Дата стварэння: 22.05.2023 10:18:41
Дата змены: 10.11.2025 11:50:07
Го́мельскае парты́йнае падпо́лле
Дзейнічала ў г. Гомель і Гомельскім раёне пад кіраўніцтвам Гомельскага падпольнага абкама КП(б)Б і Гомельскага падпольнага гаркама КП(б)Б з 20 жніўня 1941 г. да 26 лістапада 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Да лета 1943 г. аб’ядноўвала больш за 40 падпольных арганізацый і груп, у т. л. арганізацыю на паравозавагонарамонтным заводзе і групу Ц. С. Барадзіна, больш за 400 чалавек.
ЦК КП(б)Б 16 жніўня 1941 г. зацвердзіў склад 9 груп: 113 камуністаў, камсамольцаў, беспартыйных патрыётаў, якім даручалася дзейнічаць нелегальна ў горадзе і раёне. У горадзе зараней падабралі канспіратыўныя кватэры і яўкі, заклалі сховішчы з харчамі і зброяй. Аднак падчас баёў за Гомель 13–22 жніўня 1941 г. загінулі многія з патрыётаў, якія павінны былі застацца для работы ў падполлі, была знішчана частка канспіратыўных кватэр і засакрэчаных баз.
У першыя дні германскай акупацыі работу па кансалідацыі патрыятычных сіл, устанаўленні сувязі з камуністамі і камсамольцамі праводзілі Ц. С. Барадзін і Р. I. Цімафеенка, якіх ЦК КП(б)Б пакінуў у тыле ворага для падпольнай работы. Праз іх Гомельскі падпольны гаркам КП(б)Б наладзіў кантакты з камуністамі і камсамольцамі чыгуначнага вузла, паравозавагонарамонтнага, падшыпнікавага заводаў, лесакамбіната, іншых прамысловых прадпрыемстваў.
У жніўні — верасні 1941 г. актыўную барацьбу супраць акупантаў вялі каля 20 груп, у т. л. групы камуністаў Ц. В. Блінкова (лесакамбінат), Л. I. Дзегірэўскага, М. Д. Жызнеўскага (чыгуначны вузел), Е. I. Каленікава, Р. М. Каралёва, В. I. Сухава (падшыпнікавы завод) і інш. Яны разгарнулі палітычную работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі савецкія газеты і зводкі Саўінфармбюро, далучалі патрыётаў да барацьбы з захопнікамі, уладкоўвалі сваіх людзей у акупацыйны апарат, здабывалі ўзоры пропускаў, рабілі дыверсіі.
У сярэдзіне лістапада 1941 г. у сувязі з карнымі дзеяннямі акупантаў Гомельскі падпольны гаркам КП(б)Б разам з партызанскім атрадам «Бальшавік», у якім ён базіраваўся, перайшоў з Гомельскага раёна ў Чачэрскія лясы на поўнач Гомельскай вобласці і таму не мог, як раней, непасрэдна кіраваць падпольнай барацьбой у горадзе. У гэтых умовах для забеспячэння партыйнага кіраўніцтва Гомельскім партыйным падполлем, Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем і каардынацыі іх дзейнасці быў створаны Гомельскі падпольны аператыўны цэнтр, у які ўвайшлі Ц. С. Барадзін (кіраўнік), Р. I. Цімафеенка, I. Б. Шылаў. Да канца 1941 г. у групе Ц. С. Барадзіна — Р. І. Цімафеенкі налічвалася некалькі дзясяткаў падпольшчыкаў. Аднак размяшчэнне органа кіраўніцтва падполлем у самім горадзе ва ўмовах павышанай актыўнасці варожых спецслужбаў было вельмі небяспечным, што і прывяло да трагедыі. Гітлераўцы 8 мая 1942 г. арыштавалі Ц. С. Барадзіна, І. Б. Шылава, дзясяткі актыўных падпольшчыкаў. Усе яны пасля катаванняў былі расстраляны. Р. І. Цімафеенка ў чэрвені 1942 г. загінуў у няроўным баі з гестапаўцамі, якія зрабілі засаду на адной з канспіратыўных кватэр.
Нягледзячы на цяжкія ўдары, барацьба патрыётаў працягвалася. Гомельскі падпольны гаркам КП(б)Б з дапамогай А. Л. Ісачанкі, Г. Л. Кірыкавай, Ф. П. Котчанкі, С. П. Купцова, В. К. Цясёлкіна аднавілі сувязь з многімі патрыётамі.
Актыўна дзейнічалі падпольшчыкі Гомельскага чыгуначнага вузла.
Работнік станцыі Гомель Ф. С. Варонін, пакінуты ў падполлі гаркамам партыі, далучыў да барацьбы з акупантамі жонку М. А. Вароніну, сына Пятра, I. Я. Шапіру (у падполлі Пісарэнка). У дом Вароніных партызаны прыносілі антыфашысцкую літаратуру, зброю, узрыўчатку, міны. Члены групы Ф. С. Вароніна распаўсюдзілі каля 3 тыс. экзэмпляраў лістовак і адозваў падпольнага гаркама КП(б)Б, летам 1942 г. узарвалі некалькі цыстэрнаў з бензінам.
У паравозным дэпо падпольную групу стварыў А. Ц. Брыкс, пакінуты ў падполлі Чыгуначным райкамам КП(б)Б. У групу ўвайшлі рабочыя М. Ц. Брыкс, Я. А. Емяльянаў, Я. I. Хоміч і інш. Яны выводзілі са строю паравозы, зрывалі графікі іх рамонту, летам 1942 г. праз П. Ф. Вароніна ўстанавілі сувязь з падпольным гаркамам партыі, пачалі атрымліваць узрыўчатку і міны. Падпольшчыкі ўзарвалі 4 паравозы, дзясяткі цыстэрнаў з бензінам, вагон з авіяматорамі, вывелі са строю трансфарматарную будку, падпалілі склад з гаручым і змазачнымі матэрыяламі.
На вузле таксама дзейнічалі падпольныя групы I. I. Жалезнякова (у складзе Гомельскага камсамольска-маладзёжнага падполля), Л. І. Дзегірэўскага, В. С. Сідарука, члены якіх правялі шэраг буйных дыверсій на чыгунцы.
Зрывалі варожыя перавозкі рабочыя — члены падпольнай арганізацыі на паравозавагонарамонтным заводзе.
На тлушчакамбінаце, дзе гітлераўцы размясцілі майстэрню па рамонце танкаў і іншай тэхнікі, патрыёты на чале з Е. І. Каленікавым вывелі са строю некалькі варожых танкаў, знішчылі 40 т мясапрадуктаў.
Падпольшчыкі і рабочыя лесакамбіната пад кіраўніцтвам Р. М. Каралёва знішчылі лесаматэрыял, падрыхтаваны для будаўніцтва перапраў цераз р. Сож, арганізавалі канспіратыўную кватэру гаркама партыі, перадавалі разведданыя партызанам.
Камуністы Навабеліцкага раёна Гомеля пры дапамозе членаў падпольнага гаркама С. І. Касьянава і В. В. Юдзіна да пачатку 1942 г. стварылі 10 падпольных груп. Тут актыўна дзейнічалі падпольныя групы камуніста А. В. Мацвеенкі, настаўніка Ф. С. Кусціна, рабочага В. Ц. Папова і інш.
У ноч на 14 жніўня 1943 г. партызаны Добрушскай брыгады імя І. В. Сталіна з дапамогай падпольшчыкаў узарвалі ў Гомелі турбіну электрастанцыі, у верасні — тэлефонную станцыю, казарму, знішчылі склады з боепрыпасамі і інтэнданцкую маёмасць. Па заданні партызанскай разведкі падпольшчыца Н. Р. Акуліч устанавіла міну каля варожай зенітнай батарэі. Выбухам былі знішчаны 2 зенітныя гарматы і шмат снарадаў. Звесткі разведкі падпольшчыкаў перадаваліся праз сувязных у падпольныя партыйныя органы, штабы партызанскіх брыгад «Бальшавік», «Уперад» і інш. Важную інфармацыю паведамляў Б. М. Нікіфараў, які працаваў перакладчыкам на гарадской біржы працы.
Па заданнях спецыяльных армейскіх і чэкісцкіх груп падпольшчыкі С. С. Бекарэвіч, К. М. Бондарава, I. А. Дудараў, Н. Я. Каешка, В. Я. Новікава, Н. Ф. Рудзянкова, Н. К. Сувалаў, I. Д. Цярэшкін, М. Ф. Талкачоў і іншыя збіралі звесткі пра колькасць і ўзбраенне вайсковых часцей, абарончыя збудаванні, склады з боепрыпасамі, зенітныя ўстаноўкі. Выкарыстоўваючы паведамленні падпольшчыкаў, савецкія лётчыкі бамбілі скопішчы варожых эшалонаў і ваенныя аб’екты ў горадзе, нанеслі ўдар па штабе нямецкага дывізіёна ў горадзе (чэрвень 1943), знішчылі артылерыйскія склады ў Навабеліцкім раёне Гомеля.
У кастрычніку 1943 г. Н. М. Трасцінская і іншыя падпольшчыкі арганізавалі ўцёкі з лагера вялікай групы ваеннапалонных камандзіраў Чырвонай арміі.
Па заданні спецгрупы П. I. Кузяева разведданыя ў горадзе і прылеглых да яго населеных пунктах збіралі В. I. Блескіна, Ф. С. Варонін, М. А. Губанаў, З. В. Макарэвіч, К. К. Жылінскі, В. I. Шышко і інш. Па іх звестках савецкая авіяцыя рабіла налёты на скопішчы варожых войск і ваеннай тэхнікі ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне. У час выгнання гітлераўцаў у лістападзе 1943 г. падпольшчыкі сачылі за мініраваннем прадпрыемстваў і будынкаў у горадзе. Савецкія воіны з іх дапамогай размініравалі і прадухілілі знішчэнне многіх будынкаў.
Дзейнічала са снежня 1941 г. да лютага 1943 г. З канца 1941 г. да чэрвеня 1942 г. на заводзе вяла барацьбу супраць акупантаў група на чале з камсамольцам Л. М. Кавальскім, якая аб’ядноўвала 12 чалавек, у т. л. камсамольцаў в. Сямёнаўка Гомельскага раёна. У студзені 1942 г. разгарнула барацьбу група М. В. Піваварава (М. З. Бетанаў, Г. Л. Дзятлаў, С. В. Кандрацьеў, Я. К. Слепянкоў, У. Ф. Ясінскі і інш.), да мая 1942 г. у ёй было 15 патрыётаў, да студзеня 1943 г. — каля 40 чалавек. Спачатку падпольшчыкі дзейнічалі ў кантакце з групай Ц. С. Барадзіна. Летам 1942 г. з М. В. Піваваравым устанавіў сувязь сакратар Гомельскага падпольнага райкама ЛКСМБ А. Л. Ісачанка. Падпольшчыкі аб’ядноўваліся ў групы па 3–5 чалавек, кожны ведаў толькі членаў сваёй групы. Была адпрацавана сістэма сувязі паміж кіраўніцтвам арганізацыі і групамі.
Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро (радыёпрыёмнікі былі ўстаноўлены на кватэрах у С. В. Кандрацьева, братоў А. У. Ярыгіна і Р. У. Ярыгіна), сыпалі ў буксы (прыстасаванні для размяшчэння і пастаяннай змазкі колавых падшыпнікаў) пясок і металічную стружку, псавалі паравозныя катлы, знішчалі і хавалі каштоўныя дэталі і каляровыя металы, на паравозы і вагоны падчас рамонту ставілі пашкоджаныя дэталі. У маі 1942 г. сапсавалі паравы молат у кавальскім цэху, М. В. Півавараў у паравозазборачным цэху вывеў са строю каштоўны станок-цялежку. Летам 1942 г. М. З. Бетанаў і С. В. Кандрацьеў разбілі карусельны станок. Восенню 1942 г. Я. Р. Мерзаў і А. У. Ярыгін разбурылі зварачны агрэгат і абагравальную сістэму ў зборачным цэху. Вясной 1942 г. Г. Л. Дзятлаў, Я. К. Слепянкоў і іншыя ўзарвалі варожы эшалон на станцыі Гомель-Пасажырскі. У гонар перамогі савецкіх войск пад Сталінградам у пачатку лютага 1943 г. падпольшчыкі ўзнялі над будынкам завода чырвоны сцяг з лозунгам «Няхай жыве Чырвоная Армія!». Неўзабаве пасля гэтай акцыі гітлераўцы 7 лютага 1943 г. арыштавалі ўсё кіруючае ядро падпольнай арганізацыі, а потым кінулі ў засценкі яшчэ каля 200 падпольшчыкаў і рабочых завода. Патрыётаў падвергнулі катаванням, 22 лютага 1943 г. вывезлі ў Назараўскі лес і расстралялі.
Дзейнічала ў Гомелі з канца жніўня 1941 г. да мая 1942 г. Налічвала 30 чалавек: Ц. С. Барадзін (кіраўнік), Р. I. Цімафеенка (намеснік кіраўніка), I. Б. Шылаў, Л. I. Шулькін, В. Т. Мядзведзева і Т. М. Мядзведзеў, А. С. Барадзіна, Л. С. Барадзіна і М. А. Барадзіна, А. Л. Левін, Н. Л. Раманчыкава, Н. Я. Карпенка, В. С. Кіслова, Н. С. Жалезнякоў, К. С. Пупынін і інш.
Па заданні падпольнага гаркама партыі былы інжынер фабрыкі «Палесдрук» камуніст Ц. С. Барадзін уладкаваўся на працу ў друкарню, дзе наладзіў друкаванне антыфашысцкіх лістовак і адозваў, бланкаў, пропускаў, пасведчанняў і іншых патрэбных для падпольнай работы дакументаў, зрабіў некалькі пячатак. Маці Ц. С. Барадзіна Марыя Аляксандраўна і яго сёстры Антаніна і Лідзія дастаўлялі іх Р. І. Цімафеенку і І. Б. Шылаву, якія распаўсюджвалі лістоўкі сярод жыхароў горада.
Члены групы ўстанавілі сувязь з савецкімі ваеннапалоннымі, што знаходзіліся ў фашысцкім лагеры (дулаг № 121), перадавалі ім ежу, газеты, лістоўкі, арганізоўвалі ўцёкі.
У верасні 1941 г. у час падрыхтоўкі дыверсіі на элеватары быў арыштаваны і расстраляны падпольшчык Л. І. Шулькін.
У кастрычніку 1941 г. Ц. С. Барадзін, Р. І. Цімафеенка, І. Б. Шылаў і Н. С. Жалезнякоў узарвалі майстэрню па рамонце варожых танкаў у Лібаўскім гарадку, разам з партызанамі падпалілі склад гаручага ў Навабеліцкім раёне Гомеля.
І. Б. Шылаў 4 лістапада 1941 г. у форме нямецкага афіцэра пранікнуў у рэстаран і падлажыў міну. Выбухам былі знішчаны дзясяткі фашысцкіх афіцэраў.
На базе групы Ц. С. Барадзіна ў лістападзе 1941 г. быў створаны падпольны аператыўны цэнтр для кіраўніцтва гарадскім падполлем на чале з Ц. С. Барадзіным.
Гітлераўцы высачылі патрыётаў і 8 мая 1942 г. на канспіратыўнай кватэры схапілі Ц. С. Барадзіна, І. Б. Шылава, В. А. Андрэенку, П. I. Чысцякова і інш. Усе яны пасля жорсткіх катаванняў былі расстраляны ў чэрвені 1942 г. Тады ж у баі з гестапаўцамі загінуў Р. І. Цімафеенка. Аб мужнасці і стойкасці патрыётаў у фашысцкай турме сведчаць перададзеныя на волю лісты Ц. С. Барадзіна і І. Б. Шылава.
У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінуў кожны трэці падпольшчык горада і раёна, у т. л. М. Алімаў, В. А. Андрэенка, I. А. Анкудзінаў, Ц. С. Барадзін, А. Л. Барэйша, М. З. Бетанаў, Ц. В. Блінкоў, С. М. Будніцкі, А. I. Валковіч, П. Ф. Варонін, Я. I. Веслер, Р. П. Гапееў, Л. I. Дзегірэўскі, Г. Л. Дзятлаў, В. Жалезнякоў, Н. С. Жалезнякоў, М. Д. Жызнеўскі, М. Зайцаў, Е. I. Каленікаў, С. В. Кандрацьеў, Р. М. Каралёў, I. М. Караткевіч, Н. Я. Карпенка, В. С. Кіслова, Ф. С. Кусцін, Ф. І. Марозаў, М. К. Міненка, А. Ц. Мішчанка, Д. Я. Навумава, А. К. Новікаў, I. М. Падвойскі, П. Папкоў, М. В. Півавараў, I. Пупейка, К. С. Пупынін, М. I. Сачыўка, В. С. Сідарук, А. І. Скарына, Я. К. Слепянкоў, М. Я. Сударыкаў, В. I. Сухаў і М. I. Сухаў, В. С. Угрумава і Л. С. Угрумаў, Я. I. Хоміч, Р. I. Цімафеенка, В. К. Цясёлкін, П. I. Чысцякова, Л. I. Шулькін, I. Б. Шылаў, I. С. Язерская, Р. У. Ярыгін, У. Ф. Ясінскі.
Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР.
Арганізатарам і кіраўнікам падполля I. П. Кожару, Е. I. Барыкіну, Ц. С. Барадзіну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Імёнамі герояў падполля названы вуліцы і школы. У Гомелі ў гонар падпольшчыкаў устаноўлены помнікі і мемарыяльныя дошкі, на плошчы Працы запалены Вечны агонь.