Дата стварэння: 16.06.2023 10:29:33
Дата змены: 01.03.2024 10:12:25
Е́рмалавіцкі бой 1943 г.
Бой паміж партызанамі атрадаў 113‑га (гл. Партызанскі полк 113‑ы), 121‑га (гл. у артыкуле Партызанскі полк 121‑ы імя А. М. Касаева), 61‑га (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 61‑я) і нямецка-фашысцкімі акупантамі ў в. Ермалавічы Бялыніцкага раёна 28–29 кастрычніка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Гітлераўскі гарнізон у Ермалавічах (каля 180 салдат і афіцэраў) з’яўляўся вузлавым у сістэме варожых гарнізонаў, якія забяспечвалі рух нямецка-фашысцкіх войск на шашы Магілёў — Бялынічы; ажыццяўляў карныя аперацыі супраць партызан і мірнага насельніцтва ў Бялыніцкім і Магілёўскім раёнах. Аперацыя па разгроме гарнізона была распрацавана і праводзілася пад кіраўніцтвам Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы (раённай). У падрыхтоўцы аперацыі партызанам аказвалі дапамогу падпольшчыкі і партызанскія сувязныя.
Партызаны акружылі Ермалавічы вечарам 28 кастрычніка і ўварваліся ў гарнізон. Гітлераўцы, якія не паспелі арганізаваць абарону, сталі разбягацца і хавацца, партызаны з дапамогай мясцовых жыхароў іх вылоўлівалі.
У выніку бою партызаны знішчылі 70 гітлераўцаў, двух узялі ў палон, захапілі вялікую колькасць боепрыпасаў, зброі і амуніцыі. У баі загінулі 2 партызаны.