МІРСКІ БОЙ 1944 г.

Дата стварэння: 16.06.2023 10:35:32

Дата змены: 11.09.2024 15:57:11


Мі́рскі бой 1944 г.

Бой партызан брыгад імя Г. К. Жукава і «Камсамолец» супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у г. п. Мір 22 сакавіка 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

У Міры размяшчаўся нямецка-фашысцкі гарнізон, які налічваў каля 150 гітлераўцаў, узброеных васьмю кулямётамі, мінамётамі, аўтаматамі і вінтоўкамі. План знішчэння гарнізона распрацаваны камандаваннем брыгады імя Г. К. Жукава, да яго рэалізацыі была прыцягнута брыгада «Камсамолец».

Агульнае камандаванне аперацыяй ажыццяўляў камандзір Стаўбцоўскага партызанскага злучэння У. З. Царук. Партызаны, ведаючы пароль аховы гарнізона, у ноч на 22 сакавіка 1944 г. без бою праніклі ў цэнтр пасёлка, блакіравалі казарму, разграмілі ўсе ўстановы акупантаў. У выніку раптоўнага налёту на гарнізон знішчана 12 гітлераўцаў, у т. л. некалькі лётчыкаў; спалены валасная ўправа, гараж, захоплена некалькі аўтамашын, шмат коней і кароў, харчавання, медыкаментаў. Партызаны атрада імя А. В. Суворава і атрада імя К. К. Ракасоўскага, якія знаходзіліся ў засадах, знішчылі каля 2 км лініі тэлеграфна-тэлефоннай сувязі. Партызаны пакінулі пасёлак на досвітку 22 сакавіка 1944 г., страціўшы ў час бою аднаго байца.