Дата стварэння: 12.05.2023 11:00:01
Дата змены: 11.09.2024 15:58:58
Мі́нскае партыза́нскае злучэ́ннe
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі Мінскай вобласці.
Створана ў лістападзе 1941 г. — лютым 1942 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б на тэрыторыі паўднёвых раёнаў Мінскай вобласці. Адначасова ў паўночных раёнах Палескай вобласці сфарміравалася злучэнне партызанскіх атрадаў (камандзір Ф. I. Паўлоўскі). У красавіку 1942 г. яны аб’ядналіся ў злучэнне партызанскіх атрадаў Мінскай і Палескай абласцей. З утварэннем у сакавіку 1943 г. Палескага партызанскага злучэння рэарганізавана ў Мінскае партызанскае злучэнне.
У яго ўваходзілі брыгады «Беларусь», «Буравеснік», 2‑я Мінская, 3‑я Мінская імя С. М. Будзённага, 12‑я кавалерыйская імя І. В. Сталіна, 25‑я імя П. К. Панамарэнкі, 27‑я імя В. І. Чапаева, 32‑я імя М. І. Калініна, 37‑я імя А. Я. Пархоменкі, 64‑я імя В. І. Чапаева, 95‑я імя М. В. Фрунзэ, 99‑я імя Д. Ц. Гуляева (да снежня 1943), 100‑я імя С. М. Кірава, 101‑я імя Аляксандра Неўскага, 121‑я імя А. Ф. Брагіна, 161‑я імя Р. І. Катоўскага, 200‑я імя К. К. Ракасоўскага, 225‑я імя А. В. Суворава, 258‑я імя В. У. Куйбышава, 300‑я імя К. Я. Варашылава, імя М. І. Калініна і асобныя атрады.
Злучылася з Чырвонай арміяй у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1944 г., на той час у яго ўваходзіла 19 брыгад і 3 асобныя атрады, у якіх налічвалася 22 тыс. партызан.
Камандзіры: В. I. Казлоў (сакавік 1942 — ліпень 1944), Р. Н. Мачульскі (кастрычнік 1942 — май 1943; выконваў aбавязкі), I. A. Бельскі (май — чэрвень 1943, люты — ліпень 1944; выконваў абавязкі); начальнікі штаба: П. М. Канавалаў (чэрвень 1942 — студзень 1943), К. М. Бакун (студзень — сакавік 1943), М. П. Куксаў (сакавік — жнівень 1943), Р. В. Гнусаў (жнівень 1943 — ліпень 1944).
Камандзірам злучэння В. І. Казлову, І. А. Бельскаму, Р. Н. Мачульскаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
На тэрыторыі Мінскай вобласці дзейнічалі таксама Слуцкай зоны партызанскае злучэнне і Барысаўска-Бягомльскай зоны партызанскае злучэнне. У Мінскай (Чэрвеньскай) зоне ў кастрычніку 1942 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага міжрайкама і падпольных райкамаў КП(б)Б дзейнічалі брыгады 1‑я Мінская, «Разгром», «За Савецкую Беларусь», «Полымя», імя П. К. Панамарэнкі, імя В. І. Чапаева, «Чырвоны Сцяг», імя С. М. Кірава, імя газеты «Правда», «За Радзіму», імя М. А. Шчорса (не ўвесь час) і некалькі асобных атрадаў, у якіх налічвалася каля 12 тыс. партызан. Апрача таго, на тэрыторыі Мінскай вобласці дзейнічалі брыгады М. М. Нікіціна, «Стары». Усяго пад кіраўніцтвам падпольных партыйных арганізацый вобласці на чале з абкамам партыі на тэрыторыі Мінскай вобласці ў розны час дзейнічала 45 брыгад, якія аб’ядноўвалі больш за 55 тыс. партызан. Частка брыгад і атрадаў была перабазіравана ў іншыя вобласці.
На тэрыторыі вобласці ў чэрвені — ліпені 1944 г. з Чырвонай арміяй злучылася 37 брыгад і 7 асобных атрадаў, у якіх налічвалася больш за 40 тыс. партызан.