Дата стварэння: 12.05.2023 10:56:43
Дата змены: 11.09.2024 15:57:11
Ко́саўскі бой 1942 г.
Бой партызанскага атрада імя Г. Дзімітрава (гл. Партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі), асобнага партызанскага атрада імя М. А. Шчорса, асобнага партызанскага атрада імя К. Я. Варашылава (I. С. Зайкоў) супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у г. Косава 3 жніўня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Фашысцкі гарнізон Косава пастаянна ладзіў грабежніцкія і карныя акцыі супраць мясцовага насельніцтва, перакрываў падыходы да шашы Брэст — Слонім і да чыгункі Брэст — Мінск. Разгрому гарнізона папярэднічала старанная 2‑тыднёвая падрыхтоўка, у ходзе якой партызаны выяўлялі сілы праціўніка, размяшчэнне яго агнявых кропак, сістэму аховы аб’ектаў. У аперацыі ўдзельнічала больш за 480 партызан, на ўзбраенні якіх, акрамя стралковай зброі, мелася гармата.
Агульнае кіраўніцтва аперацыяй ажыццяўляў камандзір атрада імя М. А. Шчорса П. В. Пранягін. У ноч на 3 жніўня 1942 г. партызаны нанеслі раптоўны імклівы ўдар з трох бакоў па гарнізоне. Пасля 2‑гадзіннага бою гарнізон праціўніка быў разгромлены. Вялікую дапамогу партызанам аказалі падпольшчыкі, якія падтрымлівалі наступленне з тылу.
У баі партызаны знішчылі і паранілі больш за 80 немцаў і паліцэйскіх, 11 узялі ў палон, разбурылі вузел сувязі, спалілі масты, смалакурны завод, камендатуру і іншыя адміністрацыйныя будынкі, захапілі больш за 100 вінтовак, 12 аўтаматаў, боепрыпасы, харчы і амуніцыю. З Косаўскага гета было выведзена звыш 200 вязняў. У баі партызаны страцілі 9 чалавек забітымі і 4 параненымі. Загінулі камандзір аддзялення малодшы сяржант К. Ісмаілаў, партызаны У. А. Вараб’ёў, Я. I. Ісаеў, В. М. Кузняцоў, А. Тамілін, С. Блюменфельд, А. Нейдзераў. Пакінуўшы прыкрыццё, партызаны вярнуліся ў свае лагеры. Толькі праз суткі прыбыла дапамога разбітаму фашысцкаму гарнізону. Гітлераўцы падабралі забітых і спешна вярнуліся ў Івацэвічы. На працягу месяца Косава было пад кантролем партызан, аж да буйной блакады ў верасні 1942 г.
У Косаве ў 1955 г. у гонар баявой аперацыі партызан пастаўлены помнік.