Дата стварэння: 16.06.2023 10:36:47
Дата змены: 01.03.2024 09:52:15
Новагарадо́цкі бой 1943 г.
Бой паміж партызанскім палком 425‑м і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў в. Новы Гарадок Быхаўскага раёна 14 снежня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Першы батальён 278‑га грэнадзёрскага палка 95‑й нямецкай дывізіі (каля 200 гітлераўцаў, узброеных бронемашынай, мінамётнай батарэяй, артылерыйскай гарматай), які панёс вялікія страты, быў размешчаны для перафарміравання ў Новым Гарадку.
Партызаны перайшлі ў наступленне ў ноч на 14 снежня 1943 г., перакрыўшы ўсе падыходы да вёскі засадамі. Трэцi батальён партызан атакаваў паўночную ўскраіну вёскі, дзе знаходзіўся штаб праціўніка, знішчыў яго, захапіў двух палонных і штабныя дакументы; 2‑і батальён заблакіраваў дамы ў цэнтры вёскі, дзе размяшчаўся асабовы склад гітлераўцаў, падпаліў гаражы з аўтамашынамі, склады. Першы партызанскі батальён уварваўся ў вёску з поўдня. Партызанам дапамагалі мясцовыя жыхары, якія ўказвалі дамы, дзе ўкрываліся фашысты. Праз 10 хвілін пасля штурму ўзвод партызан дэманстратыўнай атакай супраць найбольш шматлікага суседняга гарнізона ў в. Лубянка адцягнуў увагу праціўніка.
У выніку бою ўвесь фашысцкі батальён быў поўнасцю знішчаны. Партызаны захапілі каля 80 адзінак стралковай зброі, боепрыпасы, усю амуніцыю і харчаванне батальёна. У гэтым баі партызаны страцілі 8 чалавек забітымі і параненымі.