pdf

«ПРАГУЛКА НА СЁМУХУ»

Дата стварэння: 12.05.2023 11:24:13

Дата змены: 11.09.2024 14:31:28

«Прагу́лка на Сёмуху» («Pfingstausflug»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва ў Бягомльскім, Плешчаніцкім (цяпер Лагойскі раён), Барысаўскім раёнах Мінскай вобласці і на частцы тэрыторыі прылеглых да іх раёнаў Вілейскай, Мінскай і Віцебскай абласцей 22 красавіка — 12 мая 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны, амаль адначасова з карнай аперацыяй «Веснавое свята» (17 красавіка — 5 мая 1944 г.), мэтай якой быў разгром партызан Полацка-Лепельскай зоны.

Праводзілася сіламі 4‑й палявой арміі, падпарадкаванымі на час аперацыі падраздзяленнямі 3‑й танкавай арміі групы армій «Цэнтр» (632‑і і 931‑ы пяхотныя, 313‑ы грэнадзёрскі, 31‑ы паліцэйскі палкі, артылерыйскі дывізіён, роты самаходных гармат і бронемашын і іншыя спецыяльныя падраздзяленні). Разглядалася нямецкім камандаваннем аховы тылу 3‑й танкавай арміі як адна з лакальных падрыхтоўчых ваенна-паліцэйскіх акцый перад буйной карнай аперацыяй «Баклан». Ваенна-аператыўнай мэтай аперацыі з’яўлялася «выцясненне бандыцкіх [гэта значыць партызанскіх] груп, якія знаходзіліся ў раёне Плешчаніцы — Радашковічы — Докшыцы, у паўночна-ўсходнюю частку бандыцкай зоны “Мінск-паўночны”», як называлі гітлераўцы Барысаўска-Бягомльскую партызанскую зону, што блакіравала ўсе асноўныя тылавыя камунікацыі 3‑й танкавай арміі.

Баявыя дзеянні разгарнуліся ў міжрэччы Бярэзіны, Цны, Гайны, галоўным чынам уздоўж дарогі Зембін (Барысаўскі раён) — Бягомль.

Не лічачыся са стратамі, адначасова з чатырох напрамкаў праціўнік адцясняў партызанскую брыгаду «Дзядзькі Колі» і да зыходу дня 22 красавіка заняў вёскі Вялікае Зацэнне, Любасеі, Кімія, Паляны (Барысаўскі раён). Да 24 красавіка брыгада адбівала атакі гітлераўцаў на рубяжы вёсак Зарэмбы, Клюндзеўка (Вішнёвая), Кайтанава, Завіднае (Бягомльскі раён, цяпер Барысаўскі), Карсакавічы (Барысаўскі раён). Страты праціўніка да гэтага часу толькі забітымі склалі да 200 чалавек, але сілы былі няроўныя, і 24 красавіка партызаны былі вымушаны адступіць у раён вёсак Сялец, Рэчкі (Барысаўскі раён), Божадары (Бягомльскі раён, цяпер Барысаўскі; в. Бярозаўшчына). Сюды па загадзе камандзіра партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны Р. Н. Мачульскага пачалі рухацца брыгады «Жалязняк» і «Беларусь». У ноч на 28 красавіка ў раёне вёсак Замошша і Пагранічча (Плешчаніцкі раён, цяпер Лагойскі) аб’яднаныя сілы трох брыгад атакавалі праціўніка і нанеслі яму страты ў жывой сіле, толькі каля в. Гарэлы Луг (Бягомльскі раён, цяпер Барысаўскі) гітлераўцам удалося стрымаць атаку партызан. 30 красавіка — 1 мая разгарэліся жорсткія баі на рубяжы вёсак Мсціж — Загор’е — Гарэлы Луг. Гітлераўцы агнямётамі падпалілі лес, пасля некалькіх дзён упартых баёў партызаны былі вымушаны пакінуць вёскі Мрай, Мсціж, Валокі і адысці далей на поўнач да вёсак Зарэчча, Ніўкі, Нядаль, у лясны раён перад вёскай Уборак (Бягомльскі раён, цяпер Барысаўскі). Тут баі працягваліся яшчэ некалькі дзён, аднак на поўначы і ўсходзе ад вёсак Карсакавічы, Паляны, Кімія, Вялікае Зацэнне праціўніку замацавацца не ўдалося. Партызаны вярнулі пад свой кантроль вёскі Новае Сяло, Лісіно, Азяродзішча, Папарэжжа (Бягомльскі раён, цяпер Барысаўскі; в. Папярэжжа), Зарэмбы, Гарэлы Луг, Кайтанава, Клюндзеўка (Вішнёвая) і сталі ствараць у непасрэднай блізкасці ад варожых гарнізонаў новую лінію абароны.

Страты праціўніка склалі больш за 900 чалавек забітымі, 7 танкаў, 14 аўтамашын, бронетранспарцёр, 2 бронемашыны, 16 павозак з боепрыпасамі і інш.

У час аперацыі гітлераўцы спалілі 11 вёсак, захапілі 1 663 мужчын і 1 390 жанчын.