ОСТ, генеральны план «ОСТ», нямецка-фашысцкі план каланізацыі і германізацыі Усходняй Еўропы
pdf

«ОСТ»

Дата стварэння: 12.05.2023 11:01:32

Дата змены: 11.09.2024 16:01:20

«Ост»

Генеральны план «Ост»

Нямецка-фашысцкі план каланізацыі і германізацыі Усходняй Еўропы ў час Другой сусветнай вайны.

Заснаваны на расавай чалавеканенавісніцкай тэорыі, узведзенай германскім імперыялізмам у ранг дзяржаўнай палітыкі.

Распрацаваны ў Імперскім упраўленні дзяржаўнай бяспекі Германіі. Першы варыянт плана «Ост», аб існаванні якога ведала строга абмежаванае кола асоб, быў распрацаваны пад кіраўніцтвам рэйхсфюрара СС Г. Гімлера і датычыў у асноўным тэрыторыі Польшчы. Пасля нападзення гітлераўскай Германіі на СССР былі распрацаваны асноўныя фундаментальныя палажэнні і прынцыпы каланізатарскай палітыкі нацыстаў на акупіраванай тэрыторыі СССР.

Пасля вайны доўгі час план «Ост» не маглі знайсці, мелася толькі перапіска, а таксама каментарыі і заўвагі розных ведамстваў і нацысцкіх вярхоў, якія тычыліся гэтага плана. У 1970‑я гг. план «Ост» быў выяўлены пры інвентарызацыі нямецкіх ваенных дакументаў у Нацыянальным архіве ЗША.

На 84 старонках плана выкладзены працэс паэтапнай каланізацыі і германізацыі, масавага вынішчэння народаў усходніх дзяржаў, якія падлягалі захопу, план ліквідацыі Польшчы і Савецкага Саюза.

Першапачаткова намячалася да зыходу 1942 г. «высяленне» 31 млн чалавек, потым паступіла ўдакладненне: знішчыць 46–51 млн чалавек (80–85 % палякаў, 75 % беларусаў, 65 % заходніх украінцаў, 50 % літоўцаў, латышоў, эстонцаў), у далейшым прадугледжвалася пашырыць першапачатковыя «прыкідкі» на тэрыторыю «да самага Урала».

Паводле плана «Ост», на працягу 25–30 гадоў прадугледжвалася знішчыць 120–140 млн чалавек у Польшчы і СССР, «паэтапна, з улікам палітычных і эканамічных момантаў» поўнасцю знішчыць рускі народ.

Каланізацыі і поўнай германізацыі падлягалі Беларусь, Літва, Латвія, Эстонія, Інгерманландыя (Ленінградская і Пскоўская вобласці Расіі) і Готэнгаў (паўвостраў Крым з прылеглай часткай мацерыка — былая Таўрыя). Былі падрыхтаваны новыя назвы для захопленых гарадоў, напрыклад, Ленінград планавалі перайменаваць у Адольфсбург, Севастопаль — у Готэнсбург, Сімферопаль — у Тэадорыхсбург і г. д.

Г. Гімлер, выступаючы перад вышэйшымі чынамі СС і паліцыі 16 верасня 1942 г. у сваёй палявой стаўцы «Хегевальд» каля Жытоміра, заявіў: «Мы павінны германізаваць і засяліць Беларусь, Эстонію, Латвію, Літву, Інгерманландыю і Крым». У пісьме ад 12 студзеня 1943 г. да аднаго з аўтараў плана «Ост» ён сцвярджаў: «Упамянутыя вобласці павінны быць татальна германізаваны, г. зн. заселены».

Пасля нападзення на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 г. гітлераўцы прымалі актыўныя меры для ажыццяўлення сваіх злавесных замыслаў. У паведамленні СД з Мінска ў Берлін (сакавік 1942) гаварылася: «У зоне Мінскага камісарыята жыве каля 15 000 асоб нямецкага паходжання. Ёсць намер высяліць рускія сёлы і пасяліць туды асоб нямецкага паходжання, каб стварыць замкнёныя нямецкія пасяленні». Мясцовае насельніцтва падлягала знішчэнню або ператварэнню ў рабоў нямецкіх каланістаў.

План «Ост» дапаўнялі іншыя сакрэтныя дакументы, якія з’яўляліся яго састаўной часткай. На карце германскай каланізацыі Беларусі і Прыбалтыкі, датаванай 17 лістапада 1942 г., прыведзена запланаваная колькасць мясцовага насельніцтва і нямецкіх каланістаў у найбольш буйных апорных цэнтрах. У Мінску планавалася пасяліць 50 тыс. немцаў і часова пакінуць для выкарыстання ў якасці рабочай сілы 100 тыс. мясцовых жыхароў, у Гомелі адпаведна 30 тыс. і 50 тыс., у Магілёве — 20 тыс. і 50 тыс., у Віцебску — 20 тыс. і 40 тыс., у Полацку — 10 тыс. і 25 тыс., Гродне — 10 тыс. і 20 тыс., Баранавічах — 10 тыс. і 20 тыс., Барысаве — 5 тыс. і 15 тыс., Навагрудку — 5 тыс. і 15 тыс. і г. д.

Паводле фашысцкага плана пасляваеннага ўпарадкавання, у Мінску прадугледжвалася будаўніцтва казарм для эсэсаўцаў, будынкаў ваенна-фашысцкага кіраўніцтва, жандармерыі і іншых карных органаў — турмы, крэматорыя з пляцоўкай для расстрэлаў і спецыяльнымі пад’язнымі чыгуначнымі пуцямі. У 1942 г. намячалася ўзвядзенне трох гіганцкіх лагераў смерці ў гарадах Рыга (Латвія), Кіеў (Украіна) і Бабруйск (Магілёўская вобласць).

Ліквідацыя савецкага народа, паводле намераў гітлераўцаў, павінна была праводзіцца з выкарыстаннем разнастайных спосабаў і метадаў, прымяненнем самага шырокага арсеналу сродкаў масавага знішчэння. Восенню 1941 г. у Беларусі і іншых часова акупіраваных рэгіёнах СССР гітлераўцы пачалі механізаваць тэхналогію масавых забойстваў з выкарыстаннем спецыяльна абсталяваных для атручвання людзей выхлапнымі газамі машын — «душагубак».

Адным з асноўных прыёмаў і спосабаў ажыццяўлення нацысцкай палітыкі генацыду з’яўлялася масавае знішчэнне населеных пунктаў разам з жыхарамі. На тэрыторыі Беларусі з больш як 11 тыс. сельскіх населеных пунктаў, спаленых гітлераўцамі, больш за 5 290 знішчаны разам з усім насельніцтвам або значнай яго часткай.

За гады акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі і калабарацыяністы загубілі на тэрыторыі Беларусі каля 3 млн савецкіх і замежных грамадзян, каля 380 тыс. жыхароў вывезлі на катаргу ў Германію (гл. таксама Генацыд, Акупацыйны рэжым, Карныя аперацыі, Лагеры смерці, Вываз на фашысцкую катаргу).

Усенародная барацьба савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў, ваенны разгром і крах гітлераўскай Германіі перашкодзілі захопнікам ажыццявіць злачынны план «Ост».