2025

Прамысловыя спажыўцы

16 750,38

15 383,49

16 523,59

17 124,86

16 331,72

−4,6

Чыгуначны транспарт

511,45

467,21

440,72

443,52

441,65

−0,4

Гарадскі транспарт

265,67

256,47

253,42

250,41

256,88

2,6

Непрамысловыя спажыўцы

4 436,38

4 446,68

5 145,67

5 741,76

6 104,71

6,3

Сельская гаспадарка

1 456,15

1 476,0

1 516,18

1 542,38

1 553,28

0,7

Насельніцтва

7 105,75

7 247,03

7 335,46

7 737,93

8 239,43

6,5

Карысны водпуск, усяго

30 525,78

29 276,88

31 215,04

32 840,86

32 927,67

0,3

Асноўнымі спажыўцамі электраэнергіі з’яўляюцца арганізацыі рэспублікі (каля 80 %); насельніцтва выкарыстоўвае больш за 20 %.

Структура спажывання электраэнергіі за 2025 г. дадзена на рыс. 3.

Рыс. 3. Структура спажывання электраэнергіі за 2025 г., у %
Рыс. 3. Структура спажывання электраэнергіі за 2025 г., у %

Дынаміка карыснага водпуску цеплавой энергіі прадпрыемствамі ДВА «Белэнерга» па групах спажыўцоў паказана ў табліцы 3.

Табліца 3. Дынаміка карыснага водпуску цеплавой энергіі па групах спажыўцоў, тыс. Гкал

Спажыўцы

Год

Змяненне 2025/2024

2021

2022

2023

2024

2025

Прамысловасць

7 824,29

7 666,35

7 814,43

7 777,44

7 522,67

−3,3

Іншыя спажыўцы

3 958,05

3 827,74

3 572,47

3 57w1,69

3 680,90

3,1

Камунальная гаспадарка

156,94

138,51

132,62

117,26

121,95

4,0

Жыллёвыя арганізацыі

14 891,97

14 218,34

13 425,29

13 615,83

13 912,86

2,2

Цяплічна-парніковыя гаспадаркі

83,53

72,70

25,27

5,391

5,05

−6,3

Гаражныя кааператывы, майстэрні творчых работнікаў

5,81

5,45

4,88

7,25

4,40

−39,3

Арганізацыі, якія ажыццяўляюць перадачу цеплавой энергіі

462,73

452,24

422,93

409,38

401,70

−1,9

Аптовыя спажыўцы-перапрадаўцы

6 856,88

6 628,49

6 223,01

6 218,03

6 340,06

2,0

у т. л. жыллёвыя арганізацыі

5 979,14

5 752,97

5 403,84

5 417,13

5 523,39

2,0

Карысны водпуск, усяго

34 240,20

33 009,82

31 620,90

31 722,27

31 989,59

2,1

Структура спажывання цеплавой энергіі за 2025 г. дадзена на рыс. 4.

Рыс. 4. Структура спажывання цеплавой энергіі за 2025 г., у %
Рыс. 4. Структура спажывання цеплавой энергіі за 2025 г., у %

Зніжаецца ўдзельны расход паліва на вытворчасць цеплавой і электрычнай энергіі і тэхналагічны расход на іх транспарт у энергасетках. Па аб’ектах ДВА «Белэнерга» за 2005–2024 гг. удзельны расход паліва на вытворчасць электрычнай энергіі знізіўся з 274,6 да 239,6 г/кВт·гадз (рыс. 5), на вытворчасць цеплавой энергіі — з 168,94 да 166,13 кг/Гкал (рыс. 6).

Рыс. 5. Дынаміка змянення ўдзельнага расходу ўмоўнага паліва на водпуск электрычнай энергіі, г/кВт·гадз (паводле даных «Белэнерга»)
Рыс. 5. Дынаміка змянення ўдзельнага расходу ўмоўнага паліва на водпуск электрычнай энергіі, г/кВт·гадз (паводле даных «Белэнерга»)

Рыс. 6. Дынаміка змянення ўдзельнага расходу ўмоўнага паліва на водпуск цеплавой энергіі, кг/Гкал (паводле даных «Белэнерга»)
Рыс. 6. Дынаміка змянення ўдзельнага расходу ўмоўнага паліва на водпуск цеплавой энергіі, кг/Гкал (паводле даных «Белэнерга»)

Удзельная вага страт у агульным аб’ёме спажывання электраэнергіі знізілася з 8,16 % у 2020 г. да 7,84 % у 2025 г. Удзельная вага страт у агульным аб’ёме спажывання цеплаэнергіі знізілася з 9,05 да 6,91 % за гэты ж перыяд (рыс. 7).

Рыс. 7. Удзельныя страты ў агульным аб’ёме спажывання цеплавой і электрычнай энергіі, у %
Рыс. 7. Удзельныя страты ў агульным аб’ёме спажывання цеплавой і электрычнай энергіі, у %

Лукомская ГРЭС Лукомская ГРЭС

Лукомская ДРЭС — флагман беларускай энергетыкі і самая магутная электрастанцыя ў рэспубліцы. Размешчана ў г. Новалукомль Віцебскай вобласці. У ходзе мадэрнізацыі асноўнага абсталявання энергаблокаў устаноўленая электрычная магутнасць станцыі ўзрасла і складае 3 044,3 МВт. Гадавая выпрацоўка электраэнергіі складае ад 7,5 да 10 млрд кВт·гадз (у 2024 г. — 6,7 млрд кВт·гадз). Удзельны расход паліва на водпуск электраэнергіі за 2024 г. склаў 302,8 г/кВт·гадз. Удзельны расход паліва на водпуск цеплавой энергіі за 2024 г. склаў 174,51 кг/Гкал. Колькасць персаналу — 1 541 чалавек.

Бярозаўская ГРЭС Бярозаўская ГРЭС
Бярозаўская ГРЭС Бярозаўская ГРЭС

Бярозаўская ДРЭС размешчана ў г. Белаазёрск Брэсцкай вобласці, з’яўляецца адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў электраэнергетыкі Рэспублікі Беларусь. Галоўная задача станцыі — выпрацоўка і пастаўка электраэнергіі ў энергасістэму краіны, а таксама цеплазабеспячэнне прамысловых прадпрыемстваў і жыллёва-камунальнага сектара г. Белаазёрск.

Асноўны від паліва — газ, спажыванне складае каля 3,5 млн м³ газу ў суткі, рэзервовае паліва — мазут.

Устаноўленая электрычная магутнасць станцыі ў 2018 г. склала 1 095 МВт. Аб’ём гадавой выпрацоўкі электраэнергіі ў 2017 г. — 4,8 млрд кВт·гадз. Сумарны водпуск цеплавой энергіі за 2017 г. — 90,9 тыс. Гкал. Удзельны расход паліва на адпушчаную электраэнергію ў 2017 г. па Бярозаўскай ДРЭС склаў 262,2 г/ кВт·гадз.

З 2018 г. энергасістэма Беларусі практычна поўнасцю адмовілася ад імпарту электраэнергіі, замяніўшы яе вытворчасцю на ўласных энергакрыніцах з меншымі выдаткамі. Невялікія аб’ёмы імпарту застаюцца для балансавання рэжымаў работы Беларускай энергетычнай сістэмы і развіцця міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў гэтай сферы (рыс. 8). Экспарт электраэнергіі ў 2020 г. склаў 653 млн кВт∙гадз.

Рыс. 8. Імпарт электраэнергіі ў Беларусь, млн кВт∙гадз
Рыс. 8. Імпарт электраэнергіі ў Беларусь, млн кВт∙гадз


Развіццё атамнай энергетыкі

Атамная энергетыка — адзін з прыярытэтных напрамкаў у свеце і ў Рэспубліцы Беларусь, што абумоўлена многімі эканамічнымі, экалагічнымі, сацыяльнымі фактарамі, уключаючы энергетычную бяспеку.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка наведаў пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка наведаў пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС

Эканамічная і сацыяльная эфектыўнасць вытворчасці атамнай энергіі заключаецца ў наступным: канкурэнтаздольнасць у параўнанні як з традыцыйнымі, так і з альтэрнатыўнымі крыніцамі; кошт ядзернага паліва ў агульных выдатках нязначны, што дазваляе будаваць доўгатэрміновыя прагнозы цэнаўтварэння; яна практычна не карэлюе з цэнамі на традыцыйныя крыніцы энергіі і, такім чынам, не схільная да кан’юнктурных хістанняў; бесперапыннае развіццё; інвестыцыі ў галіну зніжаюць выдаткі на першапачатковыя ўкладанні; атамная энергетыка прадвызначае павышэнне якасці жыцця насельніцтва, рост яго дабрабыту і ўзроўню адукацыі. Як адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, «развіццё атамнай энергетыкі разам з мадэрнізацыяй дзеючай энергасістэмы, выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі, скарачэннем энергаёмістасці ВУП і дыверсіфікацыяй крыніц паступлення вуглевадароднай сыравіны з’яўляецца найважнейшым фактарам забеспячэння энергетычнай бяспекі краіны, рэальнай магчымасцю супрацьстаяць дыктату манапалістаў і мінімізаваць шкоду пры ўзнікненні крытычнай сітуацыі».

Рашэнне аб будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі было прынята 15 студзеня 2008 г. на пасяджэнні Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. 30 ліпеня 2009 г. прыняты Закон Рэспублікі Беларусь № 426‑З «Аб выкарыстанні атамнай энергіі». Першы энергаблок Беларускай АЭС (БелАЭС) уключаны ў аб’яднаную энергасістэму краіны 3 лістапада 2020 г., другі — 13 мая 2023 г.

За 2024 г. БелАЭС выпрацавана 15,7 млрд кВт·гадз электраэнергіі — на трэць больш, чым за 2023 г. На пачатак 2025 г. БелАЭС выпрацавала 40 млрд кВт·гадз электраэнергіі з моманту ўключэння першага энергаблока ў аб’яднаную энергасістэму. Гэта дазволіла замясціць больш за 10 млрд м³ прыроднага газу, значна знізіць валютную нагрузку на эканоміку, а таксама скараціць выкіды парніковых газаў у атмасферу больш чым на 14 млн т. Станцыя забяспечвае каля 40 % патрэбнасцей краіны ў электраэнергіі і ўносіць значны ўклад у забеспячэнне энергетычнай бяспекі Беларусі.

Па стане на 4 лютага 2026 г. выпрацоўка электраэнергіі энергаблокам № 1 склала 37 073,28 млн кВт·гадз, энергаблокам № 2 — 19 246,83 млн кВт·гадз.

Беларуская атамная электрастанцыя пабудавана па расійскім эвалюцыйным праекце «АЭС‑2006» з вода-вадзянымі рэактарамі трэцяга пакалення, сумарная электрычная магутнасць станцыі складае каля 2 400 МВт. Праект адрозніваецца палепшанымі тэхніка-эканамічнымі паказчыкамі. Яго галоўная асаблівасць — спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі. Генеральным падрадчыкам выступіла акцыянернае таварыства «Інжынірынгавая кампанія «АСЭ» (АТ ІК «АСЭ», Расійская Федэрацыя). Вытворчая пляцоўка БелАЭС (плошча 100 га) размешчана ў Гродзенскай вобласці, за 18 км ад г. Астравец.

Увод у эксплуатацыю Беларускай АЭС стаў важным крокам ва ўмацаванні энергетычнай бяспекі краіны і яскравым сведчаннем эфектыўнасці інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Гэты маштабны энергетычны праект надаў магутны імпульс развіццю ўсёй эканомікі краіны, а таксама навуцы, адукацыі, медыцыне. Дзякуючы пабудове АЭС у краіну прыцягнуты новыя, высокатэхналагічныя кампетэнцыі. Беларусь стала паўнапраўным членам сусветнай ядзернай энергетычнай супольнасці.

Беларуская АЭС. Агульны выгляд Беларуская АЭС. Агульны выгляд

Беларуская АЭС — гэта бяспечная, надзейная і экалагічна чыстая крыніца энергіі. На ўсім працягу яе жыццёвага цыклу — ад пачатку будаўніцтва да вываду з эксплуатацыі — асноўным прыярытэтам з’яўляецца бяспека. Станцыя ўзводзілася з улікам усіх падыходаў МАГАТЭ ў гэтай галіне. Адпаведнасць станцыі самым высокім патрабаванням бяспекі не раз пацвярджалі міжнародныя экспертныя місіі, якія адзначалі станоўчыя практыкі, што можна рэкамендаваць краінам, якія ўпершыню будуюць свае атамныя энергаблокі.

Перавагі Беларускай атамнай электрастанцыі бясспрэчныя — гэта нізкі сабекошт энергіі, яе экалагічная чысціня, надзейнасць генерацыі.

Праект з’яўляецца адным з самых высокатэхналагічных і маштабных у сусветнай атамнай энергетыцы і адкрывае новыя магчымасці для беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне ядзерных і радыяцыйных тэхналогій, укаранення сучасных рашэнняў у энергетычнай сферы і іншых галінах, што з’яўляецца важным складальнікам умацавання тэхналагічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Асноўныя тэхнічныя характарыстыкі Беларускай атамнай электрастанцыі:

  • тып рэактара — ВВЭР‑1200;

  • колькасць блокаў — 2;

  • праектны тэрмін эксплуатацыі — 60 гадоў;

  • замяшчэнне прыроднага газу — 5 млрд м³/год;

  • электрычная магутнасць энергаблока — 1 194 МВт;

  • цеплавая магутнасць энергаблока — 3 200 МВт;

  • гадавы водпуск электраэнергіі (на 2 блокі) — 17,74 млрд кВт·гадз;

  • забеспячэнне ўнутранай патрэбнасці краіны ў электраэнергіі — не менш за 40 %.

Адным са складальнікаў паспяховай работы АЭС з’яўляецца персанал. Падрыхтоўка кадраў грунтуецца на прынцыпах культуры бяспекі, сістэмным якасным падыходзе да навучання, выкарыстанні міжнароднага вопыту.

Беларуская АЭС. 2019 г. Беларуская АЭС. 2019 г.

На Беларускай АЭС функцыянуе вучэбна-трэніровачны цэнтр (ВТЦ), які арганізуе работу па падрыхтоўцы, падтрыманні і павышэнні кваліфікацыі персаналу, правядзенні вытворчага навучання. У цэнтры праходзяць трэніроўкі і заняткі аператыўнага персаналу з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў навучання, якія забяспечваюць падтрыманне і ўдасканаленне навыкаў бяспечнай і надзейнай эксплуатацыі АЭС.

Вучэбна-трэніровачны цэнтр аснашчаны самым сучасным трэнажорным абсталяваннем, у т. л.:

  • стэндамі для практычнага навучання;

  • узорамі (макетамі) абсталявання;

  • камп’ютарнымі навучальнымі сістэмамі;

  • лакальнымі трэнажорамі.

Падрыхтоўка аператыўнага персаналу праводзіцца на дакладнай копіі шчыта кіравання энергаблокам, што дазваляе мадэляваць розныя рэжымы эксплуатацыі, адпрацоўваць навыкі дзеянняў у няштатных сітуацыях.

У навучальным працэсе заняты 33 высокакваліфікаваныя інструктары, якія маюць вялікі вопыт і стаж работы на АЭС.

З 2008 г. у рамках Дзяржаўнай праграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь навучана 1 000 спецыялістаў, у рамках выканання Генеральнага кантракта на збудаванне АЭС — 600.

Штогод 400 спецыялістаў праходзяць навучанне ў іншых установах адукацыі і спецыялізаваных арганізацыях Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, 1 500 спецыялістаў — у ВТЦ і структурных падраздзяленнях прадпрыемства.

У сістэме вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь 4 ВНУ рыхтуюць спецыялістаў для АЭС: Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя А. Д. Сахарава БДУ.

Рэспубліка Беларусь адказна падышла да рашэння адносна будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Прадугледжана рэгуляванне пытанняў бяспекі не толькі пры будаўніцтве, але і пры эксплуатацыі БелАЭС (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 лютага 2015 г. № 62 «Аб забеспячэнні бяспекі пры збудаванні Беларускай атамнай электрастанцыі», у рэдакцыі Указа ад 18 лютага 2019 г. № 70). Упаўнаважаным дзяржаўным органам дадзена права ажыццяўляць кантроль радыяцыйнага забруджвання без атрымання ліцэнзіі, а МНС надзелена паўнамоцтвамі ўносіць змены ў асобыя ліцэнзійныя патрабаванні ў галіне выкарыстання атамнай энергіі.


Аднаўляльныя крыніцы энергіі

Рэспубліка Беларусь адносіцца да катэгорыі краін, якія не маюць значных уласных паліўна-энергетычных рэсурсаў, у сувязі з гэтым у Беларусі вялікае значэнне ўдзяляецца пытанням энергетычнай бяспекі.

З улікам растучага сусветнага дэфіцыту і пастаяннага падаражэння традыцыйных энерганосьбітаў у 2010 г. узнікла вострая неабходнасць іх замяшчэння мясцовымі і аднаўляльнымі відамі паліўна-энергетычных рэсурсаў.

Асноўным нарматыўным прававым актам, які вызначыў развіццё аднаўляльнай энергетыкі, стаў Закон Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2010 г. № 204‑З «Аб аднаўляльных крыніцах энергіі».

Па стане на 1 студзеня 2025 г. арганізацыямі Міністэрства энергетыкі эксплуатуюцца 24 ГЭС устаноўленай магутнасцю 88,355 МВт, адна ветраэнергетычная станцыя ўстаноўленай магутнасцю 9 МВт (6 ветрагенератараў па 1,5 МВт кожны). У Рэспубліцы Беларусь палітыка па развіцці і выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) грунтуецца на прынцыпах прыярытэтнага, эфектыўнага, рацыянальнага і ўстойлівага іх развіцця.

Да аднаўляльных крыніц энергіі адносяцца: энергія сонца, ветру, цяпла Зямлі, натуральнага руху водных патокаў, драўнянага паліва, іншых відаў біямасы, біягазу, а таксама іншыя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да неаднаўляльных.

Аднаўляльная энергетыка ў апошнія гады стала ў Беларусі відам генерацыі, які вельмі хутка развіваецца. Намецілася станоўчая тэндэнцыя паказчыка «адносіна аб’ёму вытворчасці (здабычы) першаснай энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі да аб’ёму валавога спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў» за 2005–2023 гг. (рыс. 9).

Рыс. 9. Адносіна аб’ёму вытворчасці (здабычы) першаснай энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі да аб’ёму валавога спажывання паліўна- энергетычных рэсурсаў, у %
Рыс. 9. Адносіна аб’ёму вытворчасці (здабычы) першаснай энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі да аб’ёму валавога спажывання паліўна- энергетычных рэсурсаў, у %

Доля вытворчасці электрычнай энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі ў агульнай вытворчасці электрычнай энергіі па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь за перыяд 2025–2023 гг. павялічылася амаль у 30 разоў (рыс. 10).

Рыс. 10. Доля вытворчасці электрычнай энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі ў агульнай вытворчасці электрычнай энергіі, у %
Рыс. 10. Доля вытворчасці электрычнай энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі ў агульнай вытворчасці электрычнай энергіі, у %

Доля вытворчасці цеплавой энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі ў агульнай вытворчасці цеплавой энергіі за перыяд 2010–2023 гг. павялічылася ў 2 разы (рыс. 11).

Рыс. 11. Доля вытворчасці цеплавой энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі ў агульнай вытворчасці цеплавой энергіі, у %
Рыс. 11. Доля вытворчасці цеплавой энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі ў агульнай вытворчасці цеплавой энергіі, у %

Устаноўленая магутнасць блок-станцый, якія выкарыстоўваюць АКЭ і падключаны да энергасетак арганізацый энергазабеспячэння ДВА «Белэнерга», у 2024 г. склала 527,8 МВт, што на 435,4 МВт больш, чым у 2015 г. — рост у 5 разоў (табліца 4).

Выпрацоўка электраэнергіі аднаўляльнымі крыніцамі энергіі ў 2024 г. склала 922,9 млн кВт·гадз (табліца 5). За перыяд 2015–2024 гг. гэты паказчык павялічыўся больш як у 5 разоў.

Табліца 4. Устаноўленая магутнасць блок-станцый, якія выкарыстоўваюць АКЭ і падключаны да электрасетак арганізацый энергазабеспячэння ДВА «Белэнерга», МВт

Блок-станцыі, якія выкарыстоўваюць АКЭ і падключаны да электрасетак арганізацый энергазабеспячэння ДВА «Белэнерга»

Устаноўленая магутнасць па выніках года

Змяненне (рост, падзенне) 2024/2015

2015

2016

2017

2018

2019

2020

2021

2022

2023

2024

МВт

%

Усяго

92,4

151,3

266,0

293,2

307,9

391,6

392,0

511,1

510,7

527,8

435,4

471,2

сонца

13,0

50,9

152,6

154,3

154,3

160,3

163,4

272,8

272,5

273,2

260,2

2001,5

вецер

46,6

62,0

73,8

92,1

102,7

102,7

104,2

109,2

111,4

117,9

71,3

153,0

вада

6,9

7,3

7,5

7,0

7,0

7,7

7,7

7,6

7,8

7,8

0,9

13,0

драўнянае паліва

1,3

2,9

2,9

2,9

3,1

3,1

3,2

4,8

4,8

14,7

13,4

1 030,8

біягаз

20,9

24,4

25,9

30,3

34,3

37,3

37,0

41,5

41,5

41,5

20,6

98,6

біямаса

3,7

3,7

3,4

6,0

6,0

80,0

76,0

74,7

72,2

72,2

68,5

1851,4


Табліца 5. Выпрацоўка электраэнергіі блок-станцыямі, якія выкарыстоўваюць АКЭ; падключаны да электрасетак арганізацый энергазабеспячэння ДВА «Белэнерга», млн кВт·гадз

Блок-станцыі, якія выкарыстоўваюць АКЭ і падключаны да электрасетак арганізацый энергазабеспячэння ДВА «Белэнерга»

Выпрацоўка электраэнергіі па выніках года

Змяненне

(рост, падзенне)

2024/2015

2015

2016

2017

2018

2019

2020

2021

2022

2023

2024

МВт

%

Усяго

181,9

234,0

371,0

435,8

541,3

849,4

896,5

914,7

842

922,9

741,0

407,4

сонца

11,4

30,2

131,0

176,9

181,5

175,2

173,8

208,7

153,3

154,9

143,5

1 258,8

вецер

43,6

62,9

87,5

98,9

153,5

171,3

152,7

158,9

156,1

145,7

102,1

234,2

вада

22,8

27,0

28,7

24,9

23,1

26,9

26,1

26,4

25,1

27,6

4,8

21,1

драўнянае паліва

2,3

4,6

5,3

6,4

7,0

5,9

5,3

9,2

8,5

14,4

12,1

526,1

біягаз

96,8

106,3

115,7

119,9

155,8

205,2

204,8

196,4

176,3

183,1

86,3

89,2

біямаса

4,9

2,9

2,8

6,7

18,3

262,9

331,7

313,2

320,8

395,6

390,7

7 973,5

На 2025 г. у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі:

  • 84 фотаэлектрычныя станцыі магутнасцю 272,7 МВт, буйнейшыя — Чэрыкаўская ФЭС ТАА «Солар Лэнд» (109 МВт), Рэчыцкая ФЭС ВА «Беларуснафта» (56 МВт);

  • 55 гідраэлектрастанцый магутнасцю 96,5 МВт, найбуйнейшыя — Полацкая (21,6 МВт) і Віцебская (40 МВт) ГЭС;

  • 108 ветраэнергетычных установак магутнасцю 122 МВт; найбуйнейшыя ветрапаркі — РУП «Гроднаэнерга» (9 МВт), ТАА «Газасілікат-люкс» (9 МВт);

  • 31 біягазавы комплекс магутнасцю 40,2 МВт, найбуйнейшы ў СВК «Світанак імя К. П. Арлоўскага» (4,8 МВт);

  • 11 міні-ЦЭЦ на драўняным паліве электрычнай магутнасцю каля 100,5 МВт.

Сонечная электрастанцыя каля г. Рэчыца Гомельскай вобласці
Аднаўляльныя крыніцы энергіі
Ветрапарк каля г. Навагрудак Гродзенскай вобласці
Першая ў Беларусі ветраэнергетычная ўстаноўка (ВЭУ) магутнасцю 1,5 МВт. Гродзенская вобласць
Біягазавая ўстаноўка ў СВК «Агракамбінат Сноў». Нясвіжскі раён Мінскай вобласці
Пелетны цэх у г. Клічаў Магілёўскай вобласці
Пелеты

Уцягванне ў гаспадарчы абарот АКЭ з’яўляецца складальнікам стратэгіі энергазберажэння, а рэалізацыя шэрага дзяржаўных праграм дала штуршок стварэнню многіх аб’ектаў у сферы аднаўляльнай энергетыкі.

Развіццё і выкарыстанне АКЭ павялічвае энергетычную бяспеку. У Рэспубліцы Беларусь індыкатар энергетычнай бяспекі «адносіна аб’ёму вытворчасці (здабычы) першаснай энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі да валавога спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР)», вызначаны Канцэпцыяй энергетычнай бяспекі ў памеры 6 % у 2020 г., дасягнуты ўжо ў 2017 г. і склаў 6,2 %. У 2023 г. гэты паказчык знаходзіўся на ўзроўні 7,1 %.


Эфектыўнасць выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў

Спажыванне энергіі было і застаецца абавязковай умовай эканамічнага росту дзяржавы, задавальнення жыццёва-важных запатрабаванняў чалавека, павелічэння працягласці і паляпшэння ўмоў яго жыцця. Паліўна-энергетычныя рэсурсы складаюць аснову існавання чалавецтва і вызначаюць будучыню развіцця сусветнай цывілізацыі. Уся гісторыя цывілізацыі — гэта гісторыя вынаходства ўсё новых і новых метадаў пераўтварэння энергіі, асваення яе новых крыніц і ў канчатковым выніку павелічэння спажывання розных відаў энергіі (у асноўным цеплавой і электрычнай). Таму найважнейшым фактарам развіцця сучаснай сусветнай эканомікі з’яўляецца энергетыка.

Усебаковае вывучэнне і рацыянальнае выкарыстанне паліўна-энергетычных рэсурсаў — адна з галоўных задач унутранай дзяржаўнай палітыкі, таму што ўстойлівае развіццё краіны ў многім вызначаецца наяўнасцю прыродных рэсурсаў і іх рацыянальным выкарыстаннем. Павышэнне эфектыўнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў (энергаэфектыўнасці) — гэта вельмі важныя дзеянні ў адказ, накіраваныя на вырашэнне надзённых праблем, звязаных са змяненнем клімату, эканамічным развіццём і энергетычнай бяспекай, з якімі сутыкаюцца многія краіны.

Галоўным прыярытэтам энергетычнай палітыкі нашай дзяржавы з’яўляецца павышэнне эфектыўнасці выкарыстання энергіі як сродку для зніжэння выдаткаў грамадства на энергазабеспячэнне, забеспячэння ўстойлівага развіцця краіны, павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыйных сіл і аховы навакольнага асяроддзя. Значнасць правядзення дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на эфектыўнае і рацыянальнае выкарыстанне паліўна-энергетычных рэсурсаў, прызнаецца ва ўсім свеце. У сучасных умовах развіцця эканомікі Беларусі дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы энергазберажэння і энергаэфектыўнасці — аб’ектыўная неабходнасць. Правядзенне ў жыццё палітыкі энергазберажэння і энергаэфектыўнасці — працэс надзвычай складаны з-за ўплыву на яго мноства фактараў эканамічнага, сацыяльнага, экалагічнага і тэхнічнага парадку.

Эфектыўнасць выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў задавальнення пастаяннага росту патрэбнасцей у паліве, цеплавой і электрычнай энергіі, забеспячэння энергетычнай бяспекі, неабходная ўмова ўстойлівага і інавацыйнага развіцця, павышэння ўзроўню канкурэнтаздольнасці вырабляемай прадукцыі як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Эфектыўнае выкарыстанне паліўна-энергетычных рэсурсаў дазваляе знізіць валютныя выдаткі дзяржавы на закупку энерганосьбітаў, зменшыць залежнасць энергазабеспячэння краіны ад знешніх пастаўшчыкоў энерганосьбітаў, зніжаць негатыўны ўплыў энергетычнага сектара на навакольнае асяроддзе. У сувязі з гэтым за апошнія 2 дзесяцігоддзі імклівае развіццё атрымала канцэпця «нізкавугляроднай эканомікі», паколькі яе рэалізацыя на практыцы дазваляе забяспечыць больш гарманічнае ўзгадненне эканамічных, сацыяльных і экалагічных аспектаў развіцця.

У Рэспубліцы Беларусь паказчыкам, які характарызуе энергаэфектыўнасць эканомікі краіны, з’яўляецца зніжэнне энергаёмістасці ВУП да папярэдняга перыяду. Дзякуючы дзяржаўнай палітыцы, якая праводзіцца ў сферы энергаэфектыўнасці, энергаёмістасць ВУП мае тэндэнцыю да зніжэння (рыс. 12).

Рыс. 12. Дынаміка зніжэння энергаёмістасці ВУП за перыяд 2005–2023 гг. (ВУП у цэнах 2005 г.), <br>кг у. п./млн руб.
Рыс. 12. Дынаміка зніжэння энергаёмістасці ВУП за перыяд 2005–2023 гг. (ВУП у цэнах 2005 г.),
кг у. п./млн руб.

За пяцігодку 2021–2025 гг. энергаёмістасць ВУП знізілася на 2,6 % у параўнанні з 2020 г. Вынікам паспяховай рэалізацыі за апошнія 28 гадоў Дзяржаўнай праграмы «Энергазберажэнне» з’яўляецца атрыманы аб’ём эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў у памеры больш за 31 млн т у. п., што эквівалентна скарачэнню выкідаў на ўзроўні 44 млн т СО₂ і значыцца ўкладам энергазберажэння ў Беларусі ў глабальнае прадухіленне змянення клімату.

Гэтыя паказчыкі маглі б быць значна вышэйшыя, але Беларусь, знаходзячыся ў самым цэнтры еўрапейскага кантынента, адначасова вымушана супрацьстаяць згубнаму ўплыву аднабаковых прымусовых эканамічных і іншых мер, якія прымаюцца заходнімі краінамі супраць суверэнных дзяржаў без дазволу Савета Бяспекі ААН.

Ва ўмовах санкцый з боку заходніх краін у Рэспубліцы Беларусь праводзіцца работа па прыцягненні знешняга фінансавання для рэалізацыі інфраструктурных інвестыцыйных праектаў у рамках дзяржпраграмы, вядзецца падрыхтоўчая работа для ўдзелу ў міжнародным гандлі скарачэннямі выкідаў СО₂ па Парыжскім пагадненні, у т. л. з улікам:

  • распрацаванай Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь Канцэпцыі дзяржаўных «зялёных» аблігацый Рэспублікі Беларусь;

  • дасягнення мэт Стратэгіі развіцця энергетычнага супрацоўніцтва дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва на перыяд да 2030 года, прынятай у ліпені 2024 г. у г. Астана (Казахстан);

  • збліжэння пазіцый дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў рамках кліматычнага парадку дня.

Курс на павышэнне энергаэфектыўнасці эканомікі афіцыйна зафіксаваны ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады, якая задае дакладны вектар на бліжэйшую пяцігодку. Стратэгія прадыктавана фундаментальным разуменнем ролі энергетыкі — гэтая базавая галіна служыць не толькі асновай эканамічнага ўздыму, але і ключавой умовай устойлівага развіцця.

Менавіта таму ў ліку прыярытэтаў праграмы — рост канкурэнтаздольнасці, паскарэнне тэхналагічнага развіцця і лічбавая трансфармацыя. Гэта заканамерна: узровень развіцця паліўна-энергетычнага комплексу і эфектыўнасць яго работы напрамую вызначаюць устойлівасць і дынаміку ўсёй нацыянальнай гаспадаркі.

Такім чынам, стратэгічныя мэты Беларусі на новую пяцігодку выцякаюць з неабходнасці ўмацоўваць гэты крытычна важны фундамент.

Механізмам рэалізацыі з’яўляецца Дзяржаўная праграма «Устойлівая энергетыка і энергаэфектыўнасць» на 2026–2030 гады. Дакументам устаноўлены зводныя мэтавыя паказчыкі: зніжэнне энергаёмістасці ВУП як галоўнага крытэрыю энергетычнай эфектыўнасці эканомікі на 4 % у 2030 г. адносна 2025 г. і павышэнне энергетычнай самастойнасці краіны за кошт павелічэння выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў да ўзроўню не менш як 33 % у 2030 г.

Для дасягнення гэтых паказчыкаў распрацаваны тры падпраграмы — «Павышэнне эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў», «Павышэнне энергетычнай самастойнасці», «Збалансаванае развіццё і мадэрнізацыя энергетычнай галіны».

Далейшае развіццё Беларускай энергетычнай сістэмы будзе забяспечана на аснове комплекснага і сістэмнага падыходу да рэалізацыі задач і параметраў энергетычнай бяспекі і ўстойлівага эканамічнага развіцця краіны.