pdf

БЕШАНКОВІЧЫ

Дата стварэння: 16.06.2023 08:51:08

Дата змены: 18.04.2025 11:12:29


location Google location Yandex

Бешанковічы (тэрыторыя гета)

БЕШАНКОВІЧЫ, гарадскі пасёлак

Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у гарадскім пасёлку Бешанковічы.

БЕШАНКОВІЧЫ, гарадскі пасёлак

Помнік на магіле ахвяр фашызму на вуліцы Віцебская шаша ў гарадскім пасёлку Бешанковічы.

БЕШАНКОВІЧЫ, гарадскі пасёлак

Помнік на магіле ахвяр фашызму на вуліцы Мічурына ў гарадскім пасёлку Бешанковічы.

БЕШАНКОВІЧЫ, гарадскі пасёлак

Помнік на магіле ахвяр фашызму — вязняў гета ў гарадскім пасёлку Бешанковічы.

БЕШАНКОВІЧЫ, гарадскі пасёлак

Курган Славы ў гарадскім пасёлку Бешанковічы.

Бешанко́вічы

Гарадскі пасёлак, цэнтр Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, прыстань на р. Заходняя Дзвіна. За 51 км на захад ад г. Віцебск, за 212 км ад Мінска, 33 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі (на лініі Орша — Лепель); аўтадарогамі звязаны з гарадамі Мінск, Віцебск, Чашнікі, Сянно, г. п. Ушачы.

У 1939 г. у Бешанковічах было 4 252 жыхары.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

У пачатку ліпеня 1941 г. у Бешанковічах упартыя баі з фашыстамі вёў 290‑ы стралковы полк 186‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр М. І. Бірукоў) 62‑га стралковага корпуса (генерал-маёр І. П. Карманаў) 22‑й арміі (генерал-лейтэнант П. А. Ершакоў) Заходняга фронту, які тройчы контратакаваў ворага і скідваў яго ў раку. У баях за гарадскі пасёлак полк пацярпеў вялікія страты і з баямі адышоў на новыя пазіцыі.

Бешанковічы акупіраваны 6 ліпеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне загінула 10 276 чалавек, з іх 1,7 тыс. савецкіх ваеннапалонных (паводле актаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў). Гітлераўцы стварылі ў Бешанковічах гета, дзе 11 лютага 1942 г. загубілі 1 068 чалавек.

На тэрыторыі раёна дзейнічалі: Бешанковіцкі падпольны райкам КП(б)‌Б і Бешанковіцкі падпольны райкам ЛКСМБ; партызанская брыгада 1‑я Віцебская (2‑га складу), партызанская брыгада «За Савецкую Беларусь» (Віцебскай вобласці), партызанская брыгада імя А. Ф. Данукалава, партызанская брыгада 2‑я Беларуская імя П. К. Панамарэнкі (2‑га складу), партызанская брыгада імя У. І. Леніна (Віцебскай вобласці), партызанская брыгада імя В. І. Чапаева (Віцебскай вобласці), партызанская брыгада Лёзненская і партызанская брыгада Чашніцкая «Дубава»; выдавалася падпольная газета «Сталінец», орган Бешанковіцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

Бешанковічы вызвалены 25 чэрвеня 1944 г. воінамі 306‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр М. І. Кучаравенка) 1‑га стралковага корпуса (генерал-лейтэнант М. А. Васільеў) 43‑й арміі (генерал-лейтэнант А. П. Белабародаў), 71‑й гвардзейскай стралковай дывізіі (генерал-маёр І. П. Сівакоў) 23‑га гвардзейскага стралковага корпуса (генерал-лейтэнант А. М. Ермакоў) ва ўзаемадзеянні з часцямі 46‑й гвардзейскай стралковай дывізіі (палкоўнік К. А. Васільеў) 2‑га гвардзейскага стралковага корпуса (генерал-лейтэнант А. С. Ксенафонтаў) 6‑й гвардзейскай арміі (генерал-лейтэнант I. М. Чысцякоў) 1‑га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 г.

У Бешанковічах знаходзяцца:

  • брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў абарончых баях 1941 г. і пры вызваленні раёна (сярод пахаваных Героі Савецкага Саюза М. П. Лугоўскі, Г. Ф. Хараборкін, М. Ф. Шварцман, Р. І. Спольнік); брацкая магіла ахвяр фашызму і савецкіх ваеннапалонных; магілы ахвяр фашызму (на пахаваннях устаноўлены помнікі);

  • помнік камсамольцам і моладзі Бешанковіцкага раёна, якія загінулі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны;

  • Курган Славы;

  • Алея Славы і Алея Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Бешанковіцкага раёна;

  • мемарыяльныя дошкі ў гонар Герояў Савецкага Саюза М. М. Ткачэнкі І. І. Строчкі.

Алея Славы ў гарадскім пасёлку Бешанковічы.
Алея Славы ў гарадскім пасёлку Бешанковічы.