pdf

ГАРАДОЦКАЯ СТРАЛКОВАЯ ДЫВІЗІЯ

Дата стварэння: 16.06.2023 09:17:05

Дата змены: 11.09.2024 15:54:55

Гарадо́цкая стралко́вая дыві́зія

Гарадоцкая гвардзейская стралковая Чырванасцяжная ордэнаў Ленiна і Суворава дывізія.

Сфарміравана ў жніўні 1939 г. у Алтайскім краі (РСФСР) як 107‑я стралковая дывізія. У 1‑ы перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў ліпені — верасні 1941 г. у складзе 24‑й арміі Рэзервовага фронту вяла бai ў раёне г. Ельня (Смаленская вобласць, РСФСР); за мужнасць, адвагу i гераізм атрымала найменне 5‑й гвардзейскай стралковай дывізіі (26.9.1941). Удзельнічала ў абарончых i наступальных баях пад Масквой, узнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга (3.5.1942). З ліпеня 1943 г. у складзе 11‑й гвардзейскай арміі.

Удзельнічала ў Арлоўскай аперацыі i Бранскай аперацыі 1943 г., у снежні 1943 г. — у Гарадоцкай аперацыі 1943 г. За бai па авалоданні г. Гарадок, які з’яўляўся важным апорным пунктам абароны нямецка-фашысцкіх войск, дывізія ўдастоена ганаровага наймення «Гарадоцкая» (24.12.1943). Разам з іншымі злучэннямі 11‑й гвардзейскай арміі 3‑га Беларускага фронту дывізія ўдзельнічала ў Беларускай аперацыі 1944 г.: у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 г. прарвала абарону ворага на аршанскім напрамку, імклівым рыўком выйшла да р. Бярэзіна, з ходу фарсіравала яе i прыняла ўдзел у Мінскай аперацыі 1944 г. Ва ўзаемадзеянні з іншымі злучэннямі яна завязала бой за г. Барысаў, 1 ліпеня 1944 г. поўнасцю авалодала горадам; узнагароджана ордэнам Суворава II ступені (10.7.1944). Удзельнічала ў Вільнюскай аперацыі 1944 г., фарсіраванні р. Нёман i захопе на ёй плацдарма, у Каўнаскай, Гумбіненскай, Усходне-Прускай аперацыях i штурме Кёнігсберга.

Узнагароджана ордэнам Леніна (17.5.1945).

За час вайны 13 743 воіны дывізii ўзнагароджаны ордэнамі i медалямі СССР, 18 з ix удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Дывізіяй камандавалі: палкоўнік, са студзеня 1942 г. генерал-маёр П. В. Mipoнаў (чэрвень 1941 — красавік 1942); падпалкоўнік А. П. Мальцаў (красавік — май 1942); генерал-маёр М. Е. Ярохін (май — верасень 1942); палкоўнік, з лістапада 1942 г. генерал-маёр А. К. Паўлаў (верасень 1942 — люты 1943); палкоўнік, з верасня 1943 г. генерал-маёр М. Л. Салдатаў (люты 1943 — красавік 1944); палкоўнік М. I. Краўцоў (красавік — май 1944); палкоўнік М. Л. Волкаў (май 1944 — студзень 1945); генерал-маёр Г. Б. Петэрс (студзень 1945 — да канца вайны).