Дата стварэння: 16.06.2023 08:45:14
Дата змены: 11.09.2024 15:51:20
Летам 1944 г. Беларусь была поўнасцю вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Народнай гаспадарцы рэспублікі вораг нанёс велізарныя матэрыяльныя страты. Прамыя эканамічныя страты, акрамя страт ускосных, склалі 75 млрд руб. (у цэнах 1941).
Аднаўленне вызваленых ад ворага акупіраваных тэрыторый стала адной з важнейшых эканамічных, палітычных, ваенна-гаспадарчых задач на завяршальным этапе вайны. Агульны кірунак гэтай работы вызначылі пастановы партыйных і савецкiх дзяржаўных органаў «Аб неадкладных мерах па аднаўленні гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі» (21.8.1943), «Аб бліжэйшых задачах Саўнаркама БССР і ЦК КП(б) Беларусі» (1.1.1944) і інш.
На аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусi былі выдзелены буйныя грашовыя асігнаванні: у 1943 г. саюзны ўрад выдзеліў Беларусі 37 млн руб., у 1944 г. — 490,8 млн руб., у 1945 г. — 1,2 млрд руб. Матэрыяльная база аднаўлення Беларусі фарміравалася за кошт цэнтралізаваных паставак, рээвакуацыі абсталявання беларускіх прадпрыемстваў і матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцей з савецкага тылу, а таксама за кошт дапамогі брацкіх народаў Савецкага Саюза.
У цэлым адраджэнне народнай гаспадаркi Беларусi ва ўмовах вайны, якая працягвалася да мая 1945 г., заняло крыху больш за паўтара гады. Ліквідацыя цяжкіх наступстваў варожай акупацыі ва ўмовах правядзення буйных ваенных наступальных аперацый на фронце, які патрабаваў максімальнага напружання сіл ва ўсіх сферах гаспадаркі, абарочвалася для Беларусі (як і для іншых пацярпелых раёнаў СССР) мноствам дадатковых негатыўных працэсаў: рэзкім павелічэннем вытворчасці непасрэдна абароннай прадукцыі, скарачэннем назапашвання, вострым дэфіцытам рабочай сілы, тэхнікі, цяглавой жывёлы, угнаенняў у сельскай гаспадарцы і г. д. Тым не менш гэта быў новы гістарычны этап для рэспублікі — этап самаадданай працы па адраджэнні эканамічнага патэнцыялу Беларусі, яе дастойнага месца ў агульнай сістэме зладжанай ваеннай гаспадаркі краіны.
Перад беларускім народам паўстала задача вялізнай цяжкасці: у сціслы тэрмін, ва ўмовах працягвання вайны з яе нягодамі, недахопам самых патрэбных для жыццядзейнасці сродкаў аднавіць важнейшыя звёны народнай гаспадаркі, каб хутчэй стварыць неабходныя ўмовы для пацярпелага насельніцтва і аказаць пасільную дапамогу фронту. Гэты працэс адзначаўся шэрагам асаблівасцяў і быў прадыктаваны многімі прычынамі:
— па-першае, крайняй неабходнасцю неадкладна задаволіць надзённыя матэрыяльныя патрэбы пацярпелага насельніцтва;
— па-другое, у агульным балансе ваеннай вытворчасці аднаўленне абаронных прадпрыемстваў у прыфрантавых і вызваленых раёнах мела вялікае значэнне для забеспячэння патрэб фронту, узмацняла эканамічныя магчымасці правядзення ваенных аперацый на фронце;
— па-трэцяе, спецыфіка аднаўлення найважнейшых сфер гаспадаркі ў ходзе вайны праявілася перш за ўсё ў здольнасці дзяржавы не толькі хутка мабілізаваць усе неабходныя для гэтага рэсурсы, але і ва ўменні засяродзіць сваю ўвагу на галоўных, адказных задачах.
Сукупнасць гэтых прычын, у сваю чаргу, вызначала шэраг спецыфічных момантаў, якія адрознівалі працэс гаспадарчага адраджэння ў Беларусі ў 1943–1945 гг. ад яе аднаўлення ў перыяд пасляваеннай рэканверсіі. Перш за ўсё ўмовы вайны патрабавалі вельмі эканомнае размеркаванне чалавечых намаганняў і матэрыяльных сродкаў. Жыццё прымусіла рашуча вылучаць з комплексу аднаўленчых праблем толькі найважнейшыя, а вылучыўшы іх, вырашаць аператыўна, мэтанакіравана, не адцягваючыся на іншыя патрэбы, нават калі яны былі вельмі неабходныя.
Гэты метад стаў тым «адмысловым звяном у ланцугу», ухапіўшыся за якое дзяржава змагла забяспечыць пераход ад аднаго комплексу аднаўленчых работ да іншага. Па сутнасці, у гэтыя гады закладвалася метадалогія ўсяго пасляваеннага аднаўлення, ішлі пошукі найбольш аптымальных формаў яго рашэння — па тэрмінах і сродках.
Галоўнае адрозненне гаспадарчага адраджэння ў 1943–1945 гг. заключалася не ў тым, каб дасягнуць даваенных паказчыкаў у той ці іншай галіне ці нават проста ў працы асобна ўзятай вытворчасці, а ў тым, каб забяспечыць максімальна хуткае ўключэнне горада ці вёскі ў агульную працу для фронту, паколькі кожны вызвалены горад сваёй працай павялічваў агульны эканамічны патэнцыял зладжанай ваеннай гаспадаркі краіны ў цэлым. Вызначальным момантам быў час. З гэтай пазіцыі і ацэньваюцца вынікі гаспадарчага адраджэння Беларусі на завяршальным этапе вайны. Якасць, аб’ём, іншыя гаспадарчыя паказчыкі ў рабоце не ішлі ні ў якое параўнанне з тэрмінамі адраджэння і запуску таго ці іншага аб’екта. Толькі тэрміны вызначалі ў першую чаргу поспех ці няўдачу аднаўленчых работ. Галоўны прынцып жыццядзейнасці, які вызначаў у гэтыя гады працу ўсяго савецкага тылу: «Усё для фронту, усё для перамогі!» — стаў жыццёвым крэда і для насельніцтва Беларусі, вызваленага ад нямецка-фашысцкай няволі.
Такая мэта адпавядала тады не толькі надзённым інтарэсам, але і матэрыяльным магчымасцям насельніцтва. Пазней, пасля поўнага разгрому гітлераўскай Германіі, аднаўленне народнай гаспадаркі на вызваленых тэрыторыях адбывалася на новым тэхнічным узроўні. Такую магчымасць забяспечыла магутная вытворчая база, створаная за гады вайны ў савецкім тыле, якая адразу пасля капітуляцыі фашыстаў была пераключана на мірныя мэты, а таксама на новае капітальнае будаўніцтва ў вялізных маштабах, якое разгарнулася на ўсходзе СССР. Але пакуль, на завяршальным этапе вайны, у самы разгар буйных наступальных аперацый Чырвонай арміі на фронце, такія задачы былі яшчэ не пад сілу.
Працэс аднаўлення Беларусі ў першую чаргу пачаўся з адраджэння жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Вораг разбурыў і знiшчыў больш за 60 % усяго жыллёвага фонду. Усё неабходнае абсталяванне камунальных прадпрыемстваў (водаправоднае, парасілавое, дрэваапрацоўчае, будаўнічае) гітлераўцы або ўзарвалі, або вывезлі ў Германію. Асабліва моцна была разбурана жыллёва-камунальная гаспадарка такіх гарадоў, як Мінск, Віцебск, Полацк, Гомель, Орша, Маладзечна, Жлобін, дзе разбурэнні склалі 80–90 % і вышэй. У развалінах, падвалах, зямлянках, часовых халупах тулілася больш за 100 тыс. сямействаў, 14 тыс. бежанцаў і інш. Прамы матэрыяльны ўрон жыллёва-камунальнай гаспадарцы рэспублікі вызначаўся ў 4,6 млрд руб.
Найважнейшымі задачамі па нармалізацыі гаспадарчага жыцця горада былі: улік насельніцтва, забеспячэнне яго вадой, лазнямі, электрычнасцю; расчыстка вуліц ад завалаў і руін; арганізацыя працы пякарняў, бытавых майстэрняў; наладжванне гарадскога транспарту. З практыкай адраджэння буйной гарадской гаспадаркі, разбуранай і разрабаванай у такіх маштабах, да гэтага часу ніхто ў рэспубліцы не сутыкаўся. Даводзілася вучыцца на хаду. Асабліва цяжкай праблемай было жыллё. У кожнай катэгорыі жылога фонду (жылы фонд мясцовых Саветаў, ведамасных устаноў, прамысловых прадпрыемстваў, прыватнае домаўладанне) захавалася не больш за 60 % жылой плошчы. Тым не менш у 1945 г. у гарадах Беларусi было адноўлена 6 515 тыс. м² жылой плошчы, у сельскай мясцовасці — больш за 4 960 м²; з зямлянак у дамы перасялілася больш за 200 тыс. сямей.
Хутка ішло адраджэнне прадпрыемстваў, якія перш за ўсё садзейнічалі нармалізацыі гаспадарчага жыцця — гэта аб’екты энергетычнай гаспадаркi, прамысловасць будаўнiчых матэрыялаў, транспарт, а таксама бытавыя майстэрні, арцелі, прадпрыемствы грамадскага харчавання; адкрываліся дзіцячыя дамы, бальніцы, школы. У 1944–1945 гг. саюзны ўрад накіраваў на працу ў Беларусь тысячы кваліфікаваных спецыялістаў, а таксама 38,2 тыс. адзінак тэхналагічнага абсталявання (у т. л. 11 726 металарэжучых станкоў), будаўнічыя матэрыялы (20 тыс. т цэменту, 450 тыс. м³ будаўнічага лесу, 30 тыс. м² шкла, 30 т цвікоў, 597 вагонаў разнастайных матэрыялаў), сельгастэхніку (больш за 18 тыс. розных машын, 4 тыс. т паліва, 420 трактароў, запасных дэталей на суму 2,5 млн руб. і г. д.), гатунковае насенне, угнаенні, сотні тысяч галоў жывёлы і інш. Пасля дэмабiлiзацыi савецкiх салдат значна ўзрасла колькасць рабочых і служачых у народнай гаспадарцы, у 1945 г. яна склала ўжо 610 тыс. чалавек (54 % даваеннага ўзроўню).
Таксама ўзнімаліся з руін цэхі буйнейшых беларускіх прадпрыемстваў: «Гомсельмаша», мінскіх станкабудаўнічых заводаў імя Кірава і імя Варашылава, вагонарамонтнага завода імя Мяснікова, віцебскіх панчошна-трыкатажнай фабрыкі імя Камуністычнага інтэрнацыянала моладзі, станкабудаўнічых заводаў імя Камінтэрна і імя Кірава, магілёўскіх машынабудаўнічых заводаў і інш. Адноўленыя прадпрыемствы ўключаліся ў работу на карысць фронту: рамантавалі баявую тэхніку, ваенную амуніцыю, выпускалі салдацкі абутак, шылі абмундзіраванне, выпякалі хлеб. Да мая 1945 г. у Беларусі было ўведзена ў строй 12 тыс. прамысловых аб’ектаў, у т. л. 8 тыс. прадпрыемстваў і 4 тыс. арцеляў і майстэрняў, якiя былi ўключаны ў зладжаную ваенную гаспадарку савецкага тылу.
Паскоранымі тэмпамі аднаўляўся транспарт — чыгуначны і рачны. Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прынялі ваенна-аднаўленчыя аддзяленні і спецыяльныя фарміраванні Чырвонай арміі, Народны камісарыят шляхоў зносін Беларусі, тылавыя часці франтоў, мясцовае насельніцтва. Праз Беларусь ішлі галоўныя транспартныя магістралі, ад кругласутачнай работы якіх непасрэдна залежаў лёс буйнейшых наступальных аперацый савецкіх войск у Польшчы, Усходняй Прусіі, пад Берлінам. Да лютага 1945 г. у рэспубліцы было поўнасцю адноўлена больш за 10 тыс. км галоўных і станцыйных шляхоў, усе асноўныя віды чыгуначных службаў, дэпо, пабудавана 1 735 чыгуначных мастоў. Аб’ём перавозак грузаў абарончага прызначэння сіламі транспартнікаў Беларусі на завяршальным этапе вайны склаў 9,2 млн т.
Значная матэрыяльная дапамога аказвалася саюзным i мясцовым урадамi калгасам і саўгасам (грашовымі пазыкамі, насеннем, фуражом, пагалоўем жывёлы, запчасткамі, лесам, будаўнічымі матэрыяламі і г. д.). Калгаснае сялянства рэспублікі было вызвалена ад выплаты ўсіх падаткаў. У калгасы і саўгасы паступіла больш за 1 013,6 тыс. галоў жывёлы. Да моманту заканчэння вайны 95 % даваенных калгасаў і саўгасаў было практычна адноўлена, пачало дзейнічаць 300 машынна-трактарных станцый. Адраджаліся пасяўныя плошчы: вясной 1945 г. яны складалі 73,8 % даваенных. Калгасы і саўгасы рэспублікі па асабістай ініцыятыве адлічвалі дзяржаве 67 % загатаванага збожжа і 94 % гародніны. З асабістых падсобных гаспадарак у дапамогу фронту калгаснікі і рабочыя саўгасаў таксама здалі 88 % нарыхтаванага малака, 79 % пагалоўя жывёлы і птушкі, 97 % яек, 56 % бульбы.
Адначасова ішоў працэс адраджэння невытворчай сферы: узнавілі работу ўстановы навукі (АН БССР у складзе васьмі навукова-даследчых інстытутаў) і культуры, бальніцы, школы. У 1945 г. у БССР было адкрыта 90 % даваеннай колькасці школ, 24 вышэйшыя навучальныя ўстановы, 94 сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, больш за 2 380 хат-чытальняў, 193 раённыя і сельскія клубы, 60 % даваенных бібліятэк, працавала 8 музеяў, выходзіла 197 газет і часопісаў. У 1944–1945 гг. на будаўніцтва жылых дамоў, гандлёвых і камунальных прадпрыемстваў, устаноў навукі, культуры, асветы і аховы здароўя выдзелена 45 млн руб. дзяржаўных і кааператыўных сродкаў.
Вялiкую практычную дапамогу аказалі беларускаму народу працоўныя савецкага тылу. Прамысловыя прадпрыемствы Паволжа, сярэдняй паласы Расійскай Федэрацыі, Урала, Заходняй і Усходняй Сібіры, Сярэдняй Азіі і іншых рэгіёнаў адшуквалі ў сябе дадатковыя рэзервы, рабілі для беларускіх заводаў і фабрык разнастайную прадукцыю. Працоўныя калектывы Чалябінска, Свярдлоўска, Новасібірска, Омска, Томска, Кемерава, Алтайскага і Краснаярскага краёў накіроўвалі ў Беларусь эшалоны з прамысловым абсталяваннем, металам, змазачнымі і паліўнымі матэрыяламі, інструментам, будаўнічымі дэталямі і іншымі грузамі. Напрыклад, ад працоўных Горкаўскай, Яраслаўскай і іншых абласцей у 1944 г. паступіла 487 вагонаў з грузам. Працоўныя многіх абласцей краіны бралі індывідуальнае шэфства над гарадамі і раёнамі Беларусі. Рабочыя Мардоўскай АССР даслалі ў 1944 г. падшэфнаму Гомелю некалькі эшалонаў з заводскім абсталяваннем, харчам, абсталяваннем для бальніц, дзіцячых садоў, школ, бібліятэк. 3 дапамогаю шэфаў у Беларусі было абсталявана 36 раённых прамкамбінатаў, Гомельскі ліцейна-механічны, Мінскі аўтарамонтны і Крычаўскі цэментны заводы. Насельніцтва многіх раёнаў савецкага тылу арганізавала збор сродкаў для гарадоў і вёсак Беларусі. У кастрычніку 1944 г. моладзь Туркменіі адправіла разбуранаму Мінску эшалон з падарункамі, працоўныя Ульянаўскай вобласці сабралі больш за 800 тыс. руб. для аднаўлення Мазыра. У цэлым у 1944–1945 гг. беларускі народ атрымаў ад брацкіх рэспублік разнастайных матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцей на суму 8,2 млн руб.
Вялікі ўклад у аднаўленне разбуранай Беларусі зрабілі і вайсковыя падраздзяленні Чырвонай армii. Яны таксама выдзялялі са сваіх запасаў разнастайныя матэрыяльныя рэсурсы, транспартныя сродкі, паліва, аднаўлялі чыгуначныя масты, прыводзілі ў парадак шашэйныя і грунтавыя дарогі, дапамагалі калгасам і саўгасам праводзіць палявыя работы.
У перыяд адраджэння беларускай гаспадаркі актыўна ішоў збор сродкаў сярод насельніцва Беларусi ў фонд абароны. Працоўныя Беларусі сабралі больш за 5 млн руб. грашыма, аблігацыямі, золатам на будаўніцтва баявых самалётаў, танкаў, санітарных эшалонаў, а таксама вялікую колькасць прадуктаў, цёплага адзення і абутку, падарункаў, якія былі перададзены ў фонд Чырвонай арміі.
У цяжкіх ваенных умовах ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі Беларусі былі знойдзены найбольш аптымальныя шляхі і формы рацыянальнага гаспадарання, якія забяспечылі аднаўленне і ператварэнне беларускай эканомікі ў адну з дадатковых крыніц узмацнення зладжанай ваеннай эканомікі СССР на завяршальным этапе Вялікай Айчыннай вайны.