pdf

«ХУБЕРТУС»

Дата стварэння: 12.05.2023 11:26:00

Дата змены: 11.09.2024 14:52:01


«Хубе́ртус» («Hubertus»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва абапал чыгуначнай лініі Гомель — Васілевічы ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці, Хойніцкім, Васілевіцкім і Калінкавіцкім раёнах Палескай (цяпер Гомельскай вобласці). Працяг карнай аперацыі «Асвячэнне храма».

Праводзілася ў 2 этапы: «Хубертус-І» 24–28 кастрычніка 1943 г. і «Xубертус-II» 3–6 лістапада 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны сіламі 862‑га і 628‑га ахоўных батальёнаў, 581‑га дывізіёна палявой жандармерыі, асобных рот і батальёнаў 47‑га ландвернага, 57‑га, 608‑га, 613‑га ахоўных палкоў і інш.

Гітлераўцы разлічвалі шчыльным кальцом блакіраваць Гомельскае партызанскае злучэнне ва Узнажскім лесе (каля в. Узнаж Васілевіцкага раёна, цяпер на тэрыторыі Рэчыцкага раёна), а потым знішчыць партызан і мясцовых жыхароў, якія знаходзіліся пад іх абаронай.

На працягу сутак партызанская брыгада «Жалязняк», партызанская брыгада Рэчыцкая імя К. Я. Варашылава, партызанская брыгада «Бальшавік», партызанская брыгада 101‑я Даманавіцкая і асобныя атрады партызанскага злучэння Палескай вобласці пад кіраўніцтвам Гомельскага падпольнага абкама КП(б)‌Б стойка ўтрымлівалі рубяжы абароны ў раёне вёсак Шоўкавічы, Васількоў (Васількова), Красналужжа, Смалярня (Васілевіцкі раён, цяпер Рэчыцкі), Валадарск (Рэчыцкі раён), у бязлітасных баях нанеслі карнікам значныя страты.

Да зыходу 25 кастрычніка ў партызан скончыліся боепрыпасы, камандаванне прыняло рашэнне аб прарыве блакады і пераправе на левы бераг р. Бярэзіна. У ноч на 26 кастрычніка партызаны разам з насельніцтвам і параненымі па плывучым мосце, пабудаваным брыгадай «Жалязняк», пераправіліся цераз раку і выйшлі ў раён хутара Глушыца [Стрэшынскі (цяпер Жлобінскі) раён Гомельскай вобласці].

Ва Узнажскім лесе, адцягваючы на сябе праціўніка, вялі баі партызанская брыгада 101‑я Даманавіцкая, асобны партызанскі атрад Парыцкі імя С. М. Кірава, некалькі атрадаў з брыгад імя К. Я. Варашылава і «Бальшавік».

Партызаны, якія выйшлі з блакады, былі неўзабаве знойдзены савецкай авіяразведкай. У раёне хутара Глушыца прызямлілася некалькі савецкіх ваенна-транспартных самалётаў. Атрымаўшы боепрыпасы і адправіўшы за лінію фронту параненых байцоў, партызаны вярнуліся на месцы базіравання. Аперацыя «Xубертус» была прыпынена праціўнікам 28 кастрычніка для перагрупоўкі сіл.

Група Рубзама 3 лістапада, атрымаўшы ў падмацаванне 2 ахоўныя батальёны і бранятанкавую штурмавую групу, пачала карную аперацыю ў раёне вёсак Амелькаўшчына, Дубровіца (Хойніцкі раён), Маладуша (Рэчыцкі раён). Аднак, дасягнуўшы шашы на ўчастку Дубровіца — Маладуша, гітлераўцы далей прасунуцца не змаглі: яны зноў пацярпелі адчувальныя страты ў жывой сіле і тэхніцы і адвялі свае войскі на перагрупоўку.