Дата стварэння: 12.05.2023 11:23:13
Дата змены: 03.06.2025 10:10:25
Партыза́нскі полк 121‑ы імя́ А. М. Каса́ева
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага, Магілёўскага і Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Створаны ў лістападзе 1943 г. на базе 121‑га атрада як полк 121‑ы.
У красавіку 1942 г. групай ваеннаслужачых з ліку тых, хто не выйшаў з акружэння і застаўся ў варожым тыле, была арганізавана група на чале з М. І. Абрамавым (загінуў у ліпені 1942). У маі 1942 г. група пераўтворана ў атрад, які ў ліпені 1942 г. быў уключаны ў Клічаўскі аператыўны цэнтр як атрад 121‑ы. У лістападзе 1942 г. — чэрвені 1943 г. уваходзіў у партызанскую брыгаду 6‑ю Магілёўскую. Уключаў 3 роты. Пры фарміраванні палка роты пераўтвораны ў батальёны. У сакавіку 1944 г. прысвоена імя А. М. Касаева (камандзір палка, загінуў у лютым 1944).
Партызаны наносілі ўдары па чыгуначным участку Шклоў — Магілёў — Быхаў. У 1942–1943 гг. самастойна і разам з іншымі атрадамі разграмілі варожыя гарнізоны і апорныя пункты ў вёсках Вугольшчына, Каме́нка, Цяхцін, Аксенькавічы, Падзевічы, Вялікія Бялевічы. Каля чыгуначнай станцыі Быхаў 3 жніўня 1943 г. падарвалі 230 рэек. У жніўні і верасні 1943 г. удзельнічалі ў аперацыі па адначасовым разгроме нямецкіх гарнізонаў (гл. Бялыніцкія аперацыі 1943 г.). Разам са 113‑м атрадам разграмілі гарнізон на чыгуначнай станцыі Дашкаўка, падарвалі больш за 120 рэек.
У чэрвені — ліпені 1942 г., сакавіку, маі 1943 г., лютым 1944 г. вялі баі супраць карнікаў.
У в. Пясчанка Магілёўскага раёна 9 студзеня 1944 г. уступілі ў бой з гітлераўцамі, каб выратаваць мірных жыхароў ад знішчэння і вывазу на катаржныя работы ў Германію. У аперацыі «Рэйкавая вайна» разам з атрадам 61‑м (гл. Партызанская брыгада 61‑я) 20 чэрвеня 1944 г. скоўвалі боем часці нямецкай 60‑й рэзервовай мотамеханізаванай дывізіі, раскватараваныя ў вёсках Галынец 1, Галынец 2 і Ямніца Магілёўскага раёна (гл. Ямніцкі бой 1944 г.).
Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 30 чэрвеня 1944 г., на той момант уключаў 3 батальёны, у якіх налічвалася 1 149 партызан.
Камандзіры палка: А. М. Касаеў, А. А. Ільінскі; камісар I. М. Іваноў; начальнікі штаба: М. В. Саўчанка, М. М. Гарусаў.
Камандзіру палка А. М. Касаеву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У гонар палка каля в. Будзішча Магілёўскага раёна ў 1971 г. пастаўлены абеліск.