pdf

БРЭСЦКАЕ ПАРТЫЙНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 22.05.2023 10:18:04

Дата змены: 10.11.2025 11:50:07


БРЭСЦКАЕ ПАРТЫЙНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Мемарыяльная дошка аднаму з арганізатараў і кіраўнікоў Брэсцкага партыйнага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны П. Г. Жулікаву на будынку чыгуначнага вакзала ў горадзе Брэст.

Брэ́сцкае парты́йнае падпо́лле

Дзейнічала ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Брэст са жніўня 1941 г. да 28 ліпеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. З красавіка 1943 г. работай падполля кіраваў Брэсцкі падпольны абкам КП(б)‌Б, з мая 1944 г. таксама Брэсцкі падпольны гаркам КП(б)‌Б, які дзейнічаў па-за межамі горада ў партызанскай зоне.

Ініцыятарам стварэння ў Брэсце падпольнай партыйнай арганізацыі стаў даваенны сакратар парткама Брэсцкага чыгуначнага вузла П. Г. Жулікаў. Ён далучыў да падпольнай дзейнасці камуністаў Ф. М. Гаўрылава, М. М. Голубева, Б. С. Дзабіева, М. М. Жыгімонта, А. М. Самычэнку, I. Б. Сцепаненку і інш. У той самы час Р. С. Радкевіч, якая да вайны працававала інструктарам Брэсцкага гаркама КП(б)‌Б, арганізавала другую групу, куды ўвайшлі А. Ц. Ароніна, Г. М. Бабушкіна, Н. А. Камолава, Т. М. Смірнова, А. I. Хромава, З. I. Южная і інш. У жніўні 1941 г. на канспіратыўнай сустрэчы прадстаўнікоў гэтых груп быў створаны партыйны цэнтр, названы гарадскім камітэтам партыі, хоць фактычна па характары і аб’ёме работы ён адпавядаў камітэту (бюро) буйной пярвічнай арганізацыі. У яго ўвайшлі П. Г. Жулікаў (першы сакратар), Р. С. Радкевіч (другі сакратар), С. Н. Аношын, Б. С. Дзабіеў, М. М. Жыгімонт, А. М. Самычэнка. Інструктарамі прызначаны Г. М. Бабушкіна, Т. М. Смірнова, А. І. Хромава, З. І. Южная, прапагандыстамі — А. Ц. Ароніна, Н. А. Камолава. Першачарговай задачай камітэт лічыў работу па наладжванні сувязей з камуністамі, што засталіся ў горадзе, і далучэнні іх да падпольнай барацьбы. Да канца 1941 г. на ўлік узяты больш за 100 камуністаў.

Падпольная партыйная арганізацыя будавалася паводле вытворча-тэрытарыяльнага прынцьпу, складалася з партыйных груп, якія ўзначальвалі М. М. Голубеў, В. I. Горын, В. Я. Мельнікаў, К. Р. Рэпікаў, А. М. Самычэнка (усе загінулі) і інш.

Для кіраўніцтва работай моладзі было створана бюро камсамольскай арганізацыі на чале з В. А. Несцярэнкам.

Групамі беспартыйных патрыётаў кіравалі камуністы П. Г. Голубева, А. І. Караткова, К. А. Каструбенка, А. I. Літвінава, беспартыйныя А. А. Горная, М. А. Жыгімонт, Н. I. Ільіна, Л. I. Кулік, Л. В. Крашэннікава і інш.

Падпольшчыкі арганізавалі прыём, размнажэнне і распаўсюджванне сярод насельніцтва зводак Саўінфармбюро, збор зброі і боепрыпасаў, цёплага адзення і медыкаментаў для партызан, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з фашысцкіх лагераў, забяспечвалі іх дакументамі і адзеннем. Канспіратыўныя кватэры трымалі Грачоў, Зорына, Л. В. Крашэннікава, А. І. Літвінава, В. Н. Марозава, К. Р. Рэпікаў, К. Ц. Сімянкова; на кватэры А. М. Сенакосавай са жніўня 1941 г. хавалі зброю і боепрыпасы. Восенню 1941 г. наладжана сувязь са Старасельскім партызанскім атрадам (пазней імя М. М. Чарнака).

У 1‑й палове 1942 г. 25 падпольшчыкаў, якім пагражаў арышт, пайшлі з горада да партызан. У жніўні 1942 г. для кіраўніцтва арганізацыяй створана новае бюро, куды ўвайшлі П. Г. Жулікаў (сакратар), М. М. Жыгімонт, Б. С. Дзабіеў, З. І. Южная, з чэрвеня 1943 г. — А. Г. Серафімовіч.

Летам і восенню 1942 г. падпольшчыкі сарвалі мерапрыемствы акупацыйных улад па вывазе моладзі ў Германію, рэквізіцыі ў насельніцтва цёплых рэчаў для германскай арміі, сабралі больш за 300 тыс. руб. у фонд абароны краіны. У 1942–1943 гг. толькі атраду М. М. Чарнака яны перадалі 5 кулямётаў, 6 аўтаматаў, 70 вінтовак, 65 пісталетаў, сотні гранат, больш за 60 тыс. патронаў. У маі 1943 г. пераправілі Брэсцкаму міжраённаму «Камітэту барацьбы з нямецкімі акупантамі» шрыфт і друкарскае абсталяванне. Падпольшчыкі вывелі са строю 6 паравозаў, зрывалі рамонт вагонаў, пуск ліцейнага цэха, псавалі станкі і абсталяванне.

Арышт вясной і восенню 1943 г. вялікай групы патрыётаў, сярод якіх быў і П. Г. Жулікаў, стаў цяжкім ударам для падполля. Камуністы, што асталіся жывыя (каля 30 чалавек), камсамольцы і антыфашысты працягвалі барацьбу.

Брэсцкі падпольны абкам КП(б)‌Б праз свайго ўпаўнаважанага З. Ф. Паплаўскага, які з красавіка 1943 г. узначальваў падпольную барацьбу ў Брэсце, сувязных В. С. Селівонік, А. І. Хромаву і іншых прыняў меры для наладжвання сувязей з уцалелымі ад арыштаў падпольшчыкамі і аказання ім арганізацыйнай і іншай дапамогі. З кастрычніка 1943 г. гарадскую падпольную партыйную арганізацыю ўзначаліла Т. М. Смірнова. У склад бюро ўвайшлі Б. С. Дзабіеў, Н. А. Камолава, А. І. Літвінава.

У горад дастаўлялі газеты «Правда», «Известия», «Заря», баявыя лісткі і іншую палітычную літаратуру. Падпольшчыкі разам з дыверсійнымі групамі партызанскіх атрадаў імя М. М. Чарнака, імя В. П. Чкалава і інш., якія дзейнічалі вакол Брэста, правялі шэраг баявых аперацый. Восенню 1943 г. знішчылі шашэйны мост цераз р. Мухавец, узарвалі бензакалонку, сапсавалі 3 паравозы ў чыгуначным дэпо, парахавы склад. Узарвалі 31 снежня 1943 г. афіцэрскую сталовую і інш. Партыйная арганізацыя кіравала дзейнасцю Брэсцкага камсамольска-маладзёжнага падполля, мела сувязь з Брэсцкай гарадской антыфашысцкай арганізацыяй.

У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў загінулі А. П. Быкава, М. М. Голубеў, А. А. Горная, В. I. Горын, А. В. Горына, М. М. Жыгімонт, П. Г. Жулікаў з сям’ёй, А. П. Карначык, Л. В. Крашэннікава з сынам, Л. I. Кулік, К. Р. Рэпікаў, А. М. Самычэнка, А. Г. Серафімовіч з сынам, П. Н. Шышкуноў і інш.

У 1964 г. на будынку чыгуначнага вакзала ў Брэсце ўстаноўлена мемарыяльная дошка аднаму з кіраўнікоў партыйнага падполля П. Г. Жулікаву.