Дата стварэння: 16.06.2023 09:09:02
Дата змены: 11.09.2024 14:55:54
Віле́йскае партыза́нскае злучэ́нне
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі Вілейскай вобласці.
Створана ў ліпені — жніўні 1943 г. Вілейскім падпольным абкамам КП(б)Б. Кіраваў злучэннем ваенна-аператыўны аддзел Вілейскага падпольнага абкама КП(б)Б. Тэрыторыя вобласці была падзелена на 3 зоны: Паўднёва-Усходнюю, Цэнтральную, Паўночную (упаўнаважаныя па зонах П. А. Жуковіч, А. А. Манахаў, В. А. Цітавец); у кожнай створаны аператыўныя групы падпольных абкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ, замацаваны партызанскія брыгады і атрады.
У склад злучэння ўваходзіла 18 партызанскіх брыгад: 4‑я Беларуская, «За Радзіму», «За Савецкую Беларусь», імя С. М. Будзённага, імя К. Я. Варашылава, імя М. Ф. Гастэлы, імя Л. М. Даватара, імя Г. К. Жукава, імя М. І. Калініна, імя М. І. Кутузава, імя К. К. Ракасоўскага, імя А. В. Суворава 1‑я, імя А. В. Суворава 2‑я, імя М. В. Фрунзэ, імя ЦК КП(б)Б, імя У. I. Леніна, «Кастрычнік», «Спартак»; 5 асобных атрадаў: Агітацыйны імя М. Горкага, «Баец», імя Р. І. Катоўскага, імя П. К. Панамарэнкі, С. Р. Суслава; усяго каля 12 тыс. партызан.
Кіруючы склад злучэння: першы сакратар Вілейскага падпольнага абкама КП(б)Б I. Ф. Клімаў, начальнік ваенна-аператыўнага аддзела Ф. Р. Маркаў.
Партызанам Вілейскага злучэння А. С. Азончыку, А. I. Валынцу, Ф. Р. Маркаву, Г. I. Маслоўскай, П. М. Машэраву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.