Аграпрамысловы комплекс

Кааператыўна-інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў АПК

Дата стварэння: 23.05.2024 15:27:53

Дата змены: 13.02.2025 14:59:27

Закладка капусты на зімовы перыяд у сховішча

Закладка капусты на зімовы перыяд у сховішча

ААТ «Бабушкина крынка». Вытворчасць сыроў на Слаўгарадскім філіяле ў Магілёўскай вобласці. 2019 г.

ААТ «Бабушкина крынка». Вытворчасць сыроў на Слаўгарадскім філіяле ў Магілёўскай вобласці. 2019 г.

Арганізацыйная структура АПК Рэспублікі Беларусь пастаянна ўдасканальваецца, ствараюцца і функцыянуюць разнастайныя формы і тыпы кааператыўна-інтэграцыйных структур, у якія ўключаецца ўсё большая колькасць удзельнікаў. У выніку адбываецца аб’яднанне суб’ектаў гаспадарання розных сфер ад вытворчасці сельскагаспадарчай сыравіны да рэалізацыі гатовай перапрацаванай прадукцыі (харчовай, тэкстыльнай і г. д.). Развіццё кааператыўна-інтэграцыйных працэсаў у АПК аб’ектыўна абумоўлена яго спецыфічнымі асаблівасцямі, а таксама неабходнасцю актывізацыі інвестыцыйна-інавацыйнай дзейнасці, што немагчыма без злучэння разам розных звёнаў.

Аграпрамысловая вытворчасць на аснове кааперацыі і інтэграцыі мае прыярытэтнае значэнне, бо канкурэнтаздольнае развіццё суб’ектаў гаспадарання павінна грунтавацца на кансалідацыі і ўзаемавыгадным выкарыстанні наяўных у іх рэсурсаў. Кааперацыя працякае па наступных напрамках: гарызантальная (супрацоўніцтва арганізацый адной галіны); вертыкальная (аб’яднанне суб’ектаў, якія знаходзяцца на розных узроўнях у ланцужку стварэння дабаўленай вартасці), якая атрымала назву аграпрамысловай інтэграцыі. У залежнасці ад сферы дзейнасці вылучаюцца наступныя віды кааператываў: вытворчы, перапрацоўчы, збытавы (гандлёвы), абслуговы, забеспячэнскі, спажывецкі, крэдытны, страхавы, садаводчы, агародніцкі, жывёлагадоўчы і інш.

Кааператыўна-інтэграваныя адносіны шматаспектныя і па сваёй сутнасці бясконцыя, бо маючы пэўны пачатак, яны не атрымліваюць арганізацыйнага завяршэння: бесперапынна развіваюцца і ўдасканальваюцца ад простага да складанага, набываючы ўсё новыя віды, формы і змест. Працэс інтэграцыі мэтазгодна ажыццяўляць эвалюцыйным шляхам, г. зн. паступова і мэтанакіравана. Кааператыўна-інтэграваныя структуры з’яўляюцца больш устойлівымі ў параўнанні з неінтэграванымі таваравытворцамі, з прычыны дыверсіфікацыі вытворча-гаспадарчай дзейнасці.

У Рэспубліцы Беларусь ствараюцца і функцыянуюць кааператыўна-інтэграваныя структуры, заснаваныя, як правіла, на жорсткай форме аб’яднання. У той жа час у свеце актыўна развіваюцца мяккія (сеткавыя, кластарныя) фарміраванні, якія забяспечваюць інавацыйна арыентаванае развіццё аграхарчовай сферы. Кожны від кааператыўна-інтэграцыйных аб’яднанняў мае свае асаблівасці, форму і механізм рэгулявання, таму выбар аптымальнай структуры дае магчымасць вырашыць праблему павышэння канкурэнтаздольнасці і эканамічнай эфектыўнасці развіцця галіны.

Кааператыўна-інтэграцыйныя аб’яднанні ў АПК класіфікуюцца па розных прыкметах, сярод якіх: галіновая прыналежнасць і спецыфіка дзейнасці дамінуючага ўласніка; прынцып аб’яднання; узровень спецыялізацыі; кірунак і характар узаемасувязей, якія ўсталёўваюцца; тэхналагічная размежаванасць; паходжанне капіталу; спосаб канцэнтрацыі ўласнасці; тэрытарыяльны ахоп; набыты статус удзельнікаў; арганізацыйная форма. Па ўзроўні спецыялізацыі кааператыўна-інтэграваныя структуры класіфікуюць: на вузкаспецыялізаваныя (аб’яднанні, якія займаюцца канкрэтнымі відамі дзейнасці і не пранікаюць у іншыя сферы) і шматгаліновыя (арыентаваны на разнастайнасць відаў гаспадарання, у працэсе свайго развіцця ўваходзяць у разнастайныя галіны дзейнасці). У залежнасці ад тэхналагічнай размежаванасці вылучаюць аб’яднанні, якія выконваюць адну або некалькі функцый у тэхналагічным ланцугу, а таксама структуры, якія ахопліваюць увесь ланцужок стварэння дабаўленай вартасці (ад вытворчасці сельскагаспадарчай сыравіны да атрымання высакаякасных прадуктаў харчавання).

У Рэспубліцы Беларусь на практыцы склаліся і развіваюцца наступныя мадэлі кааператыўна-інтэграваных структур: аграпрамысловыя холдынгі; канцэрны; прамысловыя холдынгі, у склад якіх уваходзяць сельскагаспадарчыя арганізацыі; аграпрамысловыя аб’яднанні Віцебскай вобласці; перадача паўнамоцтваў выканаўчых органаў сельскагаспадарчых арганізацый кіруючым арганізацыям, якія перапрацоўваюць мяса-малочную прадукцыю (рэалізуецца ў Гомельскай вобласці); дзейнасць у рамках адной юрыдычнай асобы (па тыпе агракамбіната); перапрацоўчыя прадпрыемствы, якія маюць сельскагаспадарчыя філіялы і (або) з’яўляюцца заснавальнікамі сельскагаспадарчых арганізацый; кааператыўна-інтэграваныя структуры на базе птушкафабрык; арганізацыі аграсэрвісу, якія маюць сельскагаспадарчыя філіялы; сельскагаспадарчыя філіялы прамысловых прадпрыемстваў; групы прадпрыемстваў.

Дзейнасць холдынгаў у Рэспубліцы Беларусь рэгламентуе Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 кастрычніка 2021 г. № 385 «Аб стварэнні і дзейнасці холдынгаў», які ўстанаўлівае, што холдынг, гэта аб’яднанне юрыдычных асоб (удзельнікаў холдынга). На 1 кастрычніка 2024 г. у АПК Рэспублікі Беларусь функцыянавала 19 аграпрамысловых холдынгаў (табліца 21), з іх з удзелам дзяржавы — 14, прыватных — 5. У гэтых холдынгах аб’яднаны 132 юрыдычныя асобы розных арганізацыйна-прававых форм уласнасці і гаспадарання, у т. л. 97 — у холдынгах з удзелам дзяржавы, 33 — у прыватных.

У Магілёўскай і Віцебскай абласцях функцыянуюць таксама холдынгі, якія аб’ядноўваюць раённыя меліярацыйныя арганізацыі: «Магілёўводбуд» (уключае кіруючую і 13 даччыных арганізацый) і «ВітМеліа» (кіруючая і 15 даччыных арганізацый). У Магілёўскай і Гродзенскай абласцях дзейнічаюць холдынгі, якія ўключаюць прадпрыемствы аграсэрвісу: «Аграмашсэрвіс» (кіруючая і 6 даччыных арганізацый) і «ГроднаАблсельгастэхніка» (кіруючая і 12 даччыных арганізацый). Гэтыя холдынгавыя структуры фарміруюць вытворчую інфраструктуру аграпрамысловага комплексу.

Табліца 21. Аграпрамысловыя холдынгі Рэспублікі Беларусь (на снежань 2024)

Назва

Год рэгістрацыі

Колькасць удзельнікаў

Наяўнасць адасобленай кіруючай кампаніі (яе арганізацыйна-прававая форма)

Наяўнасць адасобленага гандлёвага прадпрыемства

Наяўнасць адасобленых сельскагаспадарчых арганізацый

Наяўнасць перапрацоўчых арганізацый

Наяўнасць абслуговых арганізацый

Рыбныя гаспадаркі

«Гомельская мяса-малочная кампанія»

2010

13

+ (ААТ)

+ (2)

-

+ (10)

-

-

«Аграпрамысловы холдынг «Славянскі Вялес»

2011

3

-

-

-

+ (3)

-

-

«Аграпрамысловы холдынг Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»

2011

11

+ (РУП)

-

+ (8)

+ (2)

-

-

«Канцэрн Брэстмясамалпрам»

2012

5

+ (ГА)

-

-

+ (4)

-

-

«Мясамалпрам»

2012

5

+ (КУП)

-

-

+ (4)

-

-

«Магілёўская малочная кампанія «Бабушкіна крынка»

2013

2

+ (ААТ)

-

+ (1)

+ (1)

-

-

«Гроднамясамалпрам»

2013

16

+ (ААТ)

-

+ (1)

+ (14)

-

-

«Брэстаблхлебапрадукт»

2013

10

+ (КУП)

-

-

+ (5)

-

+(4)

«Гомельаблхлебапрадукт»

2015

10

-

+ (1)

+ (3)

+ (3)

+(2)

-

«Санта»

2016

12

+ (ТАА)

+ (1)

+ (4)

+ (3)

-

-

«Купалаўскае»

2017

4

+ (ТАА)

-

+ (3)

-

-

-

«Беларускалій-Агра»

2017

7

+ (ТАА)

-

+ (6)

-

-

-

«Цавар»

2017

5

+ (ТАА)

-

-

+(2)

+ (2)

-

«Гавяды-агра»

2018

3

+ (ААТ)

-

+ (1)

-

+(1)

-

«Першы малочны»

2019

3

-

+ (1)

+ (1)

+ (1)


-

«Агракамбінат «Пухавіцкі»

2021

6

-

-

+ (5)

+ (1)

-

-

«Група кампаній БМК»

2021

6

-

+ (1)

+ (3)

+ (2)

-

-

«Магілёўскі мясакамбінат»

2022

4

-

-

+ (3)

+ (1)

-

-

«МКК-Агра»

2023

7

+ (ПУП)

-

+ (6)

-

-

-

Заўвага. Арганізацыйна-прававая форма: ААТ — адкрытае акцыянернае таварыства; РУП — рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства; ГА — дзяржаўнае аб’яднанне; КУП — камунальнае ўнітарнае прадпрыемства; ТАА — таварыства з абмежаванай адказнасцю; ВУП — вытворчае ўнітарнае прадпрыемства.

Вытворчасцю сельскагаспадарчай тэхнікі, машын і абсталявання займаюцца 6 холдынгаў (табліца 22), у склад якіх уваходзяць 42 прадпрыемствы, у т. л. 30 прамысловых і 4 навукова-даследчых, якія займаюцца навукова-тэхнічным забеспячэннем прадпрыемстваў холдынгаў.

Табліца 22. Холдынгі, якія спецыялізуюцца на сельскагаспадарчым машынабудаванні

Назва

Год рэгістрацыі

Колькасць удзельнікаў

Наяўнасць адасобленай кіруючай кампаніі (яе арганізацыйна-прававая форма)

Прамысловыя прадпрыемствы

Адасобленыя навукова-даследчыя прадпрыемствы

Адасобленыя сельскагаспадарчыя арганізацыі

Адасобленыя гандлёвыя арганізацыі

«Лідсельмаш»

2012

7

+ (ААТ)

5

1

-

-

«Бабруйскаграмаш»

2012

7

+ (ААТ)

5

1

-

-

«МТЗ-Холдынг»

2014

15

-

14

-

-

1

«Гомсельмаш»

2014

4

-

3

1

-

-

«Амкадор-Семаш»

2017

2

+ (ААТ)

1

-

-

-

«Гомельагракамплект»

2020

7

+ (ААТ)

2

1

3

-

Заўвага. Арганізацыйна-прававая форма: ААТ — адкрытае акцыянернае таварыства.

Істотны ўклад у забеспячэнне нацыянальнай харчовай бяспекі ўносіць Беларускі дзяржаўны канцэрн харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам», які аб’ядноўвае галіны, што маюць стратэгічнае значэнне для дзяржавы (цукровая, кандытарская, маслатлушчавая, алкагольная, піваварная, кансервавая, тытунёвая, харчаканцэнтратная), а таксама асобныя прадпрыемствы іншых галін.

Стварэнне і эфектыўнае функцыянаванне кааператыўна-інтэграцыйных фарміраванняў забяспечваецца за кошт наступных пераваг: аб’яднання стадый вытворчага ланцуга для захавання і пераразмеркавання створанага дабаўленага кошту паміж удзельнікамі фарміравання; арыентацыі ўсіх звёнаў на канчатковы вынік; высокага ўзроўню каардынацыі дзейнасці суб’ектаў і рэгламентацыі іх узаемаадносін; рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання зямельных, працоўных і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, іх канцэнтрацыі на прыярытэтных напрамках дзейнасці; пазбаўленне ад неабгрунтаваных пасрэднікаў пры набыцці матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў і продажы канчатковай прадукцыі; аптымізацыі сыравіннай зоны для перапрацоўчых прадпрыемстваў; больш поўнага выкарыстання сыравіны, мінімізацыі адходаў; выраўноўвання ўзроўню тэхналагічнага развіцця ўдзельнікаў і рэалізацыі агульнай інвестыцыйна-інавацыйнай палітыкі; павышэння ўстойлівасці (у т. л. фінансавай) асобных удзельнікаў, якая дазваляе перапрацоўчым прадпрыемствам стабільна функцыянаваць і гібка рэагаваць на змены навакольнага асяроддзя; прыцягнення пазыковых рэсурсаў пад гарантыі прадпрыемстваў-інтэгратараў; магчымасці кантраляваць частку рынкавага сегмента; стварэння фірменнай сеткі магазінаў або фірменнага гандлю.

Недахопы жорсткай формы інтэграцыі: высокі ўзровень затрат на кіраванне, абумоўлены шматузроўневай і тэрытарыяльнай аддаленасцю структуры; складанасць аптымізацыі дзейнасці розных звёнаў і распрацоўкі бюджэтаў канкрэтных суб’ектаў, якія забяспечваюць эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў; неабходнасць аграрным таваравытворцам захоўваць і развіваць вытворчасць розных відаў сельскагаспадарчай сыравіны, якая не перапрацоўваецца ўнутры фарміравання.

Дзейнасць кааператыўна-інтэграваных структур заклікана садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці кожнага ўдзельніка.