Дата стварэння: 16.06.2023 09:10:38
Дата змены: 11.09.2024 15:54:55
Ві́цебска-Хінга́нская артылеры́йская дыві́зія
Віцебска-Хінганская гвардзейская артылерыйская Чырванасцяжная ордэнаў Суворава і Кутузава дывізія.
Сфарміравана ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Маскоўскай вобласці ў лістападзе 1942 г. як 8‑я артылерыйская дывізія рэзерву Вярхоўнага Галоўнакамандавання (ВГК) у складзе трох гаўбічных, двух пушачных, трох знішчальна-процітанкавых артылерыйскіх палкоў і асобнага разведвальнага артылерыйскага дывізіёна. Баявыя дзеянні пачала 16 снежня 1942 г. на Варонежскім фронце. Пераўтворана ў 3‑ю гвардзейскую артылерыйскую дывізію рэзерву ВГК 7 сакавіка 1943 г., у пачатку чэрвеня 1943 г. — у 3‑ю гвардзейскую артылерыйскую дывізію прарыву рэзерву ВГК. З ліпеня 1943 г. на Заходнім фронце.
Удзельнічала ў Смаленскай аперацыі 1943 г. і вызваленні ўсходніх раёнаў БССР. Летам 1944 г. у складзе 3‑га Беларускага фронту ўдзельнічала ў баях за вызваленне Беларусі. У час Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 г. вызначылася пры прарыве Віцебскага ўмацаванага раёна нямецка-фашысцкіх войск і вызваленні Віцебска, за што атрымала ганаровае найменне «Віцебская» (2.7.1944). За вызваленне Вільнюса ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944 г. узнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга (25.7.1944).
Прымала ўдзел ва Усходне-Прускай аперацыі, штурме Кёнігсберга і ліквідацыі земландскай групіроўкі нямецка-фашысцкіх войск.
Узнагароджана ордэнам Суворава II ступені (12.8.1944) і ордэнам Кутузава II ступені (14.11.1944).
Удзельнічала ў разгроме войск японскай Квантунскай арміі ў Кітаі, удастоена ганаровага наймення «Хінганская» (перайшла цераз горны хрыбет Вялікі Хінган; 20.9.1945).
За перыяд вайны каля 20 тыс. воінаў дывізіі ўзнагароджана ордэнамі і медалямі СССР, 8 з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза, у т. л. старшы лейтэнант Л. П. Ціхмянаў за баі пад Лёзнам.
Камандавалі дывізіяй: палкоўнік П. М. Ражановіч (лістапад 1942 — верасень 1944), генерал-маёр С. Я. Папоў (верасень 1944 — верасень 1945).