Дата стварэння: 16.06.2023 08:46:42
Дата змены: 11.09.2024 15:51:20
Бачэ́йкаўскія баі́ 1943 г.
Баі паміж партызанамі і нямецка-фашысцкім гарнізонам в. Бачэйкава Бешанковіцкага раёна 25 ліпеня 1943 г. і гарнізонамі Бачэйкава і навакольных вёсак 20–25 кастрычніка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Буйны гapнізон гітлераўцаў у Бачэйкаве з’яўляўся важным апорным пунктам акупантаў на шашы Віцебск — Лепель, перашкаджаў баявым аперацыям партызан на камунікацыях аператыўнага тылу 3‑й танкавай арміі групы армій «Цэнтр», займаўся рабаваннем насельніцтва, удзельнічаў у карных аперацыях у трохвугольніку Віцебск — Полацк — Лепель.
У ноч на 25 ліпеня байцы партызанскай брыгады 2‑й Ушацкай імя П. К. Панамарэнкі (камандзір М. В. Уткін) разграмілі гарнізон, забілі і паранілі 70, узялі ў палон 7 гітлераўцаў, знішчылі склады з гаручым, боепрыпасамі і сельгаспрадуктамі, аўтарамонтную майстэрню з 6 аўтамашынамі і цягачамі, радыётэлефонны вузел сувязі і інш. Партызаны страцілі 8 чалавек забітымі і 9 параненымі.
У час Лепельскай аперацыі 1943 г. бой у Бачэйкаве 20–25 кастрычніка вялі партызанская брыгада «Аляксея» (гл. Партызанская брыгада імя А. Ф. Данукалава) і партызанская брыгада 2‑я імя К. С. Заслонава (камандзір В. П. Комлеў). Партызаны павінны былі блакіраваць шашу Чашнікі — Бачэйкава і Віцебск — Лепель і разграміць гарнізоны ў вёсках Бачэйкава, Слабодка і Дзямідавічы. Ударамі з поўдня і паўднёвага захаду 20 кастрычніка штурмавыя групы партызан пад прыкрыццём мінамётнага і артылерыйскага агню пасля паўтарагадзіннага бою захапілі частку Бачэйкава. Скаваўшы боем гітлераўцаў, якія замацаваліся ў дзотах на правым беразе р. Ула, партызаны брыгады «Аляксея» авалодалі Дзямідавічамі, а заслонаўцы разграмілі гарнізон у Слабодцы. У гэтым баі партызаны знішчылі 89, узялі ў палон 46 гітлераўцаў. Страты партызан склалі 27 чалавек. Партызаны 25 кастрычніка адышлі ў напрамку в. Свячаі на дарозе Свяча — Бачэйкава разграмілі нямецка-фашысцкія падраздзяленні (39 салдат і афіцэраў). Фашысты занялі вёску Бачэйкава і спалілі яе.