pdf

АГІНСКІ БОЙ 1942 г.

Дата стварэння: 01.03.2023 14:21:17

Дата змены: 11.09.2024 14:47:52

Агі́нскі бой 1942 г.

Бой паміж партызанскім атрадам імя М. А. Шчорса і нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Агінскім канале ў Целяханскім раёне Пінскай вобласці ў час Вялікай Айчыннай вайны 13 верасня 1942 г.

Пры правядзенні гітлераўцамі карнай аперацыі «Балотная ліхаманка» праз зону блакады ішоў баявым рэйдам у Пінскую вобласць партызанскі атрад імя М. А. Шчорса, які прыняў на сябе ўдар карнікаў.

Першая сутычка партызан з гітлераўцамі адбылася 10 верасня 1942 г. у в. Дабромысль Косаўскага раёна. Партызанскі атрад 11 верасня вёў 10‑гадзінны бой з намнога большымі сіламі праціўніка ў в. Вяда Целяханскага раёна, а затым арганізавана адышоў.

Выкарыстоўваючы лясіста-балоцістую мясцовасць і знішчыўшы частку свайго абозу, партызаны адарваліся ад ворага і вырашылі прабівацца да Агінскага канала, які злучаў Выганаўскае возера з ракой Шчара. На досвітку 13 верасня партызанскі атрад выйшаў да 10‑га шлюза Агінскага канала, захопленага карнікамі (каля 100 гітлераўцаў). Група партызан перайшла ўброд Шчару, ударыла ў фланг праціўніка і вымусіла яго адысці. Адначасова асноўныя сілы партызан атакавалі ворага і ў выніку 5‑гадзіннага бою знішчылі больш за 60 карнікаў, прабіўшы сабе выйсце з блакады. Партызаны захапілі 2 кулямёты, 5 аўтаматаў, 15 вінтовак, вялікую колькасць боепрыпасаў. У ходзе бою загінула 5 партызан.