pdf

БЕЛАРУСКІ ФРОНТ 3‑і

Дата стварэння: 22.05.2023 10:17:32

Дата змены: 27.12.2024 11:41:18

Белару́скі фронт 3‑і

Утвораны ў Вялікую Айчынную вайну 24 красавіка 1944 г. у выніку падзелу Заходняга фронту на 2‑і і 3‑і Беларускія франты.

Першапачаткова ў склад фронту ўвайшлі арміі: 5‑я (генерал-лейтэнант, з 15.7.1944 генерал-палкоўнік М. I. Крылоў), 31‑я (генерал-лейтэнант, з 15.7.1944 генерал-палкоўнік В. В. Глаголеў, з 17.1.1945 генерал-лейтэнант П. Р. Шафранаў), 39‑я (генерал-лейтэнант I. I. Люднікаў) і 1‑я паветраная (генерал-лейтэнант авіяцыі М. М. Громаў, з 2.7.1944 генерал-палкоўнік авіяцыі Ц. Ц. Хрукін). Пасля ў яго склад увайшлі арміі: 2‑я гвардзейская (генерал-лейтэнант П. Г. Чанчыбадзэ), 3‑я (генерал-палкоўнік А. В. Гарбатаў), 5‑я гвардзейская танкавая (маршал бранятанкавых войск П. А. Ротмістраў, з 8.8.1944 генерал-лейтэнант танкавых войск М. Д. Саламацін, з 18.8.1944 генерал-лейтэнант, з 26.10.1944 генерал-палкоўнік танкавых войск В. Ц. Вольскі), 11‑я гвардзейская (генерал-лейтэнант, з 28.6.1944 генерал-палкоўнік К. М. Галіцкі), 21‑я (генерал-лейтэнант, з 18.6.1944 генерал-палкоўнік Д. М. Гусеў), 28‑я (генерал-лейтэнант А. А. Лучынскі), 33‑я (генерал-лейтэнант С. I. Марозаў), 43‑я (генерал-лейтэнант А. П. Белабародаў), 48‑я (генерал-палкоўнік П. Л. Раманенка), 50‑я (генерал-лейтэнант Ф. П. Озераў) і 3‑я паветраная (генерал-палкоўнік авіяцыі М. П. Папівін).

Войскі фронту ў маі 1944 г. вялі баявыя дзеянні мясцовага значэння на віцебскім і аршанскім напрамках. У чэрвені, удзельнічаючы ў Беларускай аперацыі 1944 г., ва ўзаемадзеянні з 1‑м Прыбалтыйскім фронтам правялі Віцебска-Аршанскую аперацыю 1944 г., сумесна з 1‑м і 2‑м Беларускімі франтамі ўдзельнічалі ў Мінскай аперацыі 1944 г., ажыццявілі Вільнюскую аперацыю 1944 г. і Каўнаскую аперацыю. У далейшым сіламі 39‑й арміі і авіяцыі фронт удзельнічаў у Мемельскай аперацыі 1‑га Прыбалтыйскага фронту, у кастрычніку 1944 г. самастойна правёў Гумбіненскую аперацыю. У выніку войскі фронту выйшлі на дзяржаўную граніцу СССР, занялі частку Усходняй Прусіі і паўночна-ўсходнюю частку Польшчы.

У студзені — красавіку 1945 г. войскі фронту ўдзельнічалі ва Усходне-Прускай аперацыі. Правялі 13–27 студзеня 1945 г. Інстэрбургска-Кёнігсбергскую аперацыю, у якой ва ўзаемадзеянні з 2‑м Беларускім фронтам выйшлі на подступы да Кёнігсберга і блакіравалі ўсходнепрускую групоўку праціўніка, а потым (13–29 сакавіка) ліквідавалі яе і на ўсім фронце наступлення выйшлі да заліва Фрышэс-Хаф. У Кёнігсбергскай аперацыі войскі 3‑га Беларускага фронту штурмам узялі крэпасць і горад Кёнігсберг. Яны завяршылі 25 красавіка Земландскую аперацыю, ліквідавалі земландскую групоўку нямецка-фашысцкіх войск і авалодалі горадам і крэпасцю Пілаў (цяпер г. Балтыйск Калінінградскай вобласці Расіі). Фронт расфарміраваны 15 жніўня 1945 г. Частка войск перададзена ў рэзерв Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання, астатнія выкарыстаны для фарміравання Асобай і Баранавіцкай ваенных акруг.

Камандуючыя: генерал-палкоўнік, з 26 чэрвеня 1944 г. генерал арміі I. Д. Чарняхоўскі (красавік 1944 — люты 1945); Маршал Савецкага Саюза А. М. Васілеўскі (люты — красавік 1945); генерал арміі I. X. Баграмян (красавік — жнівень 1945).

Члены ваеннага савета: генерал-лейтэнант В. Е. Макараў, генерал-лейтэнант інтэнданцкай службы І. С. Хахлоў.

Начальнік штаба — генерал-лейтэнант, з 23 жніўня 1944 г. генерал-палкоўнік А. П. Пакроўскі.

Выходзіла франтавая газета «Красноармейская правда».