Дата стварэння: 12.05.2023 11:01:01
Дата змены: 11.09.2024 15:48:26
«На́ша перамо́га»
Газета, заснавана ў кастрычніку 1932 г. пад назвай «Калгаснік» як орган Лоеўскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Гомельскай вобласці. Са жніўня 1938 г. называлася «Калгасная перамога». Выходзіла да 29 чэрвеня 1941 г.
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Лоеўскага падпольнага райкама КП(б)Б. Выдавалася ў студзені — лістападзе 1943 г. Вядомы № 3 газеты за 5 кастрычніка 1943 г. на беларускай мове.
Пасля вызвалення Беларусі выходзіла пад даваеннай назвай («Калгасная перамога»). З 28 мая 1959 г. да 21 красавіка 1962 г. мела назву «За камуністычную працу». Пасля перапынку ў выданні адноўлена ў студзені 1967 г. пад назвай «Серп і молат». Друкавалася як орган Лоеўскага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977).
Са студзеня 2010 г. раённая газета, выходзіць адзін раз на тыдзень пад назвай «Лоеўскі край» на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Лоеўскі раённы выканаўчы камітэт і Лоеўскі раённы Савет дэпутатаў, рэдакцыя газеты.