pdf

БРЭСЦКАЙ КРЭПАСЦІ АБАРОНА 1941 г.

Дата стварэння: 16.06.2023 08:52:41

Дата змены: 11.09.2024 15:54:55


location Google location Yandex

Брэсцкая крэпасць

Брэ́сцкай крэ́пасці абаро́на 1941 г.

Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці (22 чэрвеня — ліпень 1941) у час Вялікай Айчыннай вайны.


Гісторыя

Брэсцкая крэпасць знаходзіцца ў заходняй частцы г. Брэст; пабудавана ў 1842 г. на месцы сярэднявечнага Брэст-Літоўска (Бярэсце) з мэтай умацавання мяжы Расійскай імперыі. Першапачаткова ўяўляла сабой узор бастыённай крэпасці плошчай 4 км², размяшчаючыся на чатырох астравах-умацаваннях, абароненых валам і ровам працягласцю 6,4 км, а з 1880‑х гг. з’яўлялася фартовай крэпасцю з агульным абводам 45 км. Цэнтральнае ўмацаванне — Цытадэль — замкнёная 2‑павярховая абарончая казарма працягласцю 2 087 м (сцены таўшчынёй 1,8 м) з убудаванымі амбразурамі і байніцамі. Перадмаставыя ўмацаванні з рэдутамі, сістэмай бастыёнаў і валоў прыкрывалі падыходы да Цытадэлі і былі звязаны з ёй чатырма брамамі і мастамі: Тэрэспальскае ўмацаванне — Тэрэспальскай брамай і падвесным мостам праз р. Заходні Буг; Валынскае ўмацаванне — Холмскай брамай і пад’ёмным мостам праз левы рукаў р. Мухавец; Кобрынскае — Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай, Брыгідскай) брамай і мостам праз правы рукаў Мухаўца. Чатыры барбаканы (паўвежы), 560 казематаў, фартыфікацыйныя, жылыя будынкі і камунікацыі прызначаліся для размяшчэння людскіх, матэрыяльных рэсурсаў і ўзбраення рускай арміі.

Магутнасць сцен і сіла духу войскаў, якія знаходзіліся ў крэпасці, прайшлі выпрабаванні чатырма войнамі: Першая сусветная (1914–1918), савецка-польская (1920), пачатак Другой сусветнай (1939) і пачатак Вялікай Айчыннай (1941). Тут у сакавіку 1918 г. быў падпісаны Брэсцкі мір, які адыграў важную ролю ў лёсе краіны.


Часці Чырвонай арміі ў Брэсцкай крэпасці напярэдадні вайны

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў крэпасці дыслацыраваліся часці 6‑й і 42‑й стралковых дывізій 4‑й арміі Заходняй асобай ваеннай акругі, падраздзяленні 17‑га Чырванасцяжнага пагранічнага атрада, 33‑га асобнага інжынернага палка і медыцынскі персанал шпіталя акруговага падпарадкавання, часць 132‑га асобнага батальёна канвойных войскаў НКУС, прыпісны склад — прызваныя на 45‑дзённыя зборы з рэгіёнаў Брэсцкай вобласці; жылі сем’і вайскоўцаў. Некаторыя часці або іх падраздзяленні знаходзіліся ў лагерах, на палігонах, на будаўніцтве ўмацаванага раёна. У першыя хвіліны вайны Брэсцкая крэпасць падверглася масіраванаму артылерыйскаму абстрэлу, у выніку чаго склады, ваенныя аб’екты, водаправод былі знішчаны, перапынілася сувязь; радавы і камандны склад панёс страты ў жывой сіле, што не дазволіла ўсім выйсці ў раён збору па трывозе і арганізаваць адзінае камандаванне баявымі дзеяннямі. Сярод камандзіраў, якія загінулі пры спробе прабіцца ў размяшчэнне сваіх часцей, быў камандзір 455‑га стралковага палка маёр Я. А. Ліцыт.


Планы праціўніка і баявыя дзеянні 22 чэрвеня

Задача авалодання Брэсцкай крэпасцю была ўскладзена на 45‑ю пяхотную нямецкую дывізію (да 17 тыс. салдат і афіцэраў) пры ўзаемадзеянні з 31‑й і 34‑й пяхотнымі дывізіямі 12‑га армейскага корпуса 4‑й арміі вермахта, дзвюма танкавымі дывізіямі 2‑й танкавай групы Г. Гудэрыяна пры падтрымцы авіяцыі і часцей узмацнення, якія мелі звышмагутныя артылерыйскія сістэмы. Улічваючы раптоўнасць і тэхнічную забяспечанасць уварвання, праціўнік меркаваў адразу авалодаць Брэсцкай крэпасцю, захапіўшы Цытадэль, перадмаставыя ўмацаванні, прымусіць гарнізон здацца. Перадавыя роты ворага праз Тэрэспальскае ўмацаванне і Тэрэспальскую браму ўварваліся ў Цытадэль, авалодаўшы будынкам клуба 84‑га стралковага палка, адкуль карэкціравалі агонь. У далейшым, каб злучыцца з іншымі групамі, якія прарываліся з боку Валынскага і Кобрынскага ўмацаванняў, блакіраваць адыход нашых падраздзяленняў, развілі наступленне да Брэсцкай і Холмскай брам. Сустрэчная атака нашых падраздзяленняў (контратака) каля Холмскай брамы, падтрыманая на іншых участках Цытадэлі, сарвала планы праціўніка, прымусіла яго змяніць тактыку. Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар на ўсіх умацаваннях.

Да канца 22 чэрвеня, адзначаючы ўпартасць і шматлікія спробы прарываў арганізаваных і адзіночных груп праз кальцо акружанай да 9 гадзін раніцы крэпасці, камандаванне 45‑й пяхотнай нямецкай дывізіі вымушана было не толькі выкарыстоўваць свае рэзервы, але і прыняць рашэнне з надыходам цемры пакінуць асобныя занятыя ўчасткі. Большым у некалькі разоў сілам ворага супрацьстаялі каля 4 тыс. чалавек, што засталіся ў крэпасці: камандзіры і палітработнікі, байцы і выхаванцы музыканцкіх узводаў, медперсанал і члены іх сем’яў. Высокая баявая вывучка і ўстойлівы супраціў сарвалі выкананне пастаўленай задачы па авалоданні крэпасцю ў абазначаныя тэрміны, нанеслі страты ў жывой сіле, забяспечыўшы палове асабовага складу выхад у раён збору па баявой трывозе. Камандзір 125‑га стралковага палка маёр А. Э. Дулькейт і камандзір 1‑га батальёна капітан Р. А. Ландышаў, прывёўшы падраздзяленні ў баявы парадак, занялі абарону на вонкавым вале, а пазней прарваліся ў Брэст.


Баі на Тэрэспальскім умацаванні

На Тэрэспальскім умацаванні (Заходні востраў) абарону ўзначалілі старшыя лейтэнанты Ф. М. Мельнікаў і А. С. Чорны, лейтэнант Жданаў. Пагранічнікі кантралявалі дарогу ад мяжы, якая перасякае ўвесь востраў, утрымлівалі вал над Бугам, перашкаджаючы праціўніку прабіцца да гаражоў. На асобных участках атакі даводзілася адбіваць штыкавымі ўдарамі. Тыя, хто застаўся ў жывых, 25 і 30 чэрвеня распачалі спробы прабіцца ў Цытадэль і на Кобрынскае ўмацаванне, але панеслі вялікія страты забітымі, параненымі і паланёнымі.


Баі на Валынскім умацаванні

Валынскае ўмацаванне (Паўднёвы востраў) утрымлівалі курсанты палкавой школы малодшых камандзіраў 84‑га стралковага палка 6‑й стралковай дывізіі пад камандаваннем лейтэнанта М. Я. Піскарова, а ў размяшчэнні шпіталя — медыкі пад кіраўніцтвам начальніка шпіталя ваенурача 2‑га рангу Б. А. Маслава, батальённага камісара М. С. Багацеева, ваенурача 2‑га рангу С. С. Бабкіна. Разбураныя смяротным агнём шпітальныя будынкі загарэліся, пахаваўшы дзясяткі хворых, параненых, медыцынскіх работнікаў. Пад прыкрыццём моцнага агню 24 чэрвеня праціўнік захапіў умацаванне.


Баі ў Цытадэлі

У Цытадэлі ў першы дзень сфарміраваліся самастойныя ўчасткі абароны: раён Тэрэспальскай брамы, будынак пагранічнай заставы і казарма 333‑га стралковага палка 6‑й стралковай дывізіі — пад камандаваннем начальніка 9‑й пагранічнай заставы лейтэнанта А. М. Кіжаватава, лейтэнантаў А. Я. Патапава, А. С. Саніна і старшага лейтэнанта М. Г. Сямёнава з 333‑га стралковага палка. Асобныя ўчасткі абарончай казармы гэтага кірунку ўтрымлівалі воіны 132‑га асобнага батальёна канвойных войскаў НКУС (пад камандаваннем сяржанта К. А. Новікава, зампалітрука Ш. М. Шнэйдэрмана), 31‑га асобнага аўтатранспартнага батальёна (капітан Я. Д. Мінакоў), у вежы Тэрэспальскай брамы — група курсантаў палкавой школы 333‑га стралковага палка пад камандаваннем лейтэнанта А. Ф. Наганава. Паўночную частку абарончай казармы абаранялі байцы і камандзіры 44‑га стралковага палка 42‑й стралковай дывізіі пад камандаваннем старшых лейтэнантаў А. І. Семяненка і В. І. Бытко, малодшага лейтэнанта І. В. Згібнева; каля Брэсцкай брамы — групы лейтэнантаў С. І. Папова, А. А. Вінаградава, палітрука П. П. Кашкарова, старшага лейтэнанта М. Ф. Шчарбакова, лейтэнанта В. А. Іванова. Белы палац і Інжынернае ўпраўленне ўтрымлівалі вайскоўцы на чале з лейтэнантамі А. М. Нагаем, М. А. Галусцьянцам і чырвонаармейцам А. К. Шугуравым. Абаронай казармы 84‑га стралковага палка і каардынацыяй дзеянняў у цэнтры Цытадэлі камандаваў палкавы камісар Я. М. Фамін. Сумеснымі дзеяннямі ўдалося спыніць прасоўванне праціўніка ў Цытадэль з боку перадмаставых умацаванняў. Адчувальную дапамогу аказвалі разведвальныя машыны і лёгкія танкі 75‑га асобнага разведвальнага батальёна, якія, не здолеўшы вырвацца з кола акружанага цэнтральнага вострава, перамяшчаліся па ім, падтрымліваючы агнём групы абаронцаў у памяшканнях.

Не маючы дастатковай колькасці боепрыпасаў, медыкаментаў, харчавання і вады, адчуваючы адказнасць за жанчын, дзяцей і параненых, якія знаходзіліся побач, абаронцы супрацьстаялі ўсё больш моцнаму артылерыйскаму абстрэлу і шырокаму выкарыстанню агітацыйных сродкаў. З кожным днём кола, якое сціскалася вакол крэпасці, звужала ачагі абароны Цытадэлі.

Да 24 чэрвеня абаронцы ўсходняй часткі Цытадэлі сканцэнтраваліся ў казематах, якія прымыкаюць да Брэсцкай брамы. У падвале 33‑га асобнага інжынернага палка адбылася нарада камандзіраў і палітработнікаў; зыходзячы з абстаноўкі, было прынята рашэнне аб’яднаць сілы ў зводную групу і ўскласці камандаванне на намесніка камандзіра 44‑га стралковага палка капітана І. М. Зубачова, яго намеснікам прызначыць палкавога камісара Я. М. Фаміна, начальнікам штаба — лейтэнанта А. І. Семяненку. Рашэнне было запісана ў загадзе № 1. На розныя ўчасткі абароны былі адпраўлены сувязныя, каб паведаміць аб стварэнні штаба і прынятых ім рашэннях: аб узяцці на ўлік усіх падраздзяленняў і баявых страт, аб фарміраванні зводнай групы для арганізаванага баявога дзеяння і выхаду з крэпасці. Галаўную групу прарыву з чатырох узводаў у складзе 120 чалавек як мага лепш узброілі, для іх падтрымкі ў руінах казармы абсталявалі дадатковыя агнявыя пункты. Аднак магутны артылерыйскі агонь, а затым і абстрэл з танкаў не далі рэалізаваць задуму. Перад тымі абаронцамі Цытадэлі, што засталіся ў жывых, паўстала новае выпрабаванне: з дахаў да ўзроўню аконных праёмаў немцы спускалі падрыўныя зарады і падпальвалі іх; узрываючы сцены ўнутраных памяшканняў, зачышчалі адзін каземат за другім, выпальваючы цяжкадаступныя ўчасткі агнямётамі.


Баі на Кобрынскім умацаванні

На Кобрынскім умацаванні бліжэй за ўсіх да мяжы размяшчаўся 131‑ы лёгкі артылерыйскі полк 6‑й стралковай дывізіі, дзе з пачаткам баявых дзеянняў дзяжурны па палку малодшы лейтэнант І. Д. Журбенка распачаў меры па арганізацыі адпору ворагу. У раёне Заходняга форта і дамоў каманднага і начальніцкага складу на працягу некалькіх дзён трымаліся лейтэнант П. І. Давыдаў, капітан У. В. Шаблоўскі, старшы палітрук І. М. Пачэрнікаў.

У казематах Усходняга вала змагаліся байцы 98‑га асобнага супрацьтанкавага артылерыйскага дывізіёна пад камандаваннем лейтэнанта І. Ф. Акімачкіна і старшага палітрука М. В. Несцерчука. Усе, хто не змог прабіцца праз браму вонкавага вала, якая прастрэльвалася, і кола акружэння, адыходзілі ва Усходні форт, дзе ў казематах падковападобнага двара былі ўтвораны 2 лініі абароны. Пад камандаваннем камандзіра 44‑га стралковага палка маёра П. М. Гаўрылава, палітрука С. С. Скрыпніка, камандзіра 18‑га асобнага батальёна сувязі капітана К. Ф. Касаткіна ўпарты супраціў саперніку аказвалі больш за 400 чалавек з 393‑га асобнага зенітнага і 98‑га асобнага супрацьтанкавага артылерыйскіх дывізіёнаў, 333‑га стралковага палка, іншых падраздзяленняў і службаў, пагранічнікі. У ходзе баёў была створана партыйная арганізацыя, разгорнуты лазарэт, які ўзначаліла ваенфельчар Р. І. Абакумава. Пасільную дапамогу ім аказвалі жанчыны і дзеці — члены 10 сем’яў. Шчыльны кулямётны (са счацвяронай зенітнай устаноўкі), ружэйны агонь не даваў падступіцца да форта, прыкоўваючы вялікія сілы праціўніка і прыводзячы да адчувальных страт.

Бесперапынны штурм Усходняга форта з прыцэльнай бамбардзіроўкай 500‑кілаграмовымі і 1800‑кілаграмовай бомбамі і выкарыстаннем агнямётаў быў праведзены 28–29 чэрвеня. Абаронцы форта, якія здолелі пазбегнуць палону, адышлі ў асобныя ўкрыцці, працягваючы начныя вылазкі і спробы прабіцца з блакіраванага форта. Некалькім абаронцам 12 ліпеня ўдалося дабрацца да краю вонкавага вала з поўначы — капаніра Кобрынскага ўмацавання, дзе 23 ліпеня маёр П. М. Гаўрылаў прыняў апошні бой. Дата паланення маёра П. М. Гаўрылава і нампалітрука Р. Д. Дзеравянкі, які стаяў да канца ва ўсходняй частцы галоўнага вала Кобрынскага ўмацавання, як і адзін з надпісаў: «Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма. 20/VII‑41 г.» — з’яўляюцца сведчаннем храналогіі абароны і стойкасці Брэсцкай крэпасці, у якой прадстаўнікі больш як 30 нацыянальнасцей і народнасцей Савецкага Саюза стаялі за гонар і годнасць сваёй Айчыны.


Увекавечанне памяці абаронцаў Брэсцкай крэпасці

За выключныя заслугі абаронцаў Брэсцкай крэпасці перад Радзімай і ў азнаменаванне 20‑годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 8 мая 1965 г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР крэпасці было прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая зорка». Абаронцы крэпасці ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, іх імёнамі названы вуліцы, іх подзвіг увекавечаны ў кнігах, кінафільмах.

На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці 25 верасня 1971 г. быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», які аб’ядноўвае скульптурна-архітэктурны ансамбль, фартыфікацыйныя збудаванні, месцы баёў і пахаванняў, музейныя экспазіцыі і тэматычны ландшафт.