Дата стварэння: 16.05.2023 16:05:21
Дата змены: 11.09.2024 15:24:18
«Соцыялісты́чная вёска» («Сацыялістычная вёска»)
Газета, заснавана ў лістападзе 1930 г. пад назвай «Камунар Глушчыны» як орган Глускага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Палескай вобласці. З сакавіка 1932 г. мела назву «Сцяг калектывізацыі». З чэрвеня 1938 г. называлася «Сацыялістычная вёска». Выходзіла да 18 чэрвеня 1941 г.
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Глускага падпольнага райкама КП(б)Б. Вядомы 22 нумары (№ 1–9, 12–15 за 1943; № 1–9 за 1944) за перыяд з 22 жніўня 1943 г. да 27 сакавіка 1944 г. на беларускай мове. Рэдактар С. Ф. Шумоўскі.
Пасля вызвалення Беларусі выходзіла пад той жа назвай да 28 красавіка 1962 г. Пасля перапынку ў выданні была адноўлена 1 студзеня 1967 г. пад назвай «Сцяг Радзімы». Друкавалася як орган Глускага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977) Магілёўскай вобласці.
З 1991 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Радзіма» 2 разы на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Глускі раённы выканаўчы камітэт і Глускі раённы Савет дэпутатаў, рэдакцыя газеты.