Дата стварэння: 16.06.2023 10:34:02
Дата змены: 11.09.2024 15:58:58
Мазы́рскі кавалеры́йскі полк
Мазырскі гвардзейскі кавалерыйскі Чырванасцяжны ордэнаў Леніна, Суворава, Кутузава і Аляксандра Неўскага полк.
Сфарміраваны ў 1918 г. у г. Арэнбург (РСФСР) як 1‑ы Савецкі працоўнага казацтва полк. Вызначыўся ў Грамадзянскую вайну, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1924).
Перад Вялікай Айчыннай вайной называўся 103‑і горна-кавалерыйскі полк, быў у складзе 20‑й горна-кавалерыйскай дывізіі (у верасні 1943 перайменавана ў 17‑ю гвардзейскую кавалерыйскую дывізію).
На Заходнім фронце з лістапада 1941 г. Удзельнічаў у складзе 2‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса генерал-маёра Л. М. Даватара ў Маскоўскай бітве, у Ржэўска-Сычоўскай, Арлоўскай і Бранскай аперацыях. Вызначыўся ў баях пры фарсіраванні р. Дзясна, перайменаваны ў 59‑ы гвардзейскі кавалерыйскі полк. У складзе 17‑й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі 20 кастрычніка 1943 г. полк фарсіраваў р. Дняпро ў раёне Лоева і ў лістападзе 1943 г. удзельнічаў у Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г., у студзені 1944 г. — у Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі 1944 г. У складзе войск 1‑га Беларускага фронту ўдзельнічаў у Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 г. у фарсіраванні р. Заходні Буг, вызваленні Польшчы, узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага (12.8.1944). Прымаў удзел у Варшаўска-Пазнанскай, Усходне-Памеранскай і Берлінскай аперацыях, з мая 1945 г. з баямі выйшаў на ўсходні бераг р. Эльба. Палку перайшлі ганаровае найменне 17‑й дывізіі «Мазырскі», а таксама ордэны Леніна, Суворава II ступені і Кутузава II ступені.
За гады вайны каля 800 яго воінаў узнагароджана ордэнамі і медалямі СССР, тром з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Камандзіры: маёр, з сакавіка 1942 г. падпалкоўнік, з лістапада 1942 г. палкоўнік Д. Я. Каліновіч (чэрвень 1941 — люты 1943); маёр П. Е. Фількін (люты — красавік 1943); маёр, з красавіка 1943 г. падпалкоўнік I. П. Ціханаў (красавік 1943 — студзень 1944); палкоўнік I. А. Машталер (люты — май 1944); маёр А. А. Раеўскі (май — снежань 1944); падпалкоўнік С. П. Журба (снежань 1944 — да канца вайны).