Дата стварэння: 16.06.2023 09:07:16
Дата змены: 31.10.2024 10:01:11
Ве́тка
Горад, цэнтр Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, прыстань на р. Сож. За 22 км на паўночны ўсход ад г. Гомель, за 330 км ад Мінска; аўтадарогамі звязаны з гарадамі Гомель, Добруш, Чачэрск.
З 1926 г. цэнтр раёна.
У 1939 г. у Ветцы было 5 999 жыхароў.
За Ветку 18 жніўня 1941 г. разгарнуліся жорсткія баі. Горад абаранялі часці 55‑й стралковай дывізіі (падпалкоўнік Г. А. Тэр-Гаспаран), на працягу дня ён некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. Пасля падыходу свежых сіл праціўніка савецкія войскі вымушаны былі адступіць.
Ветка акупіравана 18 жніўня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе і раёне 656 чалавек, у т. л. 3 снежня 1941 г. у Ветцы 360 (па іншых звестках, 390) яўрэяў. У верасні 1942 г. каля райцэнтра гітлераўцы расстралялі яшчэ 61 чалавека — цыганоў, сабраных з усяго раёна, і яўрэяў (паводле актаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў).
У раёне дзейнічалі: Веткаўскі падпольны райкам КП(б)Б і Веткаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада 1‑я Гомельская, партызанская брыгада Добрушская імя І. В. Сталіна, партызанская брыгада «Бальшавік».
Ветка вызвалена 28 верасня 1943 г. воінамі 89‑й (палкоўнік К. М. Баннікаў), 159‑й (палкоўнік С. П. Хайдукоў) танкавых брыгад, 44‑й мотастралковай брыгады (палкоўнік Р. Г. Скрыпка) 1‑га танкавага корпуса і 17‑й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі (генерал-маёр П. Т. Курсакоў) 2‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса Бранскага фронту 1943 г. ў ходзе Бранскай аперацыі 1943 г.
У Ветцы знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў, магіла Героя Савецкага Саюза П. М. Буйневіча, магіла ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
Алея Герояў.