pdf

МІНСКІЯ ВАЙСКОВЫЯ ЗЛУЧЭННІ І ЧАСЦІ

Дата стварэння: 16.06.2023 10:35:22

Дата змены: 11.09.2024 15:57:11

Мі́нскія вайско́выя злучэ́нні i ча́сці

За вызваленне сталіцы БССР г. Мінск (3.7.1944) ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ліквідацыю мінскага «катла» ў ходзе Мінскай аперацыі 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны загадамі Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 10 ліпеня 1944 г. (6 часцей), 23 ліпеня 1944 г. (45 злучэнняў і часцей) і 10 жніўня 1944 г. (адна часць) ганаровае найменне «Мінскія» атрымалі 52 вайсковыя фарміраванні 1‑га, 2‑га і 3‑га Беларускіх франтоў.

Часці і злучэнні, якім нададзена ганаровае найменне «Мінскія»: 1‑ы гвардзейскі знішчальны (генерал-лейтэнант авіяцыі Я. М. Бялецкі) і 3‑і штурмавы (генерал-маёр авіяцыі М. I. Гарлачэнка) авіяцыйныя карпусы; 1‑я гвардзейская стралковая дывізія (палкоўнік П. Ф. Толсцікаў); 322‑я знішчальная авіяцыйная дывізія (палкоўнік М. П. Нага); 2‑я гвардзейская мотастралковая брыгада (падпалкоўнік Д. Н. Далганаў); 3‑я (падпалкоўнік К. А. Грыцэнка), 4‑я (палкоўнік А. А. Лосік), 18‑я (падпалкоўнік В. I. Есіпенка), 19‑я (палкоўнік Г. А. Пахадзееў) гвардзейскія танкавыя брыгады; 376‑ы (падпалкоўнік Ю. П. Гугуеў), 426‑ы (падпалкоўнік П. Д. Юзвак), 427‑ы (маёр А. А. Хадатовіч), 490‑ы (падпалкоўнік А. М. Перапяліцын), 611‑ы (падпалкоўнік I. В. Садкоўскі), 653‑і (палкоўнік Я. В. Скавародкін), 673‑і (падпалкоўнік К. Д. Данянкоў), 753‑і (палкоўнік Ф. А. Сцебянёў), 758‑ы (падпалкоўнік Я. Ф. Маштакоў), 1104‑ы (падпалкоўнік В. Я. Каржавін), 1106‑ы (маёр В. Н. Смоляр), 1158‑ы (падпалкоўнік С. X. Калеснікаў), 1160‑ы (палкоўнік С. В. Еўдакімаў), 1162‑і (падпалкоўнік В. А. Кананенка), 1311‑ы (палкоўнік А. А. Тулупаў), 1313‑ы (падпалкоўнік I. Д. Яравы) і 1315‑ы (маёр С. I. Голубеў) стралковыя палкі; 298‑ы (маёр Ф. I. Шангарэеў) і 896‑ы (падпалкоўнік П. В. Прыходзька) артылерыйскія палкі; 401‑ы гвардзейскі (маёр Ю. М. Сцяпанаў), 1001‑ы (падпалкоўнік М. М. Нікалаеўцаў), 1436‑ы (падпалкоўнік Р. С. Нямковіч), 1496‑ы (маёр М. С. Барзенкаў) і 1500‑ы (маёр Ц. П. Зотаў) самаходныя артылерыйскія палкі; 137‑ы гвардзейскі знішчальны авіяцыйны полк (падпалкоўнік В. А. Яманаў); 80‑ы гвардзейскі (маёр I. В. Угоднікаў), 1695‑ы (маёр М. Я. Серада) і 1701‑ы (маёр I. М. Цёмны) зенітныя артылерыйскія палкі; 266‑ы (падпалкоўнік А. В. Казлоўскі), 273‑і (падпалкоўнік А. Ц. Пыталеў), 455‑ы (маёр Р. Я. Унучко) мінамётныя палкі; 233‑і (падпалкоўнік В. В. Краўцоў) і 352‑і (падпалкоўнік П. I. Хара) знішчальныя авіяцыйныя палкі; 110‑ы бамбардзіровачны авіяцыйны полк далёкага дзеяння (падпалкоўнік М. I. Гаўрылаў); 132‑і пагранічны полк войск НКУС СССР (палкоўнік А. З. Хмялюк); 28‑ы (маёр К. К. Міхайлаў) і 324‑ы (капітан У. I. Нікалаеў) асобныя гвардзейскія мінамётныя дывізіёны; 749‑ы асобны знішчальна-процітанкавы артылерыйскі дывізіён (маёр Я. Ц. Кечко); 10‑ы гвардзейскі (маёр I. А. Сарокін) і 79‑ы (маёр Т. М. Кавераў) асобныя матацыклетныя батальёны; 51‑ы асобны матарызаваны сапёрны батальён (маёр А. М. Мельнікаў); 121‑ы (падпалкоўнік Д. Ф. Гудым) і 509‑ы (маёр У. С. Салавей) асобныя сапёрныя батальёны; 783‑я асобная рота сувязі (капітан С. П. Братчыкаў).

Войскам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Мінска, загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 3 ліпеня 1944 г. абвешчана падзяка, у Маскве дадзены салют 24 артылерыйскімі залпамі з 324 гармат.