Дата стварэння: 16.06.2023 10:28:31
Дата змены: 11.09.2024 15:54:56
Два́ццаць во́сьмая а́рмія 3‑га фарміравання
Сфарміравана ў верасні 1942 г. у Сталінградскай ваеннай акрузе ў час Вялікай Айчыннай вайны. У яе ўвайшлі 34‑я гвардзейская і 248‑я стралковыя дывізіі, 52‑я, 152‑я і 159‑я стралковыя брыгады, 78‑ы і 116‑ы ўмацаваныя раёны і іншыя злучэнні і часці. Уваходзіла ў склад Паўднёва-Усходняга, Сталінградскага, Паўднёвага, 4‑га і 3‑га Украінскіх франтоў. З чэрвеня 1944 г. у складзе 1‑га Беларускага фронту. У перыяд Беларускай аперацыі 1944 г. у яе склад уваходзілі: 3‑і гвардзейскі, 20‑ы і 128‑ы стралковыя карпусы, 119‑ы, 153‑і і 161‑ы ўмацаваныя раёны, 30‑ы гвардзейскі танкавы і 347‑ы гвардзейскі самаходны артылерыйскія палкі, 3 самаходныя артылерыйскія палкі, артылерыйскія і мінамётныя злучэнні і часці.
Прымала ўдзел у Бабруйскай аперацыі 1944 г., дзе ў цяжкіх умовах лясіста-балоцістай мясцовасці прарвала абарону праціўніка на парыцкім напрамку і з баямі на працягу месяца прайшла да 400 км. У час Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 г. фарсіравала р. Заходні Буг у раёне Брэста, перасекла дзяржаўную граніцу СССР і працягнула наступленне на тэрыторыі Польшчы. У складзе 3‑га Беларускага фронту ўдзельнічала ва Усходне-Прускай аперацыі 1945 г., з красавіка 1945 г. у складзе 1‑га Украінскага фронту ўдзельнічала ў Берлінскай і Пражскай аперацыях.
Камандуючыя: генерал-лейтэнант В. П. Герасіменка (верасень 1942 — лістапад 1943), генерал-лейтэнант А. А. Грэчкін (лістапад 1943 — май 1944), генерал-лейтэнант А. А. Лучынскі (май 1944 — май 1945).