Дата стварэння: 16.06.2023 10:28:17
Дата змены: 11.09.2024 15:54:56
Двацца́тая а́рмія
Сфарміравана 22 чэрвеня 1941 г. пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Арлоўскай ваеннай акрузе.
У яе склад увайшлі 61‑ы і 69‑ы стралковыя, 5‑ы і 7‑ы механізаваныя карпусы, 18‑я стралковая дывізія і іншыя злучэнні і часці. Перададзена ў склад Заходняга фронту 2 ліпеня 1941 г. Стаўкай Вярхоўнага галоўнакамандавання.
Удзельнічала ў абарончых баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі, у нанясенні ў ліпені 1941 г. контрудару ў напрамку Сянно — Лепель, у баях за Віцебск (гл. Лепельскі контрудар 1941 г., Віцебска абарона 1941 г.). Да сярэдзіны ліпеня часці арміі вялі баявыя дзеянні на абарончых рубяжах Рудня — Орша, дзе скоўвалі вялікія варожыя сілы, якія наступалі на Смаленск. Прымала ўдзел у Смаленскай бітве 1941 г. У верасні вяла абарончыя баі на поўдні ад г. Ярцава, удзельнічала ў Вяземскай аперацыі. Пасля прарыву ворагам фронту апынулася ў акружэнні, выйшла на Мажайскую лінію абароны. Да 20 кастрычніка 1941 г. расфарміравана, яе часці перададзены на ўкамплектаванне іншых злучэнняў і часцей фронту.
Камандуючыя: генерал-лейтэнант Ф. М. Рэмезаў (чэрвень — ліпень 1941), генерал-лейтэнант П. А. Курачкін (ліпень — жнівень 1941), генерал-лейтэнант М. Ф. Лукін (жнівень — верасень 1941), генерал-лейтэнант П. А. Ершакоў (верасень — кастрычнік 1941).
У гонар войск 20‑й арміі ў г. п. Багушэўск у 1964 г. пастаўлена стэла.