pdf

КАСЦЯНЕВІЦКІ БОЙ 1944 г.

Дата стварэння: 16.06.2023 10:32:14

Дата змены: 11.09.2024 15:54:56


Касцяне́віцкі бой 1944 г.

Бой партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у в. Касцяневічы Куранецкага раёна 31 студзеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Гарнізон у Касцяневічах (каля 140 гітлераўцаў, узброеных 2 ротнымі мінамётамі, 10 кулямётамі, аўтаматамі) ахоўваў шашу Куранец — Даўгінава і падыходы да чыгункі Маладзечна — Полацк. Партызанскія атрады брыгады 30 студзеня 1944 г. зрабілі 37‑кіламетровы марш з месца дыслакацыі да Касцяневіч у цяжкіх умовах бездарожжа і разліву р. Вілія.

Кіраваў аперацыяй камандзір партызанскай брыгады В. В. Сямёнаў. У час бою на камандным пункце прысутнічаў прадстаўнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху і Беларускага штаба партызанскага руху маёр А. Ф. Бардадын. Атрад імя А. В. Суворава наступаў на будынак жандармерыі і паліцыі. Дзве роты атрадаў «Мсцівец» і імя Р. I. Катоўскага атакавалі будынак, дзе размяшчалася СД. Дзве роты атрадаў «Барацьба» і імя Р. І. Катоўскага перакрылі засадамі шашу на Вілейку і Даўгінава. Не заўважаныя праціўнікам, партызаны ноччу 31 студзеня 1944 г. увайшлі ў Касцяневічы, наблізіліся да будынкаў, дзе размяшчаліся акупанты, і адкрылі ружэйна-кулямётны агонь. З прычыны раптоўнасці налёту праціўнік не здолеў арганізаваць упартае супраціўленне. Нязначная частка гітлераўцаў схавалася ў будынку касцёла.

У выніку бою партызаны знішчылі 70 гітлераўцаў, 14 узялі ў палон, захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, абмундзіравання і харчавання. У баі гераічна загінулі партызаны В. М. Бахар, М. З. Бугай, П. I. Красоўскі, В. Я. Латыш, Р. В. Лысянок.