Дата стварэння: 16.06.2023 10:33:26
Дата змены: 11.09.2024 15:57:11
Куба́нска-Бара́навіцкая каза́цкая кавалеры́йская дыві́зія
Кубанска-Баранавіцкая гвардзейская казацкая кавалерыйская двойчы Чырванасцяжная ордэнаў Суворава, Кутузава і Багдана Хмяльніцкага дывізія.
Сфарміравана ў Вялікую Айчынную вайну ў Краснадарскім краі (РСФСР) у студзені 1942 г. як 12‑я Кубанская казацкая кавалерыйская дывізія ў складзе трох кавалерыйскіх палкоў і іншых часцей (у асноўным добраахвотнікі). Уваходзіла ў склад 17‑га (з 27.8.1942 — 4‑га гвардзейскага) Кубанскага казацкага кавалерыйскага корпуса.
Баявыя дзеянні пачала на Паўночным Каўказе 27 ліпеня 1942 г. За баі па прарыве варожага акружэння ў раёне Туапсэ пераўтворана ў 9‑ю гвардзейскую Кубанскую казацкую кавалерыйскую дывізію (27.8.1942). Вызначылася ў баях з нямецка-фашысцкімі войскамі пры вызваленні Паўночнага Каўказа, узнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга (31.3.1943), за баі па вызваленні Правабярэжнай Украіны — ордэнам Суворава II ступені (19.3.1944), за баі па вызваленні г. Адэса — ордэнам Багдана Хмяльніцкага II ступені (20.4.1944).
Летам 1944 г. у складзе конна-механізаванай групы генерал-лейтэнанта I. A. Пліева 1‑га Беларускага фронту ўдзельнічала ў Беларускай аперацыі 1944 г. Наступаючы высокімі тэмпамі ў аператыўнай глыбіні ворага, часці злучэння вызначыліся пры вызваленні г. Слуцк у час Мінскай аперацыі 1944 г. і г. Слонім; дывізія ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга (5.7.1944) і ордэнам Кутузава I ступені (10.7.1944). Вызначылася пры разгроме баранавіцкай групоўкі праціўніка, удастоена ганаровага наймення «Баранавіцкая» (27.7.1944).
З верасня 1944 г. на 2‑м Украінскім фронце, удзельнічала ў вызваленні Венгрыі і Чэхаславакіі. Тысячы воінаў дывізіі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, тры з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Камандзіры: палкоўнік А. П. Скараход (студзень 1942), падпалкоўнік М. Л. Пархоўнікаў (студзень — май 1942), палкоўнік I. В. Тутарынаў (май 1942 — ліпень 1944), палкоўнік Д. С. Дзямчук (ліпень — лістапад 1944), палкоўнік В. Г. Гагуа (снежань 1944 — красавік 1945), палкоўнік А. П. Смірноў (красавік — май 1945).