pdf

ПАРТЫЗАНСКІ ПОЛК 277‑ы

Дата стварэння: 12.05.2023 11:23:29

Дата змены: 15.05.2025 15:00:52


Партыза́нскі полк 277‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага, Кіраўскага, Клічаўскага, Магілёўскага, Бярэзінскага, Шклоўскага, Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Крупскага раёна Мінскай вобласці.

Створаны ў верасні 1943 г. на базе партызанскага атрада 277‑га.

У Клічаўскім раёне 5 ліпеня 1941 г. пачала дзейнічаць падпольная група камуністаў, пакінутая па заданні ЦК КП(б)‌Б у тыле ворага. У ліпені 1941 г. на базе групы, якая папоўнілася мясцовымі жыхарамі і савецкімі воінамі, што выходзілі з акружэння, быў створаны Клічаўскі партызанскі атрад, які ў красавіку 1942 г. увайшоў у Клічаўскі аператыўны цэнтр як атрад 277‑ы. Дзейнічаў самастойна, у лістападзе 1942 г. — маі 1943 г. у складзе партызанскай брыгады 2‑й Клічаўскай, потым зноў самастойна, з ліпеня 1943 г. у складзе Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы. Разгорнуты ў полк 3‑батальённага складу (роты атрада перафарміраваны ў батальёны).

Партызаны ў студзені — сакавіку 1942 г. удзельнічалі ў ачышчэнні тэрыторыі Клічаўскага pаёна ад акупантаў, у разгроме 20 сакавіка 1942 г. гарнізона ў г. п. Клічаў (гл. Клічаўскія баі 1942, 1943 гг.). Вялі баі па абароне і расшырэнні Клічаўскай партызанскай зоны, удзельнічалі ў разгроме апорных пунктаў ворага ў вёсках Развадава Клічаўскага раёна (чэрвень 1942), Казулічы (гл. Казуліцкія баі 1943, 1944 гг.), Пацава Слабада Кіраўскага раёна (гл. Пацаваслабодскія баі 1943, 1944 гг.), Пагост Бярэзінскага раёна (красавік 1944). У чэрвені, жніўні 1942 г., маі, жніўні, лістападзе, снежні 1943 г., лютым, маі 1944 г. вялі баі супраць карнікаў. Наносілі ўдары па камунікацыях ворага. У верасні 1942 г. каля чыгуначнай станцыі Крупкі захапілі і спалілі эшалон з гаручым, падарвалі чыгуначны мост цераз р. Нача (гл. Нацкая аперацыя 1942 г.). У жніўні 1943 г. на ўчастках Магілёў — Дашкаўка, Быхаў — Рагачоў, у чэрвені 1944 г. на ўчастку Магілёў — Орша падарвалі каля 2 тыс. рэек. У час наступлення Чырвонай арміі ўтрымлівалі рубяжы партызанскай зоны.

Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант уключаў 3 батальёны, у якіх налічвалася 1 257 партызан.

Камандзіры палка: I. З. Ізох, М. П. Коканцаў; камісары: I. М. Гершовіч, М. I. Кніга, А. М. Радзюк; начальнік штаба С. Ц. Токараў.