Дата стварэння: 16.06.2023 10:27:54
Дата змены: 11.09.2024 15:54:56
Данскі́ та́нкавы ко́рпус
Данскі гвардзейскі танкавы Чырванасцяжны ордэнаў Леніна і Суворава корпус.
Сфарміраваны ў Вялікую Айчынную вайну ў ліпені 1942 г. у Маскоўскай вобласці як 26‑ы танкавы корпус у складзе трох танкавых і адной мотастралковай брыгад і іншых часцей. З верасня 1942 г. у складзе 5‑й танкавай арміі Бранскага, з кастрычніка 1942 г. — Паўднёва-Заходняга франтоў. Вызначыўся ў контрнаступленні пад Сталінградам, пераўтвораны ў 1‑ы гвардзейскі танкавы корпус (8.12.1942). За паспяховыя баі на р. Дон атрымаў ганаровае найменне «Данскі» (27.1.1943). Удзельнічаў у баях пад Харкавам і ў Арлоўскай аперацыі.
З кастрычніка 1943 г. корпус у складзе войск Беларускага фронту вёў баі за вызваленне Беларусі. У лістападзе 1943 г. ва ўзаемадзеянні са злучэннямі 48‑й і 65‑й армій яго часці ўдзельнічалі ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г., авалодалі г. Рэчыца, адрэзалі шляхі адыходу на захад гомельскай групоўцы праціўніка.
Корпус узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (18.11.1943), яго гвардзейскія 15‑я, 16‑я танкавыя і 1‑я мотастралковая брыгады атрымалі ганаровае найменне «Рэчыцкія».
У час Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі 1944 г. у выніку абходнага манеўру, зробленага ў цяжкіх умовах лясіста-балоцістай мясцовасці, часці корпуса 14 студзеня 1944 г. першымі ўварваліся ў г. Калінкавічы і ва ўзаемадзеянні з іншымі злучэннямі вызвалілі горад, пераўтвораны гітлераўцамі ў важны апорны пункт на палескім напрамку. Корпус узнагароджаны ордэнамі Суворава II ступені (15.1.1944), а яго 1‑я гвардзейская мотастралковая брыгада атрымала ганаровае найменне «Калінкавіцкая». У час Беларускай аперацыі 1944 г., 24 чэрвеня 1944 г., корпус быў уведзены ў прарыў у паласе наступлення 65‑й арміі 1‑га Беларускага фронту і да раніцы 27 чэрвеня злучыўся з часцямі 9‑га танкавага корпуса, завяршыўшы акружэнне пяці дывізій 9‑й нямецка-фашысцкай арміі ў раёне Бабруйска (гл. Бабруйская аперацыя 1944 г.). У далейшым корпус, наступаючы на г. Асіповічы і станцыю Пухавічы, выйшаў да паўднёва-заходняй ускраіны Мінска (3.7.1944), завяршыўшы ва ўзаемадзеянні з 3‑й арміяй 1‑га Беларускага фронту, 2‑м гвардзейскім танкавым корпусам і 5‑й гвардзейскай танкавай арміяй 3‑га Беларускага фронту акружэнне асноўных сіл 4‑й нямецка-фашысцкай арміі. Часці корпуса, якія вызначыліся ў перыяд Мінскай аперацыі 1944 г. (1001‑ы самаходны артылерыйскі полк, 455‑ы мінамётны полк і 80‑ы гвардзейскі зенітны артылерыйскі полк) атрымалі ганаровае найменне «Мінскія». На баранавіцка-брэсцкім напрамку корпус удзельнічаў у разгроме ворага ў раёне Ваўкавыска і Слоніма.
З лістапада 1944 г. і да канца вайны корпус уваходзіў у склад войск 2‑га Беларускага фронту, удзельнічаў у вызваленні Польшчы. Вызначыўся пры вызваленні г. Плоньск, узнагароджаны ордэнам Леніна (19.2.1945). Удзельнічаў у разгроме данцыгскай групоўкі праціўніка і ў Берлінскай наступальнай аперацыі.
За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, тысячы воінаў корпуса ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР; 13 з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза, сярод іх М. А. Бухтуеў і Д. Я. Камароў, якія вызначыліся пры вызваленні Беларусі.
Корпусам камандавалі: генерал-маёр танкавых войск, з 4 лютага 1943 г. генерал-лейтэнант танкавых войск А. Р. Родзін (ліпень 1942 — люты 1943); генерал-маёр танкавых войск А. В. Кукушкін (люты — красавік 1943); генерал-маёр танкавых войск, з 19 красавіка 1945 г. генерал-лейтэнант танкавых войск М. Ф. Паноў (май 1943 — да канца вайны).