pdf

НАРАЎЛЯНСКА-ШЧАКАТАЎСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1943 г.

Дата стварэння: 16.06.2023 10:35:54

Дата змены: 11.09.2024 15:57:11

Нараўля́нска-Шчаката́ўска́я апера́цыя 1943 г.

Баі партызан атрадаў імя С. М. Кірава (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 27‑я Нараўлянская імя С. М. Кірава) і Мазырскага (пазней партызанская брыгада Мазырская імя Аляксандра Неўскага), украінскага партызанскага злучэння А. М. Cабурава, асобнага партызанскага атрада імя В. Н. Бажэнкі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у г. п. Нароўля і вёсках Шчакатaва і Слабада Мазырскага раёна 29–30 жніўня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Паводле дадзеных партызанскай разведкі, нараўлянскі гарнізон налічваў каля 130 гітлераўцаў, якія былі ўзброены 4 станковымі і 6 ручнымі кулямётамі, 3 мінамётамі, 15 аўтаматамі, вінтоўкамі; быў умацаваны бліндажамі і дзотамі. У ноч на 30 жніўня 1943 г. партызаны атрадаў імя С. М. Кірава 27‑й Нараўлянскай брыгады (камандзір У. П. Яромаў) і імя В. Н. Бажэнкі (М. А. Рудзіч), якія падзяліліся на некалькі груп, зрабілі налёт на Нароўлю.

Баявы заслон перакрыў дарогу Нароўля — Барбароў. Штурмавыя групы захапілі мост цераз р. Нараўлянка, акружылі казармы гарнізона, іншыя падраздзяленні прасунуліся да цэнтра пасёлка. Да раніцы гарнізон быў знішчаны, партызаны захапілі трафеі і без страт пакінулі Нароўлю.

У гэту ж ноч Мазырскі партызанскі атрад (камандзір А. Л. Жыльскі) ва ўзаемадзеянні з партызанамі злучэння А. М. Сабурава атакаваў фашысцкія гарнізоны ў Шчакатaве і Слабадзе. Група аўтаматчыкаў злучэння А. М. Сабурава перарэзала тэлефонную сувязь з в. Козенкі, дзе знаходзіліся значныя сілы праціўніка, і зрабіла засаду на дарозе Шчакатaва — Козенкі. Байцы Мазырскага атрада ўзялі пад кантроль дарогі з Шчакатaвы ў вёскі Рудня і Слабада, а штурмавыя групы акружылі будынак, дзе размяшчаліся салдаты праціўніка. У 4 гадзіны раніцы 30 жніўня 1943 г. партызаны абрушылі на ворага агонь гармат і кулямётаў і ў кароткім баі разграмілі гітлераўцаў, што знаходзіліся ў вёсцы, потым перанеслі артылерыйскі агонь на гарнізон у Слабадзе. Націск атакуючых паралізаваў спробы фашыстаў прыйсці на дапамогу сваім у Шчакатаве і вымусіў іх пакінуць Слабаду. Падмацаванне гітлераўцаў, якое рушыла з Козенак, партызанская засада расстраляла.

У выніку бою, які працягваўся гадзіну, патрыёты вывелі са строю больш за 100 гітлераўцаў, знішчылі 3 аўтамашыны, захапілі 4 кулямёты, больш за 90 вінтовак, 120 коней, 3 т збожжа і іншыя трафеі. Страты партызан: адзін забіты і адзін паранены. Гарнізоны ў Слабадзе і Шчакатаве праціўнікам болей не ствараліся.