pdf

«КАЛГАСНАЯ ПРАЎДА»

Дата стварэння: 12.05.2023 10:30:30

Дата змены: 11.09.2024 14:28:46

«Калга́сная пра́ўда»

Газета, заснавана ў 1930 г. пад назвай «Ленінскі сцяг». З 8 студзеня 1931 г. называлася «Калгасная праўда», з’яўлялася органам Лепельскага райкама КП(б)‌Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Віцебскай вобласці (9.4.1938 — 15.6.1941).

У час нямецка-фашысцкай акупацыі выдавалася як орган Лепельскага падпольнага райкама КП(б)‌Б, Лепельскага падпольнага райкама КП(б)‌Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных у 1943–1944 гг. на тэрыторыі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны (у лясной друкарні пры партызанскай брыгадзе Лепельскай імя І. В. Сталіна). Штотыднёвая. Вядома 48 нумароў (№ 1, 21–25, 27–29, 31, 33–39, 41–56 за 1943; № 1–14, 16 за 1944) за перыяд з 14 сакавіка 1943 г. да 11 красавіка 1944 г. на беларускай і рускай мовах. Рэдактар К. Р. Пацейка (Пацэйка).

Для выпуску выкарыстоўваліся друкарскае абсталяванне, папера, фарба і шрыфты з даваеннай друкарні ушацкай раённай газеты, схаваныя ў пачатку вайны яе супрацоўнікамі. У выданні газеты прымалі ўдзел літаратурныя работнікі П. М. Усцінаў і А. Ф. Зянюк, мастакі М. Ц. Гуціеў і М. І. Абрыньба, наборшчык П. Т. Пранік, друкар П. В. Красноў, карэктар І. А. Ягорава і інш.

Пасля вызвалення Беларусі выходзіла пад той жа назвай. 3 мая 1962 г. мела назву «Ленінскі сцяг», з красавіка 1966 г. орган Лепельскага райкама КПБ, раённага i гapадскога Саветаў дэпутатаў працоўных (Саветы народных дэпутатаў з 1977).

З 1992 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Лепельскі край» 2 разы на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Лепельскі раённы выканаўчы камітэт і Лепельскі раённы Савет дэпутатаў.