Дата стварэння: 16.06.2023 10:37:48
Дата змены: 11.09.2024 15:58:58
Па́шкаўскі бой 1943 г.
Бой паміж партызанскай брыгадай 6‑й Магілёўскай і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў в. Пашкава (цяпер Новае Пашкава) Магілёўскага раёна 11 лютага 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Падрыхтоўка да разгрому гарнізона ў Пашкаве, дзе размяшчаўся 53‑і паліцэйскі батальён, вялася з восені 1942 г. Праз падпольшчыкаў г. Магілёў партызаны ўстанавілі сувязь з двума былымі камандзірамі Чырвонай арміі і групай салдат батальёна пашкаўскага гарнізона, якія пажадалі перайсці на бок партызан, каб загладзіць сваю віну перад Радзімай. Група добраахвотнікаў-партызан (70 чалавек) прайшла спецыяльную падрыхтоўку па тактыцы бою ўнутры памяшкання.
Ноччу 11 лютага партызаны на чале з начальнікам штаба брыгады падпалкоўнікам С. Г. Сідарэнкам-Салдаценкам, якому было даручана кіраўніцтва гэтым боем, праніклі ў распалажэнне гарнізона, блакіравалі ўсе ўваходы і выхады з казармы і будынкі, дзе размяшчаліся афіцэры. У першыя хвіліны бою, які працягваўся 4,5 гадзіны ўнутры памяшкання, былі забіты 12 старшых нямецкіх афіцэраў, потым задушана супраціўленне яшчэ адной групы гітлераўцаў, што вяла кулямётны і аўтаматны агонь праз дзверы і вокны дамоў. Група партызан, якая дзейнічала ў казармах, дзе размяшчаліся роты батальёна, захапіла каравульнае памяшканне з двума станковымі кулямётамі, поўнасцю раззброіла салдат.
У выніку бою партызаны знішчылі 65 гітлераўцаў, якія аказалі супраціўленне, 180 салдат батальёна разам з партызанамі пайшлі ў размяшчэнне брыгады; было захоплена 7 кулямётаў, 15 пісталетаў, 128 вінтовак, 4 аўтаматы, 11 коней, патроны, медыкаменты і шмат рознай ваеннай маёмасці. Страты партызан: адзін загінуў, 10 чалавек паранена.