Дата стварэння: 16.06.2023 10:23:05
Дата змены: 11.09.2024 15:54:56
Гро́дзенская кавалеры́йская дыві́зія
Гродзенская гвардзейская кавалерыйская Чырванасцяжная імя А. Я. Пархоменкі ордэнаў Леніна, Суворава, Кутузава і Чырвонай Зоркі дывізія.
Сфарміравана ў 1920 г. як 14‑я кавалерыйская дывізія. Уваходзіла ў склад 1‑й Коннай арміі. У 1921 г. атрымала найменне 14‑й Майкопскай, з 1924 г. — 10‑й Майкопскай, з 1930 г. — 14‑й кавалерыйскай імя А. Я. Пархоменкі. Удзельнічала ў вызваленчых паходах у Заходнюю Украіну і Бесарабію (1939, 1940). Узнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі (27.12.1934) і ордэнам Леніна (17.11.1939).
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны складалася з чатырох кавалерыйскіх і аднаго танкавага палкоў. Баявыя дзеянні пачала 26 чэрвеня 1941 г. у раёне г. Крэменец (Украіна). Пераўтворана 25 снежня 1941 г. у 6‑ю гвардзейскую кавалерыйскую дывізію; у складзе 3‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса вяла баі ў раёне Харкава, на Доне, пад Сталінградам, у Данбасе і інш.
З верасня 1943 г. у складзе Заходняга фронту ўдзельнічала ў вызваленні ўсходніх раёнаў Беларусі, узнагароджана ордэнам Суворава II ступені (21.12.1943). У складзе конна-механізаванай групы генерал-лейтэнанта М. С. Аслікоўскага ўдзельнічала ў Беларускай аперацыі 1944 г. на 3‑м Беларускім, з 14 ліпеня 1944 г. — 2‑м Беларускім франтах. Разам з іншымі часцямі і злучэннямі вызваліла 268 населеных пунктаў, у т. л. гарады Маладзечна, Ліда, Гродна; знішчыла больш за 5 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка.
У ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 г. вызначылася ў баях за Гродна (16.7.1944), атрымала ганаровае найменне «Гродзенская» (25.7.1944).
Удзельнічала ў вызваленні Польшчы, разгроме варожай групоўкі ва Усходняй Прусіі, вяла баявыя дзеянні на тэрыторыі Германіі, 2 мая 1945 г. у раёне г. Вітэнберг сустрэлася з часцямі амерыканскіх войск.
Узнагароджана ордэнам Кутузава II ступені (4.6.1945). За перыяд вайны некалькі тысяч воінаў дывізіі ўзнагароджана ордэнамі і медалямі СССР, пяці з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у т. л. капітану М. Ц. Аўчыннікаву.
Камандзіры: генерал-маёр В. Д. Кручонкін (чэрвень — лістапад 1941); палкоўнік А. I. Белагорскі (снежань 1941 — снежань 1942); палкоўнік, з лютага 1944 г. генерал-маёр П. П. Брыкель (студзень 1943 — да канца вайны).