pdf

МІНСКАЕ КАМСАМОЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 22.05.2023 10:19:33

Дата змены: 11.09.2024 16:07:05

МІНСКАЕ КАМСАМОЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Помнік маладым героям-падпольшчыкам братам Уладзіміру і Канстанціну Сянько каля пачатковай школы № 29 г. Мінска, якая носіць іх імя.

МІНСКАЕ КАМСАМОЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Мемарыяльная дошка ў гонар падпольнай камсамольскай групы, якая дзейнічала ў аптэцы № 1 Мінска, што размяшчалася ў доме № 6 па вуліцы Савецкай (не захаваўся). Устаноўлена ў 1979 г. на доме № 17 па той жа вуліцы.

Мі́нскае камсамо́льска-маладзёжнае падпо́лле

Састаўная частка Мінскага партыйнага падполля.

Дзейнічала з ліпеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. у акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Мінску.


ГІСТОРЫЯ [Аўтары: Р. М. Шавяла]

З самага пачатку акупацыі камсамольцы актыўна ўключыліся ў падпольную барацьбу. Яны дзейнічалі як у складзе падпольных партыйна-камсамольскіх арганізацый і груп, так і ў самастойных камсамольскіх і камсамольска-маладзёжных арганізацыях і групах. Летам і восенню 1941 г. пад кіраўніцтвам асобных камуністаў, з канца 1941 г. — Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б былі створаны падпольныя камсамольскія арганізацыі і групы, у т. л. «Андруша», вуліц Розы Люксембург і Карла Лібкнехта, на радыёзаводзе, вагонарамонтным імя А. Ф. Мяснікова, гарбарным «Бальшавік», цвіковым заводах, на Балотнай станцыі.

Да верасня 1942 г. арганізатарам і кіраўніком камсамольскага падполля горада з’яўляўся С. А. Благаразумаў.

Мінскі падпольны міжрайкам ЛКСМБ, які быў створаны ЦК ЛКСМБ 18 ліпеня 1942 г., правёў вялікую работу па расшырэнні і ўмацаванні Мінскага камсамольска-маладзёжнага падполля. Ён стварыў у снежні 1942 г. Мінскі падпольны гаркам ЛКСМБ, які ўзначаліў камсамольска-маладзёжнае падполле горада. З чэрвеня 1943 г. гаркам працаваў пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага абкама ЛКСМБ. Гаркам, які дыслацыраваўся ў Заслаўскім раёне, з лютага 1943 г. да студзеня 1944 г. падтрымліваў сувязь з падпольнымі камсамольскімі арганізацыямі, накіроўваў іх работу праз сваю групу ў складзе М. З. Заляева, М. АКедышкі, П. Я. Кудраўцава, У. П. Трушко, Л. М. Яраша і інш. Пастаяннымі сувязнымі гаркама ЛКСМБ былі С. Д. Бойка, Г. Бажэйка, Д. Бурло, А. Быглейка, П. М. Гойчык, В. А. Дамброўская, Г. Дрозд, Н. А. Кедышка, М. П. Клімовіч, П. П. Кудраўцава, М. Ф. Пятроўская, Л. Ф. Селіванава, П. Сокал, М. Суботка, А. І. Сярноўскі (Сарноўскі), Н. Філіповіч-Кудраўцава і інш.

Да канца 1943 г. у горадзе дзейнічалі падпольныя камсамольскія групы ў друкарні Дома друку, на заводзе імя К. Я. Варашылава, у аўтарамонтных майстэрнях, на чыгуначным вузле, метэаралагічнай станцыі, млыне № 4, шчотачна-вяровачным камбінаце, маслазаводзе і шэрагу іншых прадпрыемстваў. На барацьбу з фашысцкімі захопнікамі моладзь узнімалі патрыёты падпольных камсамольскіх і камсамольска-маладзёжных арганізацый «Адам», «Віктар», «Крылоў», «Танюша», «Роберт», «Уладзімір», а таксама «Арлінае вока», «Вырві вока» (кіраўнік Г. Д. Сасіна), «Знаеў» (Я. I. Сіткевіч), «Зубілкін» (В. І. Гудовіч), «Стрэлка» (Л. М. Вышынская), «Тамара» (Я. А. Берасневіч), «Таццяна» (К. В. Гурло), «Філолаг» (В. П. Цітоў), «Холкін» (Р. Я. Брутыс), «Холкін» (I. М. Галай), «Холкін» (М. Ф. Шманаль) і інш.

Мінскім падпольным гаркамам КП(б)‌Б у студзені 1944 г. зацверджаны Мінскі Паўднёвы падпольны гаркам ЛКСМБ, які ўзначаліў дзейнасць створаных ім камсамольска-маладзёжных арганізацый і груп горада. Пад яго кіраўніцтвам з сакавіка да ліпеня 1944 г. працавалі Варашылаўскі, Кастрычніцкі і Сталінскі падпольны райкамы ЛКСМБ.

Мінскім і Мінскім Паўднёвым падпольнымі гаркамамі ЛКСМБ за час іх дзейнасці створана ў горадзе каля 70 падпольных арганізацый і груп, якія аб’ядналі больш за тысячу падпольшчыкаў. Іх ядро складала рабочая моладзь. Акрамя падпольшчыкаў, што працавалі пад кіраўніцтвам камсамольскіх падпольных органаў, многія камсамольцы групамі і па адзіночцы выконвалі заданні партызанскіх атрадаў з брыгад, якія дзейнічалі ў Мінскай вобласці: «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага, «Штурмавая», «Жалязняк», 12‑й кавалерыйскай імя І. В. Сталіна, «За Савецкую Беларусь», 1‑й і 2‑й Мінскіх, імя М. В. Фрунзэ, імя В. П. Чкалава, імя М. А. Шчорса і інш., а таксама спецатрадаў і груп Цэнтральнага штаба партызанскага руху, Беларускага штаба партызанскага руху, Разведупраўлення Чырвонай арміі і інш.

Многія канспіратыўныя кватэры Мінскага партыйнага падполля трымалі камсамольцы: Л. У. Валадзько, А. А. Галавацкі, Л. А. Дамброўскі, М. А. Кедышка, В. В. Міхневіч, М. П. Рынкевіч, Г. Д. Сасіна, Г. Г. Фалевіч і інш.

Падпольныя камсамольскія арганізацыі і групы з’яўляліся вернымі памочнікамі партыйнага падполля. У надзвычай цяжкіх умовах яны пад кіраўніцтвам гаркамаў партыі і камсамола вялі агітацыю сярод насельніцтва, уцягвалі моладзь у актыўную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў, зрывалі іх спробы ўцягнуць беларускую моладзь у калабарацыянісцкі Саюз беларускай моладзі. Рабілі дыверсіі на чыгуначным вузле, прамысловых і ваенных аб’ектах праціўніка, здабывалі і перадавалі партызанам звесткі разведкі, зброю і боепрыпасы, медыкаменты, харчы, знішчалі гітлераўцаў і іх прыслужнікаў, ратавалі і выводзілі ў партызанскія атрады савецкіх грамадзян і ваеннапалонных, былі партызанскімі сувязнымі. Дапамагалі камуністам абсталяваць падпольныя друкарні, выпускаць і распаўсюджваць газету «Звязда», лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, вырабляць бланкі нямецкіх дакументаў. З набліжэннем да Мінска часцей Чырвонай арміі ў канцы чэрвеня 1944 г. камсамольцы-падпольшчыкі сачылі за мініраваннем гітлераўцамі прамысловых прадпрыемстваў, каштоўнага абсталявання, будынкаў у горадзе. Пры вызваленні Мінска яны вялі ўзброеную барацьбу супраць атрадаў нямецка-фашысцкіх факельшчыкаў, якія падпальвалі прадпрыемствы і будынкі, дапамаглі савецкім воінам прадухіліць выбухі на многіх важных аб’ектах.


АРГАНІЗАЦЫІ МІНСКАГА КАМСАМОЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАГА ПАДПОЛЛЯ


«Адам» [Аўтары: Р. М. Шавяла]

Падпольная камсамольская арганізацыя, створана Мінскім падпольным гаркамам ЛКСМБ у чэрвені 1943 г. на базе адной з груп падпольнай камсамольскай арганізацыі «Андруша».

Дзейнічала да лістапада 1943 г., яе работай кіраваў штаб арганізацыі «Андруша».

Аб’ядноўвала 15 чалавек. Кіраўнікі камсамольцы-рабочыя А. Н. Вялюжын (да 8.11.1943, загінуў), Б. С. Гуліс (лістапад 1943–10.6.1944, загінуў). У рабоце арганізацыі ўдзельнічаў і накіроўваў яе дзейнасць рабочы Мінскай агародніннай базы камуніст С. Т. Гуліс. Падпольшчыкі ўчынілі выбухі і пажары ў дзвюх казармах гітлераўцаў, спалілі харчовы склад; па начах знішчалі акупантаў на вуліцах горада, прыводзілі ў непрыгоднасць ваеннае абмундзіраванне, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, вялі разведку ў Мінску, распаўсюджвалі лістоўкі, газеты, прымалі ўдзел у мініраванні чыгуначных цыстэрнаў з гаручым, у арганізацыі ўцёкаў савецкіх людзей з канцлагераў. Падпольшчыкі ажыццяўлялі сувязь Мінскага падпольнага гаркама ЛКСМБ з работнікамі Мінскага падпольнага абкама ЛКСМБ, якія знаходзіліся ў Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоне.


«Андруша» [Аўтары: Р. М. Шавяла]

Падпольная камсамольская арганізацыя, дзейнічала з канца 1941 г. да лістапада 1943 г. пад кіраўніцтвам Мінскіх падпольных гаркамаў КП(б)‌Б і ЛКСМБ.

Аб’ядноўвала больш як 60 рабочых, былых ваеннаслужачых, студэнтаў, вучняў. У штаб уваходзілі М. А. Кедышка (кіраўнік), Л. У. Валадзько, А. А. Галавацкі, Л. А. Дамброўскі, В. В. Міхневіч, П. П. Сіроцін, А. Л. Тарлецкі, Л. М. Яраш. У рабоце арганізацыі ўдзельнічаў і накіроўваў дзейнасць падпольшчыкаў рабочы мінскай агародніннай базы камуніст С. Т. Гуліс.

У пачатку 1943 г. штаб устанавіў сувязь з Мінскім падпольным гаркамам ЛКСМБ і партызанскай брыгадай «Штурмавая». Праз сувязных У. А. Дамброўскую («Влада»), Н. А. Кедышка, М. П. Клімовіч, П. Я. Кудраўцаву штаб атрымліваў заданні, перадаваў партызанам разведданыя, зброю, медыкаменты, адзенне, абутак.

Падпольшчыкі правялі 40 дыверсій, мініравалі чыгуначныя саставы, прыводзілі ў непрыгоднасць генератары гарадской электрастанцыі № 1, на тры месяцы вывелі са строю хлебазавод «Аўтамат», здабылі і перадалі гаркаму камсамола друкарскі шрыфт, фарбы, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, вызвалялі савецкіх людзей з турмаў і канцлагераў, пераправілі да партызан больш як 80 чалавек, знішчылі больш за 50 гітлераўцаў.

Арганізацыя мела 10 канспіратыўных кватэр. У тайніках некаторых з іх захоўваліся зброя і боепрыпасы, медыкаменты, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі. Члены арганізацыі Я. А. Берасневіч, А. Н. Вялюжын, К. В. Гурло, П. Я. Кудраўцава, Г. А. Марчанка, В. В. Міхневіч, У. П. Нядзельцаў сталі кіраўнікамі падпольных груп «Адам», «Віктар», «Роберт», «Тамара», «Танюша», «Таццяна», «Уладзімір». У кастрычніку — лістападзе 1943 г. многія падпольшчыкі, у іх ліку і кіраўнік арганізацыі М. А. Кедышка, загінулі ў барацьбе. Пайшлі ў партызаны тыя, хто ацалеў; дзейнічалі ў саставе падпольных арганізацый «Віктар» і «Уладзімір». М. А. Кедышку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.


Арганізацыя вуліц Розы Люксембург і Карла Лібкнехта [Аўтары: Р. М. Шавяла]

Дзейнічала са снежня 1941 г. да мая 1943 г. на фабрыках тытунёвай і «Кастрычнік». Аб’ядноўвала 8 чалавек. Kіраўнік арганізацыі Ч. Б. Чараповіч.

Створана членам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б Г. М. Сямёнавым з маладых рабочых і вучняў. Спачатку яе работу накіроўваў Г. М. Сямёнаў, з сакавіка да жніўня 1942 г. — камуністка Э. Я. Бумбіерэ. Арганізацыя ў пачатку 1942 г. наладзіла сувязь з партызанскім атрадам імя В. П. Чкалава — пазней з атрадам імя М. А. Шчорса Баранавіцкага партызанскага злучэння, якая падтрымлівалася праз В. I. Кодзя, Ч. Б. Чараповіча і партызанскіх сувязных.

Камсамольцы В. І. Кодзь, Б. I. Кудзіновіч, Л. А. Хентаў, Ч. Б. Чараповіч распаўсюджвалі лістоўкі, здабывалі і перадавалі Мінскаму падпольнаму гаркаму КП(б)‌Б для партызан харчаванне, зброю, боепрыпасы, медыкаменты, інструменты, выводзілі з лагераў, хавалі і перапраўлялі да партызан савецкіх ваеннапалонных, вялі ў горадзе разведку. На фабрыках тытунёвай і «Кастрычнік» падпольшчыкі павыводзілі са строю машыны і абсталяванне, падрыхтавалі, часткова ўзброілі і вывелі з горада да партызан больш за 30 маладых рабочых.

Пад пагрозай правалу ў маі 1943 г. камсамольцы пайшлі ў партызанскі атрад імя М. А. Шчорса.


Арганізацыя на цвіковым заводзе [Аўтары: Р. М. Шавяла]

Дзейнічала са жніўня 1941 г. да ліпеня 1943 г. пад кіраўніцтвам В. Ф. Мацюшка, у ліпені — верасні 1942 г. — Варашылаўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

Створана па ініцыятыве В. Ф. Мацюшка рабочымі завода камсамольцамі М. Ф. Мацюшкам, У. А. Рудзіным, В. I. — Кандрашэвічам.

Аб’ядноўвала 10 чалавек. Сакратары — М. Ф. Мацюшка, з ліпеня 1942 г. — У. А. Рудзін. Сувязныя з партызанамі — В. I. Кандрашэвіч, I. А. Кандрашэвіч, А. С. Рудзін. Явачныя кватэры трымалі М. Р. Кандрашэвіч, С. Л. Мацюшка, М. Рудзіна.

Падпольшчыкі збіралі зброю, боепрыпасы, вопратку, абутак, медыкаменты і хавалі іх у падвалах дамоў і дварах Рудзіных і Кандрашэвічаў, пасля ўстанаўлення сувязі з партызанскім атрадам «Мсцівец», які дзейнічаў у Лагойскім раёне Мінскай вобласці, перадавалі іх партызанам. Атрад у сакавіку 1942 г. выдзеліў падпольшчыкам каня з павозкай. Бацька В. І. Кандрашэвіча Іван Аляксеевіч і бацька У. А. Рудзіна Аляксей Сцяпанавіч змайстравалі ў павозцы тайнікі. Выконваючы заданні камандавання партызанскіх атрадаў «Мсцівец» і імя А. В. Суворава брыгады «Народныя мсціўцы» Мінскай вобласці, «За Радзіму» і «За Савецкую Беларусь» брыгады імя М. В. Фрунзэ Вілейскай вобласці, Рудзіны і Кандрашэвічы перавозілі партызанам зброю, боепрыпасы, амуніцыю, якую атрымлівалі пераважна ад распрапагандаваных салдат 46‑га паліцэйскага батальёна.

Падпольшчыкі прывозілі ў горад і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, газеты, перапраўлялі ў партызаны моладзь, савецкіх ваеннапалонных. На заводзе падпольшчыкі пашкодзілі некалькі станкоў, вывелі са строю электрашчыт. Западозраны ў дыверсіях, М. Ф. Мацюшка пайшоў у партызаны і загінуў у баі. Пазней пайшоў у партызаны В. І. Кандрашэвіч з сям’ёй, але ён заставаўся сувязным арганізацыі, у чэрвені 1943 г. загінуў у Мінску пры выкананні задання. Загінуў у баі і яго брат Яўген, расстраляны гітлераўцамі іх маці Марыя Рыгораўна і васьмігадовы брат Расціслаў. Рудзіны дастаўлялі партызанам скураныя тавары і медыкаменты, здабытыя падпольшчыкамі гарбарнага завода «Бальшавік». У ліпені 1943 г. гітлераўцы знайшлі ў іх доме тайнікі са зброяй, патронамі, медыкаментамі. Арыштаваных У. А. Рудзіна, яго бацьку, маці і жонку яны расстралялі, аднагадовага сына забілі.


«Віктар» [Аўтары: Р. М. Шавяла]

Падпольная камсамольская арганізацыя, створана 15 лістапада 1943 г. Мінскім падпольным гаркамам ЛКСМБ на аснове адной з груп падпольнай камсамольскай арганізацыі «Андруша» і дзейнічала да вызвалення.

Аб’ядноўвала 26 чалавек. Сакратар В. В. Міхневіч (былы член штаба арганізацыі «Андруша»). У яе ўваходзілі таксама члены штаба гэтай арганізацыі Л. У. Валадзько, П. П. Сіроцін, упаўнаважаныя Мінскага падпольнага гаркама ЛКСМБ У. А. Дамброўская, М. П. Клімовіч і інш.

З сакавіка 1944 г. падтрымлівала прамую сувязь з Мінскім падпольным гаркамам КП(б)‌Б і выконвала яго заданні (сувязныя — браты Іван і Ігнацій Савіцкія). Мела 4 канспіратыўныя кватэры, якія трымалі Л. У. Валадзько, У. А. Дамброўская, В. В. Міхневіч, К. Я. Нядзельцава. Кіраўніцтва арганізацыяй і сувязь яе з Мінскім падпольным гаркамам ЛКСМБ ажыццяўлялася праз інструктара гаркама П. Я. Кудраўцаву, упаўнаважаных У. А. Дамброўскую і М. П. Клімовіч, сувязную П. П. Кудраўцаву.

Падпольшчыкі вялі ў горадзе разведку, здабывалі і перадавалі гаркаму ЛКСМБ зброю, боепрыпасы, медыкаменты, мыла, соль, паперу для партызан, выводзілі з горада савецкіх грамадзян, якім пагражала небяспека арышту ці вывазу на катаргу ў Германію, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагераў, забяспечвалі іх вопраткай, харчаваннем, укрывалі, а затым перапраўлялі ў партызанскія атрады. Правялі шэраг дыверсій у Мінску, у т. л. зрабілі непрыгоднымі 400 т мукі і збожжа на нямецкім складзе, падарвалі мінамі 2 танкі і 2 аўтамашыны. Неаднаразова псавалі прыборы і абсталяванне на метэастанцыі, пад кіраўніцтвам В. В. Міхневіча зрабілі ўзброены налёт на паліцэйскі ўчастак, вызвалілі і вывелі з горада двух схопленых гітлераўцамі партызан. Група на чале з Л. У. Валадзько вяла агітацыю сярод салдат славацкай вайсковай часці, у выніку каля 150 славакаў пайшлі да партызан. Члены арганізацыі распаўсюджвалі ў горадзе газеты, лістоўкі і іншую савецкую літаратуру, якую атрымлівалі ад партыйных і камсамольскіх падпольных органаў, друкавалі на машынцы зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі і распаўсюджвалі іх сярод насельніцтва. Напярэдадні вызвалення Мінска па заданні Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б узброеныя падпольшчыкі арганізацый «Віктар» і «Уладзімір» разагналі спецыяльную каманду гітлераўцаў, якая мела заданне спаліць хлебазавод «Аўтамат», і ахоўвалі завод да падыходу савецкіх войск.


Група на Балотнай станцыі [Аўтары: Р. М. Шавяла]

Дзейнічала з чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г.

Аб’ядноўвала 9 чалавек, у асноўным супрацоўнікаў Балотнай навуковай станцыі і 2‑й савецкай бальніцы. Кіраўнік член ВЛКСМ Л. Ф. Мацюшка.

З першых дзён акупацыі Мінска падпольшчыкі вызвалялі з лагера ваеннапалонных байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі і перапраўлялі іх да партызан. Члены групы [В. Н.] Крупеня i А. М. Жадовіч мелі радыёпрыёмнік, рэгулярна прымалі зводкі Саўінфармбюро, размнажалі іх на пішучай машынцы і распаўсюджвалі сярод супрацоўнікаў Балотнай станцыі, ваеннапалонных. Летам 1942 г. на станцыі створана падпольная камсамольская арганізацыя (сакратар Л. Ф. Мацюшка). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з партызанским атрадам «Мсцівец», які дзейнічаў у Лагойскім раёне Мінскай вобласці.

Пад пагрозай правалу ў жніўні 1942 г. падпольшчыкі прынялі рашэнне разгрупавацца. Н. Д. Малей пераехала ў пас. Міханавічы Мінскага раёна да сваёй сястры Т. Д. Бурай, яны ўстанавілі сувязь з партызанскім атрадам імя С. Г. Лазо партызанскай брыгады 3‑й Мінскай імя С. М. Будзённага. Дом Т. Д. Бурай стаў перавалачнай базай Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б, адкуль у Мінск дастаўляліся міны і ўзрыўчатка. А. М. Жадовіч і К. К. Жадовіч пераехалі ў в. Александрова Мінскага pаёна і стварылі там падпольную групу. Л. Ф. Мацюшка стала партызанкай атрада «Мсцівец» партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага; загінула ў баі. Д. I. Аляхновіч і сёстры Я. П. Ліпніцкая і Н. П. Ліпніцкая засталіся ў Мінску і выконвалі заданні партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» да вызвалення горада.


Група на плодаагародніннай базе № 1 [Аўтары: Л. В. Аржаева]

Дзейнічала са жніўня 1941 г. да верасня 1943 г. Створана па ініцыятыве М. К. Каржанеўскага. Кіраўнік Я. I. Ярмалінскі.

Аб’ядноўвала 5 чалавек.

Падпольшчыкі ўдзельнічалі ў аперацыях па вынасе з базы прадуктаў і солі, ратавалі і перапраўлялі ў партызанскія атрады ваеннапалонных, здабывалі пісчую і капіравальную паперу, распаўсюджвалі сярод насельніцтва горада падпольную газету «Звязда», іншыя выданні падпольнага гаркама. У верасні 1943 г. у сувязі з пагрозай арышту члены групы пайшлі ў 18‑ю партызанскую брыгаду імя М. В. Фрунзэ.


Група на гарбарным заводзе «Бальшавік» [Аўтары: Р. М. Шавяла]

Дзейнічала ў жніўні 1941 г. — ліпені 1944 г.

Аб’ядноўвала 15 чалавек. Яе работу накіроўвалі камуністы В. Ф. Мацюшка і В. А. Філімонаў, у 1942 г. — Варашылаўскі падпольны райкам КП(б)‌Б Мінска.

Створана па ініцыятыве камсамольцаў рабочых завода Я. М. Канапацкага (кіраўнік) і Р. I. Наркевіч. Падпольшчыкі трымалі сувязь з партызанскімі брыгадамі «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага і «Штурмавая» Мінскай вобласці На заводзе для патрэб нямецка-фашысцкіх акупантаў выраблялі скуры. Падпольшчыкі Г. Ф. Аўчынка, В. В. Бялан, Ф. I. Гаеўскі, Я. М. Канапацкі, В. П. Машкова, Р. І. Наркевіч, А. М. Паўлава, З. I. Пятровіч-Тарчанка выносілі з завода скураныя тавары, хімікаты, соль, мыла, з заводскага медпункта — перавязачныя сродкі, медыцынскія інструменты. Усё вынесенае з дапамогай падпольшчыкаў і сувязных В. В. Бялан, А. С. Юркевіч, Ю. А. Ягоравай, [А. Ф.] Аўчынка хавалі ў тайніках канспіратыўных кватэр, якія трымалі С. Ф. Аўчынка В. В. Бялан, I. Л. Малаковіч, У. А. Рудзін, А. I. Юркевіч, потым перапраўлялі ў лес праз сувязных Р. М. Канапацкую, В. Я. Ягорава і партызан брыгады «Народныя мсціўцы».

Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, газеты і іншую літаратуру, атрыманую ад падпольных Мінскага гаркама і Варашылаўскага райкама КП(б)‌Б, з партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы».

У сакавіку 1943 г. у тайніку каля дома Юркевічаў фашысты знайшлі вырабленыя на заводзе скуры.

Ад арыштаваных у канцы сакавіка 1944 г. Р. М. Канапацкай, Я. М. Канапацкага і Р. І. Наркевіч фашысты не дамагліся прызнанняў. Г. Ф. Аўчынка і С. Ф. Аўчынка загінулі ў фашысцкіх засценках, [А. Ф.] Аўчынка — у канцлагеры. Група дзейнічала да вызвалення Мінска савецкімі войскамі. У памяць аб падпольшчыках на будынку завода ўстаноўлена мемарыяльная дошка.


Група У. I. Сянько [Аўтары: Р. М. Шавяла]

Дзейнічала з верасня 1941 г. да снежня 1943 г. на Мінскім чыгуначным вузле і ў горадзе.

Аб’ядноўвала каля 10 чалавек: братоў-камсамольцаў У. I. Сянько (кіраўнік) і К. I. Сянько, іх бацьку, камуніста з 1918 г., I. М. Сянько, маці Ю. Ф. Сянько, сястру Ванду, рабочага мясакамбіната М. П. Іванова, хатнюю гаспадыню Ф. К. Серпакову і інш. З лета 1942 г. падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь са спецгрупай маёра Л. I. Сарокі.

З вясны 1943 г. цераз М. П. Гурыновіча група атрымлівала заданні ад камандавання партызанскага атрада «Мясцовыя», з кастрычніка 1943 г. — ад Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б. Мела 4 канспіратыўныя кватэры.

Да вясны 1943 г. падпольшчыкі знішчылі каля 10 нямецкіх афіцэраў, захапілі 7 грузавых, 2 легкавыя аўтамашыны і пераправілі іх партызанам, пусцілі пад адхон 3 эшалоны, правялі шэраг іншых дыверсій. 26 верасня 1943 г. браты У. І. Сянько і К. І. Сянько, апрануўшыся ў форму нямецкіх афіцэраў, разам з М. П. Івановым узарвалі эшалон з гаручым на станцыі Мінск — Таварны; у час пажару згарэла 18 платформ з гаручым і 15 вагонаў з грузам. У. I. Сянько 2 кастрычніка 1943 г. замініраваў на станцыі Мінск — Пасажырскі паравоз і 2 вагоны, якія ўзарваліся паміж станцыямі Маладзечна і Вілейка. М. П. Гурыновіч і К. I. Сянько 9 кастрычніка 1943 г. замініравалі паравоз і вагон з жывой сілай і тэхнікай праціўніка, якія ўзарваліся ў раёне станцыі Параф’янава Докшыцкага раёна Вілейскай вобласці (цяпер Віцебскай). У той жа дзень У. I. Сянько на станцыі Мінск — Таварны замініраваў эшалон з гаручым, які ўзарваўся і згарэў каля в. Печы Барысаўскага раёна (цяпер у межах г. Барысаў). У ноч на 3 лістапада 1943 г. У. І. Сянько і К. І. Сянько ў форме нямецкіх афіцэраў замініравалі эшалон з жывой сілай праціўніка, які ўзарваўся ў раёне чыгуначнай платформы Седча Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, згарэла 4 вагоны. У. I. Сянько загінуў у перастрэлцы 17 лістапада 1943 г. у час засады падпольшчыкаў на дарозе. У сярэдзіне снежня 1943 г. К. I. Сянько з таварышам застрэлілі двух нямецкіх афіцэраў, узялі іх дакументы і форму.

17 снежня 1943 г. К. I. Сянько быў цяжка паранены і схоплены гітлераўцамі пры спробе захапіць нямецкую аўтамашыну з соллю. Гітлераўцы арыштавалі яго хворага бацьку I. М. Сянько і пасля катаванняў павесілі разам з сынам. Ю. Ф. Сянько пайшла ў партызанскі атрад.


Група ў аптэцы № 1 [Аўтары: Л. В. Аржаева]

Дзейнічала з верасня 1941 г. да мая 1942 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б.

Створана па ініцыятыве члена падпольнага гаркама У. С. Амельянюка. Кіраўнік камсамолец Г. Г. Фалевіч (былы студэнт хімічнага факультэта БДУ).

Аб’ядноўвала камсамольцаў Н. А. Ярмоленка (Драздоўскую), Д. Макеева, [А.] Сушу і інш. Памяшканне аптэкі было канспіратыўнай кватэрай падпольнага гаркама. Тут захоўвалася друкарскае абсталяванне і шрыфты, падпольная літаратура, зброя. Падпольшчыкі забяспечвалі членаў іншых груп і партызан медыкаментамі, пад кіраўніцтвам У. С. Амельянюка пераправілі ў партызанскі атрад каля 50 савецкіх грамадзян, у т. л. былых ваеннапалонных. Члены групы 26 мая 1942 г. былі арыштаваны гітлераўцамі.


Групы і арганізацыя на радыёзаводзе [Аўтары: М. І. Эпалетаў]

Дзейнічалі са снежня 1941 г. да красавіка 1944 г. Аб’ядноўвалі 18 чалавек.


Група У. М. Еліна

Дзейнічала са снежня 1941 г. да жніўня 1943 г., з мая 1943 г. яе ўзначальваў Г. К. Раманоўскі.

Аб’ядноўвала 7 чалавек. Праз партызанскую сувязную [В.] Анісовіч падпольшчыкі [Ф. Т.] Гофман і С. Е. Місько наладзілі кантакт з партызанскім атрадам «За Бацькаўшчыну» брыгады «Штурмавая» Мінскай вобласці.

Рабочыя радыёцэха Н. М. Пліс і Б. Рубанюк выносілі з завода радыётавары, іх хавалі на кватэры У. М. Еліна і Б. Рубанюка, потым Анісовіч і іншыя дастаўлялі іх партызанам. У маі 1943 г. У. М. Елін стаў радыстам партызанскага атрада «За Бацькаўшчыну». Па заданні камандавання атрада падпольшчыкі вынеслі і пераправілі партызанам 3 радыёпрыёмнікі.

Падпольшчык К. Драгун арыштаваны летам 1943 г., пры вобыску ў яго на кватэры знайшлі радыёдэталі; закатаваны фашыстамі. Адчуўшы, што за імі сочаць, пайшлі ў партызаны Г. К. Раманоўскі, [Ф. Т.] Гофман і С. Е. Місько. Камандзір узвода партызанскага атрада № 6 брыгады «Жалязняк» Г. К. Раманоўскі загінуў у баі 18 лютага 1944 г.


Група Н. К. Ісачанка

Дзейнічала са снежня 1941 г. да красавіка 1944 г. Праводзіла палітычную, разведвальную і баявую работу. Н. К. Ісачанка, уладкаваўшыся ў чарцёжную завода, у канцы 1942 г. перадала ў падпольную групу «Артур» копіі чарцяжоў радыёапаратуры самалётаў «месершміт» і іншай новай апаратуры. Член групы інжынер I. Станкевіч быў звязаны з падпольнай арганізацыяй «Ваенны савет партызанскага руху» (ВСПР). Група ўстанавіла сувязь з партызанскімі атрадамі «Беларусь», «Мясцовыя», імя М. І. Калініна і 3‑й Мінскай брыгадай імя С. М. Будзённага. Пры садзейнічанні падпольнай групы Д. А. Малаша, у жніўні — верасні 1943 г. К. К. Кульша перадала ў атрад «Беларусь» радыёпрыёмнік, шмат радыёдэталей, сілкаванне для рацыі. Пры спробе здабыць такі ж радыёпрыёмнік для атрада «Мясцовыя» былі арыштаваны і пасля катаванняў вывезены на катаржныя работы ў Германію Н. А. Каракіна, К. К. Кульша, Д. А. Малаш. У канцлагеры Эрувіль зняволеная Н. І. Лісавец звязалася з французскімі партызанамі. 8 мая 1944 г. з лагера ўцяклі 36 жанчын і 27 мужчын. Створаным ў Вердэнскіх лясах жаночым партызанскім атрадам «Радзіма» камандавалі былыя партызанкі атрада «Мясцовыя» Н. І. Лісавец і Р. З. Фрыдзон. Пасля прыходу войск саюзнікаў яны артымалі званне лейтэнантаў французскай арміі. Партызанкай атрада была і Н. А. Каракіна. Н. К. Ісачанка працягвала весці разведку па заданні групы «Артур». У красавіку 1944 г. арыштавана, пасля катаванняў 30 чэрвеня 1944 г. пакарана смерцю фашыстамі ў Трасцянецкім лагеры смерці.


«Танюша» [Аўтары: Р. М. Шавяла]

Падпольная камсамольская арганізацыя, створана Мінскім падпольным гаркамам ЛКСМБ з членаў падпольнай арганізацыі «Андруша» для выканання спецыяльнага задання. Дзейнічала пад кіраўніцтвам гаркама ЛКСМБ з лютага да 27 лістапада 1943 г. на радыёзаводзе і прылеглых да яго вуліцах горада. Аб’ядноўвала 8 чалавек, з іх 5 камсамольцаў. Сакратар — П. Я. Кудраўцава (Васільчанка), інструктар Мінскага падпольнага гаркама ЛКСМБ. Сувязныя — Н. Ф. Кудраўцава (Філіповіч) і М. Ф. Пятроўская. Явачную кватэру трымала П. П. Кудраўцава.

Асноўнай задачай арганізацыі было псаванне радыёапаратуры, што выраблялі для патрэб нямецкай арміі. Для гэтага П. Я. Кудраўцава ў лютым 1943 г. прайшла спецыяльную падрыхтоўку на базе Мінскага падпольнага гаркама ЛКСМБ у в. Жукаўка Заслаўскага раёна Мінскай вобласці (цяпер у межах Мінскага раёна). Па заданні гаркама яна ўладкавалася ў цэх па рамонце найноўшай сакрэтнай апаратуры прыбіральшчыцай, увайшла ў давер да старшага майстра-кантралёра, і ён стаў даручаць ёй упакоўку гатовых дэталей. П. Я. Кудраўцава, В. В. Лупач, В. М. Філіповіч (Маляўка), П. Я. Кудраўцаў (член групы Мінскага падпольнага гаркама камсамола), К. Я. Кудраўцава прывялі ў непрыгоднасць 22 радыёўстаноўкі (радыёстанцыі) для ваенных самалётаў і некалькі соцень радыёлямп.

З лета да лістапада 1943 г. арганізацыя падтрымлівала сувязь падпольнага гаркама з Мінскім падпольным абкамам ЛКСМБ. Перадала гаркаму камсамола пішучую машынку, пісчую і капіравальную паперу, боепрыпасы. Члены арганізацыі збіралі і перадавалі гаркаму звесткі пра размяшчэнне ў Мінску і перамяшчэнне войск праціўніка, яго ўзбраенне, тэхніку, пра рэжым работы акупацыйных прадпрыемстваў, распаўсюджвалі лістоўкі, газеты, адозвы.

В. В. Лупач была арыштавана і зняволена ў лагер смерці. У сувязі з пагрозай правалу падпольшчыкі ў лістападзе 1943 г. выйшлі з горада. П. Я. Кудраўцаў загінуў у студзені 1944 г. У памяць пра гераізм падпольшчыкаў на будынку Мінскага прыборабудаўнічага завода імя У. I. Леніна была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.


Групы на вагонарамонтным заводзе імя А. Ф. Мяснікова [Аўтары: Л. В. Аржаева]

Дзейнічалі пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б. Налічвалі каля 20 чалавек.


Група В. I. Гудовіча

Утварылася ў канцы 1942 г., дзейнічала да лістапада 1943 г. Аб’ядноўвала больш за 10 чалавек. Працавала ў кантакце з групай Г. М. Красніцкага (гл. Група на вагонарамонтным заводзе імя А. Ф. Мяснікова ў артыкуле Мінскае партыйнае падполле). Падпольшчыкі вывелі са строю 3 расточныя станкі, падарвалі 2 паравозы, падпалілі 3 платформы з бензінам. У разгар Курскай бітвы 1943 г. у жніўні ўзарвалі паваротны круг і пашкодзілі 2 паравозы. Падпольшчыкі выраблялі на заводзе дэталі для аўтаматычнай зброі, прыстасаванні для расшыўкі рэльсаў і праз падпольны гаркам перадавалі партызанам.


Група I. В. Кухто

Дзейнічала з чэрвеня 1942 г. да кастрычніка 1943 г. Аб’ядноўвала 8 чалавек. Падпольшчыкі мелі сувязь з партызанскімі брыгадамі «Народныя мсціўцы», «Жалязняк» Мінскай вобласці, адкуль атрымлівалі ўзрыўчатку для правядзення дыверсій. І. В. Кухто і У. Шыманскі 6 жніўня 1943 г. узарвалі перасовачны маставы кран на заводзе, праз некалькі дзён на чыгуначнай станцыі Мінск замініравалі цыстэрну з гаручым і 4 вагоны з прадуктамі, якія ўзарваліся ў дарозе. Падпольшчыкі выраблялі замаскіраваныя пад кавалкі вугалю міны, пры дапамозе якіх выводзілі са строю паравозы.


«Крылоў» [Аўтары: Р. М. Шавяла]

Падпольная камсамольская арганізацыя, створана Мінскім падпольным гаркамам ЛКСМБ і дзейнічала пад яго кіраўніцтвам з 1 ліпеня 1943 г. да 3 ліпеня 1944 г.

Аб’ядноўвала 6 чалавек. Сакратар П. М. Гойчык (напярэдадні вайны скончыў Беларускі політэхнічны інстытут). Канспіратыўную кватэру трымала М. А. Лапша. Праз сувязную [Е. М.] Гойчык арганізацыя мела сувязь з Мінскім падпольным гаркамам ЛКСМБ.

Асноўнае заданне арганізацыі — весці ў горадзе і наваколлі разведку пра размяшчэнне вайсковых часцей, абарончых збудаванняў, ваенных аб’ектаў ворага, pyx паяздоў са станцыі Мінск на Маладзечна. Падпольшчыкі склалі 2 карты-планы Мінска і наваколля з пазначэннем размяшчэння вайсковых часцей, абарончых збудаванняў, штабоў і інш.

П. М. Гойчык пры выкананні задання 22 чэрвеня 1944 г. быў схоплены гітлераўцамі; загінуў у Трасцянецкім лагеры смерці. Астатнія члены арганізацыі працягвалі барацьбу да вызвалення Мінска.


«Роберт» [Аўтары: Р. М. Шавяла]

Падпольная камсамольская арганізацыя, вылучана з арганізацыі «Андруша». Дзейнічала з чэрвеня да лістапада 1943 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага гаркама ЛКСМБ.

Аб’ядноўвала 5 чалавек. Сакратар Р. А. Марчанка («Роберт»).

Падпольшчыкі збіралі і перадавалі гаркаму звесткі пра чыгуначныя эшалоны, якія ішлі праз Мінск на Барысаў, вялі назіранне за абарончымі збудаваннямі праціўніка, што ўзводзілі ў горадзе, за перамяшчэннем яго вайсковых часцей. Вывелі са строю вузел сувязі, трансфарматар і транспарцёр для падачы торфу на Камароўскай ЦЭЦ, спалілі прадуктовую базу. Пад кіраўніцтвам Р. А. Марчанкі, які працаваў у друкарні, быў знішчаны набор фашысцкіх лістовак. Члены арганізацыі перадавалі падпольнаму гаркаму камсамола друкарскі шрыфт, фарбы, паперу. Наладзілі сувязь з салдатамі славацкай часці, якая дыслацыравалася ў Мінску, перадавалі ім лістоўкі, пісьмы партызан, ад іх атрымлівалі пісталеты, патроны. С. I. Зайцаў і А. А. Яўстратаў малявалі антыфашысцкія карыкатуры і расклейвалі іх у горадзе.

11–12 лістапада 1943 г. усе падпольшчыкі (акрамя сувязных) арыштаваны. Р. А. Марчанка пасля катаванняў расстраляны ў лагеры смерці Трасцянец. А. А. Яўстратаў, браты Уладзіслаў і Сігізмунд Зайцавы і Ж. Л. Савіч (Вагіна) вывезены ў канцлагеры Германіі.


«Уладзімір» [Аўтары: Р. М. Шавяла]

Падпольная камсамольская арганізацыя, вылучана 20 снежня 1943 г. Мінскім падпольным гаркамам ЛКСМБ з падпольнай камсамольскай арганізацыі «Віктар» у складзе сямі чалавек. Дзейнічала пад кіраўніцтвам гаркама ЛКСМБ да вызвалення Мінска. У снежні 1943 г. — студзені 1944 г. аб’ядноўвала 11 членаў. У студзені — лютым 1944 г. трое падпольшчыкаў схоплены гітлераўцамі і вывезены на катаржныя работы ў Германію. Сакратар арганізацыі У. П. Нядзельцаў.

Канспіратыўную кватэру трымала К. Я. Нядзельцава. Пастаянную сувязь з арганізацыяй мелі інструктар гаркама ЛКСМБ П. Я. Кудраўцава, упаўнаважаныя У. А. Дамброўская і М. П. Клімовіч.

З сакавіка 1944 г. арганізацыя падтрымлівала сувязь з Мінскім падпольным гаркамам КП(б)‌Б і выконвала яго заданні (сувязныя браты Іван і Ігнацій Савіцкія).

У. П. Нядзельцаў і У. I. Марчанка, што працавалі ў Доме друку, выносілі з друкарні і перасылалі гаркаму камсамола шрыфт, фарбу, паперу, выводзілі са строю друкарскае абсталяванне, затрымлівалі выпуск друкаванай прадукцыі акупантаў. Камсамольцы А. Барыневіч, У. І. Корзун, Б. С. Міхайлоўскі, Л. С. Чудзін праз падпольшчыцу М. С. Чудзіну, якая працавала санітаркай у 1‑й клінічнай бальніцы, сістэматычна дастаўлялі і перасылалі падпольнаму гаркаму ЛКСМБ медыкаменты і перавязачны матэрыял. Ю. А. Жылінскі падпаліў колавую майстэрню акупантаў і склад шчацінна-шчотачнай фабрыкі.

Падпольшчыкі вялі разведку ў горадзе, здабывалі зброю і боепрыпасы, вопратку, абутак, мыла, соль, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагераў, забяспечвалі іх цывільным адзеннем і выводзілі з горада ў партызанскія атрады.

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінулі члены Мінскага камсамольска-маладзёжнага падполля: У. М. Алімаў, З. А. Андрыянава, А. Ф. Арндт, В. Я. Аўчароў, А. I. Барсук, Я. А. Берасневіч, С. А. Благаразумаў, В. Ф. Верхаводка, М. М. Воранаў, А. Н. Вялюжын, Л. Г. Гайдучонак, З. З. Гало, П. М. Гойчык, В. I. Гудовіч, Б. С. Гуліс, К. В. Гурло, Р. М. Дрозд, Г. Д. Жукоўская, Г. I. Зубкоў, Г. I. Зубчонак, В. К. Касцюк (Атанасава), Л. I. Кандратовіч (Дудзіна), В. I. Кандрашэвіч, Я. I. Кандрашэвіч, Л. А. Кедышка, М. А. Кедышка, Л. Ф. Клюйко, У. Г. Кляшкоў, М. М. Кніжнікаў, В. I. Крастоўская, П. Я. Кудраўцаў, А. М. Ляўкоў, Г. А. Марчанка, Л. Ф. Мацюшка, М. Ф. Мацюшка, Я. I. Навакоўская, А. П. Пашко, А. С. Рудзін, У. А. Рудзін, Г. Д. Сасіна, Я. I. Сіткевіч, Д. Т. Скабкароў, I. В. Станкевіч, К. I. Сянько, У. I. Сянько, В. В. Тарашкевіч, [А. Л.] Тарашкевіч, Г. Г. Фалевіч, Л. А. Хентаў, Л. М. Яраш.