Віле́йка
Горад, цэнтр Вілейскага раёна Мінскай вобласці, на р. Вілія. За 96 км на паўночны захад ад Мінска; чыгуначная станцыя (на лініі Маладзечна — Полацк); аўтадарогамі Вілейка звязана з гарадамі Маладзечна, Мядзел, Смаргонь і Лагойск.
У 1939–1944 гг. цэнтр Вілейскай вобласці.
У 1939 г. у Вілейцы было 7,5 тыс. жыхароў (па іншых звестках, 6 391 жыхар у снежні 1939).
З 1946 г. цэнтр раёна.
Вілейка акупіравана 25 чэрвеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у горадзе загінула больш за 7,6 тыс. чалавек (па іншых звестках, 7 953; паводле актаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў), пераважна загубленых у турме і гета, у т. л. 393 савецкія ваеннапалонныя. Вілейка была разбурана.
На тэрыторыі горада і Куранецкага раёна, у якім знаходзіўся абласны цэнтр, дзейнічалі: Вілейска-Куранецкае партыйна-камсамольскае падполле, Вілейскі падпольны абкам КП(б)Б, Вілейскі падпольны абкам ЛКСМБ, Куранецкі падпольны райкам КП(б)Б і Куранецкі падпольны райкам ЛКСМБ, Вілейскі падпольны гаркам КП(б)Б і Вілейскі падпольны гаркам ЛКСМБ, партызанская брыгада «За Савецкую Беларусь» (Вілейскай вобласці), партызанская брыгада імя С. М. Будзённага (Вілейскай вобласці), партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава (Вілейскай вобласці), партызанская брыгада імя Л. М. Даватара, партызанская брыгада 2‑я імя А. В. Суворава, якія ўваходзілі ў склад Вілейскага партызанскага злучэння, а таксама партызанская брыгада «Няўлоўныя», партызанскі полк Смаленскі, асобны партызанскі атрад «Трэція»; выдаваліся падпольныя газеты «Сялянская газета» [орган Вілейскага падпольнага абкама КП(б)Б], «Молодёжная правда» (орган Вілейскага падпольнага абкама ЛКСМБ) і «Народный мститель» [орган Куранецкага падпольнага райкама КП(б)Б].
Вялікія страты фашысцкаму гарнізону ў Вілейцы ў час бою 31 кастрычніка — 1 лістапада 1943 г. нанесла партызанская брыгада 1‑я Антыфашысцкая (гл. Вілейскі бой 1943 г.).
Вілейка вызвалена 2 ліпеня 1944 г. часцямі 35‑й гвардзейскай танкавай брыгады (генерал-маёр А. А. Асланаў) 3‑га гвардзейскага механізаванага корпуса 3‑га Беларускага фронту ва ўзаемадзеянні з байцамі партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага (камандзір Г. Ф. Пакроўскі) у ходзе Мінскай аперацыі 1944 г.
У Вілейцы знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан; магілы савецкіх воінаў М. Д. Ястрабава, К. Я. Батракова, падпалкоўніка М. Ф. Львіцына, падпольшчыка У. Ф. Субача; магілы ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны;
помнік двойчы Герою Савецкага Саюза А. А. Асланаву;
помнік ахвярам Халакосту на яўрэйскіх могілках;
памятны знак ахвярам лагера ваеннапалонных;
памятны знак у гонар вызвалення горада;
мемарыяльныя дошкі: падпольшчыкам; супрацоўнікам міліцыі, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны і ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе; Героям Савецкага Саюза А. І. Валынцу, У. С. Лаўрыновічу, П. М. Машэраву.