pdf
БРЭСТ-ЛІТОЎСКАЯ ЧЫГУНКА

Карта Брэст-Літоўскай чыгункі. 1940 г.

БРЭСТ-ЛІТОЎСКАЯ ЧЫГУНКА

Дата стварэння: 16.06.2023 08:52:55

Дата змены: 11.09.2024 16:21:06


Брэст-Літо́ўская чыгу́нка

Назва ў 1939–1951 гг. сеткі чыгуначных ліній, якія звязвалі БССР з Заходняй Еўропай, Літоўскай ССР і Украінскай ССР.

Утворана пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 30 верасня 1939 г. Упраўленне Брэст-Літоўскай чыгункі знаходзілася ў г. Баранавічы. Абслугоўвала Баранавіцкую, Беластоцкую (1939–1941), Брэсцкую, Гродзенскую, Маладзечанскую (з 1944), Палескую і Пінскую вобласці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў час акупацыі Беларусі не дзейнічала. Нямецка-фашысцкія захопнікі разрабавалі і знішчылі маёмасць чыгункі, у т. л. рухомы састаў (за выключэннем эвакуіраванага), зруйнавалі станцыйныя і іншыя збудаванні.

Аднавіла працу пасля вызвалення Беларусі.

Уключала чыгуначныя лініі: Высока-Літоўск — Ковель, Брэст — Жыткавічы, Баранавічы — Слуцк, Брэст — Негарэлае, Гродна — Ліда — Маладзечна, Андрэевічы — Баранавічы, Стасілай — Баранавічы — Лунінец і інш. Агульная даўжыня асноўных ліній складала 1 145 км, вузкакалейных ліній — 600 км (1950).

Друкаваны орган — газета «Сталинский маршрут» (выдавалася ў 1940–1941 і 1944–1951).

Начальнікі чыгункі: І. В. Бурыкін (1939–1941), пасля вызвалення Беларусі — Г. І. Перцаў (1944–1947), М. С. Ярогаў (1947–1949), В. М. Бяляеў (чэрвень — жнівень 1949), М. І. Скалін (1949–1951).

Загадам Міністэрства шляхоў зносін СССР ад 28 ліпеня 1951 г. аб’яднана з Мінскім аддзяленнем Заходняй чыгункі ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 г. далучана да Беларускай чыгункі.