pdf

ВАСІЛЕВІЧЫ

Дата стварэння: 16.06.2023 08:57:46

Дата змены: 31.10.2024 10:01:11


location Google location Yandex

Васілевічы (брацкая магіла)

ВАСІЛЕВІЧЫ, горад

Помнік на брацкіх магілах савецкіх воінаў і партызан у горадзе Васілевічы.

ВАСІЛЕВІЧЫ, горад

Помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў у горадзе Васілевічы.

ВАСІЛЕВІЧЫ, горад

Магіла І. М. Іванова, расстралянага нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1943 г., каля горада Васілевічы.

ВАСІЛЕВІЧЫ, горад

Помнік на магілах ахвяр фашызму ва ўрочышчы Рубанікі каля горада Васілевічы.

Васіле́вічы

Горад у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. За 54 км на паўднёвы захад ад г. Рэчыца, за 86 км ад г. Гомель, за 268 км ад Мінска; чыгуначны вузел (лініі на гарады Гомель, Калінкавічы, Хойнікі); аўтадарогамі горад звязаны з аўтамагістраллю Гомель — Калінкавічы.

У 1938–1959 гг. цэнтр Васілевіцкага раёна.

У 1939 г. у Васілевічах было 4 410 жыхароў.

У 1950–1971 гг. гарадскі пасёлак, да гэтага вёска.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

У першыя дні вайны на тэрыторыі раёна дзейнічаў Васілевіцкі знішчальны батальён (камандзір А. З. Духанін), на базе якога ў жніўні 1941 г. створаны партызанскі атрад Васілевіцкі. У сярэдзіне ліпеня 1941 г. у Васілевічах пачалося фарміраванне кавалерыйскай групы пад кіраўніцтвам палкоўніка А. І. Бацкалевіча, якая некаторы час вяла баявыя дзеянні ў тыле нямецкай групы армій «Цэнтр».

Васілевічы акупіраваны 25 жніўня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў Васілевічах і раёне 1 885 мясцовых жыхароў (паводле актаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў).

У перыяд акупацыі на тэрыторыі раёна дзейнічалі: Васілевіцкі падпольны райкам КП(б)‌Б і Васілевіцкі падпольны райкам ЛКСМБ, Васілевіцкае партыйна-камсамольскае падполле, партызанская брыгада 99‑я Калінкавіцкая, партызанская брыгада 101‑я Даманавіцкая, партызанская брыгада «Бальшавік», партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (Гомельскай вобласці), партызанская брыгада імя В. І. Чапаева (Гомельскай вобласці), партызанская брыгада імя М. А. Шчорса (Гомельскай вобласці), партызанская брыгада Лоеўская «За Радзіму», партызанская брыгада Рэчыцкая імя К. Я. Варашылава, партызанская брыгада Васілевіцкая імя П. К. Панамарэнкі, партызанскі атрад імя С. М. Кірава (Гомельскай вобласці), партызанскі атрад А. Ф. Сарафанава, партызанскі атрад Парыцкі імя С. М. Кірава; выдавалася падпольная газета «Соцыялістычная праца», орган Васілевіцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

З набліжэннем фронту акупанты ператварылі Васілевічы і станцыю ў моцныя апорныя пункты.

Васілевічы вызвалены 18 лістапада 1943 г. часцямі 15‑й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі (генерал-маёр I. Ц. Чаленка) 7‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса (генерал-маёр М. П. Канстанцінаў) і 193‑й Дняпроўскай стралковай дывізіі (генерал-маёр А. Р. Фралянкоў) 65‑й арміі Беларускага фронту 1943–1944 гг. у час Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г. У вызваленні Васілевіч удзельнічалі партызаны 101‑й Даманавіцкай і Васілевіцкай імя П. К. Панамарэнкі брыгад.

У Васілевічах знаходзяцца:

  • брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан (сярод пахаваных Герой Савецкага Саюза А. Г. Казлоў); брацкая магіла падпольшчыкаў; магіла І. М. Іванова, расстралянага нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1943 г. (за 1,5 км на ўсход ад горада); могілкі ахвяр фашызму ва ўрочышчы Рубанікі (за 2,5 км на захад ад горада); на пахаваннях пастаўлены помнікі.