Дата стварэння: 16.06.2023 09:12:38
Дата змены: 11.09.2024 15:09:04
Вя́да
Вёска на тэрыторыі Івацэвіцкага pаёна Брэсцкай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася за 4 км на паўночны захад ад в. Бабровічы Целяханскага сельсавета, на беразе возера Бабровіцкае.
Перад вайной у вёсцы жылі 217 чалавек.
У час карнай аперацыі «Балотная ліхаманка» 15 верасня 1942 г. гітлераўцы загубілі 217 жыхароў і спалілі вёску (87 двароў).
Пасля вайны не адрадзілася.
Недалёка ад былых вёсак Вяда і Тупічыцы ў памяць аб жыхарах гэтых населеных пунктаў, якія ў адзін дзень загінулі ад рук нацысцкіх карнікаў, устаноўлены 2 стэлы.
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».
Пашкевіч Іван Мікалаевіч (1928–1986), жыхар вёскі Вяда, у час трагедыі пасвіў жывёлу непадалёк ад населенага пункта, і таму застаўся жывы. Усе яго родныя былі забіты карнікамі. З 24 сакавіка да 26 ліпеня 1944 г. І. М. Пашкевіч быў юным партызанам атрада імя А. Ф. Баруцкага партызанскай брыгады імя В. У. Куйбышава, якая дзейнічала ў Пінскай вобласці. Пасля вайны служыў у Савецкай арміі. У 1985 г. узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.