Дата стварэння: 12.05.2023 10:27:47
Дата змены: 11.09.2024 15:17:05
Гро́дзенскі ўмацава́ны раён
Гродзенскі УР № 68
Умацаваны раён на новай дзяржаўнай граніцы СССР у раёне г. Гродна і ваколіцах у 1940–1941 гг.
Будаўніцтва 68‑га Гродзенскага ўмацаванага раёна (УР) пачалося летам 1940 г. паводле Дырэктывы наркама абароны СССР ад 26 чэрвеня 1940 г. Гродзенскі УР павінен быў трывала прыкрыць раён Гродна з боку Усходняй Прусіі, забяспечваючы абарону сумесна з палявымі войскамі напрамкаў Гродна — Ваўкавыск і Гродна — Беласток. Па фронце даўжынёй 80 км ад р. Нёман да г. Ганёндз (цяпер тэрыторыя Польшчы) планавалася пабудаваць 606 даўгачасных фартыфікацыйных збудаванняў (ДФЗ) у 11 вузлах абароны. Аператыўна УР падпарадкоўваўся камандаванню 3‑й арміі. Упраўленне каменданта Гродзенскага УРа і Упраўленне начальніка будаўніцтва № 71 (УНБ‑71), якое кіравала будаўніцтвам 68‑га УРа, знаходзіліся ў Гродне. Для непасрэднай работы на месцах былі сфарміраваны 6 будаўнічых участкаў.
У 1940 г. было ўзведзена 98 ДФЗ. Баявое ўзбраенне было ўстаноўлена ў 37 даўгачасных агнявых пунктах (дот), а ўнутранае абсталяванне (сродкі назірання і сувязі, электраабсталяванне, фільтравентыляцыйная сістэма) — толькі ў двух. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў рознай стадыі будаўніцтва і аснашчэння ўзбраеннем і абсталяваннем знаходзілася каля 200 ДФЗ.
Гарнізон Гродзенскага ўмацаванага раёна складаўся з Упраўлення каменданта, 232‑й асобнай роты сувязі, 9‑га і 10‑га асобных кулямётна-артылерыйскіх батальёнаў (АКАБ); камендант УРа — палкоўнік М. П. Іваноў. У 1941 г. для Гродзенскага УРа фарміраваліся яшчэ 7 АКАБаў, 2 артдывізіёны і сапёрная рота, якія занялі б новыя апорныя пункты пасля заканчэння іх будаўніцтва.
Нямецкае ўварванне пачалося на досвітку 22 чэрвеня з 15‑хвіліннага артылерыйскага налёту на разведаныя цэлі. Пад прыкрыццём агню штурмавыя групы праціўніка, не сустрэўшы супраціву, пераадолелі паласу перадполля з тым, каб захапіць доты УРа. Наступ вялі войскі са складу 9‑й палявой арміі — 161‑я, 28‑я, 8‑я, 256‑я, 162‑я, 129‑я пяхотныя дывізіі вермахта.
На правым флангу УРа 9‑ы АКАБ заняў свае агнявыя пункты ў ноч з 21 на 22 чэрвеня, за некалькі гадзін да варожага ўварвання. Пяхотныя дывізіі немцаў (161‑я і 28‑я), не маючы з-за лясістай мясцовасці патрэбных умоў назірання, перайшлі мяжу без артылерыйскай падрыхтоўкі. Варожыя войскі атрымалі тут арганізаваны і ўстойлівы адпор, асабліва там, дзе трымалі абарону 213‑ы стралковы полк і першая рота 9‑га АКАБа. Гэта дапамагло спыніць праціўніка па паўночным беразе Аўгустоўскага канала. Тут 213‑ы стралковы полк 56‑й стралковай дывізіі заняў рубеж абароны ў сваіх межах, пакінуўшы адкрытымі ўчасткі суседзяў. У выніку перадавыя часці 49‑га палка 28‑й пяхотнай дывізіі немцаў раніцай 22 чэрвеня ўварваліся з паўднёвага захаду ў пас. Сапоцкін. Сёмы полк гэтай дывізіі наткнуўся на супраціў першага батальёна 59‑га стралковага палка 85‑й стралковай дывізіі, які заняў недабудаваны апорны пункт умацаванага раёна каля вёсак Маркаўцы — Доргунь.
Паласа абароны 9‑га АКАБа праходзіла ад в. Сонічы да в. Новікі: першая рота займала доты па паўднёвым беразе канала (апорны пункт 2), налева ад в. Навасёлкі знаходзілася трэцяя, на левым флангу ў в. Новікі — вучэбная рота. Другая рота размяшчалася на адлегласці 50 км, на ўчастку, які нанава будаваўся.
Курсанты вучэбнай роты лейтэнанта Т. І. Кабылкіна занялі свае агнявыя пункты прыкладна за 2 гадзіны да пачатку ўварвання і былі ўпэўнены, што гэта чарговая вучэбная трывога. Згодна з баявым раскладам гарнізоны занялі доты №№ 38, 39, 54, 55, 56, 59 і 99.
Пасля поўдня 28‑я пяхотная дывізія вермахта прарвала абарону Гродзенскага ўмацаванага раёна ў паласе ад в. Сонічы да в. Маркаўцы і, абышоўшы Сапоцкін з поўдня і поўначы, пачала прасоўвацца ў бок Гродна. Камендант УРа палкоўнік М. П. Іваноў да 14 гадзін падтрымліваў сувязь з батальёнамі, затым сувязь была перапынена і аднавіць яе не ўдалося. У ноч на 23 чэрвеня камандзір 9‑га кулямётнага батальёна капітан П. В. Жыла з часткай сваіх людзей з боем прабіўся на злучэнне з палком, але некаторыя абкружаныя немцамі доты на сапоцкінскіх вышынях яшчэ змагаліся: гарнізон дота пад камандай старшага лейтэнанта В. Р. Мачуліна пратрымаўся да 27 чэрвеня.
Галоўны ўдар праціўнік нанёс узмоцненымі 8‑й і 256‑й пяхотнымі дывізіямі па цэнтры Гродзенскага УРа праз забалочаную пойму р. Валкушанка. У першым эшалоне наступала двума палкамі 8‑я пяхотная дывізія немцаў. Яе 38‑ы пяхотны полк ужо да 6 гадзін выйшаў да в. Галынка, дзе адкінуў падраздзяленні 127‑га будаўнічага батальёна, які заняў абарону, а да 12 гадзін выйшаў у раён в. Канюхі. Да 12 гадзін 28‑ы пяхотны полк вермахта вёў баі па знішчэнні дотаў апорнага пункта ў раёне вёсак Старажынцы (цяпер вёска ў Польшчы) і Багатыры-Лясныя, занятага 2‑й кулямётнай ротай 10‑га АКАБа і 1‑м батальёнам 103‑га стралковага палка 85‑й стралковай дывізіі.
Праз забалочаную пойму Валкушанкі 256‑я пяхотная дывізія немцаў наступала прама на доты, да якіх было ўсяго 700–800 м. Тут сур’ёзнага супраціву праціўніку аказана не было. Некаторыя доты, занятыя 1‑й і 2‑й кулямётнымі ротамі 10‑га АКАБа ў раёне в. Жабіцкія (цяпер у Польшчы), спрабавалі весці агонь, але былі хутка задушаны нямецкімі штурмавымі групамі. Рэшткі рот і 142‑і будаўнічы батальён пачалі неарганізаваны адыход да Гродна. Іх праследаваў 456‑ы пяхотны полк праціўніка, што выйшаў да дарогі Аўгустоў — Гродна ў раёне в. Ракавічы; 481‑ы пяхотны полк 256‑й пяхотнай дывізіі праціўніка, які наступаў у цэнтры, у хуткай сутычцы ў в. Скеблева (цяпер населены пункт у Польшчы) адкінуў у бок г. Ліпск (цяпер горад у Польшчы) 3‑і батальён 37‑га стралковага палка 56‑й стралковай дывізіі, выйшаў да вёсак Кур’янка і Сялко (цяпер у Польшчы), а затым павярнуў на поўдзень і ўжо ў 13 гадзін захапіў в. Новы Двор (цяпер вёска ў Польшчы). На поўдні ён сутыкнуўся з часцямі савецкай 33‑й танкавай дывізіі, што перайшлі ў наступ, і вёў з імі бой да цемры. Правафланговы 476‑ы пяхотны полк у 11 гадзін заняў з баямі Ліпск, а позна ўвечары — н. п. Дамброва (цяпер горад Дамброва-Бяластоцка, Польшча).
Распачатыя ў 12 гадзін 23 чэрвеня камандаваннем 3‑й арміі спробы ліквідаваць варожы прарыў контрударамі 11‑га механізаванага корпуса былі адбіты з вялізнымі стратамі.
Пачатак вайны не дазволіў завяршыць будаўніцтва і фарміраванне Гродзенскага ўмацаванага раёна, таму ён не выканаў тых функцый, якія на яго ўскладаліся. Тады ж выявіўся пралік савецкага камандавання ў будаўніцтве ўмацаваных раёнаў на новай дзяржаўнай граніцы. Адсутнасць перадполля, аддаленасць дыслакацыі палявых войскаў, некамплект ураўскіх часцей і хуткае наступленне войскаў праціўніка прывялі да таго, што значная частка пабудаваных дотаў засталася пустой. Тыя ж, якія савецкія салдаты паспелі заняць, немцы абышлі, блакіравалі і, нягледзячы на гераічны супраціў абаронцаў, паступова знішчылі. Па ўспамінах удзельнікаў баёў, гарнізоны некаторых дотаў змагаліся да 27 чэрвеня 1941 г.
Пакуль часці ўмацаванага раёна вялі баі на граніцы, Упраўленне УРа, выслаўшы на граніцу трох афіцэраў для сувязі, 22 чэрвеня ў 12 гадзін дня выехала ў тыл. Пасля выхаду да савецкіх войскаў УНБ‑71 было перайменавана ва Упраўленне ваенна-палявога будаўніцтва № 5 і займалася ўзвядзеннем абарончых збудаванняў пад Магілёвам і Вязьмай.
Упраўленне 68‑га ўмацаванага раёна было расфарміравана ў верасні 1941 г.