Дата стварэння: 16.06.2023 10:30:40
Дата змены: 11.09.2024 15:57:11
Казя́нскія баі́ 1942 г.
Баі паміж партызанскім атрадам «Спартак» (гл. Партызанская брыгада «Спартак») і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў в. Казяны Відзаўскага (Відзскага) pаёна ў верасні і лістападзе 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Жыхары навакольных вёсак 15 верасня 1942 г. папярэдзілі партызан, што гітлераўцы накіравалі ў Казяны карны атрад (600 чалавек) для знішчэння партызанскага атрада «Спартак». Партызаны выставілі насустрач карнікам засады па 8–10 чалавек ва ўсіх месцах магчымага з’яўлення праціўніка.
Каля в. Баравыя раптоўным агнём народныя мсціўцы прымусілі карнікаў уцякаць, падбілі і спалілі 2 варожыя аўтамашыны, захапілі 30 веласіпедаў і шмат верхняга абмундзіравання. Праследуючы карнікаў, уступілі ў Казяны, дзе спалілі будынак паліцыі і забілі некалькі паліцэйскіх. Партызаны раздалі насельніцтву 30 т нарыхтаванага акупантамі збожжа, паведамілі аб становішчы на франтах.
Гітлераўцы 3 лістапада накіравалі ў Казяны 180 салдат і афіцэраў для аднаўлення там гарнізона. Камандаванне атрада «Спартак» атрымала ад сувязных і падпольшчыкаў звесткі пра колькасць і ўзбраенне праціўніка і вырашыла ў тую ж ноч разграміць гарнізон, каб не даць ворагу замацавацца.
Партызаны беларускага атрада «Спартак» і літоўскага атрада (камандзір Й. Арлаускас) зрабілі раптоўны налёт на Казяны ў ноч на 4 лістапада 1942 г. У выніку 8‑гадзіннага бою было забіта каля 50 гітлераўцаў, 13 узята ў палон. Партызаны захапілі 30 вінтовак і 19 скрынак патронаў. У баі загінулі 2 партызаны і 4 былі паранены. Гарнізон у Казянах нямецка-фашысцкія акупанты ў далейшым не аднаўлялі.