Дата стварэння: 25.06.2025 14:22:43
Дата змены: 21.08.2025 11:42:56
Шчу́чынскае партыза́нскае злучэ́нне
Партызанскае злучэнне Шчучынскай зоны Баранавіцкай вобласці.
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Шчучынскага, Зэльвенскага, Васілішкаўскага, Казлоўшчынскага, Дзятлаўскага і Мастоўскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Створана ў красавіку 1943 г. Шчучынскім падпольным міжрайпартцэнтрам.
Аб’ядноўвала партызанскую брыгаду Ленінскую і асобныя атрады «Грознага» (пазней «Грозны»), «Стралкова» (пазней імя А. В. Суворава), I. В. Макарава (пазней імя Р. І. Катоўскага), «Золатава» (пазней імя 1 Мая), 54‑ы (пазней атрад імя Ф. Э. Дзяржынскага), імя П. К. Панамарэнкі. У маі 1943 г. на базе названых асобных атрадаў створана партызанская брыгада Першамайская. У чэрвені 1943 г. арганізавана партызанская брыгада імя С. М. Кірава Баранавіцкай вобласці. У жніўні атрад імя Ф. Э. Дзяржынскага перададзены Слонімскаму падпольнаму міжрайпартцэнтру. У кастрычніку 1943 г. брыгада Першамайская перададзена Стаўбцоўскаму партызанскаму злучэнню. У лістападзе створана партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава Баранавіцкай вобласці. У снежні 1943 г. створана партызанская брыгада «Перамога», уключана ў склад злучэння партызанская брыгада імя Ленінскага камсамола са складу Лідскага партызанскага злучэння, брыгада імя С. М. Кірава перададзена Лідскаму партызанскаму злучэнню.
Злучылася з Чырвонай арміяй 11–15 ліпеня 1944 г., на той момант налічвала каля 3,2 тыс. партызан.
Камандзір злучэння ўпаўнаважаны Цэнтральнага камітэта КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху па Шчучынскай зоне, член Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)Б С. П. Шупеня; намеснік камандзіра па разведцы Я. М. Пятроў; начальнік ваеннага аператыўнага аддзела М. Н. Бурцаў.